Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ЎСТАЛЯВАНЬНІ ДЫПЛЯМАТЫЧНЫХ СТАСУНКАЎ БЕЛАРУСІ ЗЬ ІРАКАМ НАСТОЙВАЛА АДМІНІСТРАЦЫЯ ПРЭЗЫДЭНТА


Мікола Пачкаеў, Лёндан

У якасьці выпускніка факультэту міжнародных дачыненьняў напачатку 1996 году я праходзіў практыку ў Міністэрстве замежных справаў, у аддзеле Азіі і Афрыкі, якім на той час кіраваў Ігар Ляшчэня – цяперашні дарадчык Лукашэнкі ў пытаньнях міжнароднай палітыкі.

Трэба зазначыць, што вельмі хутка пасьля прыходу да ўлады, Аляксандар Лукашэнка стаў разварочваць працу Міністэрства замежных справаў менавіта да разнастайных сувязяў з падобнымі краінамі, улучна з тымі, якія ў той час знаходзіліся пад санкцыямі, як, напрыклад, Лібія, Судан і Ірак. З гэтым новым кірункам беларускай зьнешняй палітыкі была зьвязаная і надзвычайная разбудова аддзелу Азіі і Афрыкі, якому тады далі новыя памяшканьні, пашырылі штат і г.д. І вось, як памятаю, у сакавіку 1996 у аддзел даставілі ліст з адміністрацыі прэзыдэнта. Як практыкант, я там займаўся карэспандэнцыяй, і гэтак зьмест ліста стаўся мне вядомым. У лісьце за подпісам Замяталіна аддзелу Азіі і Афрыкі прапанавалася зрабіць захады да ўсталяваньня паўнамаштабных дыпляматычных дачыненьняў з урадам Садама Гусэйна ў Іраку.

Я тады ўголас выказаў сваё меркаваньне аб тым, што такія захады Беларусі ніяк не палепшаць імідж нашай краіны ў міжнароднай супольнасьці – які, заўважце, на той час яшчэ ня быў канчаткова сапсаваны.

Загадчык аддзелу Азіі і Афрыкі Ігар Ляшчэня панёс гэты ліст да міністра Сянько. Празь некаторы час ён вярнуўся і сказаў, што вырашана на гэты ліст не рэагаваць. Тым болей, што адміністрацыя груба парушае нашую бюракратычную працэдуру, патрабуючы зьнешнепалітычных захадаў ад аддзелу Азіі і Афрыкі – фактычна праз галаву міністра.

Ляшчэня мне сказаў пакласьці гэты ліст ў адну з далёкіх тэчак на паліцах. “І што, – запытаў я яго, – Замяталін не запатрабуе нейкага адказу?” “Ну, – адазваўся адзін з супрацоўнікаў аддзелу, – такі ліст мы атрымалі ўжо ня першы. У мінулыя разы мы іх праігнаравалі, і нічога не было. То і ў гэты раз праігнаруем”.

Гэтак ліст пайшоў ў далёкую тэчку, а справа поўных дыпляматычных дачыненьняў Беларусі з рэжымам Садама Гусэйна была да часу забытая. Толькі недзе ўвосень 1996 году, ужо ў Будапэшце, я даведаўся з інтэрнэту, што тыя дачыненьні былі ўсталяваныя: мусіць, адміністрацыя, як той казаў, “даціснула” МЗС і дамаглася свайго.

Але за падзеямі восені 1996 ірацкай навіны, здаецца, ніхто і не заўважыў. Ды й усім было і так відавочна, што за цывілізаваным сьветам адміністрацыя Лукашэнкі Беларусь ужо не павядзе. На пасадзе міністра дыплямата Сянько хутка зьмяніў камуніст Антановіч, а вось загадчык аддзелу Азіі і Афрыкі Ігар Ляшчэня дасягнуў цяпер, наколькі вядома са СМІ, пасады дарадчыка самога Лукашэнкі па справах міжнароднай палітыкі.
XS
SM
MD
LG