Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ДАСЬЕ НА ІРАК


Віталь Тарас, Прага

Брытанскі прэмьер-міністар Тоні Блэйр, які прадставіў дасье, зазначыў, што сабраць зьвесткі аб ірацкай прамысловасьці было надзвычай цяжка, бо рэжым Садама Гусэйна ёсьць адным з найбольш закрытых дыктатарскіх рэжымаў у сьвеце. Таму ў гэтым дакумэнце няма спасылак на крыніцы, адсутнічаюць некаторыя дэталі, якія застаюцца сакрэтнымі. Увесь дакумэнт займае ўсяго 55 старонак.

Першая частка дасье прысьвечаная хімічнай, біялягічнай, ядзернай праграмам і праграме будаўніцтва ракетаў у Іраку.

Адзначаецца, што Ірак пачаў дасьледваньні ў галіне хімічнай зброі 30 гадоў таму. У васьмідзесятыя гады ў пустыні на Захадзе ад Багдаду пачалася вытворчасьць атрутных газаў – такіх як гарчычны газ, табун, зарын ды іншыя.

“Гарчычны газ – гэта цякучае хімічнае рэчыва, якое ўтварае ядавітае воблака, што выклікае апёкі й пухіры на чалавечай скуры. Пры ўдыханьні гэты газ разбурае дыхальныя шляхі. Ён паражае таксама вочы, сьлізістую абалонку, лёгкія і крывятворныя органы.

Табун, зарын і VX – гэта нэрвовова–паралітычныя рэчывы, зь якіх апошняе – найбольш таксычнае. Усе яны выводзяць са строю нэрвовую сыстэму чалавека, выклікаючы спазмы мышцаў і паралюш. 10 міліграмаў VX пры патрапленьні на скуру дастакова, каб выклікаць хуткую сьмерць”.


У 1991 годзе вытворчасць атрутных газаў у Іраку дасягнула агулам 4 тысяч тонаў у год. Падчас вайны ў Пэрсідзкай затоцы шэсьць прадпрыемстваў дзяржаўнай хімічнай кампаніі Аль-Мутана, частка зь якіх была недабудаваная, зруйнавалі бамбаваньні саюзьнікаў.

Паралельна ірацкія навукоўцы распрацоўвалі і біялягічную зброю. Хаця Ірак спачатку засяродзіў свае намаганьні выключна на хімічнай зброі, напачатку 1980 гадоў, падчас вайны зь Іранам, праца над біялягічнай зброяй аднавілася. Вось некаторыя яе віды:

“Антракс, альбо сыбірская язва. Сымптомы захворваньня могуць быць рознымі, але заўсёды яно суправаджаецца ліхаманкай і ўнутраным крываўленьнем. Інкубацыйны пэрыяд складае ад аднаго да сямі дзён.

Батулін ёсьць адным з найбольш таксычных біялягічных рэчываў. Першыя сымптомы атручваньня праяўляюцца ўжо праз гадзіну. Інкубацыйны пэрыяд займае ад 12 да 22 гадзінаў, пасьля чаго наступае сьмерць ад паралюшу ворганаў дыханьня”.

Афлятаксын – грыбны яд, здольны выклікаць рак. У большасьці выпадкаў сымптомы атручваньня праяўляюцца праз працяглы час. Прадукты, атручаныя афлятаксынам, могуць стаць прычынай запаленьня кішак і раку. У цяжарных жанчын яд можа выклікаць мутацыі эмбріёнаў”.


Паводле зьвестак выведкі, над стварэньнем батуліну працаваў Ірацкі інстытут вакцыны ад яшчуру, афлятаксыну – Дасьледны цэнтар сельскай і воднай гаспадаркі краіны.

Ядзерная праграма Іраку была распачатая Камітэтам атамнай энэргіі ў 1950 годзе. Тады ў супрацоўніцтве з Савецкім Саюзам быў пабудаваны дасьледчыцкі цэнтар з атамным рэактарам у Тувэйце. Гэты лябараторны рэактар працаваў да 1991 году. У сярэдзіне 1970-х Ірак пачаў будаўніцтва больш моцных рэактараў, якія працуюць на ўзбагачоным уранавым паліве. Адзін з гэтых рэактараў быў зьнішчаны Ізраілем падчас паветранай атакі ў 1981 годзе незадаўга перад яго запускам. Другі застаўся недабудаваным.

Вайна зь Іранам прыцягнула большую ўвагу ірацкіх уладаў да ваенных ядзерных тэхналёгіяў і радыёактыўных рэчываў. Прыярытэт быў аддадзены ўзбагачонаму ўрану, паколькі яго лягчэй вырабіць, чымся збройны плютоній. Праграма стварэньня цэлай сеткі газавых цэнтрыфугаў для атрыманьня ўзбагочонага ўрану з паліва, што засталося ад савецкіх лябараторных рэактараў, хутка разьвівалася. Але яе прыпыніла вайна 1991 году.

Ірак заяўляе пра магчымасьць вырабіць ракету, здольную несьці зарад магутнасьцю 20 кілятон. Фактычна, гэта эквівалентна моцы выбуху атамнай бомбы ў Нагасакі.

“Да вайны ў Пэрсідзкай затоцы прыярытэтам ваеннай індустрыі Іраку былі мадыфікаваныя ракеты СКАД.

Мабільныя тактычныя ракеты СКАД вырабляліся Савецкім Саюзам у 50-я гады паводле тэхналёгіі нямецкіх Фау-2. Доўгі час СКАДы былі на ўзбраеньні краінаў Варшаўскага Пакту, а таксама экспартаваліся ў Ірак, Паўночную Карэю, Іран, Лібію. На базе ракетаў СКАД Ірак стварыў шмат яе разнавіднасьцяў – напрыклад, Аль-Абас з радыюсам дзеяньня 900 кілямэтраў, а таксама плянаваў выпуск ракетаў з радыюсам дзеяньня 1200 кілямэтраў і больш”.


У дакладзе прыводзяцца шматлікія факты выкарыстаньня Іракам зброі масавага зьнічшэньня.

17 сакавіка 1988 году вёска Галябджа была збамбаваная ірацкімі самалётамі. Падчас налёту з выкарыстаньнем хімічнай зброі загінулі больш за 5 тысяч чалавек. Дзясяткі тысяч былі параненыя.

Падчас вайны зь Іранам ахвярамі атрутных газаў сталі каля 20 тысяч іранцаў. Паводле дакладу ваеннай інспэкцыі ААН Радзе Бясьпекі, на пачатку 1999 году ў Іраку мелася больш за 360 тон баявых атрутных рэчываў, у тым ліку паўтары тоны нэрвова-паралітычнага газу VX ды 8500 літраў вакцыны сыбірскай язвы, іншыя кампанэнты хімічнай і біялягічнай зброі.

“За час, які мінуў пасьля выдаленьня Багдадам ваенных іспэктараў у сьнежні 1988 году, рэжым Садама Гусэйна ўдасканальваў сродкі дастаўкі хімічнай і біялягічнай зброі – адмысловыя артылерыйскія снарады, бомбы і ракеты, а таксама працягваў працаваць над праграмай ядзернай зброі. Пры гэтым уран, дастаўлены ў Ірак з Афрыкі, ня быў выкарыстаны для стварэньня грамадзянскіх ядзерных аб’ектаў. Акрамя таго, Ірак мае ўдасканаленыя ракеты СКАД, здольныя паразіць цэлі на Кіпры, у Турэччыне, Іране і Ізраілі. Ірацкія ўзброеныя сілы могуць быць разгорнутыя ў баявыя парадкі цягам сарака пяці хвілінаў”, – адзначаецца ў брытанскім дасье.

Ірак сьцвярджае, што ўся хімічная і біялягічная зброя была зьнішчаная. Аднак няма ніякіх рэальных пацьверджаньняў гэтаму. Больш за тое, частка разбураных бамбаваньнямі хімічных прадпрыемстваў была адноўленая. Некаторыя з прамысловых аб’ектаў так званага падвойнага прызначэньня, якія могуць адыгрываць дапаможную ролю ў стварэньні хімічнай зброі, былі ня толькі адбудаваныя, але і пераабсталяваныя. Без кваліфікаваных інспэктараў ААН вельмі цяжка вызначыць, у якіх мэтах выкарыстоўваецца тое ці іншае абсталяваньне. Гэта дарэчы, тычыцца і абсталяваньня зь Беларусі, пра якое напісала нядаўна газэта “Observer”.

“Што тычыць ядзернай зброі, адмыслоўцы зьвяртаюць увагу, што цягам апошніх трох-чатырох гадоў Ірак займеў вакуумныя насосы, якія могуць выкарыстоўвацца ў газавых цэнтрыфугах дзеля атрыманьня ўзбагачонага ўрану. Ірак таксама павялічыў выраб магнітаў, якія выкарыстоўваюцца ў электраматорах для гэтых цэнтрыфугаў, а таксама іншага абсталяваньня, неабходнага для такіх установак. Акрамя таго, Ірак не пакідае спробаў закупіць велізарную колькасьць адмысловых алюмініевых трубаў, неабходных у працэсе атрыманьня ўзбагачонага ўрану.

Санкцыі ААН у адносінах Іраку забараняюць як экспарт любых тавараў у Ірак, гэтак і імпарту зь Іраку. Замест гэтага дзейнічае праграма ААН “Нафта ў абмен на харчы”. Усе тавары, якія пастаўляюцца ў Ірак звыш гэтай праграмы, правяраюцца на прадмет магчымасьці іх выкарыстаньня ў якасьці кампанэнтаў зброі масавага зьнішчэньня. Разам з тым, Ірак практыкуе незаконныя бартэрныя зьдзелкі, даходы яд якіх дазваляюць Гусэйну і будаваць новыя палацы, і купляць прадметы раскошы”.


Асобны разьдзел дасье прысьвечаны тэме парушэньня правоў чалавека ў Іраку пры Гусэйне.

Садам Гусэйн стаў прэзыдэнтам у 1979 годзе. Пры гэтым пяць былых паплечнікаў Садама па партыі былі абвінавачаныя ў здрадзе. Іх і яшчэ 17 чалавек пакаралі сьмерцю.

Кіроўная партыя Баас на сёньняшні дзень – адзіная ў Іраку. Яна налічвае каля 700 тысяч сяброў. Садам Гусэйн абвесьціў сябе адзінай крыніцай улады ў Іраку. Ён зьнішчыў усе іншыя партыі – у тым ліку кампартыю Іраку, а таксама жорстка перасьледуе этнічныя мяншыні, найперш – курдаў. Дзеячоў апазыцыі зьнішчаюць спэцслужбы Гусэйна, якіх налічваецца ажно сем. Войска ў Іраку літаральна нашпігаванае сакрэтнымі суппрацоўнікамі-інфарматарамі.

“У 1980 годзе Садам правёў кампанію арыштаў і забойстваў мусульманаў-шыітаў усьлед за пакараньнем сьмерцю аяталы Бакіра-аль-Садра і ягонай сястры.

У 1983 годзе былі арыштаваныя 80 чалавек зь яшчэ адной шыіцкай сям’і. Шэсьць зь іх былі таксама пакараныя сьмерцю.

Рэжым Гусэйна імкнецца выціснуць курдаў з багатага нафтай рэгіёну Кіркук. Курды, туркмэны ды іншыя неарабскія народнасьці сілай перасяляюцца на поўнач краіны.

Падчас вайны з Кувэйтам арганізацыя Amnesty International налічыла 38 мэтадаў катаваньняў з боку ірацкіх акупантаў. Падчас акупацыі Кувэйту Ірак не прызнаваў дзейнасьць там Чырвонага Крыжа й Паўмесяца. Больш як 600 грамадзянаў Кувэйту застаюцца ў ірацкіх турмах альбо лічацца зьніклымі бязь вестак”.


Праваабарончыя арганізацыі асобна адзначаюць праявы нечалавечай жорсткасьці ў турмах Іраку. Так, 4000 вязьняў былі пакараныя сьмерцю у турме Абу Грайб у 1984 годзе. 3 тысячы вязьняў пакараныя сьмерцю ў турме Магджар паміж 1993 і 1998 гадамі. Каля 2500 вязьняў былі забітыя пры канцы 1990 гадоў падчас кампаніі “ачысткі вязьніцаў”.

“У кастрычніку 2000 году 2 тысячы жанчын, абвінавачаных у прастытуцыі, былі абезгалоўленыя без аніякага судовага працэсу. Некаторыя зь із былі пакараныя паводле палітычных матываў. Гвалтаваньне жанчынаў у турмах ахоўнікамі даўно сталася звыклай справай.

Вязьняў адной з турмаў у Багдадзе зачыняюць у мэталічнай скрыні невялікіх памераў. Калі яны не прызнаюць сваёй віны, іх пакідаюць паміраць.

Акрамя таго, Садам Гусэйн і ягоны сын Удай маюць пэрсанальную камэру для катаваньняў, вядомую як “чырвоны пакой”. Ён абсталяваны электрычнымі прыстасаваньнямі. Літасьці ад дыктатара ня можа чакаць ніхто – нават ягоныя сваякі. Каля 40 сваякоў Садама, сярод якіх жанчыны і дзеці, былі забітыя. Прыёмны сын Садама Каміль вярнуўся на радзіму з выгнаньня ў Ярданіі пасьля таго, як ірацкі ўрад абвесьціў амністыю. Праз год ён быў пакараны сьмерцю”.


Брытанскі прэм’ер Тоні Блэйр у сваім уступным слове да брытанскага дасье аб Іраку заявіў, што “пагроза бясьпецы і міру ва ўсім сьвеце, калі зброя масавага зьнішчэньня знаходзіцца ў руках брутальнага і агрэсіўнага рэжыму, ёсьць рэальнай”. Не заўважаць гэтай пагрозы, на думку Блэйра – значыць ня толькі рызыкаваць аўтарытэтам ААН, рэзалюцыі якой не выконваюцца, але і падвяргаць рызыцы ўласны народ.
XS
SM
MD
LG