Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ЛЁНДАНЕ РАСПАЧАЛАСЯ НАДЗВЫЧАЙНАЯ СЭСІЯ БРЫТАНСКАГА ПАРЛЯМЭНТУ


Мікола Пачкаеў, Лёндан

Дасье не патрабуе канкрэтных ваенных акцыяў, але, на думку брытанскага ўраду, яно павінна не пакінуць сумневу ў тым, што запэўненьні Садама Хусэйна аб быццам бы неіснаваньні праграмаў стварэньня зброі масавага зьнішчэньня зьяўляюца фальшывымі і ірацкі рэжым прадстаўдляе рэальную небясьпеку для міжнароднай супольнасьці, у тым ліку і Вялікабрытаніі.

Справа дачыненьняў з Іракам і магчымай вайсковай акцыі супраць гэтай краіны выклікала вялікую цікавасьць брытанскіх дэпутатаў, якія мусілі перапыніць сёньня свае парлямэнцкія вакацыі. Заля паседжаньняў была поўная , а адзін сябра парлямэнту прыбыў сёньня а 6.30 раніцы, каб заняць вольнае месца.

Сёньняшні выступ у парлямэнце брытанскага прэм’ера Тоні Блэйра тычыўся рэакцыі, якая, як мяркуе ўрад, патрабуецца ў адказ на зьвесткі, прадстаўленыя ў дасье аб ірацкім рэжыме і яго праграмах стварэньня зброі масавага зьнішчэньня. Як падкрэсьліў Тоні Блэйр, гэтыя праграмы працягваюцца ўжо 11 гадоў у парушэньне шматлікіх рэзалюцыяў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

Гаворка ідзе аб стварэньня хімічнай, біялягічнай і ядзернай зброі, а таксама ракетных сродкаў дастаўкі такой зброі да цэляў. Маштаб ірацкіх праграмаў стварэньня зброі масавага зьнішчэньня стаўся відавочным для міжнароднай супольнасьці яшчэ пасьля вайны ў Пэрсыдзкай затоцы. Тады ААН праз сваю рэзалюцыю запатрабавала раззбраеньня Садама Хусэйна і доступу інспэктараў ААН да ўсіх датычных сховішчаў і аб’ектаў. Але хутка Ірак зрабіў працу інспэктараў немагчымай, так што ў 1998 г. інспэктары мусілі выехаць з Іраку, так і не дамогшыся зьнішчэньня сотняў тысячаў тонаў хімічнай і бактэрыялягічнай зброі.

Каб атрымаць і захаваць зброю масавага зьнішчэньня, зазначыў прэм’ер Тонгі Блэйр, Садам Хусэйн ідзе на рызыку вайны, санкцыяў; Садам Хусэйн нават давёў да голаду народ Ірака. І, як сьцьвярджае брытанскі прэм’ер, апублікаванае цяпер дасье дае нарэшце адказ на пытаньне – чаму толькі цяпер, перад непасрэднай пагрозай вайны, ірацкі дыктатар пагадзіўся зноў дапусьціць інспэкцыі ААН у Ірак.

Некаторыя сьцьвярджаюць, заўважыў Тоні Блэйр, што Іраку спатрэбіцца яшчэ некалькі гадоў, каб стварыць дзейсную ядзерную зброю. Але калі, рэжым здолее здабыць адпаведныя матэрыялы, гэта можа адбыцца ўжо праз год-два. Ствараючы зброю масавага зьнішчэньня, Ірацкі рэжым назапашвае і ракетныя сродкі дастаўкі гэтай зброі да цэляў. Пасьля вайны 1991 г. у Іраку захавалася каля 20 ракетаў СКАД, але цяпер разгорнутая праграма мадэрнізацыі і вырабу новых ракетаў.

Ці разумна пакінуць Садама Хусэйна ў спакоі пасьля таго, як ён парушыў 14 рэзалюцыяў ААН? – запытаў дэпутутаў брытанскі прэм’ер. Садам выкарыстоўваў хімічную зброю ў мінулым. У яго рэжыме няма памяркоўных асобаў. “Жорсткаму і садыстычнаму дыктатару” нельга бясконца даваць новыя шансы. Цяпер палітыка простага стрымліваньня не спрацавала.

Брытанія мае справу да гэтага таму, што наступствы выкарыстаньня Садамам Хусэйнам зброі масавага зьнішчэньня закрануць увесь сьвет, у тым ліку ня могуць не закрануць і Брытанію.

Высновы былі зроблены такія: не патрабаваць ваеннай акцыі ў любым выпадку, але абавязкова забясьпечыць раззбраеньне. Што і патрабавалася, безвынікова, ужо 11 гадоў. “Мы ня маем канфлікту з ірацкім народам, – падкрэсьліў брытанскі прэм’ер. – Наша мэта – раззбраеньне Хусэйна. Ніхто не жадае збройнага канфлікту. Як у выпадку Косава і Афганістану, ваенная сіла можа быць выкарыстаная як сродак у апошнюю чаргу. Дыпляматыя, не падмацаваная пагрозай сілы, ніколі ня мела і ня будзе мець уплыву на дыктатараў”.

У ходзе дэбатаў Данкан Сміт (ад Кансэрватыўнай партыі) пагадзіўся, што Садам Хусэйн мае “сродкі, мэнтальнасьць і матывы”, каб стварыць пагрозу бясьпецы Брытаніі і міжнароднай супольнасьці. Лідэр Лібэральных Дэмакратаў Кэнэды зрабіў акцэнт на неабходнасьці таго, каб любая ваенная акцыя была ў згодзе з рэзалюцыямі ААН, а таксама неабходнасьці забясьпечыць дэмакратычную парлямэнцкую працэдуру прыняцьця такога рашэньня ў Аб’яднаным Каралеўстве.

Тымчасам, у сувязі з Іракам у брытанскіх СМІ зноў уздымаецца тэма рэжыму Лукашэнкі. Паводле камэнтара ВВС, Беларусь супрацоўнічае з Садамам Хусэйнам у праграме ўзбраеньня ірацкага рэжыму. Ўчора вечарам і сёньня раніцай 24-гадзінная служба навінаў тэлебачаньня ВВС паказвала рэпартаж зь Беларусі. З аднаго боку, там прагучалі запэўненьні самога Лукашэнкі ў тым, што Беларусь ня мае ніякага дачыненьня да ірацкіх збройных праграмаў. У той жа час ВВС казала аб перадачы Беларусяй Іраку тэхналёгіяў супрацьпаветранай абароны і іншых ракетных тэхналёгіяў, а таксама падрыхтоўцы ваенных сьпецыялістаў. Як прыклад аб’ектаў у Беларусі, заангажаваных у ракетныя праграмы Іраку, быў паказаны менскі Трактарны завод, які выпускае мабільныя плятформы для запуску баявых ракетаў.

Нагадаем, што Злучаныя Штаты і іх саюзьнікі разглядаюць ракетную тэхніку як асабліва небясьпечную ў руках Садама Хусэйна разам са зброяй масавага зьнішчэньня, бо ракеты неабходныя для дастаўкі такой зброі да цэляў. Асаблівая ўвага надаецца таксама і сродкам супрацьпаветранай абароны, якія ўяўляюць небясьпеку для амэрыканскай і брытанскай ваеннай тэхнікі і ваеннага пэрсаналу, якія патрулююць вызначаныя зоны Іраку, і тым болей у выпадку збройнага канфлікту.
XS
SM
MD
LG