Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ІРАК ЦІКАВІЦЬ У БЕЛАРУСІ НЯ ТОЛЬКІ ЗВЫЧАЙНЫ ГАНДАЛЬ


Уладзімер Глод, Менск

На мінулым тыдні намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Аляксандар Міхневіч паведаміў, што сёлета экспарт беларускіх тавараў у Ірак складае каля 26 мільёнаў даляраў. У структуры беларускага экспарту пераважае сельскагаспадарчая тэхніка: трактары, прычэпы, запасныя часткі й абсталяваньне да іх. Агульнавядома, што яны маюць двайное прызначэньне.

Гаворыць незалежны журналіст Раман Якаўлеўскі:

(Якаўлеўскі: ) “Вытворчасьць трактараў з савецкага часу была часткай абарончага комплексу. Напрыклад, на Менскім трактарным заводзе рабілі і рамантавалі розныя вузлы сусьветна вядомых танкаў. Такое двайное прызначэньне прызнаецца афіцыйнымі асобамі ў Менску да гэтага часу”.

Намесьнік міністра Міхневіч асабліва падкрэсьлівае, што Беларусь хацела б прадаваць Іраку менавіта сельскагаспадарчую тэхніку, а ня іншыя тавары, якія таксама маглі б зацікавіць Ірак.

(Міхневіч: ) “Толькі сельскагаспадарчая тэматыка ў нашых адносінах, а іракцы вельмі добра ведаюць нашую сельскагаспадарчую і дапаможную тэхніку, магла б даваць 50–70 мільёнаў даляраў. Канечне, трактар можа цягнуць за сабой на прычэпе ракету. Таму і трактар можна разглядаць як тавар двайнога прызначэньня. І з хімічных валокнаў і нітак можна зрабіць уніформу для арміі і тым самым як бы садзейнічаць ёй. Але ж нельга даходзіць да абсурду”.

Тым ня менш, назіральнікі лічаць ня толькі абсурдам, але і нябесьпекай для Беларусі тыя гульні, якія вядзе афіцыйны Менск з рэжымам Садама Хусэйна. Ужо сталі традыцыяй асабістыя пасланьні Аляксандра Лукашэнкі ірацкаму лідэру, якія вазілі Ўладзімер Замяталін і Леанід Козік. Апошні быў у Багдадзе з 30 жніўня па 3 верасьня. Прычым, гэтым разам пасланьне было вусным, перадаваў яго Леанід Козік, які да гэтага часу застаецца старшынём двухбаковай беларуска-ірацкай камісіі. Цікава, што перакладчыкам у спадара Козіка быў ягоны сын Аляксандар, які зьяўляецца прадстаўніком беларускіх узброеных сіл у штабе вайсковага супрацоўніцтва краінаў СНД.

Летась быў велізарны скандал з ірацкімі курсантамі, якія вучыліся ў Беларусі. Міністэрства абароны Беларусі абвергла факт іхнага навучаньня ў Вайсковай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Але, як заўважылі спэцыялісты, гэта не выключае таго, што курсанты з Іраку маглі вучыцца непасрэдна ў вайсковых частках Супрацьпаветранай абароны.

Фактычна гэта пацьвердзіў намесьнік дзяржсакратара саюзу Беларусі й Расеі Сяргей Калашнікаў, які ў размове з прадстаўнікамі Дзярждэпартамэнту і Кангрэсу ЗША сказаў, што гэтыя курсанты вымушаныя былі датэрмінова пакінуць Беларусь.

Між тым, журналіст Раман Якаўлеўскі некалькі разоў агучваў тэзу пра тое, што сярод гэтых курсантаў былі й палестынцы, зьвязаныя з тэрарыстычнымі арганізацыямі, якія надзіва хутка пасьпелі атрымаць грамадзянства Іраку. Гаворыць Раман Якаўлеўскі:

(Якаўлеўскі: ) “Пра гэта я двойчы пісаў у газэце “Московские новости”. І да гэтага часу ніхто маіх абвінавачаньняў не абверг”.

Гісторыя з курсантамі адбілася і на лёсе былога кіраўніка дыпляматычнай місіі Беларусі ў Іраку Ігара Сырца. Ён быў ня проста адкліканы ў Менск, але і звольнены зь Міністэрства замежных справаў Беларусі. Цікавая акалічнасьць — цяпер дыпмісію ў Багдадзе ўзначальвае Юры Оранж. Гэты дыплямат добра вядомы ў Беларусі тым, што, калі працаваў у Нью-Ёрку, трапіў разам з расейскім калегам у буйны скандал. Пасьля канфлікту зь мясцовай паліцыяй з-за паркоўкі аўтамабіляў яны былі адкліканыя дадому.

Надзвычай высокая актыўнасьць у беларуска-ірацкіх адносінах назіраецца ня толькі на ўзроўні найвышэйшых дзяржаўных асобаў і іхных прадстаўнікоў. У Менску ўжо зьвярнулі ўвагу на тое, што амбасада Іраку стала адной з самых вялікіх па колькасьці супрацоўнікаў. Інфармацыю пра тое, што гэтая амбасада фінансавала некаторыя беларускія выданьні, а таксама паездкі беларускіх дзяржчыноўнікаў у Ірак, якая ўпершыню прагучала на пачатку верасьня, МЗС Беларусі пакінуў без камэнтароў.
XS
SM
MD
LG