Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“БЕЛАРУСЬ — ДЗЯРЖАВА ЗЬ ДЗЯРЖАЎНЫМ ТЭРАРЫЗМАМ”


Юры Сьвірко, Менск

У сваім пасланьні прэзыдэнту ЗША Джорджу Бушу Аляксандар Лукашэнка заклікаў да нармалізацыі стасункаў паміж дзьвюма краінамі ды заявіў, што Беларусь ніколі не была прытулкам для тэрарыстаў.

Вось як камэнтуе гэта былы кіраўнік дзяржавы Станіслаў Шушкевіч:

(Шушкевіч: ) “Гэтае пасланьне, як і многія іншыя пасланьні Лукашэнкі, — чыстае крывадушша. Ёсьць усе падставы нармалізаваць адносіны са Злучанымі Штатамі. ЗША зрабілі цудоўны даклад на пачатку гэтага году — аб стане дэмакратыі й стане правоў чалавека ў Беларусі. Міністэрства замежных справаў Беларусі абліло брудам гэты факталягічна абгрунтаваны даклад. Гаварыць, што Беларусь не падтрымлівае гэткія адыёзныя рэжымы — гэта проста жарт, таму што Беларусь і гандлюе зброяй, і рыхтуе кадры для дыктатарскіх рэжымаў”.

А вось меркаваньне экс-намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Андрэя Саньнікава:

(Саньнікаў: ) “Ня Злучаныя Штаты вінаватыя ў тым, што стасункі зь Беларусьсю ненармальныя. Мы ведаем, што якраз ЗША зьвярталіся да афіцыйных уладаў у Менску, прапаноўвалі палепшыць гэтыя стасункі, але тут нічога не рабілася. Я лічу, што Лукашэнка хацеў выкарыстаць гэтую сумную гадавіну трагедыі ў Нью-Ёрку, каб нешта зрабіць, публічна абвесьціць, што ён ня мае ніякага дачыненьня да тэрарыстаў, але ж мы ведаем, што ёсьць зьвесткі аб гандлі зброяй зь небясьпечнымі рэжымамі і аб падтрымцы Іраку. Ня кажучы ўжо пра тое, што ёсьць інфармацыя, якую мы ведаем, аб тым што ўлады маюць дачыненьне да зьнікненьня людзей, вядомых палітыкаў у Беларусі. Зварот нагадвае вядомую прытчу пра таго, хто крычыць: “Хапай злодзея” — а сам і ёсьць гэты злодзей”.

З Андрэем Саньнікавым цалкам салідарны Станіслаў Шушкевіч, які нават заявіў:

(Шушкевіч: ) “Беларусь — гэта дзяржава, у якой дзяржаўны тэрарызм. Таму што зьнікаюць людзі, зьнікаюць вядомыя палітыкі. І той самы Лукашэнка, які цяпер піша такія рэчы Бушу, спачатку сказаў, што Ганчар недзе гуляе ва Ўкраіне й гарэлку п’е — альбо Захаранка. Гэта недапушчальна. Гэта тэрарыстычны рэжым у Беларусі, дыктатарскі. І гаварыць аб нармалізацыі адносінаў са Злучанымі Штатамі трэба пасьля таго, як тут будуць выпраўленыя ўсе ўнутраныя беспарадкі, унутранае беззаконьне”.

У сваім артыкуле з нагоды 11 верасьня амэрыканскі амбасадар у Беларусі Майкл Козак са шкадаваньнем зазначыў, што некаторыя рэжымы не прыслухаліся да закліку лідэраў усіх цывілізаваных краінаў раз і назаўжды вызначыцца, на чыім баку яны ў барацьбе з тэрарызмам. “Тым, хто імкнецца атрымаць выгаду ад паставак зброі й тэхналёгіяў тэрарыстам, мы недвухсэнсоўна заяўляем: гэтая выгада будзе нядоўгай, і ім давядзецца дорага заплаціць за тое, што яны выступілі супраць цывілізаванага сьвету”, — напісаў Майкл Козак.

Міжнародны каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў лічыць, што гэта было адрасавана кіраўніцтву Беларусі.

(Саньнікаў: ) “Відавочна, што амбасадар Злучаных Штатаў меў на ўвазе менавіта Беларусь, таму што ён амбасадар у Беларусі. І ён казаў гэта публічна ў Беларусі. Гэта папярэджаньне ўсім тым, хто хацеў бы працягваць гэтыя небясьпечныя сувязі й гандаль зброяй”.

Афіцыйны Менск, на словах спрабуючы нармалізаваць стасункі з ЗША, на справе разьвівае кантакты з Іракам. Як можна мець добрыя дачыненьні з гэтымі краінамі адначасова, калі Злучаныя Штаты рыхтуюць апэрацыю супраць Садама Хусэйна?

Адказваючы на гэтае пытаньне, Міністэрства замежных справаў Беларусі сёньня вуснамі свайго прэсавага сакратара Паўла Латушкі заявіла, што любыя ваенныя дзеяньні супраць сувэрэннае дзяржавы мусяць быць санкцыяваныя выключна Радай Бясьпекі ААН. “Гэта пазыцыя ня новая, гэта наша прынцыповая пазыцыя”, — дадаў спадар Латушка.
XS
SM
MD
LG