Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СЬВЕТ АДЗНАЧАЕ ПЕРШУЮ ГАДАВІНУ ТРАГІЧНЫХ ТЭРАКТАЎ У ЗША


Сяргей Навумчык, Нью-Ёрк

Сёньня ў Нью-Ёрку ад усіх пяці раёнаў – ад Квінсу, Брукліну, Стэйтэн-Айленду, Бронксу, Мангэтэну – пачалося шэсьце жалобных працэсіяў да месца, дзе яшчэ год таму быў Усясьветны Гандлёвы Цэнтар. У 8.30 раніцы паводле мясцовага часу ў царкве Сьв. Варфаламея на Парк-авэню ў Мангэтэне прайшла служба ў памяць усіх ахвяраў гвалту ў сьвеце, прымеркаваная да адкрыцьця Генэральнай Асамблеі ААН. Па ўсім Нью-Ёрку ідуць жалобныя цырымоніі, яны адбыліся таксама ў Вашынгтоне ля Пэнтагону і ў Пэнсыльваніі, дзе ўпаў чацьверты самалёт.

На Брадвэі, дзе я цяпер знаходжуся, людзі нясуць кветкі да “Граўнд зіро”, у іх амэрыканскія сьцягі, а таксама я бачу сьцягі Брытаніі, Францыі, іншых краінаў. Як вядома, ува Ўсясьветным Гандлёвым Цэнтры загінулі грамадзяне больш як 40 краінаў. Вельмі шмат людзей у Нью-Ёрку, сонца, але сёньня пачаўся магутны вецер, і я бачу што “Граўнд зіро” ў дымцы – гэта пыл, які ўзьняўся з “Граўнд зіро”.

Я набліжаюся да сабору Сьв. Паўла, адсюль літаральна некалькі крокаў да эпіцэнтру тых падзеяў, якія зьмянілі сьвет год таму.

***

Я цяпер знаходжуся літаральна ў 15 мэтрах ад “Граўнд зіро”. Увесь “Граўнд зіро” ў тумане, у пыле, падняўся неверагодны вецер. Людзі параўноўваюць гэта з тым, што было год назад. Канечне, тады пылу было значна больш… Жалобную цырымонію, якая толькі што прайшла, распачаў мэр Нью-Ёрку Майкл Блюмбэрг, і роўна ў 15.46 пачалася першая хвіліна маўчаньня – якраз у гэты самы момант год таму самалёт пратараніў першую вежу Ўсясьветнага Гандлёвага Цэнтру.

Губэрнатар штату Нью-Ёрк Джордж Патакі прачытаў урывак з Гетыбэргскай прамовы – самай знакамітай прамовы Аўраама Лінкольна, потым былы мэр Нью-Ёрку Джуліані пачаў чытаць сьпіс тых, хто загінуў у Нью-Ёрку. Гэты сьпіс потым чыталі сэнатары, выратавальнікі, паліцыянты – тыя, хто працаваў год таму тут на выратавальных працах. Губэрнатар Нью-Джэрзі Джэймс Мак-Грыві прачытаў фрагмэнт “Дэклярацыі аб незалежнасьці”,

Увогуле тут сабраліся тысячы людзей, але калі зачытвалі сьпіс загіблых, на “Граўнд зіро” дазволілі спусьціцца толькі сваякам загіблых, каб яны ўсклалі кветкі да сымбалічнага кола. Зь імі таксама была паліцыя і супрацоўнікі мэдычных службаў. Яшчэ тыдзень назад мэрыя Нью-Ёрку папярэдзіла, што гэтая цырымонія – для блізкіх загіблых, а не для турыстаў, таму праход сюды абмежаваны, мне ўдалося падысьці сюды як журналісту, а нармальным чынам людзей спыняюць за два кварталы адсюль.

У гэты дзень тут робяцца вельмі сур’ёзныя захады бясьпекі. Генэральны пракурор сказаў, што 11 верасьня, паводле той апэрытаўнай інфармацыі, якой ён валодае, нічым ня будзе адрозьнівацца ад звычайных дзён, але натуральна, паліцыя і спэцслужбы працуюць у надзвычайным рэжыме. Сапраўды, вельмі шмат паліцыі на вуліцах, але ўсе гэтыя паліцыянты вельмі ветлівыя; шмат паліцыянтаў у параднай форме, шмат паліцыянтаў, якія нясуць звычайную службу. Канечне, узмацняецца ахова таго самага месца, дзе я зараз знаходжуся, бо прыблізна ў 23.30 паводле менскага часу на “Граўнд зіро” прыбудзе прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, які сустрэнецца зь сем’ямі загіблых і ўскладзе кветкі. Я бачыў па тэлебачаньні, што картэж, які выехаў зь Белага дому на цырымонію ў Пэнтагон, складаўся з 20 браніраваных вэнаў – гэта вельмі шмат, звычайна картэж прэзыдэнта – 4-5 аўтамабіляў. Натуральна, усім зразумела, што такія захады бясьпекі абсалютна лягічныя.

Дадам яшчэ, што мэр Лёндану Марк Лівэр перадасьць царкве Сьв. Тройцы на Брадвэі звон, адліты ў гонар загіблых. Літаральна ўва ўсіх цэрквах, храмах, сынагогах, малебных дамах праходзяць службы ў памяць загіблых падчас леташніх тэрактаў.
XS
SM
MD
LG