Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЯК УЛАДА І ПРЭСА АДЗНАЧЫЛІ ГАДАВІНУ 11 ВЕРАСЬНЯ


Юры Сьвірко, Менск

Cёньня раніцай у амбасадзе ЗША ў Менску адбылася цырымонія ўшанаваньня памяці ахвяраў тэрактаў 11 верасьня, у якой узялі ўдзел усе супрацоўнікі амэрыканскае місіі. Сёньня ў амбасадзе быў “не зусім працоўны дзень”, былі ўжытыя дадатковыя захады бясьпекі — два белыя “джыпы” перакрылі рух на тым участку вуліцы Старавіленскай, дзе месьціцца амбасада. Аднак людзей, якія прыносілі кветкі, да сьцяны амэрыканскае місіі пускалі без адмысловых дазволаў.

Пад шыльдай з надпісам “Амбасада Злучаных Штатаў Амэрыкі” ляжалі чырвоныя гвазьдзікі ды стаялі запаленыя сьвечкі. Жыхарка Менску Нэля Луцкевіч, якая разам з мужам таксама прынесла кветкі да амбасады ЗША, сказала мне, што іх прывяла сюды жалоба і салідарнасьць з народам Амэрыкі. Дачка спадарыні Луцкевіч год таму жыла менавіта ў Нью-Ёрку, а зяць дык увогуле працаваў на Мангэтэне, таму гэтая сям’я была ў асаблівым шоку.

Спэцыяльных мерапрыемстваў з нагоды 11 верасьня сёньня амэрыканская місія ў Менску не арганізоўвала. У сёньняшнім нумары “Белорусской деловой газеты” амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак апублікаваў артыкул “Год пасьля трагедыі: час аб’яднацца супраць тэрарызму”, у якім ад імя амэрыканскага народу выказаў падзяку грамадзянам Беларусі за шчырыя спачуваньні пасьля жудасных тэрактаў.

“Зьяўляючыся амбасадарам ЗША ў гэтай краіне, я хачу зноў запэўніць усіх беларусаў у нашай цьвёрдай рашучасьці зьнішчыць глябальны тэрарызм і выступіць адзіным фронтам зь іншымі краінамі на змаганьне з гэтай пагрозай. Толькі аб’яднаны цывілізаваны сьвет здольны перамагчы тэрор”, — напісаў амбасадар Козак.

Кіраўнік амэрыканскае місіі ў Менску ў сваім артыкуле ў “БДГ” таксама адзначыў: “На жаль, некаторыя рэжымы не прыслухаліся да закліку лідэраў усіх цывілізаваных краінаў раз і назаўжды вызначыцца, на чыім баку яны знаходзяцца ў барацьбе з тэрарызмам. Тым, хто імкнецца атрымаць выгаду ад паставак зброі й тэхналёгіяў тэрарыстам, мы недвухсэнсоўна заяўляем: гэтая выгада будзе нядоўгай, і ім давядзецца дорага заплаціць за тое, што яны выступілі супраць цывілізаванага сьвету”, — зазначыў Майкл Козак.

Тым часам афіцыйная газэта “Советская Белоруссия” нагадала, што Расея дзякуючы той ролі, якую яна адыграла ў міжнароднай кааліцыі, зацьвердзіла сваё аўтарытэтнае ды паўнапраўнае сяброўства ў міжнароднай супольнасьці. Далей газэта піша: “На тле такіх буйных ўсясьветных пэртурбацыяў было важна вызначыць сваю пазыцыю й Беларусі. Яна была акрэсьленая дакладна ды адназначна: разам з усясьветнай супольнасьцю мы выступаем супраць тэрарызму і больш за тое, у шмат чым выконваем ролю шчыта на ягоным шляху”.

Ад афіцыйных асобаў у Менску падобных словаў сёньня ніхто не пачуў. Гарадзкая ж газэта “Минский курьер” сёньня выпусьціла нумар, датаваны 11 верасьня, зь вялізнай шапкай “Са сьвятам, сталіца!” А Аляксандар Лукашэнка сёньня правёў нараду, прысьвечаную будаўніцтву ў Менску новага хмарачоса — новага комплексу Нацыянальнае бібліятэкі. Гэты хмарачос на праспэкце Скарыны мусіць, на думку спадара Лукашэнкі, стаць “ня проста гіганцкім кнігасховішчам, а супэрсучасным цэнтрам ведаў”.
XS
SM
MD
LG