Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"THE WASHINGTON POST" ЗЬВЯРТАЕ ЎВАГУ КІРАЎНІЦТВА ЗША НА СХОВІШЧА ЯДЗЕРНЫХ МАТЭРЫЯЛАЎ У БЕЛАРУСІ І ЎКРАІНЕ


Алесь Грыневіч, Менск

У мінулым месяцы група міжнародных адмыслоўцаў на чале з прадстаўнікамі ЗША вывезла ў Расею ўран з састарэлага рэактара ў Югаславіі. Гэты радыеактыўны матэрыял патэнцыйна мог выкарыстоўвацца для вырабу зброі масавага зьнішчэньня. Паводле экспэртаў, існавала небясьпека, што ўран будзе скрадзены тэрарастамі ці зробіцца аб'ектам дывэрсіі.

Штодзёньнік "The Washington Post" цытуе справаздачу Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, у якой гаворыцца, што каля двух дзясяткаў сховішчаў у 16 краінах ствараюць асаблівую небясьпеку. Гэтыя сховішчы ўтрымліваюць матэрыялы, зь якіх можна вырабіць ядзерныя бомбы. Пры гэтым сыстэмы бясьпекі там, на думку Дзярждэпартамэнту, недастатковыя, каб прадухіліць патэнцыйныя крадзяжы ці дывэрсіі. "The Washington Post" адзначае, што найбольшую ўвагу трэба надаць сховішчам ядзерных матэрыялаў у Беларусі і Ўкраіне.

Прадстаўнік дэпартамэнту "Праматамнагляд" Віктар Шабанаў кажа, што няма падставаў баяцца за лёс ядзернага паліва, якое захоўваецца ў Беларусі:

(Шабанаў: ) "Ёсьць адмысловая фізычная абарона. Там вялікія грошы укладзеныя замежнымі інвэстарамі – японцамі, амэрыканцамі. Узровень забесьпячэньня бясьпекі – міжнародны, які адпавядае міжнародным патрабаваньням”.

Паводле спадара Шабанава, частку ядзернага паліва, якое захоўваецца ў Соснах каля Менску, плянуецца перадаць Расеі. Рэшта патрэбная беларускай навуцы для экспэрымэнтаў і навучаньня.

Як патлумачыў намесьнік кіраўніка "Праматамнагляду" Сяргей Чыгрынаў, ядзернае паліва патрэбнае для распрацоўкі сучасных тэхналёгіяў, у тым ліку лазерных. Спадар Чыгрынаў дадаў, што матэрыялаў, якія захоўваюцца ў Беларусі, недастаткова для вырабу ядзернай зброі.
XS
SM
MD
LG