Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Лепеш



Васіль Лепеш, 18 гадоў. Нарадзіўся і жыве ў Менску. Вучыцца на другім курсе Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту на гістарычным факультэце. Сябра Задзіночаньня беларускіх студэнтаў. Слухае беларускі рок, этна-рок: N.R.M., “Троіцу”, “Крыві”; любіць ірляндзкую каманду “Cranberries”. Зь любімых беларускіх пісьменьнікаў назваў У. Караткевіча, Я. Купалу й В. Быкава.

(Лепеш: ) “Пэрспэктыва вялікая: пачынаючы ад настаўніка, потым гісторык, археоляг... Ну і – прэзыдэнт! (сьмяецца) Хаця для гэтага трэба быць яшчэ дырэктарам калгасу... Археоляг, напэўна. Вось ужо капаўся тут, на Нямізе, па СТБ мяне паказвалі з насілкамі. Праўда, інтэрвію не ўзялі: сказалі, мова ім мая не спадабалася...

Калі паступаў, яшчэ ня быў такім сьвядомым, як зараз. У ЗБС яшчэ ня быў. А зараз, у прынцыпе – ідэя! З ідэяй і рай у шалашы, ці як там кажуць?.. Зараз, паколькі грошай зусім няма, – выйшаў раніцай у нядзелю на трасу, і ўжо ў гадзін 11 у Нясьвіжы сядзіш, здымаеш... Так, праўда, Нясьвіж і ня зьняў, ён згарэў, а я паляніўся здымаць...

Хацелася б стаць больш сур’ёзным у адносінах да вучобы. Сэсію здаў толькі што: 4,0 – бал ня самы лепшы зь пяці экзамэнаў... Гісторыя Беларусі, дзякуй Богу, на 5, гісторыя сярэдніх вякоў – на 3; пэдагогіка – таксама на 3: дзьве тройкі, дзьве пяцёркі, адна чацьвёрка... Хацелася б нешта карыснае рабіць, такія альтруістычныя матывы ёсьць: дзеткам давесьці нешта, вадзіць іх, нешта расказваць, паказваць. Вырасьці, знайсьці сабе жонку добрую, беларускамоўную, каб дзетак беларускамоўных гадаваць... Ну, і зрабіць нашу Беларусь беларускай”.
XS
SM
MD
LG