Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Сьцяпанава



Тацяне Сьцяпанавай 16 гадоў. Яна вучаніца менскай гімназіі-каледжу № 24. Любіць паэзію Янкі Купалы й Сержука Сокалава-Воюша, піша вершы. Таксама цікавіцца палітыкай і кажа, што ніколі не пакіне радзіму. Сёньня яна распавядае пра сваё бачаньне жыцьця маладых у Беларусі.

(Сьцяпанава: ) “Мяне ўсё задавальняе. У мяне ёсьць усё, а чаго няма, то, можа, яно й не патрэбна. Сама я яшчэ ня здольная зарабляць, але маім бацькам пашчасьціла ўладкавацца так, каб яны змаглі забясьпечыць мне годнае існаваньне. І ў прынцыпе я лічу, што калі ты працуеш, то ў нашай краіне магчыма зарабіць грошы, каб годна пражыць.

Наконт палітыкі — безумоўна, палітычных свабодаў не хапае, ёсьць прыцясьненьні. Гэта бачна, і шмат у чым праяўляецца. Але я буду жыць толькі тут, і я гэта ведаю дакладна. Магчыма вандраваць, паглядзець нешта, але жыць толькі тут.

Увогуле я хачу зрабіць сабе добрую кар’еру. Я вучуся ў каледжы і яшчэ ня вырашыла дакладна, кім я буду, бо яшчэ буду паступаць ва ўнівэрсытэт. Магчыма, я пайду ў палітыку, бо мяне гэта цікавіць. А яшчэ я бачу сябе бізнэс-вумэн, каб не сядзець дома й не гатаваць мужу есьці. А магчыма, буду працаваць на ніве адукацыі, бо я вучуся на перакладчыка, і выбар у мяне ёсьць.

Я бы хацела пажадаць слухачам Радыё Свабода, каб яны ставілі перад сабой мэту й рабілі ўсё, каб яе дасягнуць. А яшчэ, каб ніколі не пакідалі нашую краіну, бо нам будзе добра тут”.
XS
SM
MD
LG