Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВУГОРШЧЫНА – Легенда Імрэ Надзя


Мiкола Iваноў

ВУГОРШЧЫНА – Легенда Імрэ Надзя

(эфір 5 верасьня 1999)

Імрэ Надзь – сымбалічная для Вугоршчыны гістарычная асоба. Ён лідэр Вугорскае рэвалюцыі 1956 году, калі народнае паўстаньне намагалася пазбавіць камуністаў улады. Ён – нацыянальны пакутнік, павешаны камуністамі пасьля таемнага суду ў 1958 годзе. Ён на працягу ўсіх гадоў існаваньня камуністычнае дыктатуры быў сымбалям змаганьня за дэмакратыю, за вяртаньне Вугоршчыны ў Эўропу. І таму ягоная рэабілітацыя ўлетку 1989 году стала адным з галоўных (а магчыма, і самым важным) этапам краху вугорскага камунізму.

Вугорская антыкамуністычная рэвалюцыя 1956 году займае ў нацыянальнай сьвядомасьці вугорскага народу асаблівае месца. Некаторыя навукоўцы нават сцвярджаюць, што менавіта на ім выхаваліся некалькі пакаленьняў вугорцаў.

Сьвядомасць пакутлівасьці гэтага антыкамуністычнага вубуху была той галоўнай сілаю, якая прывяла да краху вугорскага камунізму ў 1989–1990 гг. Вось чаму лёзунг з патрабаваньнем рэабілітацыі Імрэ Надзя быў практычна заўсёды на першым мейсцы пад час амаль усіх мітынгаў і дэманстрацыяў вугорскае апазыцыі.

У якой жа ступені падзеі 1956 году былі рухавіком антыкамуністычнага выбуху 10 гадоў таму? Каб знайсьці адказ на гэтае пытаньне, я затэлефаніў у Будапешт, прафэсару Будапешцкага ўнівэрсытэту й вядомаму палітычнагму аналітыку Міклашу Куну. Дарэчы, Міклаш Кун добра вядомы тым нашым радыёслухачам, якія часам слухаюць расейскую службу нашай радыёстанцыі, зь якой Міклаш Кун стала супрацоўнічае ўжо больш за 10 год. Гэта чалавек надзвычай цяжкага лёсу, ягоны дзед Бела Кун, старшыня Камінтэрну быў расстраляны ў 1938 годзе, рэпрэсыі абрынуліся й на ягоную сям'ю. У Вугоршчыну сям'я Куна вярнулася толькі ў гады хрушчоўскае адлігі. Вось, што Міклаш Кун адказаў мне на пытаньне пра характар антыкамуністычнага руху ў Вугоршчыне:

(Кун: ) "23 кастрычніка 1956 году, калі вугорская моладзь вышла на вуліцы і 4 лістапада 1956 году, калі савецкія танкі маршала Конева ўвайшлі ў Будапешт і здушылі вугорскае паўстаньне – гэта дзьве такія даты, якія цяпер арганічна прысутнічаюць у вугорскім жыцьці, у вугорскай сымболіцы.

23 кастрычніка – гэта чырвоны дзень календару. Наш прэзыдэнт тады ўзнагароджвае ардэнамі й мэдалямі ўдзельнікаў падзеяў 1956 году, якіх з кожным годам усё менш і менш. Некаторыя былі расстраляныя Янашам Кадарам, які на савецкіх штыхах прыйшоў да ўлады. Іншыя паміраюць ад старасьці…

Роўна 10 гадоў таму былі ўрачыста перазахаваныя Імрэ Надзь і 4 ягоныя паплечнікі, адбыўся ўрачысты мітынг, і усе зразумелі, што гэта канец старога ладу, і што раней ці пазьней камуністы мусяць перадаць уладу іншым".

Імрэ Надь быў рэабілітаваны ў дзень сьмерці Янаша Кадара, чалавека, які выдаў загад яго павесіць. І гэта сымбалічна. Міклаш Кун працягвае:

(Кун: ) "Сапраўды так: памёр Янаш Кадар, а на паховінах Імрэ Надзя малады барадаты хлопчык, студэнт, выступіў і сказаў, што тут ня толькі 5 трунаў, але й шостая. У шостай труне – наша страчаная маладосьць. І мы дамагаемся, каб савецкія войскі пакінулі тэрыторыю Вугоршчыны. Тады нават сярод прыхільнікаў Імрэ Надзя, нават сярод антыкамуністаў было шмат абурэньня: што ён гаворыць… Гэта быў малады юрыст Віктар Орбан, які цяпер узначальвае вугорскі ўрад, самы малады прэм'ер-міністар у Эўропе – яму 36 гадоў".

Імрэ Надзь быў хаця й рэфарматарам, але камуністам. Ці ў вугорскім грамадзтве таксама захавалася ўсьведамленьне ягонага камуністычнага мінулага? Што думаюць вугорцы пра Надзя-камуніста? Прафэсар Кун адказвае:

(Кун: ) "Імрэ Надзь прайшоў складаны жыцьцёвы шлях. Ён быў ваеннапалонным у Расеі, пазьней ён вярнуўся ў Вугоршчыну дзеля падпольнай працы, пазьней эміграваў. Зразумела, у ягонай біяграфіі ёсьць плямы. Ёсьць сьведчаньні, якія распаўсюджваў асабіста гэнэрал Кручкоў, тагачасны кіраўнік КГБ, што ён быў моцна зьвязаны з палітычнай паліцыяй, што ён ня вельмі сумленна паводзіў сябе ў гады сталінскага тэрору.

Але пазьней ён вярнуўся ў Вугоршчыну разам з Маціяшам Ракошы. Ён стаў першым міністрам нутраных справаў вугорскага ўраду, але ён неяк ня ўпісваўся ў гэты ўрад.

Памірае Сталін, і Вугоршчына выклікае ў Масквы шмат праблемаў. І вось летам 1953 году Масква прызначае Імрэ Надзя кіраўніком ураду Вугоршчыны. Пры гэтым яго актыўна падтрымліваў Лаўрэнцій Берыя.

Хто б мог падумаць: стаўленік Масквы, камуніст, раптам выступае з лібэральнай праграмаю, як на тыя часы. Ён выступае супроць калектывізацыі савецкага тыпу.

І тады тагачасны савецкі амбасадар Юры Андропаў робіць усё, каб пазбавіць яго ўлады. Андропаў ідзе да яго ў шпіталь і там змушае падаць у адстаўку. Пазьней Ракошы і Андропаў выключаюць яго з партыі.

Але восеньню 1956 году на хвалі нацыянальнага ўздыму Імрэ Надзь вяртаецца да ўлады. І калі выступаючы з гаўбцу парлямэнту з прамоваю, ён зьвяртаецца да людзей "таварышы", увесь вялізны натоўп сустракае яго моцным сьвістам і крыкамі абурэньня. І тады ён пераходзіць на "грамадзяне – вугорскія браты".

Імрэ Надзь – вугорская нацыянальная легенда, магчыма тут зьявіўся нават культ асобы, якая загінула дзеля вызваленьня краіны з путаў камуністычнае дыктатуры. У чым сутнасьць легенды Надзя? Міклаш Кун адказвае:

(Кун: ) "У ім людзям найбольш падабалася й падабаецца тое, што ён – карлік – паўстаў супроць вялізнага галіяфа, што ён заклікаў вугорцаў змагацца з танкамі маршала Конева. Ён выступіў з пратэстам у ААН, заклікаў вугорскую нацыю да змаганьня. Гэта зрабіла вялікі ўплыў на вугорцаў. І тая "рэвалюцыя зьверху", пра якую вы гаворыце, як бы сілкавалася легендаю Імрэ Нядзя".

Летам 1988 году ў Будапешце адбылася масавая дэманстрацыя, галоўным лёзунгам якой была рэабілітацыя Імрэ Надзя і ягоных паплечнікаў. Дэманстрацыю міліцыя жорстка разагнала. А было гэта ўсяго за год зь нечым да краху вугорскага камунізму. Чаму падзеі разьвіваліся так хутка? Думка прафэсара Куна на гэтую тэму была такая:

(Кун: ) "Я добра памятаю гэтую дэманстрацыю. Яна адбывалася пад маімі вокнамі. І калі была выкліканая паліцыя з дубінкамі, людзей сталі зьбіваць, там былі шматлікія нашыя цяпер вядучыя палітыкі, дык у мяне перад вачыма, як сёньня, гэты натоўп, які скандуе ўвесь час: "Імрэ Надзь, Імрэ Надзь, Імрэ Надзь…"

Але тады рэабілітацыя Надзя была немагчымай. У парлямэнце яшчэ сядзелі людзі, якія саўдзельнічалі ў забойстве Надзя. У партыйным кіраўніцтве былі такія людзі, якія ў 1958 годзе прагаласавалі за пакараньне яго сьмерцю. І таму рух за рэабілітацыю Надзя пачаткова быў рухам не за дэмакратычныя рэформы, а рухам толькі за асуджэньне злачынстваў камуністаў".

Ад моманту краху камунізму ў Вугоршчыне мінула 10 гадоў. Шмат зьмянілася з таго часу ў сьвеце. Вугоршчына цяпер – сябра NATO, краіна, дзе пасьпяхова ажыцьцяўляюцца рынкавыя рэформы, ідзе дэмакратызацыя. Краіна рыхтуецца да ўступу ў Эўрапейскі Зьвяз. Магчыма, зьмянілася стаўленьне вугорцаў і да Імрэ Надзя. Прафэсар Кун камэнтуе:

(Кун: ) "Легенда Надзя, натуральна, крыху пажоўкла. Яе нельга параўнаць зь легендаю Шандара Пётэфі, нацыянальнага паэта і героя, які загінуў у 1848 годзе ў змаганьні з царскай расейскай арміяй, альбо з культам Кошута, лідэра вугорскага адраджэньня пачатку гэтага стагодзьдзя. Такога моцнага культу ў Імрэ Нядзя няма. У яго вельмі складаная біяграфія, і некаторыя нэгатыўныя старонкі з гэтай біяграфіі нельга выкрэсьліць. Тым ня менш штогод у кастрычніку ля ягонай магілы прадстаўнікі кожнай вугорскай улады. І хто б ні прыйшоў да ўлады ў Вугоршчыне, якая б ні была ў нас палітычная сытуацыя, Надзь назаўсёды застанецца нацыянальным героем".

Імрэ Надзь – нацыянальны герой Вугоршчыны, і гэта бясспрэчна. Ягонае імя была ня толькі на штандарах вугорскае рэвалюцыі 1989–1990 гг. Але і ў сэрцы кожнага вугорца. Надзь, ягонае жыцьцё й змаганьне, ягоныя посьпехі й памылкі – адлюстраваньне таго пакруцістага шляху, якім ішла Вугоршчына да свабоды.

XS
SM
MD
LG