Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НЯМЕЧЧЫНА


Мiкола Iваноў

Нямеччына

(эфір 12 жніўня 1999)

Больш за 40 год нямецкі народ быў падзелены жалезнай заслонаю на дзьве варожыя дзяржавы. У створанай пад крылом савецкага таталітарызму Нямецкай Дэмакратычнай Рэспубліцы нямецкія камуністы намагаліся выхаваць пачуцьцё навае нямецкае сацыялістычнае нацыі. У імя ідэалёгіі бацькі гадамі не маглі пабачыцца са сваімі дзецьмі, якія жылі ў заходняй частцы Нямеччыны, браты ня бачылі сёстраў. Той, хто хацеў нелегальны паспрабаваць перайсьці нямецка-нямецкую мяжу, амаль аўтаматычна асуджаў сябе на сьмерць. Якім жа чынам скончыўся гэты таталітарны кашмар? Якія сілы спрыялі немцам у іх імкненьні да адзінства?

Амаль дакладна 10 год таму летам 1989 году сьвет стаў сьведкам амаль неверагоднага – самы, здавалася, кансерватыўны, моцны й непахісны камуністычны рэжым Цэнтральнае Эўропы рассыпаўся як картавы дамок. Усходнія немцы прагаласавалі супроць яго нагамі: дзесяткі тысячаў пераважна маладых немцаў па-просту пачалі ўцякаць на Захад. Дарогі Польшчы, Чэхаславаччыны й Вугоршчыны былі літаральна перапоўненыя тысячамі НДР-аўскіх малалітражак "трабантаў", якія сталі сымбалямі нямецкага пратэсту супроць таталітарызму. Сотні маладых немцаў з НДР, часам з малымі дзецьмі і старымі, акупавалі заходненямецкія амбасады ў Варшаве, Празе, Будапэшце, дзесяткі тысячаў кіраваліся ў бок аўстрыйска-вугорскай мяжы, якая толькі-толькі адкрылася. Яшчэ дзесяткі тысячаў шукалі магчымасьці трапіць на Захад празь Югаславію. Уся Эўропа, увесь сьвет зь непакоем і зацікаўленьнем назіралі за самай вялікай міграцыяй нямецкага народу пасьля другой сьветнай вайны. Стала ясна, што моц і непахіснасьць нямецкага камунізму ўсяго толькі міт.

Але вернемся крыху назад у гісторыю і паспрабуем зразумець, у чым жа заключалася сутнасьць спробы стварэньня асобнае нямецкае сацыялістычнае нацыі?

Ёсьць ў самым цэнтры Бэрліну, каля нямецкага парляманту Райхстагу маленькія могілкі, дзе сымбалічна пахавана 49 асобаў, з тых амаль дзьвюх сотняў, хто загінуў пад час спробаў пераходу мяжы ў Заходнюю Нямеччыну. Тут у цішыні дрэваў старога парку ля магілаў ахвяраў камунізму заўсёды жывыя кветкі і шмат людзей, якія прыходзяць, каб ушанаваць памяць тых, хто паспрабаваў сказаць "не" аднаму з самых жорсткіх таталітарных рэжымаў Цэнтральнае Эўропы. Прыгадаю, што апошні з ахвяраў бэрлінскага муру страціў жыцьцё ў студзені 1989 году, якраз напярэдадні краху ўсходненямецкага камунізму.

З найноўшай нямецкай гісторыі: 13 жніўня 1961 году тысячы жаўнераў арміі НДР і сябраў так званай рабочай міліцыі атачылі мяжу паміж усходняй і заходняй часткамі Бэрліну і на працягу трох дзён паміж дзьвюма часткамі нямецкай сталіцы была пабудаваная двухмэтровай вышыні сьцяна. Былі замураваныя ўсе дзверы, вокны й выхады ў дамах ля мяжы, зачыненыя станцыі мэтро, якія спалучалі "захад" з "усходам". Паводле пляну ўсходненямецкіх камуністаў, у жалезнае кола блякады мусіў быў быць ўзяты заходні Бэрлін. У сапраўднасьці ж, бэрлінская сьцяна пераўтварыла ўсю саму НДР у вялізную турму.

Мяжа паміж дзьвюма нямецкімі дзяржавамі на доўгія амаль 30 год ператварылася ў самую непераадольную мяжу ў сьвеце. Тут выкарыстоўваліся супроцьпяхотныя міны, адмыслова дрэсыраваныя сабакі, аўтаматычныя кулямёты, якія адкрывалі агонь па камандзе фотаэлемэнтаў. Ахвярамі гэтай межавай параноі сталіся нават тыя, хто выпадкова набліжаўся да мяжы.

Нашая даведка: Урад Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччыны ніколі не прызнаваў ажыцьцёўленнага яшчэ пры жыцьці Сталіна падзелу Нямеччыны. І таму кожны грамадзінін НДР аўтаматычна лічыўся грамадзянінам ФРН, і мог адразу атрымаць свой пашпарт ды іншыя дакуманты пасьля пераходу нутрынямецкай мяжы. На яго таксама аўтаматычна распаўсюджваліся ўсе законы Заходняе Нямеччыны, у тым ліку і датычныя сацыяльнага забяспячэньня.

Галоўная ідэялягічная падстава нямецкага камунізму палягала ў тым, што нібыта менавіта НДР, а не ФРН, увасабляе сабой найлепшыя рысы нямецкага народу. І невыпадкова менавіта ў НДР ажывалі некаторыя традыцыі прускага мілітарызму ў новым камуністычным выданьні і нямецкага нацыяналізму. Лідэр НДР Эрых Гонэкер праводзіў у рамках сваёй дзяржавы таксама адметную эканамічную палітыку. Прадпрыемствы індустрыі дзейнічалі ў варунках абмежаванага свабоднага рынку, які ў некаторых рысах нагадваў вугорскія рэформы. Адноснай свабодаю ў НДР карысталася пратэстанцкая царква. Усё гэта дазваляла нямецкім камуністам сьцьвярджаць, што нямецкая мадэль сацыялізму самая пасьпяховая і эфэктыўная ў сацыялістычным лягеры.

І сапраўды, НДР мела самую высокаразьвітую гаспадарку сярод сацыялістычных краінаў. Але ўсё гэта не ўратавала яе ад краху. Каб пракамэнтаваць сутнасьць калапсу ўсходненямецкага камунізму, я запрасіў у студыю беларускай рэдакцыі радыё "Свабода" Джо Блокера, палітычнага камэнтатара нашага радыё, які спэцыялізуецца ў нямецкай праблематыцы. Вось ягоны пункт гледжаньня:

(Блокер: ) "Крах Усходняе Нямеччыны ў 1989 годзе зьдзівіў шмат каго як на Захадзе, так і на Ўсходзе. Але для саміх жа ўсходніх немцаў у гэтым калапсе не было нічога дзіўнага. Перакананьне іншых аб тым, што пазыцыі нямецкіх камуністаў непахісныя, базаваліся на наступных памылковых перадумовах. Па-першае, некаторыя палітычныя аналітыкі лічылі, што нямецкім камуністам сапраўды ўдалося ўкараніць сваю ідэялёгію ў галовах усходніх немцаў. Па-другое, што нямецкая эканоміка самая пасьпяховая ў камуністычным блёку. Паток уцекачоў з Усходняй Нямеччыны летам 1989 году, дазволены, дарэчы, самім НДР-аўскім урадам, які баяўся горшага, аднак, пераканаў нас, што гэта зусім ня так. Стала ясна, што ў НДР зусім ня меншая частка насельніцтва, чымся ў іншых так званых сацыялістычных краінах, ня верыць у камуністычныя догмы. Высьветлілася таксама, што эканоміку, якую так хвалілі некаторыя заходнія эканамісты, у сапраўднасьці яўляла сабой вялікую "потёмкинскую деревню". Як высьветлілася пазьней, гэта была напаўразваленая эканоміка, а сам рэжым быў банкротам і разьлічваў толькі на заходнія крэдыты. А Захад наіўна даваў ім новыя і новыя крэдыты. І вось гэта былі дзьве галоўныя фундамантальныя прычыны, якія спрычынілася да краху ўсходненямецкага камуністычнага рэжыму ўвосень 1989 году. Хаця непасрэднай прычынаю былі масавыя дэманстрацыі пратэсту ў Ляйпцыгу ды іншых гарадах".

Калі гэнэральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў распачаў сваю палітыку перабудовы, нямецкія камуністы на чале з Эрыхам Гонэкерам успрынялі яе ў штыкі, і пачаткова ўсходненямецкае кіраўніцтва намагалася рабіць уражаньне, як быццам бы нічога не адбылося. У НДР па-ранейшаму кідалі ў турмы дысыдэнтаў, забівалі ўцекачоў на мяжы, падаўлялі свабоду слова і т.п. Нават само расейскае слова "галоснасьць" было ў НДР забаронена. Улетку 1987 году цэнзура забараніла распаўсюджваньне ў НДР савецкага часопісу "Спутник", а таксама паказ шэрагу савецкіх фільмаў.

З прамовы сакратара ў справах ідэялёгіі Сацыялістычнае Адзінае Партыі Нямеччыны Курта Хагера ў красавіку 1987 году: "Савецкі Саюз атрымаў вялікую гістарычную перамогу, калі ён разграміў Гітлера, і мы выказваем яму ўдзячнасьць за гэта. Але што датычыцца справы сучаснае тэхналёгіі ды сацыяльнага прагрэсу — тут ён ня можа быць для нас прыкладам".

Падобная пазыцыя пазыцыя НДР-аўскага кіраўніцтва амаль не прывяла да адкрытага канфлікту з СССР. Гарбачоў пачаў праводзіць больш адкрытую на Захад палітыку, а Эрых Гонэкер як бы ў адказ на гэта заявіў, што "бэрлінская сьцяна можа прастаяць яшчэ 100 гадоў, каб абараніць НДР ад рабаўнікоў з Захаду".

І тут свае станоўчае слова сказала само насельніцтва НДР. У траўні 1989 году Вугоршчына пачала дэмантаж памежных умацаваньняў і засекаў з калючага дроту на мяжы з Аўстрыяй, адмаўляючыся такім чынам ад савецкай стратэгіі шчыльна зачыненых межаў з заходнімі краінамі. Вестка аб гэтым як маланка хутка дасягнула Ўсходняй Нямеччыны, і дзесяткі тысячаў грамадзянаў НДР накіраваліся ў Вугоршчыну, каб праз Аўстрыю выехаць на Захад. Эрых Гонэкер накіраваў вугорскаму кіраўніцтву востры пратэст, патрабуючы неадкладнага закрыцьця мяжы. Але было ўжо запозна… Час камуністычнае дыктатуры на нямецкай зямлі сканчаўся назаўсёды. Пра гэты адзін з найвялікшых экзодусаў сучаснага часу, калі дзесяткі тысячаў пераважна маладых немцаў пачалі ўцякаць на Захад, – у наступнай перадачы сэрыі "1989 –1990 гг. – урокі найноўшае гісторыі".

XS
SM
MD
LG