Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэлігія і моладзь


Кастусь Бандарук, Прага

(Бандарук: ) “У Эвангельлі ёсьць аповед пра юнака, які, шчыра заклапочаны збаўленьнем сваёй душы, пытаўся ў Хрыста, што яму “зрабіць добрага, каб мець жыцьцё вечнае”. Аказалася, што ён дбайна выконваў усе запаветы, ня ўмеў толькі адмовіцца ад свайго багацьця (Мацьв.19,16). У сувязі з гэтым узьнікае пытаньне: а колькі маладых людзей ў наш час турбуюць падобныя пытаньні?

Летась Унівэрсытэт Пэнсыльваніі правёў апытаньне сярод падлеткаў ва ўзросьце ад 11 да 18 гадоў. Галоўнае пытаньне гучала: “Што вы думаеце пра Бога?” Аказалася, што для большасьці зь іх Бог займае важнае месца ў жыцьці, а амаль палова зь іх наведваюць храм як мінімум 3 разы ў месяц. “Ня бачна, каб моладзь пазьбягала царквы” – заявіў дырэктар Гэлапскага інстытуту – Джордж Гэлап. “Грамадзтва і СМІ лічаць, што маладое пакаленьне аддаляецца ад рэлігіі. Карціна геданісцкай і бяздумнай моладзі не адпавядае рэальнасьці”.

З дасьледаваньняў сацыялёгаў зь іншых заходніх краінаў таксама вынікае, што за апошнія 10 гадоў колькасьць маладых людзей, якія лічаць сябе вернікамі, застаецца на ранейшым узроўні. Затое прыблізна на 10% зьменшылася колькасьць тых, хто ўдзельнічае ў царкоўных багаслужбах і абрадах. Што тычыцца постсавецкай прасторы, дык за апошняе дзесяцігодзьдзе колькасьць маладых людзей – вернікаў выразна павялічылася. Гэта тлумачыцца найперш адыходам ад сыстэмы атэістычнага выхаваньня.

А што можна сказаць пра рэлігійнасьць беларускай моладзі? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да сацыёляга Лідзіі Новікавай, аўтаркі кнігі “Релігійнасьць ў Беларусі на мяжы стагодзьдзяў”.

(Новікава: ) “Характарызуючы сёньняшнюю рэлігійную сьвядомасьць беларускай моладзі, можна сказаць наступнае: узровень рэлігійнасьці сярод моладзі ніжэйшы ў параўнаньні са старэйшым пакаленьнем. Але гэта зразумелае. У моладзі няма гэтулькі прычынаў, няма такіх жыцьцёвых узрушаньняў, няма жыцьцёвага вопыту і таго асноўнага чыньніка, калі чалавек пачынае сур’ёзна задумвацца над жыцьцём і сьмерцю. Сярод беларускай моладзі прыблізна траціна называе сябе вернікамі, але гэта неабавязкова сапраўдныя вернікі”.

(Бандарук: ) “Сацыёлягі адзначаюць, што сучасную моладзь характарызуе не бязьвер’е, але адыход ад традыцыйнай інстытуцыянальнай формы рэлігійнасьці, пошук асабістага кантакту з Богам і духовай праўды. Маладыя людзі ня хочуць некрытычна пераймаць у бацькоў абрадную, паказную набожнасьць. Яны ня лічаць, што рэгулярны ўдзел у багаслужбах абавязковы. Многія маладыя кажуць: Бог – так, царква і сьвятары – не. У былых савецкіх рэспубліках прыблізна палова моладзі ад 17 да 27 гадоў называюць сябе вернікамі, але на пытаньне “Колькі разоў за апошні год вы былі ў храме?” ажно 41% адказалі – “ні разу”. А ці ў Беларусі дэкляраваная рэлігійнасьць таксама гэтак жа не выяўляецца ў вонкавых паводзінах?”

(Новікава: ) “Абсалютна так! Але я разрозьніла б сярод моладзі 2 групы: наймалодшых – да 22 гадоў, і старэйшых – ад 23 да 30 гадоў. Іхная рэлігійная сьвядомасьць і паводзіны значна адрозьніваюцца. Самыя маладыя – гэта людзі, якія толькі шукаюць свайго месца ў сьвеце. Іхныя погляды няўстойлівыя, для іх важны элэмэнт забавы і заспакаеньня цікаўнасьці новым. Затое старэйшая моладзь – гэта людзі, якія ўжо закончылі або заканчваюць вучобу, часта ўжо маюць сваю сям’ю, яны самаакрэсьліліся ў рэлігійным пытаньні. Іхныя погляды больш устойлівыя і бліжэйшыя думкам і паводзінам старэйшага пакаленьня. Вось напрыклад, рэгулярна ўдзельнічаюць ў багаслужбах 25% наймалодшых, аднак пасьля 23 гадоў гэтая лічба ўзрастае да 45%”.

(Бандарук: ) “Да сказанага Лідзіяй Новікавай у якасьці параўнаньня дадам, што згодна з апытаньнем, праведзеным Крысам Сьмітам з Унівэрсытэту Паўночнай Караліны, 31% амэрыканскіх студэнтаў рэгулярна наведваюць багаслужбы, а для 30% рэлігія зьяўляецца важным элемэнтам жыцьця. З апытаньня вынікае яшчэ адно: маладыя людзі, якія вераць у Бога, лічаць сябе болей карыснымі, маюць надзею на будучыню, пачуцьцё гонару і задавальненьня, яны намагаюцца пазьбягаць наркотыкаў і алькаголю, ахвотней ўдзельнічаюць у розных відах дзейнасьці, лепш выконваюць свае абавязкі і лепш вучацца. Ці вера ў Бога неяк уплывае на такое маральнае аблічча маладых, на такія рысы характару, як сумленнасьць, законапаслухмянасьць, акуратнасьць, стрыманасьць?”

(Новікава: ) “На жаль, тое, што нам удалося зафіксаваць, сьведчыць аб тым, што ніяк, практычна ніяк. На групавым узроўні практычныя паводзіны моладзі, з рэлігійнай верай ніяк не зьвязаныя. Мы спадзяваліся, напрыклад, што актыўны ў нас пратэстантызм прынясе заходнюю сьвядомасьць і каштоўнасьці, той дух капіталізму, пра які пісаў Макс Вэбэр. Аказалася, што нашы пратэстанты – гэта не заходнія пратэстанты. Гэта, даруйце, сэктанты. Для іх праца, сям’я – нічога ня значаць. Працоўная аскеза, якая прывяла Захад да тых вынікаў, у нас не назіраецца”.

(Бандарук: ) “Пік рэлігійнага буму ў Беларусі і суседніх зь ёю краінах прыпадае на першую палову 90-х гадоў. Тады ў былыя савецкія рэспублікі масава хлынулі заходнія місіянэры, прапаведнікі выступалі на стадыёнах, зьявілася рэлігійная літаратура, перадачы ў СМІ, адкрыліся многія храмы і нядзельныя школкі. У цэрквах упершыню за некалькі дзесяцігодзьдзяў зьявіліся маладыя людзі. Зараз, пасьля ўсяго пары гадоў, некаторыя адзначаюць, што іх там выразна меней. Калі, аднак, маладыя людзі без прымусу і агітацыі ўсё ж прыходзяць да веры, якую канфэсію яны выбіраюць?”

(Новікава: ) “У нас усё такі дамінуе праваслаўе, а яно, з прычыны сваёй традыцыйнасьці, кансэрватызму і пасыўнасьці, мала прывабнае для моладзі. Моладзь, калі ўжо схіляецца да рэлігійнай веры, дык яна пераважна выбірае пратэстантызм. Гэтая канфэсія ў сэнсе сваіх асноўных накірункаў і сацыяльнай дактрыны бліжэйшая патрэбам сучаснага грамадзтва. Але і пратэстантызм, які ў першай палове 90-х атрымаў у нас магутны імпульс, таксама расчароўвае моладзь. У нас ён непазьбежна прымае сэктанцкія формы з той прычыны, што тут ён расьце не на натуральнай глебе”.


* * *
(Вячаслаў Сітнікаў: ) “Я ня веру ў Бога, але й не магу сказаць, што я атэіст. Я да рэлігіі проста ніяк ня стаўлюся, бо верыць ці ня верыць у нешта – гэта заўсёды асабісты выбар чалавека. Кожны сам вырашае, як ставіцца да рэлігіі. Калі я кажу вернікам, што я ня веру ў Бога, звычайна чую ад іх, што проста я яшчэ да Яго не дайшоў. Можа, гэта й сапраўды так?”

(Сьвятлана Нагорная: ) “Я ў прынцыпе лічу сябе веруючым чалавекам, таму і маё стаўленьне да рэлігіі станоўчае. Я веру ў Бога. Я вельмі цяжка да гэтага йшла, аде калі нарэшце прыйшла, тады зразумела, што так значна лягчэй жыць. Я прыўнесла ў сваё жыцьцё эвангельскія запаветы і менавіта паводле іх намагаюся будаваць сваё жыцьцё. Праўда, пакуль гэта ў мяне не надта атрымліваецца, але гэта той ідэал, да якога я імкнуся”.

(Уладзіслаў Валацько: ) “Сам я праваслаўны і да веры стаўлюся станоўча. Вера – гэта асноўнае, што ёсьць у жыцьці кожнага чалавека. Кожну мае нейкую мару. Я лічу, што кожны павінен ў нешта верыць. Прыемнае, добрае, усё гэта нясе вера”.

(Алесь Галавач: ) “Я уніят, і таму час ад часу, калі атрымліваецца, наведваю храм. Я веру ў Бога, і да веры стаўлюся нармалёва. Вера – гэта адзінае, што ў нас засталося. Мы можам спадзявацца, што Бог нам дапаможа і абароніць, а той, хто да нас ставіцца варожа – будзе пакараны”.

(Юля Краўцова: ) “Я лічу сябе верніцай, бо я веру ў Бога. Мне падаецца, што вера зьяўляецца своеасаблівым вымяральнікам, крытэрам гармоніі ў жыцьці, вымяральнікам праўды і таго, што ты робіш правільна, а што неправільна. Гэта можна назваць арыентырам. Можна па-філязофску заявіць, што ўсе мы верым у нейкую ісьціну і крочым да яе, але я думаю, што вера і ёсьць адначасова той ісьцінай. Мне здаецца, што вера патрэбная кожнаму чалавеку. Яна дапамагае жыць і спадзявацца на будучыню. І нават калі гэта ўнутраная вера, яна ўсё роўна мае нейкае дачыненьне да рэлігіі. У нашай краіне рэлігія ўсё яшчэ успрымаецца як нейкая дзіўная субстанцыя, бо савецкія часы не прайшлі бязь сьледу. Усе мы сёньня прыходзім да веры нанова. І добра, калі прыходзім, бо гэта кожнаму чалавеку патрэбнае. Я сама хрышчаная ў праваслаўнай царкве, але мне больш блізкае каталіцтва. Яно мне падаецца больш чалавечным. Насамрэч, я вельмі зайздрошчу паганцам, бо ў наш складаны час значна лягчэй было б верыць у нейкія прыродныя сілы, або ідалы, бо гэта дапамагае жыць у гармоніі са сьветам”.

(Антон Кунцэвіч: ) “Я вернік-каталік. Жонка й дзеці таксама каталікі. Дачка ходзіць ў нядзельную школку пры касьцёле. Там, дарэчы, навучаюць па-беларуску, што мне вельмі падабаецца. Так што, натуральна, я стаўлюся да веры станоўча. Думаю, што яна вельмі патрэбная чалавеку і адыгрывае вельмі станоўчую ролю ў грамадзтве. Хачу сказаць, што ў мяне быў вельмі даўгі шлях да веры. Я прыйшоў да яе самастойна. Чаму я вернік? Таму што вера нясе надзею, ачышчэньне і палёгку. Выхоўваючы дзяцей у веры, чалавек адчувае асалоду ад жыцьця, і гэта, дарэчы, дапамагае і ў працы. Проста, так трэба жыць. Гэта правільна”.

(Бандарук: ) “Гэтак распавялі пра сваё стаўленьне да веры маладыя беларусы. Трэба прызнаць, што яны пацьвердзілі раней прыведзеныя вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў. У сучасных маладых беларусаў вера перастае быць спадчыннай. Яна ўсё часьцей зьяўляецца вынікам працяглых пошукаў і асабістага выбару. І не зважаючы на тое, што вера многіх маладых людзей спантанная і неглыбокая, большасьць маладых беларусаў перакананыя, што яна карысная і патрэбная”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG