Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія патрабаваньні да сьвятароў з боку вернікаў?


Кастусь Бандарук, Прага

У адным з апошніх выпускаў мы гаварылі пра тое, якімі, паводле царкоўных канонаў, павінны быць зьнешнія паводзіны сьвятара, пра тое, што епіскапат часта нагадвае духавенству пра абавязак прытрымлівацца царкоўных канонаў і правілаў жыцьця. У сёньняшнім выпуску гаворка пройдзе пра тое, якія патрабаваньні да сьвятароў з боку вернікаў.

(Бандарук: ) “У канцы студзеня сёлета ў царкве сьвятога Юды ў горадзе Эдыстаўн у штаце Пэнсыльванія адзін з парафіянаў – Джозэф Бардэр – наспадзявана ў часе імшы дастаў пісталет і выстраліў у сьвятара Грэйга Ганзалеса. Парафіяне затрымалі яго і перадалі ў паліцыю. Пасьля Бардэр патлумачыў свой крок тым, што яму не спадабалася зьнешнасьць сьвятара, што той не дае вернікам адпаведнага духоўнага павучэньня. Бардэр заявіў, што ён не шкадуе пра свой учынак, і калі толькі яго вызваляць, ён ізноў паспрабуе застрэліць настаяцеля і кожнага, хто паспрабуе яму ў гэтым перашкодзіць.

Страляць у сьвятара, які не падабаецца, – гэта напэўна крайнасьць, але, магчыма, у амэрыканцаў ёсьць нейкія асаблівыя патрабаваньні да сьвятароў, нейкія адметнасьці рэлігійнага жыцьця. З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да Алесі Сёмухі з Вашынгтону”.

(Сёмуха: ) “Найбольшая адметнасьць рэлігійнага жыцьця ў ЗША – гэта яго разнастайнасьць. Але, пры ўсёй разнастайнасьці, ёсьць і агульныя знамянальнікі – лібэральнасьць і практычнасьць вернікаў у адносінах да рэлігійнага жыцьця. Пра якую канфэсію ня йшла б гаворка, найперш амэрыканцы чакаюць ад цэркваў цырыманіяльнасьці і сацыяльнае прастасаванасьці, а ад сьвятароў – духовае падтрымкі і парады. Што да зьнешніх атрыбутаў сьвятарства, дык, на маю думку, у гэтым пытаньні амэрыканцы досыць талерантныя і чакаюць ад сьвятароў ня болей, як стрыманасьці. Гэта датычыць ежы, адзеньня, паводзінаў і ўсяго стылю жыцьця. У сэкулярызаваным грамадзтве раскоша, як і аскетызм сьвятароў – мала папулярныя. Сьвятар павінен быць такі самы, як усе людзі, толькі мацнейшы духова і сумленны.

Сьвятар – гэта звычайны чалавек, зь якім можна гаварыць на любыя тэмы, жыць па-суседзку, запрашаць на сямейныя абеды ці ў рэстарацыі і гэтак далей. Адначасова сьвятар – гэта лідэр грамады. Таму, калі парафіяне ўдзельнічаюць ў марафоне, сьвятар павінен бегчы зь імі. Калі ў кагосьці з парафіі ўзьнікае сямейная праблема – сьвятар мусіць дапамагчы. У той жа час, культура недатыкальнасьці прыватнага жыцьця і ўласных перакананьняў настолькі моцная сярод амэрыканцаў, што і рэлігійныя дзеячы і парафіяне мусяць паважаць межы прыватнага”.

(Бандарук: ) “Да сказанага Алесяй Сёмухай дадам, што апошнімі гадамі цэрквы на Захадзе перажылі хвалю сэксуальных скандалаў. Вялікім ударам для царквы ў Аўстрыі была справа Архіепіскапа Ганса Германа Гроэра. У 2000 годзе ў Францыі быў прысуджаны да 1,5 году турмы за згвалтаваньне 12 хлопцаў ксёндз Рэнэ Бісэт. У гадох 1980-1998 у Ірляндыі абвінавачана ў сэксуальным дамагальніцтве агулам 48 сьвятароў і манашак. Летась стала вядома, што ў якасьці кампэнсацыі царква выплаціць ахвярам 128 мільёнаў эўра.

У 1999 годзе ў ЗША зьявілася кніжка Дональда Козэнса “Зьменлівае аблічча сьвятарства”. Прафэсар тэалёгіі з Кліўленду ў штаце Агаё цьвердзіць, што амаль палова ксяндзоў і сэмінарыстаў у ЗША – гомасэксуалісты. Скаргі супраць сэксульных дамагальніцтваў супраць няпоўнагадовых набралі масавы характар і ахапілі 2000 чалавек. Кошт кампэнсацыяў, выплочваных ахвярам, перавысіў адзін мільярд даляраў.

З прычыны судовых пазоваў, гучных адставак і скандалаў амэрыканская каталіцкая царква перажывае найглыбейшы крызіс за ўсю сваю гісторыю. Ці ў выніку вернікі не пачалі больш прыглядацца сьвятарам, сачыць за іхнымі паводзінамі?”

(Сёмуха: ) “Вядома, леташнія сэксуальныя скандалы вакол каталіцкіх сьвятароў прывялі часткова да пэўнай сацыяльнай ізаляцыі каталіцкае царквы. Ня тое, каб да сьвятароў зараз прыглядаліся або сачылі, але крэдыт даверу да іх зьменшыўся. Паводле апытаньня грамадзкай думкі, праведзенага Інстытутам Гарыса, давер да рэлігійных інстытуцыяў рэзка ўпаў у параўнаньні зь некалькімі мінулымі дзесяцігодзьдзямі. Толькі 19% рэспандэнтаў адказалі, што абсалютна давяраюць сьвятаром. Астатнія зусім або часткова страцілі давер, але давер не да Бога, а да царквы як інстытуцыі. Як кажа вядомая амэрыканская прымаўка, “Богу мы верым, астатнім плацім”.

(Бандарук: ) “У адной з апошніх перадачаў мы згадвалі пра тое, што ў Грэцыі і Расеі епіскапат папракнуў духавенства ў празьмерна сьвецкім і спажывецкім ладзе жыцьця. Епіскапат сьцьвярджае, што сьвятару ня ўсё дазволенае, што з санам зьвязаныя канкрэтныя нормы паводзінаў, і загадвае духавенству прытрымлівацца царкоўных канонаў. Дарэчы, ад сьвятароў традыцыйна патрабавалася дзьвюх асноўных цнотаў: устрыманасьці і чысьціні. Гістарычна замацаваўся вышэйшы статус духавенства ў грамадзтве і ў сувязі з гэтым – вышэйшыя патрабаваньні. З прычыны таго, што сьвятары зьяўляюцца пераказчыкамі божай ласкі ў сьвятых сакрамэнтах, яны абавязаны вызначацца пабожным жыцьцём. Зьнешне статус духавенства падкрэсьліваўся адмысловай вопраткай і таксама прычоскай. Яшчэ да таго, як у канцы 16-га стагодзьдзя зьявілася сутана, сьвятарам нагадвалася, каб іхная вопратка была не занадта шыкоўная, не празьмерна яркая, адпаведнага колеру і даўжыні.

А што, паводле вернікаў, выпадае і што не выпадае сьваятару? Вось меркаваньне праваслаўнай верніцы Сьвятланы Сіняўскай”.

(Сіняўская: ) “Перш за ўсё сьвятар павінен усёй сваёю душою служыць Богу і людзям. На вясельлі і танцы, па мойму, яму не выпадае хадзіць. Бо гэта ўсё роўна, што кадзіць д’яблу. Але жыць у шыкоўным доме, прыгожа апранацца ў сваім прыватным жыцьці ён можа сабе дазволіць. Аднак вельмі важна, каб сваім сэрцам ён не прыліпаў да багацьця, каб яно заставалася адданым Богу. Нашы сьвятары падчас посту нават не глядзяць тэлевізар, не ядуць скаромнае, прытрымліваюцца царкоўных канонаў. Некаторае паслабленьне ў іхным выпадку дапускаецца. Кожны сам павінен ускладаць на сябе такі цяжар, які ён у стане панесьці. Зямным багацьцем можна карыстацца, але не ператвараць гэта ў культ”.

(Бандарук: ) “Такой думкі праваслаўная верніца Сьвятлана Сіняўская. А вось меркаваньне каталічкі Тэрэзы Лявонцевай”.

(Лявонцева: ) “У нас, у каталіцкай царкве, сьвятары захоўваюць целібат, ня жэняцца. Што тычыцца вопраткі, дык па мойму, сьвятар не павінен апранацца ні вычурна, ні модна, але й ня горш за астатніх людзей. Сапраўдны сьвятар не павінен езьдзіць на вельмі дарагіх машынах, тым болей, што ён утрымліваецца з ахвяраваньняў вернікаў. У кожнай парафіі шмат матэрыяльных патрэбаў. Трэба займацца пабудовамі, рэмонтамі, і ў першую чаргу на гэта павінны йсьці грошы. Сапраўдны сьвятар ня курыць, ня п’е, ня ходзіць на дыскатэкі. Усё сваё жыцьцё ён прысьвячае храму. Праўда, ён можа бываць на вясельлі або хрысьцінах, але ў такіх выпадках ягоная прысутнасьць хутчэй стрымлівае людзей. Сьвятар ня можа ўдзельнічаць у шумных мерапрыемствах, але ў такіх, дзе ўсё пабожна, бяз п’янак і разгулу. На такое сьвятар можа хадзіць, асабліва, калі ён ведае людзей, да якіх йдзе”.

(Бандарук: ) “Гаварыла каталіцкая верніца Тэрэза Лявонцева. Мы пацікавіліся, які, паводле вернікаў, павінен быць ўзорны сьвятар. На гэтае пытаньне верніца грэка-каталіцкай царквы Ганна Дрозд адказала наступнае:”

(Дрозд: ) “Я такім сьвятаром лічу а. Казіміра з нашай уніяцкай парафіі. Ён ходзіць пешкі, гэтак як і ўсе людзі. Ён ідзе ў народ, нясе Божае Слова. Айцец Казімір горача любіць сваю Радзіму, свой народ, сваю веру. Я яго вельмі паважаю. Сьвятар павінен быць менавіта такім, а не разьяжджацца на шыкоўных машынах ды таргаваць гарэлкай і цыгарэтамі”.

(Бандарук: ) “Грэка-каталічка зь Менску Ганна Дрозд выразна намякнула на той агульнавядомы факт, які выклікаў хвалю крытыкі на адрас Рускай Праваслаўнай Царквы. Менавіта РПЦ амаль афіцыйна займалася гэтым нецаркоўным промыслам. З другога боку, напэўна, нельга гэтага сказаць пра паасобных праваслаўных сьвятароў. Пра аднаго зь іх расказала праваслаўная верніца Надзея Стральцова”.

(Стральцова: ) “Праваслаўны сьвятар з пасёлка Сокалава, дзе я жыву, айцец Сяргей будуе царкву. Ён вельмі пабожны чалавек. Людзі йдуць за ім, давяраюць. Сам ён надзвычай сьціплы, ніколі вычурна не апранаецца, нават ня мае аўтамабіля. Ён увогуле ня лічыцца са сваім часам; увесь час адпраўляе багаслужбы, спавядае, хрысьціць, хавае. Можна сказаць, што ён увесь свой час прысьвячае толькі вернікам. Я нават аднойчы хацела паехаць да Мітрапаліта Філарэта і расказаць яму пра гэтага сьвятара”.

(Бандарук: ) “Такой высокай думкі пра свайго настаяцеля праваслаўная верніца Надзея Стральцова. Таксама вельмі цёпла пра свайго сьвятара расказаў малады каталік, навучэнец нядзельнай школкі пры менскім катэдральным касьцёле Андрэй Будай”.

(Будай: ) “Намі з 1-й па 3-ю клясу апекаваўся а. Аляксандар. Ён нам гаварыў пра рэлігію; зь ім я прыступаў да Першай Камуніі. Зь ім заўсёды было цікава. Мы выяжджалі на прыроду. Айцец Аляксандар удзельнічаў у нашых дзіцячых гульнях, начаваў у намёце. Ён заўсёды быў нашым сябрам. Я думаю, што айцец Аляксандар – найлепшы сьвятар”.

(Бандарук: ) “Тое, што ў сваёй пастырскай службе каталіцкія сьвятары вельмі шмат увагі прысьвячаюць моладзі, пацьвердзіла яшчэ адна каталічка – Станіслава Шаўцова”.

(Шаўцова: ) “Сьвятары – такія самыя людзі, як і мы ўсе. Зь мі можна параіцца, пагутарыць. Зразумела, яны абавязаныя прытрымлівацца нейкага парадку, у першую чаргу на службе. Але калі сьвятар выйдзе за дзьверы, дык хай паводзіць сябе як хоча. Аднак, на самой справе, нашы сьвятары і ня п’юць, і ня кураць, вядуць сябе прыстойна. Ксяндзоў вельмі любяць за іхнае адкрытае, дружалюбнае стаўленьне наша моладзь. Усё адбываецца, як мае быць”.

(Бандарук: ) “Такім чынам, патрабаваньні да сьвятароў з боку паасобных вернікаў розныя, але ў асноўным яны супадаюць. Ад сьвятароў, у якіх вышэйшы статус у грамадзтве, таксама і болей патрабуецца. Яны павінны сябе паводзіць прыстойна, у адпаведнасьці са сваім санам, даваць добры прыклад вернікам. Сьвятары мусяць улічваць гэтыя патрабаваньні. Аднак найперш яны павінны ўлічваць тое, што сказана ў Сьвятым Пісаньні. У лісьце да Рымлянаў Апостал Павал дакараў: “Як жа ты, навучаючы другіх, ня вучыш сябе самога? Кажучы ня красьці, крадзеш? Кажучы – не распусьнічай, распусьнічаеш? Грэбуючы ідаламі, рабуеш сьвятыні? Хвалішся законам, а пераступаючы закон, зьневажаеш Бога? Бо дзеля вас, як напісана, Імя божае ганьбуецца ў язычнікаў” (Рым. 2,21-24). Галоўнае ўказаньне наконт паводзінаў сьвятароў даў сам Ісус Хрыстос. “Так няхай сьвеціць сьвятло вашае перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах” (Мацьв. 5,16).
XS
SM
MD
LG