Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клянаваньне і вера


Кастусь Бандарук, Прага

Інфармацыя пра першыя выпадкі клянаваньня людзей аднавіла бурныя спрэчкі і рознагалосьсі. Ці гэтае дасягненьне навукі – сапраўды надзея для чалавецтва, магчымасьць падоўжаньня жыцьця, ці, можа, наадварот – небясьпечны, безадказны і недапушчальны экспэрымэнт? У перадачы ўдзельнічаюць: генэтык з Акадэміі Навук Беларусі Іван Гардзей, а таксама сьвятыры а. Ігар Лашук і а. Георгі Латушка.

(Бандарук: ) “На парозе новага, 2003 году, увага міжнароднай супольнасьці зноў зьвярнулася да тэмы клянаваньня. Нагадаю, што з мэдычнага пункту погляду клянаваньне палягае ў перасадцы ядраў клетак. Ядро донарскай клеткі ўжыўляецца ў яйкаклетку, якая складаецца з таго ж генэтычнага матэрыялу. У выніку нараджаецца істота, генэтэчна ідэнтычная донару ядра клеткі.

Клянаваньне мае сваю паругадовую гісторыю. У 1996 годзе ў Велікабрытаніі нарадзілася першая ў сьвеце склянаваная авечка Долі. У сакавіку 2001 году фірма Clonaid, якая належыць таямнічай сэкце “раэльянаў”, паведаміла, што прыступае да клянаваньня чалавека. Два месяцы пазьней за клянаваньне людзей узяліся лекары Панаётыс Завос, былы супрацоўнік Унівэрсытэту Кентакі, і італьянскі лекар Сэвэрына Антыноры. У ліпені летась прадстаўнік паўдзённакарэйскай філіі Clonaid паведаміў, што ўжо тры месяцы маладая карэйка носіць у сваім улоньні склянаванае дзіцё.

І вось 26 сьнежня і затым 5 студзеня прадстаўнікі сэкты раэльянаў Брыжыт Буасэлье і Барт Авэрвліе паведамілі пра нараджэньне дзьвюх склянаваных дзяўчынак.

Хаця навуковы сьвет паставіўся да гэтай інфармацыі скептычна, аднак сама магчымасьць клянаваньня чалавека выклікала навуковыя і маральныя засьцярогі. Вось таму з просьбай патлумачыць пазыцыю навуковых колаў я зьвярнуўся да супрацоўніка Інстытуту генэтыкі і цыталёгіі Акадэміі Навук Беларусі праф. Івана Гардзея.

(Гардзей: ) “Я да гэтай зьявы, да навуковага адкрыцьця, стаўлюся станоўча, у тым сэнсе, што клянаваньне хатніх жывёлаў можа мець вялікае значэньне. Мы зможам атрымаць паводле зададзенай праграмы тых жывёлаў, якія цікавяць чалавека. Што тычыцца клянаваньня людзей, то пакуль гэтае пытаньне з навуковага пункту погляду ня цалкам вырашанае. Калі будзе адпаведная тэхналёгія, мы можам склянаваць чалавека, але мя няўпэўненыя ў наступствах гэтага. Бо пры клянаваньні бярэцца ядро саматычнай тканкі, а гэта, як правіла, генэтычны матэрыял, якія мае вялікую колькасьць адхіленьняў ад нормы. Пры клянаваньні мы можам унесьці цэлы шэраг генэтычных зьменаў у чалавечы арганізм. Таму я лічу, што яшчэ недастаткова распрацаваная тэхналёгія клянаваньня людзей”.

(Бандарук: ) “Дарэчы, таксама намесьнік дырэктара Інстытуту малекулярнай генэтыкі Расейскай Акадэміі Навук Вячаслаў Тарантул кажа, што “мы нават ня ведаем чалавечы геном. У найлепшым выпадку ведаем 1% пасьлядоўнасьцяў, напрыклад, прычыны хваробаў, але не разумеем, навошта прысутнічаюць у генэтычным апараце чалавека. Навукоўцы зьвяртаюць увагу на факт, што для стварэньня авечкі Долі давялося зрабіць 300 перасадак – усе астатнія клёны гінулі, або нараджаліся з рознымі адхіленьнямі. У Долі зьявіліся хваробы, нетыповыя для авечак, а таксама прыкметы раньняга старэньня. Ва ўсіх клянаваных жывёлаў выявіліся розныя анамаліі. Група амэрыканскіх вучоных на чале з Тэругіка Вакаямай выявіла, што ў чарговых пакаленьнях мышы ўсё цяжэй паддаюцца клянаваньню. У шостым пакаленьні нарадзілася толькі адна мыш, якая адразу была зьедзеная сваёй маці. Адсюль навукоўцы мяркуюць, што ў выпадку людзей існуе небясьпека сурьёзных дэфэктаў, розных хваробаў і заўчаснага старэньня. Некаторых палохае пэрспэктыва мэтанакіраванага размнажэньня, напрыклад, дзеля ваенных мэтаў, самых ваяўнічых, мужных і бязьлітасных салдатаў, або скапіяваньня некага накшталт Гітлера. Ці ў навукоўца клянаваньне не выклікае супраціву таксама з гледзішча гуманізму і этыкі?”

(Гардзей: ) “Так, і нават з пункту погляду генэтыкі, навукі. Мы ж ведаем, што шматлікія прыкметы чалавека, ягоная этыка, эстэтыка, таксама ў значнай ступені дэтэрмінаваныя прыродна, спадчынна, як кажуць – ад Бога. І калі мы склянуем чалавека, які валодае тымі ці іншымі заганамі, а многія зь іх перадаюцца ў спадчыну, тады мы сапраўды будзем размнажаць вось гэтыя чалавечыя недастаткі. Таму я сказаў бы так: нават з гэтага пункту погляду праблема яшчэ да канца не вырашаная”.

(Бандарук: ) “Дарэчы, падобныя сумненьні знайшлі адлюстраваньне і ў пазыцыі многіх лідэраў і ўрадаў. “Рашуча асуджаю ўсе дасьледаваньні, якіх мэтай ёсьць клянаваньне чалавека ў рэпрадукцыйных мэтах. Такія дасьледаваньні злачынныя і парушаюць чалавечую годнасьць”, – заявіў прэзыдэнт Францыі Жак Шырак. Паводле Белага Дому, прэзыдэнт ЗША хоча, каб Кангрэс ухваліў поўную забарону экспэрымэнтаў з клянаваньнем.

Аднак іншай думкі прытрымліваецца Раэль – сапраўднае прозьвішча Клод Варыльён – былы спартовы камэнтатар, заснавальнік і прарок сэкты раэльянаў. Ён называе сябе сынам Ягвэ, братам Ісуса, а таксама апошнім прарокам, накштал Хрыста, або Магамэта. Раэль цьвердзіць, што ў 1973 ён сустрэўся з пасланьнікам зь іншай плянэты. Той нібыта сказаў яму наступнае: “Мы былі тымі, хто стварыў усё жыцьцё на Зямлі; вы лічылі нас багамі, апісваючы ва ўсіх рэлігіях, але зараз вы дасьпелі, каб усё зразумець, і мы хочам увайсьці з вамі ў афіцыйны кантакт праз пасольства”.

Раэльяне налічваюць 55 тысячаў прыхільнікаў у 84 краінах. Яны пасьлядоўна цьвердзяць, што жыцьцё на Зямлі пачалося 25 тысячаў гадоў таму ў выніку клянаваньня, і хочуць працягваць капіяваньне найлепшых прадстаўнікоў чалавецтва. Дзякуючы клянаваньню раэльяне хочуць запэўніць будучым пакаленьням жыцьцё вечнае. “Мы зацікаўленыя ў тым, каб усім даць магчымасьць стварыць свае дакладныя копіі”. На думку Раэля, зараз клянаваньне праводзіцца вельмі марудна і патрабуе, як і звычайна, 9 месяцаў выношваньня і затым 18 гадоў узгадаваньня дзіцяці. Варыльён лічыць, што ў недалёкай будучыні ўдасца паскорыць гэты працэс, і мэтадам генэтычнага капіяваньня паўнавартасны чалавечы арганізм можна будзе стварыць на працягу лічаных гадзінаў.

Намесьнік дырэктара Clonaid Томас Кэнцыг кажа: “Нас не хвалюе рэакцыя грамадзкай думкі і ўрадаў розных краінаў. Калі я гавару пра клянаваньне, некаторым падаецца, што мы ствараем нейкія пачвары. На самой справе мы даем жыцьцё такім жа дзецям, як іншыя дзеці. Тэхніка клянаваньня прызначаная для бязьдзетных сем’яў, для гомасэксуалістаў, для хворых на СНІД. Паводле Кэнцыга, праз клянаваньне можна стварыць копію, напрыклад, памерлага дзіцяці. Праз некаторы час мы зможам запэўніць людзям вечнае жыцьцё, будзем жыць ў іншых целах, пераносячы ў іх свой характар, памяць і вопыт. Гэтая тэхналёгія дае людзям вялікую надзею, многія людзі з усяго сьвету навязваюць з намі лучнасьць і хочуць паддацца клянаваньню. Колькасьць тых, хто за 200 тысячаў даляраў хацеў бы мець склянаванае дзіцё, ужо пераваліла за 2 тысячы”.

Такая пазыцыя лідэраў сэкты раэльянаў. А як ставіцца да клянаваньня Царква? Найперш думка каталіцкага сьвятара, настаяцеля менскай катэдры а. Ігара Лашука”.

(Лашук: ) “Ёсьць адзіны спосаб, да якога каталіцкі касьцёл ставіцца прыхільна – гэта натуральны спосаб нараджэньня чалавека. Умяшаньне чалавека ў прыроду, у пляны Творцы, каталіцкі касьцёл рэзка асуджае. Жыцьцё чалавеку дае Бог, і толькі Ён ім валодае. Усялякія працы і генэтычныя дасьледаваньні над эмбрыёнамі, як бы гэта не называлі – гэта заўсёды дасьледаваньні над чалавекам, які мае душу і які ўжо мае цела, хаця яно і ў пачатковай форме. Мы верым, што чалавек атрымлівае душу ў момант зачацьця. І калі праводзяцца нейкія экспэрымэнты над апладнёнай яйкаклеткай, дзе ўжо зарадзілася чалавечае жыцьцё, дык гэта супярэчыць Божаму запавету. Нельга праводзіць экспэрымэнты і дасьледаваньні над чалавекам”.

(Бандарук: ) “Такая і афіцыйная пазыцыя Рыма-каталіцкай Царквы. Прадстаўнік Ватыкану Джаакін Навара-Вальс сказаў, што “экспэрымэнт з клянаваньнем сьведчыць аб чалавечым зьверстве, пазбаўленым усялякіх этычных і гуманных тармазоў”. На думку біскупа Эліё Сгрэчы, “клянаваньне чалавека – гэта атамная бомба ў біялёгіі. Яно павінна быць прызнанае злачынствам супраць чалавечнасьці, паколькі яно азначае нявольніцтва, ператварэньне чалавечага суб’екту ў прадмет”.

А вось што сказаў наконт клянаваньня праваслаўны сьвятар, настаяцель Сабору Пятра і Паўла ў Менску а. Георгі Латушка:

(Латушка: ) “Праваслаўная Царква папярэджвае, што з гэтага нічога добрага ня будзе. Яна займае такую пазыцыю, што гэта вельмі адказная справа і пакуль што дакладна не дасьледаваная, за яе нельга брацца. Тэарэтычна, чалавек можа ўсё. Ён жа надзелены ад Бога творчымі здольнасьцямі. Ён таксама Творца. Чалавек многае можа зрабіць, але калі ён прыступае да гэтага ў стане грахоўнага настрою, накірунку сваёй дзейнасьці, сэрца і волі, то нічога добрага з гэтага не атрымаецца. Накшталт таго, зь якімі пыхлівымі пачуцьцямі людзі прыступалі да пабудовы бабілёнскай вежы. Чалавек ня можа парушаць боскую сфэру, у яго няма такой магчымасьці. І калі ён усё ж спрабуе пранікнуць у гэтую сфэру, дык ён зробіць нешта падобнае, але яно будзе пачварнае і несапраўднае. Гэтыя справы вельмі небясьпечныя”.

(Бандарук: ) “Гаварыў праваслаўны сьвятар зь Менску а. Георгі Латушка. Тэолягі і этыкі наагул лічаць, што клянаваньне ёсьць блюзьнерчым уварваньнем ў сфэру сакрум. Яно не гарантуе вечнасьці і ў ніякім разе не дазваляе падоўжыць жыцьцё да бясконцасьці. Яны зьвяртаюць увагу на тое, што кожны чалавек мае непаўторную душу, што Бог яму дае індывідуальную душу. Можна скапіяваць цела, але немагчыма перанесьці куды заўгодна чалавечую сьвядомасьць, памяць, розум і пачуцьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG