Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дабро, зло і справядлівасьць у Бібліі


Сяргей Абламейка, Прага

Ужо амаль дзьве тысячы гадоў Біблія зьяўляецца адным з найбольш значных духоўных арыентыраў чалавецтва. Яна фармуе сьветапогляд і культуру мільёнаў людзей. У Бібліі расказваецца пра гісторыю аб’яўленьня Бога, і гэты аповед закранае найбольш сутнасныя і ўнівэрсальныя бакі чалавечага жыцьця. Адначасова Біблія зьяўляецца зборам вельмі складаных і, часам, вельмі супярэчлівых тэкстаў, якія адбіваюць шлях духоўнага росту старажытнага Ізраілю. Вельмі важна, што ў Біблейскім шляху старажытнага Ізраілю можна пазнаць духоўныя пошукі сучаснага чалавека.

Тэксты Бібліі даволі складаныя для разуменьня сёньня. Таму заўсёды існавала патрэба ў тлумачэньні іх багасловамі. Напрыклад, як разумець карціны жорсткага, часам, крывавага перасьледу і расправы са сваімі ворагамі героямі Старога Запавету на тле заклікаў рабіць ворагам дабро ў Новым Запавеце? Таму сёньняшні Сымбаль Веры мы вырашылі прысьвяціць этычнаму вучэнью Бібліі, або, інакш кажучы, двум розным поглядам на дабро, зло і справядлівасьць, якія закладзеныя ў Старым і Новым Запаветах. І дапаможа нам у гэтым беларускі грэка-каталіцкі багаслоў, лінцэнзіят біблейнай тэалёгіі Караліна Мацкевіч, якая жыве ў Вялікай Брытаніі. Напачатку я пытаю ў Караліны Мацкевіч пра разуменьне дабра ў Старым Запавеце.

(Мацкевіч: ) “Я хачу спыніцца на этычным вучэньні Бібліі. Дакладней, на двух розных поглядах на дабро, зло й справядлівасьць, што закладзеныя ў тэкстах Старога й Новага Запаветаў.

Юдаізм і Хрысьціянства – абедзьве рэлігійныя традыцыі, што часткова або цалкам вызнаюць Біблію за Сьвятое Пісьмо, – гэта этычныя рэлігіі, якія высноўваюць з гісторыі аб'яўленьня правіла жыцьця, маральны ўзор. Так, дзесяць прыказаньняў, атрыманых Майсеем на гары Сынай, робяцца вышэйшым Законам для народа Ізраілю. Праз спаўненьне гэтага Закону ізраільцяне прыракаюць сваю вернасьць адзінаму Богу – свайму Творцы і Збаўцы. Этыка тут наскрозь рэлігійная: паняцьці дабра, зла, віны, справядлівасьці ня маюць значэньня самі па сабе, па-за адносінамі з Богам. Дабро ў Старым Запавеце – гэта мэтафара еднасьці чалавека з Богам; зло – сьвядомы адыход ад Бога. Адпаведна й найбольшае зло, найгоршы грэх для Божага народу – гэта “залатое цяля”, язычніцтва, здрада Сынайскаму запавету.
Гэтая жорсткая сувязь: дабро – гэта жыцьцё з Богам, гэта выкананьне Божых запаветаў, вядзе да выразнага падзелу паміж грэшнікамі й праведнікамі, да так званага этычнага дуалізму. Слова "грэшнік" пачынае азначаць "вораг", і наадварот, ворагі Ізраіля – усе успрымаюцца як злачынцы. Як, напрыклад, гаворыць Псальм 25:

Узьненавідзеў я збор злачынцаў
І ня сяду разам з ліхімі...
Я ж (,Госпадзе,) жыву ў беззаганнасьці;
Выбаві мяне і збаў мяне. (5,11)”

(Абламейка: ) “Караліна, а як ў Старым Запавеце гаворыцца пра справядлівасьць? Тут таксама два падыходы, або існуе аднастайнасьць?”

(Мацкевіч: ) “Гэткае ж дуалістычнае ў Старым Запавеце й паняцьце Божае справядлівасьці. Бог у большасьці тэкстаў гэтаксама дзеліць людзей на праведнікаў ды грэшнікаў і належна адплочвае тым і другім. Псальм 10 гаворыць:

Ён (Госпад) нашле на ліхіх
дождж з гарачых вугольляў, вагню й серы;
І палячы вецер будзе іхняй доляю.
Бо Госпад – справядлівы; Ён любіць праўду
Твар Ягоны зьвернуты да праведніка. (Пс 10:6-7)

Справядлівы Бог тут – гэта найперш Бог, які карае зло. З кнігаў прарокаў Бог паўстае помсьлівым і раўнівым. Ягонае прыйсьце будзе Днём гневу, і Ягоны суд – страшны. У Пяцікніжжы Ён затапляе ўсю зямлю ў адказ на людзкія злачынствы, палівае Садом і Гамору дажджом з вагню й серы, насылае пошасьці на егіпцянаў і забівае іхных першанароджаных, топіць войска Фараона і г.д. Падобным чынам сябе паводзяць і шмат якія Божыя абраньнікі. Напрыклад, Давід, у чые рукі Бог аддае войскі ворагаў, забівае дзесяткі тысячаў, ні пакідаючы ні мужчыны, ні жанчыны (1 Цар 27:9-11; 29:5); а Божы прарок Ільля заколвае 450 (!) прарокаў Баала (3 Цар 18:40)”.

(Абламейка: ) “Сапраўды, Караліна, якраз пра гэта я хацеў сёньня пагаварыць. Як сучаснае багаслоўе тлумачыць гэтыя крывавыя карціны са Старога Запавету? Бо сёньня шмат якія старазапаветныя тэксты непадрыхтаваным людзям цяжка ўспрымаць як духоўны і маральны ўзор з-за іх жорсткасьці і гвалту. Які сэнс зь іх мае выносіць вернік сёньня?”

(Мацкевіч: ) “Так, цяжка зразумець, пра якую праведнасьць ідзе гаворка, напрыклад, у радкох:

Праведнік усьцешыцца, калі ўбачыць пакараньне;
Ногі свае ён абмые ў крыві злачынца (Пс 57:10).

Безумоўна, чытаючы такія тэксты сёньня, трэба разумець, дзе і калі яны ствараліся. Іхныя лексыка й сымбалізм належаць патрыярхальнаму грамадзтву, якое існавала ў атачэньні варожых дзяржаваў, і чыя гісторыя была поўная жорсткасьці і гвалту. Тут трэба абстрагоўвацца ад жорсткасьці канкрэтных мэтафараў, каб прасачыць ідэю, якую яны выражаюць. Ідэю ж у гэтым выпадку падсумоўваюць радкі з кнігі Прыповесьцяў: "Грэшнікаў перасьледуе зло, а праведным адплочваецца дабром" (13:21).

Гэтая формула вельмі падобная да закону таліёну, што патрабуе аддаць "вока за вока, і зуб за зуб." Тут усё вымерана і прапарцыйна, і Бог тут – ня толькі аснова, але й удзельнік гэтых унармаваных адносінаў, адна зь дзеючых асобаў, хай сабе й самая магутная. Раўнівы Бог Старога Запавету – гэта вобраз Бога, створаны на чалавечы ўзор, паняцьце пра Божую справядлівасьць, як пра чалавечую адплату "паводле заслугаў".

Нельга, аднак, сказаць, што гэтая мадэль – адзіная ў Старым Запавеце. У гэтым сэнсе вельмі істотная кніга Ёва, у якой ставіцца пытаньне: "Ці справядлівы Бог, які дазваляе пакутаваць праведніку?" Гэтае пытаньне Ёва пра несправядлівасьць, што беспакарана чыніцца ў сьвеце, можа задаць любы з нас. У Бібліі ж Бог сам адказвае на яго, і адказ – гэта сьцьверджаньне Ягонае неспасьцігальнае велічы й ўсемагутнасьці. Кніга Ёва сьведчыць пра Бога – Творцу й Крыніцу жыцьця – Які не зьмяшчаецца ў вобразе справядлівага судзьдзі, і чый провід адкрываецца толькі тым, хто здольны верыць без умоваў”.

(Абламейка: ) “Ну і тут, Караліна, мы хіба падыходзім да Новага Запавету. Чым адрозьніваецца ў гэтым сэнсе этычнае разуменьне дабра, зла і справядлівасьці ў Новым Запавеце?”

(Мацкевіч: ) “ Ісусава вучэньне прыносіць новае, цалкам іншае разуменьне справядлівасьці. Ісус гаворыць, што прыйшоў не адмяніць гэбрайскі Закон – Ён прыйшоў яго споўніць. Але спаўняе Ён Закон, яго пераўзыходзячы, спаўняе, пера-паўняючы. Бо вяршыняю старазапаветнае этыкі было прыказаньне з Лявітаў 19: "любіць бліжняга свайго як самога сябе." Ісус жа гаворыць пра гэта ўсяго толькі як пра мінімум. Паводле яго, любіць бліжняга, "любіць тых, хто вас любіць" – гэта адплата дабром за дабро, нешта накшталт рынкавага абмену. Ці ж у гэтым праведнасьць?

Наўзамен, Ісус прапаноўвае парадаксальную формулу: "любіце ворагаў вашых, чыніце дабро тым, што ненавідзяць вас, бласлаўляйце тых, хто праклінае вас, і маліцеся за тых, што перасьледуюць вас" (Лк 6:27-28). Гэтая формула абвяргае усе звыклыя паняцьці пра “заслужаную” справядлівасьць. Гэта – запрашэньне стаць "сынамі Айца", далучыцца да Божае дасканаласьці ("Будзьце ж дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш нябёсны" (Мц 5:48). Заўважце – дасканалымі, а не справядлівымі, праведнымі або добрымі. Бо "ніхто не добры, апроч аднаго Бога" (Мк 10:18). Дабро ў гэтым сэнсе, як выключная ўласьцівасьць Бога, ня мае сабе процілегласьці ў зьле – гэта абсалютная й усеабдымная любоў, гэта дар ласкі, скіраваны на ўсіх і на ўсё, на сяброў і ворагаў, на дабро й зло. Бо "Айцец ваш ў небе …дае сонцу свайму ўзыходзіць над ліхімі й добрымі і пасылае дождж на правых і няправых" (Мц 5:45).

І ў гэтым Ісусава вучэньне пераўзыходзіць ня толькі этычны дуалізм. Згадайце Ягоныя словы: "апошнія будуць першымі, а першыя – апошнімі" (Мц 20:16), або "хто з вас хацеў бы быць большым, няхай будзе вашым слугою" (Мц 20:26). Ісус пераўзыходзіць тут усялякі ацэнкавы падзел, скіроўваючы чалавека да усьведамленьня еднасьці ўсіх і ўсяго ў Богу ("каб усе былі адно," Ян 17:21).

Таму што усе – адно, справядлівасьць у Ісуса больш не вымярае і не адплочвае – яна прабачае й адорвае. Бог не карае за грахі – Ён іх адпускае. Ісусавы прыповесьці пра блуднага сына (Лк 15:11-32) ды пра работнікаў у вінаградніку (Мц 20:1-16) гавораць якраз пра гэта. Божая справядлівасьць – гэта справядлівасьць любові, што ня ведае ані меры ані межаў і якая адна для усіх. Як той адзін дынар, што атрымліваюць усе работнікі за розную працу”.

(Абламейка: ) “А вось калі гаварыць пра 10 прыказаньняў. Хрыстос у Новым Запавеце практычна паўтарае славутыя 10 сінайскіх прыказаньняў, атрыманыя Маісеем ад Бога-айца на Сінайскай гары. Як справа з гэтым, ці разуменьне 10 прыказаньняў у Старым і Новым запаветах адрозьніваецца?

(Мацкевіч: ) “ Памятаеце гісторыю з Эвангельля ад Марка, дзе багаты чалавек пытаецца ў Ісуса, як дасягнуць вечнага жыцьця. Першая Ісусава парада таму была выконваць дзесяць прыказаньняў. Яны – неабходнае кіраўніцтва для тых, хто хоча споўніць мінімум. Ісусавы ж суразмоўца, з дзяцінства выконваючы Закон, хоча йсьці далей. Але пасьля выкананьня Закону – агульнага для усіх – застаецца толькі асабісты, адзінкавы выбар кожнага, выбар, у якім чалавек вызначае, хто ён ёсьць. Прадай сваё багацьце, пазбудзься другаснага, таго, што ня ёсьць ты, гаворыць Ісус. Зразумей, хто ты, і прыходзь, ідзі за мной.

У прыповесьці пра каралеўскае вясельле (Мц 22:10), каралеўскія слугі зьбіраюць на банкет усіх, каго напаткалі: і добрых, і ліхіх. Бо Валадарства Божае адкрытае для усіх. Бо дождж з серы й гарачых вугольляў – гэта ўсяго толькі плод чалавечага ўяўленьня, кіраванага страхам, а не любоўю. І на пытаньне, што трэба зрабіць, каб увайсьці ў Валадарства, Ісус адказвае проста: "Уваходзь!" Апошняе рашэньне –заўсёды нашае”.
XS
SM
MD
LG