Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва беларускай Грэка-Каталіцкай царквы спадзяецца на пасьпяховую працу ва ўмовах новага Закону аб свабодзе веравызнаньняў


Сяргей Абламейка, Менск

Як вядома, у часе абмеркаваньня і прыняцьця новай рэдакцыі Закону “Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыях” беларуская Грэка-Каталіцкая царква выступіла са стрыманай крытыкай новага закону. Гэтым яна прыцягнула ўвагу назіральнікаў, паколькі Каталіцкая царква лацінскага абраду ў Беларусі практычна падтрымала новы закон. У прэамбуле новага закону падкрэсьліваецца ня толькі вядучая роля ў Беларусі Праваслаўнай царквы, але падкрэсьліваецца і важная роля Каталіцкай царквы. Прычым Каталіцкая царква ў законе згадваецца без падзелу на абрады, што азначае ўключэньне ў лік традыцыйных у Беларусі і Грэка-Каталіцкай царквы.

Удзельнікі: Апостальскі візытатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, пробашч парафіі Сьвятога Язэпа ў Менску айцец Андрэй Абламейка і пробашч парафіі Хрыста Збаўцы ў Віцебску айцец Зьміцер Грышан.

(Абламейка: ) “Першае пытаньне да Апостальскага візытатара для грэка-католікаў у Беларусі айца Сяргея Гаека. Айцец Сяргей, які сучасны стан Грэка-Каталіцкай царквы ў Беларусі і якія асноўныя накірункі яе дзейнасьці?”

(Гаек: ) “Першага верасьня мы пачалі новы царкоўны год, практычна кожнгы царкоўны год вызначае формы працы. Перш за ўсё, мы жывем у тых умовах, у якіх жывем і якія далёкія ад тых умоваў, якія мы чакаем. Але мы хочам весьці нашую душпастырскую працу на розных узроўнях. Перш за ўсё гэта літургічнае жыцьцё, далей нашыя прыярытэты – гэта праца з моладзьдзю і праца з сем’ямі”.

(Абламейка: ) “Айцец Сяргей Гаек сказаў пра працу з моладзьдзю... Калі прыйсьці на службу ў нейкай з грэка-каталіцкіх парафіяў, дык кідаецца ў вочы, што 70 адсоткаў вернікаў, што стаіць на службах, гэта моладзь. Айцец Зьміцер Грышан, як у Вашай царкве працуюць з моладзьдзю?”

(Грышан: ) “Вядома ж, нашая царква маладая, і таму моладзі, як і інтэлігенцыі, у нас шмат на набажэнствах. Гэта азначае, што гэта наш прыярытэтны накірунак, і моладзі мы прысьвячаем вельмі шмат увагі. Гэта і спэцыяльныя канфэрэнцыі, якія ладзяцца для лідэраў, гэта і штогадовая традыцыйная пілігрымка зь Віцебску ў Палацак, прысьвечаная полацкім мучанікам, гэта і шматлікія выезды на розныя сустрэчы, як сёлета, напрыклад, быў выезд у Вадовіцы (Польшча), дзе была заарганізаваная сустрэча моладзі Ўсходняй Эўропы, а таксама пэрыядычныя рэкалекцыйныя сустрэчы для лідэраў. Сёлета такая сустрэча была на Ўкраіне ва Ўніўскім манастыры айцоў студытаў. Вось падчас сьвяткаваньня дня Сьвятога Язафата таксама адбудзецца такая сустрэча”.

(Абламейка: ) “Каталіцкая царква і Грэка-Каталіцкая царква як частка Каталіцкай царквы вядомая сваёй актыўнай пазыцыяй інтэлігенцыі і сьвецкіх асобаў наагул. Існуе навуат паняцьце “сьвецкага апасталяту”. У гэтай сувязі пытаньне да айца Андрэя Абламейкі. Вы зьяўляецеся духаўніком клюбу грэка-каталіцкай інтэлігенцыі, а таксама шмат працуеуе з сем’ямі. Калі ласка. Больш падрабязна, што адбываецца ў гэтым накірунку ў Грэка-Каталіцкай царкве сёньня?”

(а. А. Абламейка: ) “Зразумела, што царква скаладаецца ня толькі з моладзі – як вы сказалі 70 працэнтаў стаіць у нас моладзі – ёсьць таксама і старэйшыя людзі. І старэйшыя людзі, вядома, таксама вартыя ўвагі сьвятароў. Таму ў Каталіцкай царкве і існуюць такія накірункі працы “сьвецкага апасталяту”, як, напрыклад, клюбы інтэлігенцыі. У чацьвер 17 кастрычніка ў нас адбылося паседжаньне такога клюбу Сьвятога Кірылы Тураўскага. На ім айцец Зьміцер Грышан выступіў з дакладам “Значэньне пантыфікату Яна Паўла ІІ для ўсходне-каталіцкіх цэркваў”. Таксама мы шмат працуем і з сем’ямі. Пры кожнай з нашых парафіяў ёсьць такія сямейныя колы, дзе сем’і сустракаюцца раз на месяц, дзеляцца вопытам веры, вопытам сужэнскага жыцьця і вопытам бацькоўства, разам моляцца. Таксама адбываюцца зімовыя і летнія сэсіі. Летнія троху большыя, мы зьбіраемся на тыдзень, шмат разважаем, молімся, праводзім час у сем’ях. Гэта вельмі важныя наікрункі парцы апасталяту нашай царквы”.

(Абламейка: ) “Яшчэ адно пытаньне – праца з дзецьмі. Наколькі я ведаю, бо чуў і чытаў у грэка-каталіцкай газэце “Царква” пра беларускіх уніяцкіх скаўтаў. Хто курыруе гэтую справу і як яна ідзе?”

(а.А.Абламейка: ) “Сапраўды, у нашай царкве існуюць групы скаўтаў. Нашыя скаўты-хлопцы і дзяўчаты, якіх мы называем гайды, уваходзяць у Фэдэрацыю скаўтаў Эўропы. Магу сказаць. што ў Менску існуе дружына хлопцаў імя Пратулінскіх мучанікаў і дружына дзяўчатаў імя Сьвятой Вялікамучаніцы Барбары. Летам адбываюцца інфармацыйныя летнікі скаўтаў. Скаўты таксама ўдзельнічаюць у пілігрымках і ў фармацыйных выездах за мяжу ў Італію, Францыю і Польшчу. Зараз мы вельмі актыўна рыхтуемся да Эўраджэму – гэта зьезд усіх скаўтаў Эўропы, які адбудзецца летам 2003 году ў Польшчы. Такія зьезды адбываюцца раз на пяць гадоў”.

(Абламейка: ) “Агульнавядома, што 2002 год стаўся ў пэўнай меры пераломным годам для цэркваў Беларусі. Сёлета Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу, а таксама Савет Рэспублікі прынялі новую рэдакцыю Закону “Аб свабодзе веравызнаньняў і рэлігійных арганізацыях”. Розныя цэрквы Беларусі паставіліся да яго па-рознаму. Беларуская Грэка-Каталіцкая царква была ў ліку крытыкаў гэтага закону. У гэтай сувязі пытаньне да кіраўніка БГКЦ архімандрыта Сяргея Гаека. Айцец Сяргей, дык якая пазыцыя царквы да новага закону?”

(Гаек: ) “У межах абмеркаваньня гэтага закону ў грамадзтве вернікі нашых парафіяў выказалі свае заўвагі. Зараз закон прыняты. Ён далёкі ад нашых спадзяваньняў, але мы чакаем, як ён будзе прымяняцца. Мы лічым, што ў новых, магчыма, скаладаных умовах мы знойдзем форму працягу нашай працы. Так што мы тут не знаходзімся ў адчаі”.

(Абламейка: ) “І апошняе пытаньне ў сувязі з адміністрацыйнай структурай, якая сёньня існуе ў Беларусі. Царква мае прыблізна два дзясяткі парафіяў, яны ахопліваюць усю тэрыторыю Беларусі, а аб’яднаныя ўсяго толькі ў дэканат. Ці можна чакаць разьвіцьця адміністрацыйнай структуры Беларускай Грэка-Каталіцкай царквы, напрыклад, стварэньня япархіі ці экзархату? Айцец Зьміцер Грышан?”

(Грышан: ) “Нашая царква, вядома, зьяўляецца традыцыйнай і таму для нас мае вялікае значэньне і літургічнае жыцьцё – мы належым да ўсходняй, бізантыйскай традыцыі; і вельмі важным момантам нашага жыцьця ёсцьь паўната гіерархічная. Цяперашні момант якраз пераломны, пасьля яго тое, што мы напрацавалі, павінна і можа разьвівацца нармальна і гарманічна тады, калі атрымае лягічнае завяршэньне. І мы ўсе молімся і чакаем, што Госпад пачуе нашыя малітвы, і нарэшце мы будзем мець япархію або экзархат – адным словам адміністрацыю, якая б нам дазволіла нармальна разьвівацца ў межах царквы, як мы гэта традыцыйна разумеем. Гэта вельмі важны момант – царква ня можа разьвівацца без гіерархічнай арганізацыі, калі яна хоча разьвівацца”.

(Абламейка: ) “Значыць, вы нечага чакаеце?”

(Грышан: ) “Менавіта, мы чакаем гэтага”.
XS
SM
MD
LG