Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раскол у Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царкве паглыбляецца


Сяргей Абламейка, Прага

6 ліпеня сёлета ў нашым эфіры прагучаў выпуск “Сымбаля веры”, прысьвечаны новаму расколу ў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царкве. Гаворка ў ім ішла пра тое, што за пяць дзён да сьмерці мітрапаліт Мікалай Мацукевіч адлучыў епіскапа Аляксандра Салагуба ад царквы за самавольнае прысваеньне ўлады. У той перадачы доктар Янка Запруднік тлумачыў, чаму такое рашэньне было прынятае, а епіскап Аляксандар Салагуб заяўляў, што адлучыць епіскапа ад царквы паводле праваслаўных канонаў можа толькі сабор епіскапаў, які ў БАПЦ складаўся на той момант з трох епіскапаў, і адзін мітрапаліт прыняць такое рашэньне ня меў права. Мы, са свайго боку, абяцалі інфармаваць слухачоў аб разгортваньні сытуацыі.

2 жніўня, як вядома, беларускія ўлады разбурылі царкву, якую будаваў айцец Ян Спасюк у паселішчы Пагранічны пад Горадняй. Ян Спасюк знаходзіцца зараз у юрысдыкцыі епіскапа Аляксандра Салагуба. У палове жніўня епіскап Салагуб даслаў на Беларускую службу Радыё Свабода электроннае паведамленьне аб тым, што 10 жніўня цяжка хворы мітрапаліт Ізяслаў Бруцкі, а таксама ён (епіскап Салагуб) і епіскап Ёван падпісалі пагадненьне аб аднаўленьні малітоўна-кананічнага адзінства паміж імі. Пад канец жніўня рэдакцыя атрымала ліст ад кансысторыі БАПЦ за подпісам ужо мітрапаліта Ізяслава Бруцкага. Гэта была грамата аб тым, што епіскапы Салагуб і Ёван, сьвятары Джэрэмі Томпан з Манчэстару ў Ангельшчыне, Ян Спасюк, Пётар Гушча і Леанід Акаловіч у Беларусі, а таксама Эмігідыюш Рыжы ў ЗША не належаць да БАПЦ. Грамата была падпісаная 18 жніўня. Такім чынам, у працягу тыдня мітрапаліт Ізяслаў Бруцкі аднавіў кананічна-малітоўнае адзінства зь епіскапамі Салагубам і Ёванам, а пасьля і разарваў яго зноў. Што ж адбываецца ў БАПЦ?

Каб прасьвятліць сытуацыю, мы зьвярнуліся да абодвух бакоў канфлікту. Паколькі ў адной з частак БАПЦ зстаўся толькі адзін уладыка – цяжка хворы мітрапаліт Ізяслаў Бруцкі, кантакт зь якім практычна немагчымы, дык давялося зьвярнуцца да сьвецкага члена царкоўнай рады. Вось мая гутарка з сябрам кансысторыі БАПЦ юрысдыкцыі мітрапаліта Мікалая, вядомым прадстаўніком беларускай эміграцыі Алексам Сільвановічам.

(Абламейка: ) “Спадар Сільвановіч, што вы можаце сказаць наконт дамовы, падпісанай 10 жніўня сёлета паміж мітрапалітам Ізяславам і епіскапамі Салагубам і Ёванам?”

(Сільвановіч: ) “Гэтая дамова ня ёсьць праўдзівая. Мітрапаліт Ізяслаў яе адклікаў. Я ня ведаю дэталяў, як яны яму яе падсунулі, каб ён падпісаў. Яны там паехалі... Як я ведаю, за пару дзён ён выпусьціў іншы дакумэнт, што гэта ня ёсьць праўдзівае, гэта ён адклікаў. Ён падпісаў так, як яно раней было, што Аляксандар Салагуб быў адлучаны ад БАПЦ і так застаецца, ён ня ёсьць у БАПЦ”.

(Абламейка: ) “Ці аб’ядналіся ўжо дзьве юрысдыкцыі БАПЦ?”

(Сільвановіч: ) “Тая частка, якая была пад мітрапалітам Мікалаем, злучаецца з часткай, каторая ёсьць пад мітрапалітам Ізяславам”.

(Абламейка: ) “Як быць з сэрбскай часткай БАПЦ, напрыклад, манастыром у Каліфорніі, і з ангельскай беларускай парафіяй у Манчэстары, якія падтрымліваюць Салагуба?”

(Сільвановіч: ) “Сэрбскія – яны толькі былі пад уладыкам Мікалаем, яны не належалі нармальна так да БАПЦ. Ён толькі іх духоўна падтрымліваў. Тады гэты сэрб папрасіў, што ён адыдзе некуды. Уладыка яго адпусьціў... А ў Ангельшчыне быў дыякан такі, Джэрамі. Салагуб яго рукапалажыў у сьвятары. Ну дык ён, відаць, з Салагубам”.

(Абламейка: ) “А як быць з прыхільнікамі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы ў Беларусі – з айцом Янам Спасюком і яго паплечнікамі? Там жа людзі спадзяюцца, што яны належаць да БАПЦ. Ці вы на кансысторыі ўжо абмяркоўвалі гэтае пытаньне?”

(Сільвановіч: ) “Абмяркоўвалі, і мітрапаліт Мікалай тады быў “за”, каб аўтакефалія там пашыралася. Але мы таксама ведалі, што там Лукашэнка ці Філярэт, ці яны разам – яны да гэтага не дапусьцяць. Ну так і сталася. Калі тут быў Ян Спасюк, я зь ім пра гэта гаварыў. Там пабурылі царкву ці дом... Я ня ведаю, што ён там будаваў – ці гэта была разам царква і дом? Ну гэта ўсё такое нялюдзкае, ну дыктатарскае...”

(Абламейка: ) “Ну дык я вы ставіцеся да айца Яна Спасюка? Надалей дзейнічае пастанова мітрапаліта Ізяслава ад 18 жніўня?”

(Сільвановіч: ) “Ён быў адлучаны яшчэ мітрапалітам Мікалаем...”

(Абламейка: ) “Ну так, але цяпер гэта пацьверджана?”

(Сільвановіч: ) “Гэта пацьверджана далей. Спасюк мае свае інтарэсы. Ён там і з Рыжым-Рыскім быў, тады туды кідаецца чалавек. Я ня ведаю, які яго інтарэс, я ня думаю, што ён там вельмі дбае пра Беларускую Аўтакефальную царкву. Ён ня ёсьць часткай БАПЦ. Што ён робіць, то мы ня маем нічога да гэтага”.

(Абламейка: ) “На гэты момант кансысторыі мітрапалітаў Мікалая і Ізяслава ўжо аб’ядналіся?”

(Сільвановіч: ) “Цяпер ёсьць так. Мітрапаліт Ізяслаў узяў пад сябе частку, што была пад мітрапалітам Мікалаем. Аб’яднаньне гэтае яшчэ не зусім адбылося. Дамова была такая. Мы разам супрацоўнічаем, але кансысторыя і Рада БАПЦ, што была пад мітрапалітам Мікалаем, і тая, што ёсьць пад мітрапалітам Ізяславам, працуюць пакуль асобна. Яны абедзьве пад мітрапалітам Ізяславам, але вядзецца яшчэ так, як было раней. Цяперака ідуць перамовы, будзе Сабор, і тады будзе злучэньне”.

(Абламейка: ) “Калі дакладна гэты Сабор адбудзецца?”

(Сільвановіч: ) “Гэта возьме крыху часу. Я думаю, у наступным годзе. Дэталёва яшчэ ня ведаю, калі. Там яшчэ патрэбныя зьмены Статуту, таму трэба наставіць камісію перад Саборам, бо статут мусіць быць зацьверджаны, і гэта возьме крышку часу. Думаю, недзе ўжо летам”.

(Абламейка: ) “Уявім, што мітрапаліт Ізяслаў памёр. Якая будучыня чакае Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную царкву ў гэтым выпадку?”

(Сільвановіч: ) “А-а... ну гэта цяжка сказаць. Рэальнасьць можа быць такая заўсёды, ніхто ня ведае... Але мы гаварылі з Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквою, яны гатовыя нам дапамагчы. Так, як некалі ў 1949 годзе БАПЦ была абноўленая з дапамогай украінскіх епіскапаў, так і далей яны згадзіліся, што гатовыя дапамагчы. Так што мы тады можам часова адысьці пад апеку Ўкраінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы, пакуль ня будзе зноў свой епіскап”.

(Абламейка: ) “Такім чынам, наколькі я вас зразумеў, замірэньне ў нейкі спосаб з Салагубам выключанае?

(Сільвановіч: ) “Так. Такога варыянту няма”.

Як бачым са словаў спадара Алекса Сільвановіча, ён і яго прыхільнікі зь ліку абодвух кансысторыяў БАПЦ ня маюць намеру нават весьці перамовы з епіскапамі Салагубам і Ёванам аб нейкім аб’яднаньні. Абедзьве кансысторыі настойваюць на тым, што Салагуб адлучаны ад царквы і ня можа прадстаўляць БАПЦ. Пры гэтым яны, дарэчы, не адкідаюць, што ён ёсьць епіскапам. Не прызнаюць абедзьве кансысторыі і айца Яна Спасюка зь яго прыхільнікамі ў Беларусі. Канфлікт, такім чынам, паглыбіўся і вырашэньня не відаць.

Мы таксама зьвярнуліся і да другога боку ў гэтым канфлікце. Вось маё інтэрвію зь епіскапам Аляксандрам Салагубам.

(Абламейка: ) “Епіскап Аляксандар, якое становішча ў БАПЦ на сёньня?”

(Салагуб: ) “Беларуская Праваслаўная Аўтакефальная царква на эміграцыі ўжо доўгі час знаходзіцца ў стане падзелу і глыбокага заняпаду. Пасьля сьмерці ўладыкі Мікалая група асобаў спрабуе выкарыстаць імя старэнькага і цяжка хворага, практычна недзеяздольнага ўладыкі Ізяслава Бруцкага, які знаходзіцца ў адмысловым доме для цяжка хворых людзей, каб арганізаваць нейкае паяднаньне БАПЦ, склікаць Сабор. Але гэтае мерапрыемства і аб’яднаньне без удзелу усіх епіскапаў БАПЦ супярэчыць канонам і традыцыям Праваслаўнай царквы і таму нелегітымнае. Падзел БАПЦ праходзіць як паміж парафіямі, так і ўнутры іх. Магу сказаць. што мяне моцна падтрымоўвае найбуйнейшая парафія БАПЦ у Злучаных Штатах – Маці Божай Жыровіцкай у Кліўлэндзе, а таксама сэрбскія парафіі БАПЦ у Злучаных Штатах і Заходняй Эўропе і беларуская парафія Сьвятога Міколы ў Манчэстыры ў Ангельшчыне. Мне падпарадкоўваецца большасьць сьвятароў БАПЦ. Таксама шмат прыхільнікаў я маю на Бацькаўшчыне”.

(Абламейка: ) “10 жніўня вы нас інфармавалі, што падпісалі аб’яднаўчае пагадненьне зь мітрапалітам Ізяславам, а ў канцы жніўня мы атрымалі паведамленьне з кансысторыі БАПЦ за подпісам мітрапаліта Ізяслава, аб тым, што вы не належыце да БАПЦ. Як разумець гэтыя падзеі?”

(Салагуб: ) “Уладыка Ізяслаў Бруцкі 10 жніўня сёлета для пераадоленьня шматгадовага падзелу ў БАПЦ падпісаў пагадненьне зь епіскапам Аляксандрам і зь епіскапам Ёванам пра аднаўленьне малітоўна-кананічнай лучнасьці паміж трыма ўладыкамі БАПЦ і пра стварэньне вышэйшага органу царкоўнага кіраўніцтва БАПЦ – Сабору епіскапаў БАПЦ на чале зь мітрапалітам Ізяславам. Уладыка Аляксандар быў прызначаны яго заступнікам, уладыка Ёван – кіраўніком парафіяў БАПЦ у Заходняй Эўропе. Уладыка Ізяслаў зрабіў заяву, запісаную на стужку, пра тое, што ён ізаляваны, адсунуты ад царкоўных справаў, і што ўладу ў БАПЦ захапілі людзі зь неправаслаўнымі поглядамі. Падпісаньне ўладыкам Ізяславам наступных, супярэчных пагадненьню 10 жніўня, дакумэнтаў пацьвярджае зробленую ім заяву пра сваё ненармальнае становішча. Маніпуляцыя цяжка хворым уладыкам Ізяславам групаю асобаў, якія пазбавілі ўладыкаў Богададзенай ім улады ў царкве, адлюстроўвае трагедыю БАПЦ на эміграцыі”.

(Абламейка: ) “І што вы зьбіраецеся рабіць далей?”

(Салагуб: ) “Мае пляны застаюцца нязьменнымі. Буду і надалей выконваць свае абавязкі, служыць Беларускай Праваслаўнай царкве і Бацькаўшчыне. Зь нецярплівасьцю чакаю свае маючыя адбыцца неўзабаве візыты да вернікаў БАПЦ у Ангельшчыне і нарэшце ў Беларусі”.

Епіскап Аляксандар Салагуб сьцьвярджае, што цяжка хворым мітрапалітам Ізяславам Бруцкім маніпулююць сьвецкія члены царкоўнага кіраўніцтва. Епіскап Салагуб нават сказаў, што мітрапаліт падчас сустрэчы зь ім і епіскапам Ёванам 10 жніўня сёлета зрабіў адпаведную заяву пра сваю ізаляцыю і захоп улады ў БАПЦ сьвецкімі асобамі. Епіскап Салагуб сьцьвярджае, што ліст мітрапаліта Ізяслава ад 18 жніўня, у якім сьцьвярджаецца, што епіскапы Салагуб і Ёван, а таксама сьвятар Джэрамі Томпсан з Ангельшчыны і Ян Спасюк зь Беларусі не належаць да БАПЦ, толькі пацьвярджае бяспраўнае становішча мітрапаліта Ізяслава.

Да гэтага цяжка што-небудзь дадаць. Трагічная сытуацыя захоўваецца. І трагізм яе яшчэ большы ў тым, што прыхільнікі аўтакефаліі ў Беларусі з надзеяй глядзяць на айца Яна Спасюка як на прадстаўніка БАПЦ у Беларусі. Але выглядае, што айцу Яну Спасюку пакуль няма што прадстаўляць – цакрква на эміграцыі пагразае ў закалотах. Што зьбіраецца рабіць сам айцец Ян Спасюк? Вось што ён адказаў на нашыя пытаньні.

(Спасюк: ) “2 жніўня ўлады разбурылі першую пабудаваную царкву, але галоўнае, што яны разбурылі камяні, а веру яны разбурыць не змаглі. Падтрымка ад іншых цэркваў, ад царквы-маці Кіеўскага патрыярхату дала магчымасьць мне і ўсім, хто належыць да БАПЦ, прыняць рашэньне, што царква ў хуткім часе будзе разьвівацца і ісьці па шляху, які быў заплянаваны раней. Першае – гэта рэгістрацыя ў дзяржаўных установах. Другое – разьвіцьцё сеткі прыходаў на тэрыторыі Беларусі, а таксама перамовы з прадстаўнікамі Маскоўскага патрыярхату, са сьвятарамі, якія падтрымлівалі і падтрымліваюць Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную царкву, каб яны маглі далучыцца да нас. Для таго, каб зарэгістраваць царкоўны цэнтар, трэба зарэгістраваць прыходы. Цяпер робяцца захады па Гарадзенскай вобласьці і ў хуткім часе будзе пададзена на рэгістрацыію каля шасьці абшчын. Далей будзем ісьці на Менскую, Віцебскую, Брэсцкую вобласьці, а пасьля будзем рэгістраваць цэнтар. Мы цяпер вырашылі, што галоўнае – гэта не памяшканьне, галоўнае – гэта структура. І гэтая структура ўжо адладжаная. А тое, што ўлады ня хочуць рэгістраваць, дык ёсьць у нас суды, ёсьць міжнародныя суды, і мы будзем ісьці па гэтым шляху – паводле законаў, якія існуюць у Рэспубліцы Беларусь”.

Як бачым, айцец Ян Спасюк зьбіраецца будаваць аўтакефальную царкву ў Беларусі далей. Спачатку ён зьбіраецца зарэгістраваць 6 парафіяў у Гарадзенскай вобласьці, пасьля некалькі ў іншых абласьцях, а тады хоча падаваць дакумэнты на рэгістрацыю царкоўнага цэнтру – гэта значыць, аб’яднанай структуры БАПЦ у Беларусі. У сьвятле падзеяў 2 жніўня, калі была разбураная царква ў Пагранічным, надзеяў на яго посьпех у сучаснай Беларусі мала.

Такім чынам, трагічны падзел у БАПЦ працягваецца. На сёньняшні момант існуюць тры кансысторыі БАПЦ – колішняя мітрапаліта Мікалая Мацукевіча, мітрапаліта Ізяслава Бруцкага і епіскапа Аляксандра Салагуба. Калі дзьве першыя аб’яднаюцца, дык кансысторыяў застанецца дзьве – як гэта і было 20 апошніх гадоў.

Мы будзем інфармаваць слухачоў аб далейшым разгортваньні падзеяў.
XS
SM
MD
LG