Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці могуць жанчыны быць сьвятарамі?


Кастусь Бандарук, Прага

У адной з апошніх перадачаў мы паведамлялі, што ў канцы чэрвеня адбылося высьвячэньне на каталіцкіх сьвятароў сямі жанчынаў. Рымска-каталіцкая Царква, як, дарэчы, і Праваслаўная, пасьлядоўна выступаюць супраць дапушчэньня жынчынаў да сьвятарскага сану. Яны спасылаюцца на Сьвятое Пісаньне і Традыцыю. Наколькі гэта пераканаўчыя аргумэнты і якія контраргумэнты прыхільнікаў сьвятарства жанчынаў?

(Бандарук: ) “Царква – кансэрватыўная ўстанова. Яна падкрэсьлівае нязьменнасьць свайго навучаньня і непахіснасьць догмаў. З другога боку, у шэрагу другарадных рэчаў яна прыстасоўваецца да новых умоваў, зьмяняецца гэтак, як зьмяняецца сьвет і людзі. Што тычыцца Рымска-каталіцкай Царквы, дык яшчэ 100 гадоў таму жанчыны адыгрывалі ў ёй вельмі абмежаваную ролю. Ім нельга было прымаць прычасьце ў часе мэнструацыі, пасьля нараджэньня дзіцяці яны павінны былі сьпярша “ачысьціцца”, перш чым увайсьці ў храм. Ім нельга было дакранацца да царкоўных прадметаў, такіх, як алтар або келіх. Ім не дазвалялася чытаць Сьвятое Пісаньне, сьпяваць у хоры і прыслугоўваць сьвятару. Зараз эмансіпацыя жанчынаў дайшла і да Царквы. Сьпіс тых функцыяў, якія жанчыны могуць выконваць у царкве, вельмі пашырыўся. З дазволу біскупа жанчыны могуць ня толькі прыслугоўваць у часе багаслужбы, але нават прапаведаваць. Аднак забарона высьвячаць жанчын на сьвятароў застаецца ў сіле. Чым Царква тлумачыць гэтую забарону? Якія аргумэнты “за” і “супраць” сьвятарства жанчынаў?

1) Праціўнікі дапушчэньня жанчынаў да сьвятарскага сану цьвердзяць, што забарона высьвячэньня жанчынаў належыць да нязьменных элемэнтаў каталіцкай дактрыны. Паводле Кангрэгацыі Дактрыны Веры, Хрыстос зь вялікай павагай і спагадай ставіўся да жанчын, аднак Ён выключыў жанчын са сьвятарства. Хрыстос сам быў мужчынам і паклікаў на апосталаў толькі мужчынаў. Апосталам не была ніводная жанчына, нават Божая Маці. Гэткім чынам Хрыстос устанавіў норму на ўсе часы.



2) Хрыстос абраў апосталамі мужчынаў з тае прычыны, што ў тагачасным грамадзтве мужчыны мелі вышэйшы статус, чым жанчыны. Тое, што Хрыстос нечага не зрабіў або не сказаў, ня можа быць нязьменным правілам і нормай. Хрыстос таксама не скасаваў нявольніцтва. Апостал пісаў: “Рабы, будзьце паслухмянымі паном сваім паводле цела са страхам і дрыжэньнем… як бы Хрысту” (Эф. 6,5), але сучасная Царква выступае супраць нявольніцтва. Хрыстос скасаваў старазапаветнае сьвятарства, якое грунтавалася на сакральнасьці месца, аб’ектаў культу і паходжаньні са сьвятарскага роду левітаў, замяніў яго на сьвятарства, якое грунтуецца на ласцы. Ён зраўняў мужчынаў і жанчынаў праз хрост, які аднолькавы для кожнага. Хрыстос устанавіў новае сьвятарства, на якое маюць права ўсе ахрышчаныя. Як гаворыцца ў Кнізе Адкрыцьця, “Ён зрабіў нас царамі і сьвятарамі Богу і Айцу Свайму”.

1) Апостал Павал пісаў: “усякаму мужу галава – Хрыстос, жонцы галава – муж, а Хрысту галава – Бог” (1Кар. 11, 2-16). “Жанчыне, каб навучала, не дазваляю, ані каб мужам верхаводзіла, але каб у бязмоўнасьці была” (1Цім. 2, 12). Гэткім чынам апостал выразна разьмяжоўваў ролю і заданьні тых мужчынаў і жанчынаў, якія яму дапамагалі. Жанчына ня можа навучаць і старшыняваць у часе рэлігійных сустрэчаў.


2) Праўда, што Апостал пісаў: “жанчыны вашыя ў царкве хай маўчаць… бо сорамна жанчыне гаварыць у царкве” (1Кар. 14, 34-35), але гэта быў вынік тагачасных звычаяў, якія грунтаваліся на старазапаветнай традыцыі. Габрэі лічылі, што Бог стварыў жанчыну ніжэйшай істотай (Быц. 2, 18-23), што за грэх падпарадкаваў яе ўладзе мужчыны (Быц. 3, 16) і што ў сэнсе розуму і характару мужчына пераўзыходзіць жанчыну. Аднак у Новым Запавеце той жа апостал Павал вучыў, што “мужчына, які моліцца або прарочыць з пакрытаю галавою, сароміць сваю галаву, а жанчына, калі моліцца зь непакрытаю галавою, сароміць сваю галаву”(1Кар. 11, 4-5). Чаму сучасная Царква не прытрымліваецца гэтага правіла? Апрача таго, Апостал выразна падкрэсьліваў, што жанчыны і мужчыны ў Царкве роўныя: “няма ўжо юдэя, ані грэка, няма раба ні свабоднага, няма мужчынскага полу ні жаноцкага, бо ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе” (Гал. 3, 28).

1) З найдаўнейшых часоў да сёньняшняга дня жанчыны ніколі не былі дапушчаныя да сьвятарскага сану. Тыя функцыі, якія жанчыны выконвалі ў Царкве, ніколі ня мелі характару сакрамэнтальнага сьвятарства. Тое, што Царква не падтрымлівае перадузятага стаўленьня да жанчынаў, не зьмяняе факту, што звычай не ваысьвячаць жанчынаў на сьвятароў стаўся царкоўнай традыцыяй.


2) Недапушчэньне жанчынаў да сьвятарства не грунтавалася на Сьвятым Пісаньні, але на перадузятасьці ў дачыненьні да жанчынаў. Царкоўныя гіерархі лічылі, што жанчыны стаяць ніжэй за мужчынаў паводле сваёй натуры і паводле закону, што яны пакараныя за грэх Евы і што яны рытуальна нячыстыя. Аднак цягам стагодзьдзяў Царква на самой справе высьвячала жанчынаў, дазваляючы ім быць дыяканісамі. Паколькі дыяканат зьяўляецца часткай сакрамэнтальнага сьвятарства, жанчыны могуць быць таксама сьвятарамі.

(Бандарук: ) “Вось такія галоўныя аргумэнты праціўнікаў і прыхільнікаў сьвятарства жанчынаў. Два гады таму выйшла з друку кніга праваслаўнай верніцы з Францыі Элізабэр Бэр-Сіжэль і праваслаўнага епіскапа зь Вялікай Брытаніі Кальліста пад загалоўкам “высьвячэньне жанчынаў у Праваслаўнай Царкве”. Епіскап піша: “Калі б Хрыстос прызначыў жанчынаў да сьвятарства, Ён даў бы выразныя інструкцыі сваім вучням, і яны выконвалі б іх. Цягам двух тысячагодзьдзяў Царква высьвячала толькі мужчынаў. Ці мы маем права зьмяняць гэтую царкоўную практыку, якая не зьмянялася з апостальскіх часоў?” – пытае епіскап Кальліст. Аднак ён разглядае і аргумэнты другога боку. “Ісус сапраўды зрабіў сваімі вучнямі толькі мужчынаў, аднак вядома, што Ён прызначыў да гэтай ролі толькі абрэзаных габрэяў. Калі Царква адышла ад гэтай практыкі і пачала дапускаць да апостальскай і сьвятарскай службы не-габрэяў, дык чаму гэтак не паступіць у справе жанчынаў? Калі мы не выконваем запавету Хрыста ў адным выпадку, дык чаму яго прытрымлівацца ў другім?” – піша праваслаўны епіскап.

А што думаюць пра жаночае сьвятарства самі жанчыны? З гэтым пытаньнем я найперш зьвярнуўся да тэоляга-бібліста, дактаранткі Ўнівэрсытэту ў Лювэне ў Бэльгіі Ірыны Дубянецкай.

(Дубянецкая: ) “Колькі дзён таму я мела размову з адным маладым каталіцкім біскупам. Ён быў вельмі ўражаны маім, так бы мовіць, “вучэньнем”. І паміж іншым, ён жартам сказаў: “дык можа, мне цябе высьвяціць?”Я адказала, што кожны чалавек ёсьць вобразам і падабенствам Бога паводле самое свае прыроды і сьвятаром паводле свайго нараджэньня. У Бога няма няроўнасьці паміж мужчынам і жанчынай. І рабіцца часткай царкоўнай гіерархіі я асабіста ня маю патрэбы”.

(Бандарук: ) “Вы самі ня хочаце стаць сьвятаром, але ж нешта ў Вашых поглядах уразіла біскупа. Які гэта погляд?”

(Дубянецкая: ) “Па вялікім рахунку, пытаньне жаночага сьвятарства ня гэтулькі тэалягічнае, як сацыяльна-культурнае. У старажытным сьвеце, дзе людзі пакланяліся багам і багіням, традыцыйна сьвятарамі бога былі мужчыны, а багіні – жанчыны. У монатэізьме Бог разумеецца як абсалютная Існасьць, якая ня можа атаесамлівацца з адным з полаў. Называньне Бога бацькам мае на ўвазе функцыянальныя, а ня полавыя атрыбуты. Карані таго, што інстытуцыялізаванае сьвятарства ёсьць толькі мужчынскім, палягаюць у традыцыях патрыярхальнай цывілізацыі, прадуктам якой зьяўляецца Царква і ўсе мы.

У выключна мужчынскім сьвятарстве ня варта шукаць ані лёгкі, ані законнай прыроды, ані мэтафізычных сэнсаў. Тут адно толькі традыцыя. Яшчэ якіх 100 гадоў таму ў заходнім сьвеце было вельмі цяжка ўявіць жанчыну прафэсарам унівэрсытэту, адвакатам ці дзяржаўным дзеячом. У пратэстантызьме, дзе жанчыны бываюць пастарамі і біскупамі, асноўная функцыя сьвятара – настаўніцкая. У каталікоў і праваслаўных сьвятарства больш сакралізаванае. Сьвятар – гэта той, хто атрымлівае спэцыфічную ласку чыніць сакрамэнты. Вось недзе ў гэтай розьніцы палягае прычына таго, што пратэстанты лягчэй прыймаюць жаночае сьвятарства, бо інтэлектуальная роўнасьць паміж мужчынам і жанчынай ўжо прызнаная як факт, а на прызнаньне духоўнай роўнасьці яшчэ прыходзіцца чакаць. Я бы сказала, што сёньня гэта глыбінная мужчынская праблема, нашмат болей, чым жаночая. Бо дазволіць ці не дазволіць, прызнаць ці не прызнаць, ізноў такі будуць вырашаць мужчыны”.

(Бандарук: ) “Гэтак лічыць Ірына Дубянецкая. Дарэчы, паводле праваслаўнага тэоляга з РПЦ дыякана Андрэя Кураева, у тым сэнсе, які надаюць сьвятарству пратэстанты, у Праваслаўнай Царкве ёсьць жаночае сьвятарства. У пратэстантаў няма літургіі, а пастар – гэта ўсяго толькі прапаведнік. З гэтага пункту погляду, жанчына таксама можа быць такім сьвятаром. Яна можа хрысьціць, выкладаць у нядзельнай школе, можа прапаведваць, выступаючы па радыё. Прапаведніцамі былі: сьвятая Марыя Магдаліна і асьветніца Грузіі – Ніна. У пратэстанцкіх цэрквах пастар – гэта дараднік, нешта накшталт сямейнага псыхіятра. У жаночых манастырах духоўнымі парадамі гэтак званых “старыцаў” карысталіся нават епіскапы – нагадвае тэоляг Андрэй Кураеў.

З пытаньнем пра жаночае сьвятарства я зьвярнуўся таксама да некалькіх верніцаў. Вось што сказала Ева Яраховіч з Кліўленду:

(Яраховіч: ) “Я ня бачу нічога дрэннага ў гэтым. Мне здаецца – чаму не? Мая ўнучка мела дзяўчынку. Ейны муж-пратэстант, і яны вырашылі пахрысьціць дзяўчынку ў ягонай царкве. Хрысьціла дзяўчынку жанчына-сьвятар. Я першы раз такое бачыла, але было цудоўна, так прыгожа. Мне вельмі гэта спадабалася. Я ня бачыла нічога заганнага ў гэтым. Мы як выйшлі адтуль, дык у мяне было такое незвычайнае адчуваньне, як бы нешта новае нарадзілася. Для мяне гэта было ў першы раз”.

(Бандарук: ) “Гэтак лічыць Ева Яраховіч з Кліўленду, а цяпер меркаваньне Ядвігі Квяткоўскай зь Менску”.

(Квяткоўская: ) “Я думаю, што паколькі ня намі прыдумана, ня нам і адмяняць тую традыцыю, што сьвятарамі зьяўляюцца толькі мужчыны. Гэтая традыцыя пратрымалася ужо цягам двух тысячагодзьдзяў. Я думаю, што у такім далікатным пытаньні трэба быць вельмі асьцярожным. Па пойму, жаночае сьвятарства – гэта парушэньне нейкага ладу, яно нясе з сабою сур’ёзную рызыку, магчыма – гэта грэх. Некаторыя нормы мусяць заставацца непахіснымі. Я думаю, жанчыны не павінны быць сьвятарамі. Я гэтак лічу, нават не паглыбляючыся ў справу. У гэтым устанаўленьні ёсьць нейкая божая тайна, і па-мойму, усё павінна заставацца па старому”.

(Бандарук: ) “Так лічыць Ядвіга Квяткоўская зь Менску. І яшчэ думка рэгента царкоўнага хору – Іраіды Іванічэнкавай зь Берасьця”.

(Іванічэнкава: ) “Вы ведаеце, мой дзед быў сьвятаром, сьвятарамі мой бацька, дзядзька і пляменьнік. Я выхоўвалася ў рэлігійным асяродзьдзі. Мая думка такая, што нельга парушаць царкоўныя каноны. Такое новаўвядзеньне да нічога добрага не прывядзе. Я лічу, што жанчына павінна заставацца на сваім месцы, а мужчына на сваім. Бывае, што жанчыны выконваюць функцыі, неўласьцівыя іхнаму полу, але з гэтай прычыны жанчыны толькі многае страцілі. Усё часьцей яны перастаюць быць ахоўніцамі сям’і і хатняга асяродку. Адначасова, адваяваньне жанчынамі многіх належных ім правоў – гэта станоўчая зьява. Аднак што да сьвятарства, то я лічу, што і не ў сьвятарскім сане жанчына можа выдатна паслужыць Царкве. Яна можа, напрыклад, займацца дабрачыннай дзейнасьцю, катэхізацыяй, выкладаць у парафіяльнай школцы і гэтак далей. Жанчыны могуць пасьпяхова выконваць такія функцыі, і гэтага цалкам дастакова. Поле дзейнасьці шырокае”.

(Бандарук: ) “Сказала па тэлефоне зь Берасьця Іраіда Іванічэнкава. З другога боку, трэба адзначыць, што цягам стагодзьдзяў Царква рэфармавалася, пераглядала сваю пазыцыю, і ў шэрагу другарадных рэчаў йшла на саступкі. Ці ў пытаньні сьвятарства жанчынаў яна таксама некалі адмовіцца ад сваёй традыцыі? Ірына Дубянецкая”.

(Дубянецкая: ) “Мне вельмі цяжка адказаць на гэтае пытаньне. Тут, альбо адбудуцца нейкія грунтоўныя зьмены, перагляд ролі Царквы ў гэтым сьвеце, якая, асабліва ў заходнім сьвеце, падае і падае, альбо гэта можа прывесьці да вельмі трагічных наступстваў для Царквы. Цяпер у сьвеце адбываюцца глыбінныя працэсы ўзрастаньня сьвядомасьці. Побач з сумнымі духоўнымі наступствамі спажывецкага ды тэхнакратычнага грамадзтва ідзе велізарнае накапленьне духоўнасьці, якое раней ці пазьней прывядзе да якасных зьменаў. Гэтыя адзінкавыя факты жаночых высьвячэньняў – самі па сабе рэч невялікая, але гэта таксама сьведчаньне павольнага духоўнага разьнявольваньня. Але пакуль жаночае сьвятарства выглядае, як наліваньне новага віна ў старыя мяхі, бо адкідаць традыцыю можна з поўным усьведамленьнем таго, чаму мы так рабілі, і чаму гэта больш не спрыяе нашаму разьвіцьцю. Інакш гэта ня мае сэнсу. Інакш кажучы, да сьвядомых пераменаў трэба дасьпець. Царква пакуль да гэтага не гатовая. У кожным разе, перад Богам мы ўсе роўныя, і нашая Царква, ейны чалавечы аспэкт, ды сама цывілізацыя, будзе такой, якой мы яе створым”.

(Бандарук: ) “Такую думку выказала Ірына Дубянецкая зь Лювэну, каталіцкі тэоляг-бібліст. Калі падсумаваць усё вышэй сказанае, жаночае сьвятарства – гэта не пытаньне тэалёгіі, але традыцыі, гэтак, як і цэлібат. Праўда, што апосталы былі мужчынамі, але яны былі і жанатыя. Праваслаўная Царква не прыняла цэлібат, а каталіцкая Царква ўвяла яго адносна позна і з чыста практычных меркаваньняў. З такіх жа меркаваньняў пратэстанцкія цэрквы ўвялі і сьвятарства жанчын. Пакуль праваслаўная і каталіцкая цэрквы пасьлядоўна адмаўляюць жанчынам у праве на сьвятарства, але нельга сказаць, што гэта канчатковая і нязьменная пазыцыя”.
XS
SM
MD
LG