Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму міратворчыя ініцыятывы Царквы застаюцца бяз водгуку?


Кастусь Бандарук, Прага

Удзельнікі: кіраўнік Цэнтру сацыяльна-рэлігійных дасьледаваньняў Інстытуту Эўропы Расейскай Акадэміі Навук прафэсар Анатоль Красікаў з Масквы, прапаведнік Царквы Эвангельскіх Хрысьціянаў зь Менску Юрась Сьмірноў, пастар Эвангелічна-Лютэранскай Царквы з Горадні Кастусь Мардзьвінцаў і францішканін Сэвэрын Любэцкі з Бэтлеему.

Размова пойдзе пра драматычную сытуацыю, якая склалася ў Сьвятой Зямлі. Закладнікамі канфлікту на Блізкім Усходзе сталіся хрысьціянскія сьвятыні. У эпіцэнтры падзеяў і пад пагрозай зьнішчэньня апынулася базыліка Раства Хрыстовага ў Бэтлееме. Рэлігійныя лідэры адзінадушна і пасьлядоўна асуджаюць гвалт у Сьвятой Зямлі, аднак на практыцы няшмат з гэтага вынікае.

(Бандарук: ) “Увесь хрысьціянскі сьвет устрывожаны падзеямі на Блізкім Усходзе. Калыска трох вялікіх рэлігіяў сьвету: юдаізму, хрысьціянства і ісьляму апынулася ў эпіцэнтры крывавага канфлікту.

Ізраільцы акружылі храм Раства Хрыстовага ў Бэтлееме, дзе хаваюцца ўзброеныя палестынцы. Яны трымаюць як закладнікаў некалькі дзясяткаў хрысьціянскіх манахаў, а атксама дзяцей і падлеткаў. Некаторым зь іх ізраільцы дазволілі выйсьці з храму, і яны вынесьлі целы забітых. 23 красавіка з аблогі ўдалося вырвацца тром армянскім манахам. Яны паведамілі, што палестынцы апаганілі армянскі храм, вынесьлі залатыя крыжы і абклады іконаў, а таксама жорстка зьбілі некалькіх манахаў.

Няма сумневу, што найвялікшая сьвятыня ўсяго хрысьціянства выкарыстоўваецца для пазарэлігійных мэтаў, а Царква апынулася ў эпіцэнтры канфлікту. Разьлік тых, хто акупаваў храм, відавочны – калі ізраільцы яго разбураць, увесь сьвет зьвернецца супраць іх. Вось, што сказаў па тэлефоне з храму Раства Хрыстовага ў Бэтлееме францішканін Сэвэрын Любэцкі:”

(Любэцкі: ) “Я лічу, што такога не павінна быць. Мы разумеем і ўсьведамляем вельмі цяжкі стан тых, хто хаваецца ўнутры базылікі Раства Хрыстовага. Мы разумеем таксама пазыцыю тых, хто акружае іх. Аднак мы рашуча заяўляем варагуючым бакам, што сьвятыні нельга ўцягваць у канфлікт.

Аб гэтым аднадушна заявілі галоўны ігумэн усіх францішканаў у Сьвятой Зямлі, а таксама грэцкі і армянскі партрыярхі. Яны зьвярнуліся з просьбай да Шарона і Арафата, каб тыя ўлічылі, што гэтыя сьвятыя месцы вышэй за любое супрацьстаяньне, што ёсьць іншыя шляхі ўрэгуляваньня канфлікту між Ізраілем і палестынцамі”.

(Бандарук: ) “Па тэлефоне з акружанага храму Раства Хрыстовага ў Бэтлееме гаварыў айцец Сэвэрын Любэцкі. Ён паведаміў пра значныя зьнішчэньні ў выніку ізраільскага абстрэлу. Атаку на базыліку асудзіў прадстаўнік францішканаў айцец Дэйвід Джагер, з паходжаньня габрэй. “Гэтая атака, гвалт сьвятога месца бянтэжаць. Я не пазнаю сваю краіну”.

Джагер зьвярнуўся з просьбай дапамагчы да старшыні Эўракамісіі Рамана Проды. Ён паведаміў, што з 2 красавіка, каля 40 францішканаў, а таксама армянскіх і грэцкіх манахаў блякаваныя ў будынках ля базылікі без вады, харчаваньня і электрычнасьці. Ні Чырвоны Крыж, ні іншыя дабрачынныя арганізацыі ня маюць доступу да храму для аказаньня дапамогі.

Прадстаўнікі хрысьціянскіх абшчынаў у Сьвятой Зямлі заклікалі дзяржсакратара ЗША Паўэла хадайнічаць перад Ізраілем, каб той дазволіў перадаць ваду, харчы і электраэнэргію ў акружаны храм і манастыр францішканаў, аднак ізраільскі бок праігнараваў заклік.

Акрамя лёсу людзей, што апынуліся ў аблозе, рэлігійных лідэраў усяго сьвету хвалюе лёс сьвятых мясьцінаў. Вось што на гэты конт сказаў айцец Любэцкі:”

(Любэцкі: ) “Думаю, што пытаньне сьвятых месцаў вельмі важнае. Дарэчы, яны сьвятыя ня толькі для хрысьціянскай рэлігіі, але і ў некаторай ступені для ўсіх, хто верыць у Бога і паважае гэтыя месцы. Яны павінны мець выключны статус, і трэба выключна ставіцца да іх. Замах на гэтыя сьвятыні зьяўляецца замахам на хрысьціянскую рэлігію, на рэлігію ўвогуле.

Тое, што ў гэтыя дні адбываецца ў базыліцы Раства Хрыстовага ў Бэтлееме, сапраўды ставіць пытаньне: ці гэтыя сьвятыні належна ўшаноўваюцца, ці яны не апаганеныя? Па-мойму, міжнародныя лідэры, у тым ліку прэм’ер Шарон і прэзыдэнт Арафат, павінны ўсьведаміць усю далікатнасьць гэтай праблемы. У іх свае дзяржаўныя інтарэсы, але вышэй за гэтыя інтарэсы павінна быць абарона і недатыкальнасьць сьвятых месцаў. Гэта спадчынны маёнтак, скарбніца і набытак многіх стагодзьдзяў хрысьціянства і ўсяго чалавецтва”.

(Бандарук: ) “Гэтак з Бэтлеему гаварыў айцец Любэцкі. Аднак жа бакі канфлікту відавочна ня ўлічваюць гэтых момантаў. Храм скарыстоўваюць у сваіх мэтах, каб захінацца ім – урэшце, каб страляць у ім і па ім. А што думае на гэты конт пратэстанцкі прапаведнік Юрась Сьмірноў?”

(Сьмірноў: ) “Што тычыцца сьвятых месцаў, то вядома – гэта жах, калі людзі забіваюць адзін аднаго менавіта ў цэрквах, якія прызначаныя, каб там каяцца ў забойствах, каб спыняць іх.

Але я хацеў бы зірнуць на гэтую праблему шырэй. Хрыстос адказаў жанчыне-самаранцы, што “не на гары гэтай і не ў Ерусаліме будзеце пакланяцца Богу. Айцец шукае сабе паклоньнікаў у Духу і праўдзе”. Таму Божы погляд не абмяжоўваецца толькі храмамі. Для Бога аднолькава страшна, калі муж забівае жонку недзе ў беларускай вёсцы, калі Ён бачыць тое, што адбываецца ў Чачэніі, што адбывалася ў Косаве і Босьніі – усюды, дзе праліваецца кроў рукою іншага чалавека.

Калі Каін забіваў Абэля, побач не было ніякага храму ніводнай канфэсіі, але гэтае забойства было найстрашнейшым у гісторыі чалавецтва, бо ногі ўсіх самашкаў, алхан-юртаў, асьвенцімаў і гулагаў растуць менавіта адтуль Так што кроў чалавечая галосіць да неба паўсюль, у храмах ізраільскіх і палестынскіх, але таксама ва ўсіх іншых месцах. І нашая, кожнага з нас задача – спыніць забойствы, быць міратворцамі, не пажадаць у сэрцы сваім сьмерці нават ворага свайго. Ворагаў сваіх мы павінны аддаваць Богу. “Ня помсьціце, любасныя за сябе, але аддайце помсту Мне”, – кажа Бог”.

(Бандарук: ) “Занепакоенасьць сытуацыяй у Сьвятой Зямлі выказалі многія рэлігійныя і палітычныя лідэры. Паводле прадстаўніка Ватыкану Жана Люі Тарана, “Апостальская сталіца з найвялікшай трывогай сочыць за сытуацыяй ў Бэтлееме. Ватыкан ня мае прапановаў, як тэхнічна вырашыць гэты канфлікт. Мы можам толькі падзяліцца некаторымі ідэямі. Напрыклад, можна было б падумаць пра стварэньне зьмяшанай ізраільска-палестынскай камісіі, якая вяла б перамовы ў справе выхаду тых, хто знаходзіцца ў базыліцы. Калі б абодва бакі пайшлі на такі крок, Ватыкан ахвоча дапамог бы, бо карыстаецца значным даверам. Важны таксама маральны аўтарытэт Яна Паўла ІІ”.

Такім чынам, Ватыкан хвалюецца за лёс людзей і сьвятыняў, аднак атрымліваецца, што ў гэтай справе нават аўтарытэт Папы бездапаможны. Ізноў думка айца Сэвэрына:”

(Любэцкі: ) “Царква адстойвае свае правы ў справе сьвятых месцаў. Справа ў тым, што гэтыя правы вынікаюць з двухбаковых дамоваў, канкардатаў, заключаных і Ізраілем, і палестынскімі ўладамі. З другога боку, Царква заўсёды падкрэсьлівае, што ня хоча быць непасрэдна ўцягнутая ў перамоўны працэс. Яна лічыць, што ізраільцы і палестынцы самі павінны дамовіцца, і гэта было б найлепшае выйсьце.

На жаль, прапанаваны Царквою шлях міру і згоды, узаемнага дараваньня і паразуменьня ўсё яшчэ не для абодвух бакоў прымальны. Зразумела, мы ня можам заплюшчваць вочы на тое, што адбываецца ў Палестыне, асабліва ў апошнія дні: лютасьць, жахлівыя разбурэньні й мноства ахвяраў.

Аднак незалежна ад усіх гэтых жахаў стаіць пытаньне базылікі Раства Хрыстовага. Мы яе хочам усьцерагчы, не дапусьціць, каб яна была закладнікам у гэтым канфлікце. Ці гэта Царкве ўдасца – паглядзім. На жаль, дагэтуль голас Царквы ня быў пачуты і малаверагодна, каб пазыцыя Царквы была ўлічаная ў канчатковым вырашэньні гэтай праблемы”.

(Бандарук: ) “Па тэлефоне з Бэтлеему, з храму Раства Хрыстовага гаварыў францішканін айцц Сэвэрын Любэцкі”.

Наша даведка. Францішкане прыбылі ў Палестыну ў 1217 годзе, і пасьля паразы чарговага “крыжовага паходу” яны атрымалі ад султана права знаходзіцца ў Сьвятой Зямлі. У 1347 годзе булай Gratias agimus Папа Клімэнт VI даручыў францішканам, званым “Ордэнам Меншых Братоў”, апекавацца Магілай Гасподняй і месцам Тайнай Вячэры Хрыста. Побач з пастырскай дзейнасьцю францішкане разгарнулі навуковую, асьветніцкую і дабрачынную дзейнасьць. Яны вядуць Біблійную Школу. Акрамя таго, у Бэтлееме дзейнічае Каталіцкі Ўнівэрсытэт, а па ўсёй Сьвятой Зямлі налічваецца 89 каталіцкіх школаў. Побач з каталікамі лацінскага абраду ў Сьвятой Зямлі маюць свае аб’екты і духавенства мельхіцкая, мараніцкая, грэцкая, расейская, румынская, армянская, сырыйская, копцкая, а таксама пратэстанцкія цэрквы. Акрамя прыежджых, да хрысьціянскіх цэркваў належаць усяго 2% мясцовага насельніцтва, пераважна зь ліку палестынцаў.

(Бандарук: ) “Дарэчы, палестынцы ў храме Раства Хрыстовага разьлічваюць на пасярэдніцкую місію Царквы – на тое, што яна пераканае ізраільцаў пайсьці з Бэтлеему і дазволіць ім спакойна пакінуць храм. Аднак пасярэдніцкая місія з боку Царквы не дае і, відаць, ня дасьць плёну, – лічыць айцец Любэцкі. Трэба прызнаць, што ягоны скептыцызм абгрунтаваны.

“Падахвочваю ўсіх вас аб’яднацца ў малітве і маліць Бога за мір у Сьвятой Зямлі, каб разьвязаць трагічную сытуацыю”, – заклікаў Папа Ян Павал ІІ. “Беспрэцэдэнтным у гісторыі Царквы” назваў захоп узброенымі палестынцамі храму Раства Хрыстовага прадстаўнік Ватыкану Ёахім Навара-Вальц.

Патрыярх Маскоўскі Аляксей ІІ таксама выказаў спадзяваньне, што храм Раства ня будзе зьнішчаны. “Гэта трагедыя, што на Сьвятой Зямлі праліваецца кроў. Спадзяемся, што пераможа розум – і храм, найсьвяцейшае месца для хрысьціянаў і калыска хрысьціянства, ня будзе пашкоджаны”.

Аднак у выніку ваеннай апэрацыі моцна пацярпеў Дом Пілігрыма недалёка ад базылікі Раства, а прадстаўнікі Расейскай Праваслаўнай Царквы, якой належыць гэты аб’ект, не атрымалі дазволу наведаць будынак і азнаёміцца зь яго станам. У лісьце прэм’еру Ізраілю Шарону кіраўнік Аддзелу Зьнешніх Царкоўных Зносінаў Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Кірыл узьняў пытаньне кампэнсацыі за шкоды.

Зь лістом на адрас Шарона і Арафата выступіў таксама Каталікос Армянаў Гарэгін ІІ, ён заявіў, што “сьвятыя месцы Бэтлеему павіны быць абароненыя ад зьдзеку і разбурэньня”. (Цяжка паранілі ў плячо сэмінарыста духоўнай сэмінарыі пры армянскім манастыры сьвятога Якуба Армена Сінаняна.)

Падобных заяваў і заклікаў было безьліч, але вынік ніякі. Чаму? З гэтым пытаньнем я зьвяртаюся да прафэсара Анатоля Красікава”.

(Красікаў: ) “Не Царква і ня цэрквы распачыналі гэтую барацьбу, а палітыкі, прадстаўнікі колаў, якія вельмі далёкія ад рэлігіі, дык таму рэлігійным дзеячам вельмі цяжка спыніць гэтую крывавую, агідную, абсалютна пачварную бойню. Я як праваслаўны вернік вітаю ўсе захады рэлігійных дзеячоў, якія накіраваныя на дасягненьне справядлівага міру на Блізкім Усходзе. Я зь вялікай увагай успрыняў заклікі й выступы Папы Яна Паўла ІІ, Маскоўскага Патрыярха Аляксея і іншых рэлігійных дзеячоў, якія шмат разоў заклікалі скончыць з гэтым крывапраліцьцём”.

(Бандарук: ) “Міратворчыя высілкі царкоўных лідэраў напэўна заслугоўваюць увагі. Эвангельле наагул заклікае хрысьціянаў быць “сынамі міру” (Лук. 10,6). У ім гаворыцца: “Шчасльлівыя міратворцы, бо яны сынамі божымі будуць называныя” (Мацьв. 5,9). У прынцыпе, праваслаўная Царква лічыць вайну злом. Аднак зыходзячы з Хрыстовых словаў “Той, хто ўзяў меч, ад мяча і загіне” (Мацьв. 26,52), яна абгрунтавала ідэю “справядлівай вайны”. Мабыць, таму РПЦ дала сваё блаславеньне на вайну ў Чачэніі.

Некаторыя тэолягі ня згодныя з гэтым. Яны лічаць, што ня можа быць гутаркі пра справядлівую і несправядлівую вайну, бо кожны са свайго боку лічыць свае дзеяньні справядлівымі. І палестынцы, і ізраільцы кажуць, што яны абараняюць сваю Радзіму. Можа, таму голас Царквы ня ўлічваецца ў такім заблытаным канфлікце? Калі ласка, думка лютэранскага пастара Кастуся Мардзьвінцава”.

(Мардзьвінцаў: ) “Мабыць, прычына тая самая, як і тады, калі голас Царквы ня ўлічваецца і ў іншых пытаньнях. Напрыклад, калі Царква выказваецца супраць абортаў і эўтаназіі, яе таксама часта проста ігнаруюць. Царква – гэта сумленьне грамадзтва. Як бывае з паасобным чалавекам, што ён заглушае голас свайго сумленьня дзеля ілюзорнай карысьці, так бывае і з грамадзтвам.

Урэшце, за ўсім гэтым стаіць грэх. Менавіта з прычыны граху тыя, што знаходзяцца ў цемры, баяцца сьвятла, ахвотней застаюцца там, дзе ім выгадней – дзе няма, як ім здаецца, ніякай адказнасьці за свае правіны. Тым ня менш, сьвятло Хрыстовае сьвеціць, і таму цемра не паглыне сьвятло, а праўда пераможа”.

(Бандарук: ) “Усе хрысьціяне ведаюць пра запавет “не забівай”, аднак рэакцыя хрысьціянскіх цэркваў на розныя войны бывала вельмі рознай. Усе памятаюць словы са Сьвятога Пісьма, што “ў Хрысьце няма ні эліна, ні габрэя” (Кал. 3,11), але ж і Царква мае свае нацыянальныя і палітычныя сымпатыі.

Калі ў Руандзе за некалькі дзён забілі сотні тысяч чалавек, толькі каталіцкая царква выступіла з асуджэньнем гвалту, а іншыя цэрквы выказалі ўсяго толькі “заклапочанасьць”. Вельмі розная, дакладна паводле канфэсійнай прыкметы, была рэакцыя на канфлікты ў былой Югаславіі ў 1990-я гады.

Калі ўзгадаць падобныя прыклады, неяк цяжка паверыць у аб’ектыўную міралюбнасьць Царквы. Я ня памятаю, каб хадайніцтва Царквы спыніла хаця-б адзін узброены канфлікт. Можа цэрквы сапраўды ня маюць аўтарытэту?”

(Красікаў: ) “Да голасу рэлігійных дзеячоў не прыслухоўваюцца. Канечне, гэта не азначае, што яны ня маюць аўтарытэту. Справа ў тым, што ў лягеры “каршуноў” ёсьць людзі надзвычай зацікаўленыя, людзі, якія зьвязалі свой лёс з гвалтам. Узгадайма, што калі на чале ізраільскага ўраду стаяў Іцхак Рабін, які спрабаваў дамовіцца з Арафатам, знайсьці справядлівую разьвязку канфлікту, прызнаць палестынскую аўтаномію і гарантаваць нармальнае існаваньне Ізраілю – то гэты чалавек быў забіты сваім жа аднаверцам.

Гэта ж ніякая не рэлігійная вайна. Яе вядуць несумленныя людзі. Аднак выйсьце з гэтай сытуацыі ёсьць. Яго прапануюць і рэлігійныя дзеячы. Калі ўсе людзі добрай волі аб’яднаюцца, то мір будзе дасягнуты. Нікуды з гэтай зямлі ня дзенуцца ні арабы-мусульмане, ні габрэі, ні хрысьціяне, для якіх гэта сьвятыя месцы. Трэба толькі каб гэты мір быў дасягнуты як мага хутчэй”.

(Бандарук: ) “Гэтак лічыць прафэсар Анатоль Красікаў. Тут хачу адзначыць, што ёсьць людзі, якія лічаць падзеі ў Сьвятой Зямлі проста рэлігійнай вайной. Лідэр партыі “Эмін Ізраэль” прафэсар Пол Эйдэльбэрг заявіў, што “вайна, у якую зараз уцягнутыя габрэі, гэта нішто іншае як рэлігійная вайна… Арабы імкнуцца зьнішчыць любы сьлед габрэйскай прысутнасьці на Храмавай Гары. Яны разбурылі магілу Язэпа і неадкладна пачалі будаваць на яе месцы мячэт… Прыгадайце зьнішчэньне імі сынагогі “Шалом Аль Ісраэль” у Ерыхоне, спробы разбурыць магілу Рахілі і шматгадовыя намаганьні, каб не дапусьціць габрэяў да Грабніцы Патрыярхаў у Геброне”.

Гэта канфлікт паміж мусульманамі і юдэямі, аднак і ў гісторыі хрысьціянскіх цэркваў безьліч прыкладаў, калі яны падбухторвалі да вайны і самі ваявалі паміж сабою. Прыгадаем хаця б рэлігійныя войны XVI стагодзьдзя, бойню 9 тысяч гугенотаў у “Барталямэеву Ноч”.

У “крыжовых паходах” было праліта мора крыві, хаця паходы так і не прывялі да трывалага вызваленьня сьвятых мясьцінаў з рук сарацынаў. Затое быў захоплены праваслаўны Канстантынопаль і зьнішчаная вялікая колькасьць храмаў і рэліквіяў. Калі ўлічыць такія прыклады, шмат хто можа сказаць: “Лекару, вылячы сам сябе”. Мо таму міратворчыя высілкі Царквы ня маюць плёну? Ці ж ня так?”

(Сьмірноў: ) “Чаму высілкі Царквы ня маюць плёну ў Ізраілі? А ці хоча Царква сапраўды таго, пра што яна ўголас гаворыць? А ці заўсёды мы, хрысьціяне, вымаўляючы словы “Хай будзе воля Твая як у Небе, так і на Зямлі”, сапраўды хочам гэтай волі?

Калі б гэтак было, калі б хрысьціяне жылі гэтак, як яны моляцца, то аўтарытэт Царквы ў цэлым і аўтарытэт паасобных канфэсіяў быў бы вышэйшы. А так, там сышліся тры сілы, якія не зважаюць на Хрыста, якія ня лічаць Яго аўтарытэтам для сябе, якія хоць і клянуцца і прысягаюць на Бібліі, але ўсё ж не Хрыстовага шукаюць.

Захад хоча прымірыць ізраільцаў і палестынцаў, але адначасова гатовы забіваць іракцаў і афганцаў. Ізраіль пакуль не прыняў Хрыста, хаця згодна біблійнаму прароцтву прыме. І мусульманскі, арабскі сьвет, які Хрыста ня лічыць Богам, ня верыць, што Хрыстос як паўнаўладны запануе над усёй зямлёю. Так што ў пэўным сэнсе погляд Бібліі на гэтую праблему – пэсымістычны.

Але я хачу дадаць і крыху аптымізму. Хрыстос сказаў: “Дабрашчасныя міратворцы”. І кожны крок да міру, кожнае спыненьне забойстваў, кожныя мірныя перамовы – гэта залатыя крокі ў вачох і чалавечых, і Божых”.

(Бандарук: ) “Калі прыгадаць гісторыю, ня толькі тую старазапаветную, апісаную на старонках Бібліі, калі згадаць шэсьць ізраільска-арабскіх войнаў за апошнія 50 гадоў, тую сьпіраль гвалту, “вока за вока, зуб за зуб”, тэракт і ўдар у адказ, помста адных і жорсткі адказ другіх – дык выглядае, што ўсе ўжо заблыталіся, што гэта клясычны “Гардзееў вузел”.

(Сьмірноў: ) “Дрэнны мір, кажуць, заўсёды лепшы за добрую сварку. Можна мець дыямэтральна розныя погляды на прынцыповыя пытаньні, але не забіваць. Але, калі глядзім з Божага гледзішча, то ня трэба быць ідэалістамі, большымі за самога Бога. Біблія ясна кажа, што міру на гэтай зямлі ня будзе, пакуль Хрыстос не запануе яўным чынам, да Ягонага Другога Прышэсьця. Таму будзе надалей ліцца кроў, пакуль Хрыстос не запануе ў Царстве Сваім на зямлі. Міру ня будзе ні на беларускіх вуліцах, ні ў кітайскіх сем’ях, ні ў амазонскіх джунглях. Ня будзе яго нідзе, пакуль Хрыстос не запануе ў сэрцах людзей. Але, на жаль, у гэтым грэшным сьвеце людзі ня прымуць Хрыста, і да канца гэтага сьвету міру ня будзе”.

(Бандарук: ) “Дзякуй Юрасю Смірнову і ўсім удзельнікам перадачы. Няма сумневу, што ў блізкаўсходнім канфлікце няма простых рэцэптаў. Яго ня выклікалі хрысьціяне. Царква ня ёсьць бокам у гэтым гістарычным канфлікце – хутчэй ахвярай. Аднак адстойваючы сваё гістарычнае права на прысутнасьць у Сьвятой Зямлі, Царква можа і павінна надалей апэляваць да розуму і дальнабачнасьці варагуючых бакоў, заклікаць іх да стрыманасьці й памяркоўнасьці. У гэтым сэнсе міратворчая роля Царквы яшчэ ня вычарпаная”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG