Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму людзі становяцца манахамі


Сяргей Абламейка, Прага

Тэма хрысьціянскага манаства вельмі шырокая і зьмястоўная. У 20-хвіліннай перадачы нельга і ня трэба спрабаваць гаварыць пра ўсе бакі манаскага жыцьця, пра яго палутаратысячагадовую гісторыю і пра сучасныя манаскія законы і зграмаджэньні. А ёсьць жа яшчэ і нехрысьціянскія манахі, напрыклад, будысцкія.

Таму як тэму сёньняшняга выпуску Сымбаля Веры я выбраў манаскае пакліканьне – як і калі, у якіх сытуацыях і пад чыім узьдзеяньнем людзі выбіраюць манаскі шлях?

Слова “манах” паходзіць ад грэцкага “монос” – адзін. “Манастыр” такім чынам, літаральна перакладаецца як “самотнае жытло”. Гэтак атрымалася таму, што ў 4 стагодзьдзі, да якога адносіцца ўзьнікненьне манаства, пачатак яму паклалі менавіта адзінкі-пустэльнікі – людзі, якія сыходзілі ад сьвету, каб на самоце змагацца са сваімі спакусамі і маліцца. Пустэльнікам быў, напрыклад, адзін са славутых айцоў царквы Антоні Вялікі, які жыў у Эгіпце ў 3-4 стагодзьдзях. Ён раздаў сваю маёмасьць, сышоў у пустыню і пражыў больш за 100 год, змагаючыся зь бесамі, якія прыходзілі да яго пад выглядам дзікіх жывёлаў. У 4 стагодзьдзі ўзьнікла і форма калектыўнага сужыцьця манахаў невялікімі грамадамі – так званая “кінавія”. Яе заснавальнікам быў Пахом Вялікі, які стварыў першы статут манаскага жыцьця.

Сёньня хрысьціянскае манаства дзеліцца на ўсходняе і заходняе. Гэта важна падкрэсьліць – менавіта на заходняе і ўсходняе, а не на праваслаўнае і каталіцкае. Бо некаторыя ўсходнекаталіцкія манахі розных абрадаў жывуць па тых жа статутах і правілах, што і праваслаўныя. Сёньня большасьць праваслаўных манахаў жыве па статуце Фёдара Студыта, але па гэтым жа статуце жывуць, напрыклад, каталіцкія манахі ўсходняга абраду ў Беларусі і на Ўкраіне – гэта так званыя манахі-студыты. Сёньня адзін зь іх будзе браць удзел у нашай перадачы.

Практычна ва ўсіх кніжках пра манаскае жыцьцё, якія мне давялося бачыць, сьцьвярджаецца, што да манаскага жыцьця схільныя і здольныя далёка ня ўсе людзі. Гэта было заўважана яшчэ ў старажытнасьці. Так што гэта, так бы мовіць, камэрная, нячастая форма рэалізацыі чалавекам яго веры.

І вось, што людзей штурхае да манаскага жыцьця? Як яны адчуваюць манаскае пакліканьне? Калі яны яго адчуваюць? Пра гэта – сёньня тры інтэрвію ў Сымбалі Веры: з праваслаўным і уніяцкім манахамі і каталіцкай манашкай.

Першая гутарка з манахам Полацкага грэка-каталіцкага студыцкага манастыра Сьвятых Барыса і Глеба, які папрасіў не называць ягонага імя.

(Абламейка: ) “Манаскае пакліканьне, як вы яго адчулі? Для гэтага быў нейкі зьнешні штуршок, ці гэта быў вынік нейкай вашай ўнутранай эвалюцыі?”

(Манах: ) “Можна сказаць, што Госпад Бог кожнаму чалавеку ў гэтым жыцьці дае нейкае пакліканьне асабістае. Кожнаму чалавеку дадзеныя нейкія задаткі, каб ён раскрыўся, як асоба, творчая асоба ў нейкай галіне жыцьцёвай. Напэўна ўсё ж такі маё пакліканьне – гэта быць манахам. У чалавека можа быць укладзенае манаскае пакліканьне, але дзеля таго, каб прыйсьці ў манастыр, трэба нейкае перад манастыром больш паглыбленае сьвецкае жыцьцё, каб быў фундамэнт нейкі. Але гэта ўсё канечне залежыць ад Божае ласкі. Я стаў практыкуючым хрысьціянінам з канца 90-га года, калі я так уключыўся ў рух адраджэньня грэка-каталіцкае царквы. У 95-м годзе ў мяне гэты рух пайшоў, скажам так, ня ўшыр, а ўглыб. Я пачаў адведваць лекцыі для моладзі, а пасьля, недзе у сярэдзіне 95-га года я адчуў, што маё месца ў манастыры. І калі я гэта зразумеў, то ўсё ж такі крок у манастыр -- гэта вырачэньне самога сябе. У кожным чалавеку жыве стары чалавек і новы чалавек, і майму старому чалавеку стала страшна, што Госпад мяне кліча да такога кроку, і было пэўнае змаганьне. Мне сумленьне падказвала, што мой шлях мае быць у манастары, але я змагаўся сам з сабой знутры, але ўсё ж такі пасьля перамагло гэтае новае, абноўленае ў Хрысьце”.

(Абламейка: ) «Значыць, я магу так падсумаваць ваш аповед, што вас у манастыр паклікала вашая вера; у прынцыпе, нічога, ніякіх здарэньняў зьнешніх не адбывалася, гэты проста было вашае сумленне?»

(Манах: ) «Так, гэта такі ўнутраны поклік. Калі я пасьля чытаў кніжачку пра манскае пакліканьне, я там прачытаў, што пакліканьне – гэта такое самапачуваньне, якое доўгі час можа знаходзіцца ў чалавеку. Увесь час думкі круцяцца вакол манаскага жыцьця. Манаскае жыцьцё – гэта калі чалавек больш заглыблены ва ўнутранае, калі ён больш зьвернуты да духоўных праяваў хрысьціянскага жыцьця. Калі хрысьціянін жыве ў сьвеце, ён аддае свой час на зарабляньне, на хлеб, скажам так. А ў манастыры ён ня думае як яму працаваць, яму тут даюць послух».

Вось такія думкі студыцкага манаха з Полацку. На яго думку, галоўнае, што падштурхнула яго да манаскага жыцьця – гэта вера і ласка Божая. Ён сказаў, што перад сваім самазрачэньнем перажыў барацьбу сябе старога і сябе новага, і сказаў таксама, што ягоны лёс пацьвердзіў вядомае сьцьверджаньне, што манаскае пакліканьне можа жыць у чалавеку шмат гадоў – чалавек можа час ад часу зьвяртацца ў думках да манаскага жыцьця, і толькі праз шмат год зразумець, да чаго яго кліча вера. Сёньня гэтую думку пацьвердзіць і яшчэ адзін удзельнік нашай перадачы.

Наступная ўдзельніца – віленская каталіцкая манашка зграмаджэньня Эўхарыстак, сястра Натальля Арлянковіч. Яна вядзе нядзельную школку ў віленскай беларускай каталіцкай парафіі, дзе пробашчам славуты беларускі ксёндз Ян Шуткевіч.

(Арлянковіч: ) «Перадусім я хацела б сказаць, што пакліканьне – гэта такая таямніца, якую немагчыма выразіць словамі. Пакліканьне да манаскага жыцьця зьяўляецца вялікім дарам для мяне. Я ніколі ня думала, што стану сястрой для кожнага чалавека. Хрысьцілі мяне ў праваслаўнай царкве, бо ў часы перасьледу мае бацькі езьдзілі хрысьціць мяне як магчыма куды далей ад Барысава, каб ніхто ня ведаў. Калі я прыйшла ў першы раз у касьцёў, у мяне была толькі тая прычына, каб пагледзець на дзяўчат у белых сукенках. Тады мне было 13 гадоў. Там я пазнаёмілася зь сястрой, каторая вучыла дзяцей катэхізму. З таго часу касьцёл для мяне стаў месцам для сустрэчы з Богам, каторага толькі-толькі пачала я пазнаваць. Там зьбіраліся і хлопцы і дзяўчаты; айцы-марыяне і сёстры нашыя займаліся з намі, робячы розныя сустрэчы. Гледзячы на сясцёр, я дзівілася, што яны маладыя, таленавітыя і прысьвяцілі сябе службе Богу. Я тады шмат чаго не разумела, але іхная ахвярная праца і безынтарэсоўная такая любоў да кожнага чалавека давала прыклад».

(Абламейка: ) «Дык усё ж, сястра Натальля, як вы распазналі сваё пакліканьне?»

(Арлянковіч: ) «Распазнаць сваё пакліканьне мне было вельмі цяжка, але Божая ласка вяла мяне. І калі я паставіла сабе пытаньне, што рабіць далей, то ня ведала, як адказаць, ня ведала, чаго я шукала. Я проста чакала нейкіх знакаў ад Бога. І я адчувала ў сабе такое прагненьне служыць Богу, быць сьведкам Хрыстовай любові, так як даваў прыклад нашых сясьцёр. Мне падабалася супольнае жыцьцё, але я адчувала тое, што я пэўна ня вартая быць сястрой, бо я лічыла, што сястра – гэта сьвяты чалавек. Але, сканчаючы школу, я вырашыла паспрабаваць, з думкай, што калі маё пакліканьне -- быць сястрой, то ўсе цяжкасьці і праблемы з Божай дапамогай я перажыву. І цяпер, як я стала сястрой, я шчыра дзякую Богу за гэты дар пакліканьня і больш разумею, што Езус патрабуе маладых рук для працы на Божай ральлі. І так адбывалася маё пакліканьне, гэта было вельмі цяжка распазнаць, але з Божай дапамогай гэта ўдалося. Я адчуваю проста, што гэта маё месца ў жыцьці».

(Абламейка: ) «Такім чынам, вы ня можаце назваць нейкі канкрэтны момант, дзень, альбо падзею, якая прывяла вас да манаскага жыцьця; гэта была такая эвалюцыя і гэта было праявай вашае веры, якая проста ўвесь час паглыблялася, так я магу сказаць?»

(Арлянковіч: ) «Так, але ўсё роўна быў такі момант, калі трэба было рашыць, што рабіць, куды ісьці. Гэта было ў кожнага. Проста калі гэта мая дарога, то Бог мне дапаможа, хаця я ведала, што бацькі мне гэтага не дазволяць. Але моц нейкая адчувалася ў сэрцы, што паспрабую, а можа гэта мая дарога...»

Як бачым, сястра Натальля Арлянковіч манаскае пакліканьне ўважае вялікай таямніцай і вялікім дарам Божым. Цікава, што ейныя бацькі, барысаўскія каталікі, некалі вымушаныя былі пахрысьціць яе ў праваслаўнай царкве. Але ўжо з 13 год Натальля хадзіла ў барысаўскі касьцёл, дзе і ўбачыла сёстраў-эўхарыстак. Трэба сказаць, што кангрэгацыя эўхарыстак – гэта, так бы мовіць, жаночая галіна зграмаджэньня марыянаў, якую заснаваў у 20-я гады аднаўляльнік марыянаў, віленскі арцыбіскуп Юры Матулевіч. Сёньня, дарэчы, у Беларусі 15 законных дамоў эўхарыстак. Сястра Натальля Арлянковіч сказала, што ад першага свайго зьяўленьня ў касьцёле ў 13 год яна адчувала пакліканьне і адначасова сумненьне, гэта значыць, яна не магла адназначна сказаць, ці хоча яна стаць манашкай. І таму яна проста вырашыла пасьля заканчэньня школы паспрабаваць. І вось зараз ёй ужо 22 гады, яна некалькі год манашка і яна шчасьлівая, бо знайшла сваё месца ў жыцьці.

Тут дарэчы будзе сказаць пра агульную розьніцу, якая існуе паміж усходнім і заходнім манаствам. Усходняе манаства, праваслаўнае і ўсходнекаталіцкае, фармальна кажучы, сыходзіць ад сьвету, каб у малой грамадзе маліцца за гэты сьвет. Шматлікія ж законы і зграмаджэньні заходніх манахаў маюць кожны сваю харызму або спэцыялізацыю, яны часта, зноў жа фармальна кажучы, застаюцца ў сьвеце, каб працаваць дзеля яго. Напрыклад, славутыя дамініканцы – гэта інтэлектуалы-навукоўцы. Ёсьць каталіцкае зграмаджэньне Сыноў беззаганнага пачацьця, усе манахі якога – прафэсійныя лекары, пераважна дэрматолягі. Ёсьць і такія кангрэгацыі, як Сёстры міласэрнасьці маці Тэрэзы Калькуцкай, якія працуюць для бедных і хворых у самых цяжкіх умовах. Ну і каб быць дакладным, трэба сказаць, што і сярод заходняга манаства ёсьць формы, пры якіх людзі таксама сыходзяць ад сьвету – гэта так званае кляўзурнае манаства. Некаторыя манахі на ўсё жыцьцё адмаўляюцца выходзіць за межы пэўнай тэрыторыі кляштару – так званай кляўзуры, бывае, што яны адгарожваюцца кратамі, а некаторыя нават замуроўваюць сябе ў сваіх кельлях. Гэтак жылі некаторыя картэзыянцы ў славутым бярозаўскім кляштары – нават адтуліна ў сьцяне, празь якую ім падавалі ежу, мела некалькі паваротаў, каб іншыя браты не маглі бачыць твараў кляўзурных манахаў.

Апошні ўдзельнік сёньняшняй перадачы – манах Жыровіцкага праваслаўнага манастыра, брат, або інак Мікалай. Да свайго сыходу ў манастыр у 1996 годзе яго ведалі як Алега Бембеля або беларускага паэта Зьніча. Я таксама прашу яго расказаць пра яго манаскае пакліканьне – як, калі і чаму ён адчуў патрэбу закрыцца ў манастыры? Гаворыць брат Мікалай.

(Бембель: ) «Гасподзь паклікаў мяне ў манастыр, як я цяпер гэта адчуваю, калі мне было 17 гадоў, калі я прачытаў «Братоў Карамазавых» Дастаеўскага. Вобраз Алёшы Карамазава з той пары як недасягальны ідэал, як сонейка за хмарамі сьвяціў мне. Але спатрэбілася каля чатырох дзясяткаў год маіх блуканьняў (вось так вораг зацьміў мае вочы, багемнага майго блуканьня каля сарака гадоў спатрэбілася) перш чым гэтае пакліканьне я сапраўды пачуў. У ліпені 96-га году я прыехаў на тры дні ў Жыровіцкую абіцель, і вось я ўжо шосты год тут. Вось так – ад пакліканьня да таго, як я пачуў гэтае пакліканьне ўсім сэрцам, мінула амаль сорак гадоў».

(Абламейка: ) «Некаторыя манахі расказваюць, што зь імі адбыліся нейкія выпадкі, аварыі, нейкія асабістыя здарэньні, здарэньні ў асабістым жыцьці. А вы кажаце, што для вас вобраз Алёшы Карамазава быў усе сорак год пасьля таго, як вы прачыталі гэтую кнігу, і менавіта ў 96-м годзе нічога вас не штурхала, вы проста прыехалі і вырашылі застацца, так?»

(Бембель: ) «Не, матыў Алёшы Карамазава ўвесь час нібыта нарастаў. Ён быў, можна сказаць, на «піянісіма». Ён загучаў «фортэ» у 18 год, моцна, а потым яго заглушылі жарсьці сьвецкія, спакушэнньні сьвету заглушылі яго. Ён гучаў ціхенька, але гучаў увесь час. А гучаць мацней ён пачаў пасьля таго, як пачаліся мае сутыкненьні з сьветам яўныя і адкрытыя. І па ўсіх лініях сьвет мяне рэзка не прымаў, пачынаючы ад маіх пісьмёнаў у Акадэміі, пачынаючы ад маёй кнігі «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс» -- такая па руках хадзіла, але выдавецтвы сьвецкія яе ўпарта адкідалі і да гэтай пары адкідаюць. Пачынаючы змаганьнем за сядзібу бацькаву і невядома чым канчаючы, сьвет мяне паўсюль упарта адкідаў, адпрэчваў. А я вось, па асьляпленьні жарсьцямі сваімі, імкнуўся ўсё ж такі сьцьвердзіць свае задумкі, свае жарсьці, сваё сваечыньне ў сьвеце. І Гасподзь даў мне зьведаць бясплённасьць сьвецкага, неўцаркоўленнага актывізму, у тым ліку і палітыканскага, у поўнай меры. Кульмінацыя гэтага адбылася летам 96-га году, калі я, прыехаўшы на тры дні ў абіцель, зьбіраючыся яшчэ завершыць сьвецкія свае справы, раптам адчуў, што яны ніколі ня скончацца, сьвет ніколі ня выпусьціць мяне са сваёй пашчы, калі я сам не пайду за манастырскі мур».

(Абламейка: ) «У якой стадыі манаскага жыцьця вы зараз знаходзіцеся? Якія абеты ці шлюбы вы ўжо склалі?»

(Бембель: ) «Інак – гэта другая прыступка манаскага чыну. Абеты бяруцца ўжо пры манаскім пострыгу – абет цноты, паслушаньня, несьцяжаньня – вось гэтыя тры абеты бяруцца. А першыя прыступкі паслушніка і інака даюцца, каб душа праверыла сябе, ці сапраўды яна здольная стаць на гэты шлях запаволенага раскрыжаваньня, якім зьяўляецца манаства.

(Абламейка: ) «А можаце два словы сказаць пра манастырскае жыцьцё там у вас у Жыровічах? Статут манастыра?»

(Бембель: ) «Пад'ём а палове шостай. 6.00-8.30 – ранішняе богаслужэньне. 8.30-9.00 – сьняданак. 9.00-17.00 – паслушаньні. Поўны рабочы дзень: кожны выконвае дадзеныя яму блаславеньні, аналягічныя вайсковым загадам, якія не абмяркоўваюцца, а выконваюцца. Абед з 13 гадзін да 14.
З 17 і да 22 прыкладна вячэрнія богаслужэньні зь перапынкам на вячэру і хросны ход вакол манастыра. 22.00-23.00 – кялейныя малітвы, падрыхтоўка да наступнага дню, 23.00 – адбой. Апроч сьвяточных дзён, калі пад'ём на дзьве гадзіны пазьней. Але ўсё сьвяточныя дні цалкам прысьвячаюцца богаслужэньням індывідуальным, кялейным правілам, чытаньню духоўнай літаратуры. Аніякіх тэлебачараў, радыё, сьвецкіх чытаньняў – і так увесь час».

(Абламейка: ) «І апошняе пытаньне: вы прыйшлі ў манастыр беларусам, сьвядомым беларусам, і вось ужо шосты год знаходзіцеся ў манастыры. Як вы сябе адчуваеце там у нацыянальным пляне?»

(Бембель: ) «Кожны, практычна кожны насельнік стараецца са мной хоць два слоўцы сказаць па-беларуску, паказаць, што і ён ведае сваю Радзіму. Сэмінарысты практычна ўсе са мной свабодна гавораць па-беларуску. Ня бачыў я ніводнага чалавека, які б не выказваў радасьць ад таго, што ён чуе беларускую мову і што яму крыху сорамна, што ён ня можа свабодна са мной размаўляць па-беларуску. Вось такія адносіны да мяне і да беларускай мовы. Лісток, рэдактарам якога я зьяўляюся, – «Жыровіцкая абіцель» -- мы задумалі яго на трох мовах, каб прысутнічалі ўвесь час тры мовы – беларуская, расейская, ангельская. Ну і царкоўнаславянская, гэта ўжо само сабой. У якой меры, у якіх прапорцыях гэта атрымліваецца? Ну, як матэрыялы паступаюць, так яны і друкуюцца».

Вось такое сьведчаньне беларускага паэта Зьніча або Андрэя Бембеля, а сёньня брата Мікалая. Ён таксама пацьвердзіў словы першага ўдзельніка сёньняшняй перадачы, манаха-студыта з Полацку аб тым, што манаскае пакліканьне можа жыць у чалавеку шмат год. Брат Мікалай зараз сказаў, што адчуў пакліканьне ў 17 год і пасьля 40 год яно, заглушанае сьветам, жыло ў ім. І толькі ў 1996 годзе ён зразумеў, што калі не парве са сьветам, дык сьвет яго так ніколі і ня выпусьціць. Заўважце, у гэтых словах яшчэ адно пацьверджаньне факту, што да манаскага жыцьця здольныя і схільныя далёка ня ўсе людзі, бо большасьці з нас нават не прыходзіць у галаву думка, што мы знаходзімся ў палоне ў сьвету… Цікава таксама, што экс-Алег Бембель, хай даруе ён мне гэты фармалізм, называе манаства запаволеным укрыжаваньнем. Ён пералічыў усе свае сутыкненьні са сьветам, якія ўрэшце пераканалі яго, што сьвет яго адпрэчвае, што ён не такі, як усе, і што шлях ягоны – манастыры. А жыцьцё там, як мы чулі, ня лёгкае.

Ва ўсіх трох удзельнікаў сёньняшняй перадачы я настойліва пытаўся, ці не зьвязанае іх рашэньне прысьвяціць сябе манаскаму жыцьцю зь нейкім здарэньнем у іх так бы мовіць жыцьці цывільным. Усе трое адказалі, што канкрэтнага выпадку не было, што іх пакліканьне – гэта вынік доўгага або нядоўгага працэсу. А пытаўся я пра гэта недарэмна. Бо агульнавядома, што ёсьць і шмат іншых выпадкаў, калі людзі выбіраюць манаскае жыцьцё пасьля нейкіх трагедыяў, хваробаў ці катастрофаў і войнаў.

Прывяду тут адзін прыклад. Сябры колішняй менскай “Талакі” ведалі высокага, цыбатага хлопца з Чыжоўкі Паўла Кавалёва або Пашу, як клікала яго большасьць талакоўцаў. Сёньня гэта вядомы беларускі грэка-каталіцкі сьвятар, манах-студыт, айцец Пахом Кавалёў. У 1990-91 гадах ён служыў у войску і там цяжка захварэў – на назе пад каленам узьнікла пухліна косьці, і лекары прапанавалі тэрміновую ампутацыю нагі, каб уратаваць жыцьцё маладога хлопца. Ён аднак ад ампутацыі адмовіўся, быў камісаваны з войска, прыехаў у Менск, дзе і сустрэўся з сябрамі, адзін зь якіх на той час быў грэка-каталіцкім айцом дыяканам. Вось ён яго ўлетку 91-га году і адвез у Львоў, у кляштар да тамтэйшых манахаў-студытаў. Там здарыўся першы цуд – манахі прынялі цяжка хворага ў манастыр, чаго звычайна не бывае – у кляштары хворых і калекаў не прымаюць. А пасьля адбыўся і другі цуд – усе браты манастыра маліліся за здароўе Паўла Кавалёва, і цяжкая хвароба адступіла. Павал застаўся ў манастыры назаўсёды, склаў вечныя манаскія шлюбы пад імем Пахома, скончыў духоўную акадэмію і вярнуўся ў Беларусь. Пра гэты цуд перамогі малітвы над саркомай айцец Пахом Кавалёў склаў сваё сьведчаньне ў Інтэрнэце на сваім пэрсанальным сайце.
XS
SM
MD
LG