Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гутарка на тэму веры і маралі.


Кастусь Бандарук, Прага

Чым патлумачыць тую зьяву, што людзі, якія называюць сябе вернікамі і якія вераць у богаўстаноўленасьць нормаў маралі, на практыцы не прытрымліваюцца іх? Як падняць маральны ўзровень ў цяперашняй Беларусі? У абмеркаваньні гэтых тэмаў удзельнічаюць: загадчык Катэдры Найноўшай Царкоўнай Гісторыі на Каталіцкім Унівэрсытэце ў Любліне праф. Анзэльм Вайс (Anzelm Weiss), філёзаф Мікалай Крукоўскі, а таксама сацыёляг зь Берасьцейскага Ўнівэрсытэту Анатоль Лысюк.

(Бандарук: ) “Тэма сёньняшняй перадачы ня новая. Пытаньне маралі заўсёды актуальнае. Больш за дзьве тысячы гадоў таму знакаміты рымскі аратар Цыцэрон усклікнуў: “О, часы. О, звычаі”. Зьвяртаючыся да маладога патрыцыя Катыліны ён, абураны, ганіў яго: “ Дакуль ты будзеш злоўжываць нашай цярплівасьцю? Дакуль будзеш хуліганіць, трывожыць сон мірных жыхароў, чапляцца да жанчынаў, прымушаць начныя патрулі ганяцца за табою?”

Магчыма, і ў часы Цыцэрона моладзь шалела, але няцяжка ўявіць, што сказаў бы Цыцэрон пра наш час і сучаснае грамадзтва. Калі гутарка йдзе пра маральны стан грамадзтва, дык шмат кажуць пра вульгарнасьць, разбэшчанасьць, бессаромнасьць, хуліганства, брыдкаслоўе, наркаманію, алькагалізм, крадзяжы, забойствы, і пры тым ня толькі сярод моладзі. І ўсё гэта адбываецца ў грамадзтве, у якім больш за палову насельніцтва лічыць сябе хрысьціянамі. Для тэолягаў сувязь паміж маральлю і рэлігіяй неаспрэчная. Маральнасьць выплывае з рэлігіі, а рэлігія тлумачыць яе і сьцьвярджае. Тэарэтычна вера ў Бога павінна асацыявацца з высокай маральлю гэтак, як лета зь цяплынёю.

Тэолягі лічаць, што бязьвер’е вядзе толькі да пустой свабоды без каштоўнасьцяў і маральных тормазаў, да амаральнасьці, а вера ў Бога непасрэдна ўплывае на маральнае аздараўленьне грамадзтва. На жаль, гэтага не назіраецца. У чым прычына? З гэтым пытаньнем я найперш зьвяртаюся да берасьцейскага сацыёляга Анатоля Лысюка”.

(Лысюк: ) “На Беларусі існуе каласальны разрыў паміж вялікай колькасьцю людзей, якія засьведчылі свой рэлігійны, хрысьціянскі выбар, і надзвычай нізкім узроўнем маральнасьці. Аб гэтым сьведчыць мноства фактаў: дзьве траціны разводаў ад агульнай колькасьці шлюбаў, 8% жанчынаў, якія бываюць аб’ектамі розных формаў гвалту, альбо татальная крыміналізацыя грамадзтва. Вядома, што таксама многія хрысьціяне не зьяўляюцца ўзорам высокай маралі. У нас можа быць амаральны вернік, хрысьціянскі паганін, альбо праваслаўны атэіст. Такім чынам узьнікае пытаньне: што гэта? Ці Бог зусім страціў сваю сілу і моц, што за назовам “ хрысьціянін” стаіць цалкам іншая істота?”

(Бандарук: ) “Тут мне прыгадваецца адзін прыклад. Некалі кардынал Стэфан Вышынскі зьвярнуўся да камуністычнага лідэра Польшчы Ўладыслава Гамулкі з наступнай ідэяй: "Таварыш першы сакратар, народ сьпіваецца. Трэба нам сумесна, Царкве і дзяржаўным уладам, змагацца з гэтай паталёгіяй. У адказ кардынал пачуў: “Прабачце, а хто п’е? Нас, камуністаў, усяго два мільёны. Усе астатнія – гэта каталікі. Дык гэта вашая праблема”. Сапраўды, вернікі пакліканыя быць “сольлю зямлі”, закваскай дабра, павінны быць маральна здаровай часткай грамадзтва. На жаль, у штодзённым жыцьці, па-за храмам, яны ня надта адрозьніваюцца ад усіх астатніх. Наяўнасьць разрыву паміж верай і маральлю, паміж тэорыяй і практыкай відавочная нават у традыцыйна хрысьціянскіх краінах. З тым жа пытаньнем, пытаньнем аб прычынах гэтай зьявы я зьвярнуўся да каталіцкага тэоляга, прафэсара Анзэльма Вайса.

(Вайс: ) “Зразумела, сапраўды гэта так, а прычына ў тым, што мы ўвесь час ў дарозе. І пакуль мы ў дарозе, нам трэба ўвесь час намагацца, падцягвацца да той вышыні, якую нам прызначыў Хрыстос. Адкуль гэта бярэцца, што нашыя паводзіны не заўсёды супадаюць зь верай? Першая і асноўная прычына ў першародным граху. Гэта свайго роду пляма на нашай індывідуальнасьці, і вынік гэтага граху мы вымушаныя безупынна пераадольваць. Было б цудоўна бяз гэтай спадчыны, але мы яе атрымалі і ўсе ў ёй удзельнічаем. Праўда, дзякуючы хросту сам грэх пераможаны, але яго восьць, тая схільнасьць да зла ў чалавеку застаецца.

Людзі спрабуюць сфармаваць ідэальныя грамадзтвы і сыстэмы, што ў сфэры тэорыі пахвальнае, але калі даходзіць да ажыцьцяўленьня гэтых задумаў, дык тая прыродная загана чалавечага характару бярэ верх і зводзіць на нішто самую высокародную ідэю. Такім чынам, нашае жыцьцё – гэта безупыннае намаганьне стаць падобным да Хрыста, перамагчы ў сабе тую цягу пайсьці найлягчэйшым шляхам, быць “як усе”. Нават апостал Павал кажа, што носіць ў сваім целе нейкі цернь, калюшку, з прычыны якой ён грэшны і слабы. Хрыстос сказаў: “Безь мяне ня можаце нічога зрабіць”. Толькі тады, калі чалавек поўніцай абапрэцца на Хрыста, ён здолее перамагчы слабасьць сваёй натуры, тады будзе здольны нават на тое, што зрабіў айцец Максымільян Кольбэ, будзе здольны на такія ж гераічныя жэсты. Але толькі тады, калі абапрэцца на Хрыста. Ягонай моцай чалавек здольны на многія высілкі”.

(Бандарук: ) “Прыродная схільнасьць да граху – гэта відавочны факт, але ці выпадае ўсё тлумачыць ёю? Справа ў тым, што вернікі ў асноўным згодныя, што біблейскія нормы маралі – гэта воля самога Бога. Яны не аспрэчваюць іхнай слушнасьці, але на практыцы паводзяць сябе ня проста йнакш, але часам наўпрост адваротным чынам. Вернікі ведаюць і пагаджаюцца з дзесяцьцю запаветамі, з эвангельскімі прынцыпамі любові, дабра, справядлівасьці, міласэрнасьці. Аднак, выйшаўшы з храму, яны адразу пачынаюць кіравацца іншымі, агульнапрынятымі нормамі паводзінаў. “Любоў да бліжніх” – гэта высокі ідэал, але ў штодзённым жыцьці ня любяць іншадумцаў, цыганаў, жыдоў або асобаў каўкаскай нацыянальнасьці. Нават родны брат ня любіць брата, ня кажучы пра суседзяў. Ведаюць, што крадзеж – гэта грэх, але ўкрасьці калгаснае – гэта ўжо ня грэх, бо гэта нічыё. У дадатак да рэлігійнай этыкі ёсьць этыка прафэсійная, лекарская, прадпрымальніцкая, нават журналісцкая, але і гэта не прадухіляе зла. Дык можа, проста слабая ў вернікаў вера, або нормы маралі ім не пад сілу? Калі ласка, спадар Мікола Крукоўскі.

(Крукоўскі: ) “Тут могуць быць дзьве прычыны. Адна прычына такая, што чалавек ня вельмі трымаецца тых ідэалаў, у якія верыць, альбо ў прынцыпе ён верыць, але ў канкрэтнай сытуацыі адступае ад гэтага. І тут атрымоўваецца тое, што называецца двайной маральлю. Але з другога боку, мне здаецца, прычына яшчэ і ў тым, што мараль – гэта гіерархічная сыстэма, вобразна кажучы, шматпавярховы будынак. Найніжэйшыя паверхі – гэта тое, што вы казалі: прафэсійная, напрыклад лекарская, прадпрымальніцкая альбо нейкая іншая этыка, і нарэшце – рэлігійная этыка. Унізе разьмяшчаюцца тыя, якія тычацца матэрыяльнага жыцьця, дзе чалавек кіруецца ня духам, але целам, матэрыяльнымі інтарэсамі, інстынктамі. А вось найвышэйшы паверх займае рэлігійная этыка, накіраваная ўжо да неба, да абсалюту.

Рэлігійная этыка не грунтуецца на нейкай сытуацыі, на выгадзе, на прынцыпе “што прыемна, то і добра”, які па сутнасьці мяжуе з анты-этыкай. У ёй галоўнае не дабро як этычная катэгорыя, але асалода. Гэта ўжо цялеснае, жывёльнае. Паспрыяў гэтаму пост-мадэрнізм і падобныя да яго зьявы. Яны адкінулі абсалютныя нормы маралі, кажучы, што ўсё адносна, няма ніякага абсалюту”.

(Бандарук: ) “Аднак усё роўна, ніводзін кодэкс нормаў маралі не зьявіўся інакш, як толькі на аснове якога-небудзь веравучэньня. Возьмем для прыкладу славуты біблейскі дэкалёг “Дзесяць Запаветаў”. “Гетэранімічная” альбо абсалютная этыка непрывабная з прычыны сваёй катэгарычнасьці. У ёй існуюць паняцьці абсалютнага дабра, або зла. Калі гаворыцца “не забі”, дык гэта значыць – ніколі, без аніякага выключэньня. Аднак гэты запавет выклікае шмат спрэчак. Нават царква ня ведае, як паставіцца да яго. Яна асуджае забойства, але і бласлаўляе жаўнераў на абарону радзімы, тых, якія едуць ваяваць у Чачэнію. Значыць, дапускае, што яны будуць забіваць. Вы самі былі на вайне, а на вайне не страляюць у паветра. Як супаставіць гэты запавет з рэальным жыцьём?”

(Крукоўскі: ) “Ведаеце, тут інтымны момант ў тым сэнсе, што датычыць ўласнага сумленьня. Але я вам скажу, што ў мяне рукі чыстыя. Часам бывала, што хацелася б інакш сябе паводзіць ў баявых сытуацыях. Паранены я быў, праўда, калі выцягваў з поля бою свайго прыяцеля. Але, тут я вам скажу, што зараз ацэнка партызанскага руху на Беларусі вельмі супярэчлівая. Нямецкае гестапа – гэта сур’ёзная рэч была: там толькі палкі, альбо магіла. Толькі два пакараньні былі. Але мы пайшлі ў лес, а вось цяпер на гэтых людзей нават такія, як Сьвятлана Алексеевіч, кажуць, што мы былі бандытамі і распутнікамі. Але ж, у цэлым, нам і зараз можна ганарыцца гэтым.

Мне здаецца, што гэта вельмі сур’ёзная дылема і для Царквы, і для філёзафаў. Я таксама б’юся над гэтай праблемай. Калі гаварыць, напрыклад, пра тую ж Чачэнію і расейскую праваслаўную царкву, то РПЦ часам служыць ня Богу, але кесару. Можна было б сьмялей выступаць супраць таго страшнага, што адбываецца ў Чачэніі, прычым часам у імя Бога, а гэта вялікі грэх. Але ўсё-такі, мне здаецца, і яны пераходзяць на такую талстоўскую пазыцыю. На гэтую тэму расейскі філёзаф Ільін напісаў кнігу “Аб супраціўленьні злу сілай”. Ён быў вельмі рэлігійным чалавекам і выдатным філёзафам. Ён пакутаваў над гэтай праблемай. Гэта тое, што Гегель называў дыялектычнай супярэчнасьцю. Кант увогуле лічыў, што тут рэзкая антыномія, ніякай гармоніі ня можа быць. Гегель думаў, што ўсё такі гармонія магчымая, але мы яе так рэдка бачым”.

(Бандарук: ) “Да сказанага раней пра абсалютную этыку хачу дадаць, што ў гісторыі эўрапейскай культуры былі толькі два пэрыяды, калі абсалютны характар нормаў маралі адкідаўся. У 5 стагодзьдзі да нашай эры грэцкія сафісты лічылі, што маральныя правілы павінны ўстанаўляць самі людзі дзеля дасягненьня як мага большай колькасьці асалодаў і ўцехаў (геданізм) альбо шчасльлівага самаадчуваньня, супакою душы (эўдайманізм) Аднак шмат каму погляды сафістаў падаліся шкоднымі. Гэтак, іх востра асудзіў Сакрат. Калі трымацца вучэньня сафістаў, гэта прывяло б да парушэньня грамадзкага парадку. Таксама у 18-20 стагодзьдзях прыхільнікі натуральнай маралі цьвердзілі, што мараль не патрабуе рэлігійнай асновы. Яна неад’емна зьвязаная з чалавечай натурай і закладзеная ў душы чалавека. Аднак вернемся да прычынаў той двайной маралі, адкуль яна ў грамадзтве, якое у асноўным лічыць сябе хрысьціянскім? Калі ласка, спадар Лысюк.

(Лысюк: ) “Няма простага адказу на гэтае пытаньне. Тут адразу ўзьнікае спакуса ва ўсім абвінаваціць дзяржаву (а як жа інакш), прэзыдэнта, Захад, некаторыя царкоўныя колы, сродкі масавай інфармацыі, адукацыйныя ўстановы і гэтак далей. Тым больш, што існуюць пэўныя падставы для такіх цьверджаньняў. Аднак на самой справе, галоўная прычына нашай амаральнасьці ў іншым. У тым, як гэта сказана ў Сьвятым Пісаньні, што “людзі больш ўзьлюбілі цемру, чым сьвятло таму, што ўчынкі іхныя былі злыя”. Выбар дабра ці зла, Бога ці д’ябла – гэта індывідуальны, непазьбежны выбар кожнай асобы, кожнага беларуса. Бог даў нам свабоду выбіраць нашыя ўчынкі. Калі, аднак, Беларусь пачынае задыхацца ў зьле, гэта сьведчыць аб тым, што нашыя дзеяньні кіруюцца пажадлівасьцямі цела, вачэй, што злымі зьяўляюцца нашы справы. Мы знаходзімся ў палоне хлусьні, гвалту, палітычнай ідаламаніі, варожасьці, страху, эгаізму і гэтак далей. Гэты палон мы выбралі самі, добраахвотна. На самой справе, значная колькасьць маіх суайчыньнікаў служаць чорту. А ня Богу. Таму я не асьмеліўся бы гаварыць пра мудрасьць, душэўную чысьціню беларусаў. Відавочна, што нашая краіна ляжыць у зьле, да якога маюць непасрэднае дачыненьне мільёны беларусаў”.

(Бандарук: ) “Гаварыў Анатоль Лысюк. Магчыма, гэта слабое тлумачэньне, але варта адзначыць наступнае. Шмат хто бачыць у біблейскіх нормах маралі шмат супярэчнасьцяў. У пятым разьдзеле Эвангельля паводле Мацьвея гаворыцца: “Не супраціўляйся злу, але калі нехта цябе ўдарыць ў адну шчаку, падстаў яму і другую”. Аднак пераважна людзі не дазваляюць сябе зьбіваць. Яны абараняюцца. У Эвангельлі таксама гаворыцца, што мужчына не павінен глядзець на жанчыну з пажадлівасьцю, што, калі яго спакушае вока альбо рука, лепш выкалаць вока і адсячы руку. На самой справе веруючыя мужчыны глядзяць на прыгожых жанчынаў нармальна, яны захапляюцца іхнай прыгажосьцю, і сярод вернікаў ня бачна людзей, якія б сталі сьляпымі ці бязрукімі з гэтай прычыны.

Такім чынам, сьвецкая мараль не пагаджаецца зь некаторымі біблейскімі нормамі. Яна дапускае розныя выключэньні, апраўданьні некаторых паводзінаў надзвычайнымі акалічнасьцямі, паняцьце невялікай шкоднасьці ўчынку і г. д. Гэтая сытуацыйная этыка кіруецца зямнымі, рацыянальнымі аргумэнтамі, якія зьяўляюцца вынікам агульнаграмадзкай дамовы і вопыту. Значную частку яе рэгулююць звычаі, або сьвецкія законы. Калі рэлігійная этыка ненадзейная, мала выяўляецца ў жыцьці, дык можа, няма што на яе і разьлічваць? Можа, у такім выпадку лепш было-б абмежавацца сьвецкімі законамі? Права, закон – гэта мінімум маралі, мінімум маральных нормаў, безь якіх нельга ўявіць грамадзкае жыцьцё. Можа, трэба было б настойлівей патрабаваць іх выкананьня і гэтага хапіла б?”

(Вайс: ) “На маю думку, гэта дарэмнае. На практыцы яно нічога не дае. Справа ў тым, што калі чалавек робіць нешта без унутранага перакананьня, заглушаючы сваё сумленьне, то ён заўсёды знойдзе мноства спосабаў, каб абмінуць альбо парушыць закон, а нават знайсьці для гэтага нейкае апраўданьне. Гляньце, колькі зараз прыдумляюць розных этычных нормаў? І навошта? Дастаткова было б абаперціся толькі на дзесяць запаветаў. Паколькі, аднак, ня ўсе прызнаюць рэлігійную мараль, мы маем гэтулькі этычных кодэксаў, зь якіх, аднак, нічога не вынікае, бо ў іх няма той унутранай санкцыі, і іх увесь час парушаюць. На маю думку, усё маральнае выплывае з чалавечага сэрца. Там першакрыніца ўсялякага дабра, але, на жаль, таксама і зла. Вернік, нават калі зьдзейсьніць зло, адчувае, што гэтым абразіў Бога і парушыў устаноўлены Ім парадак. А чалавек, які кіруецца толькі сьвецкай этыкай і адкідае існаваньне Бога, калі парушыць нейкі этычны кодэкс, дык думае толькі пра тое, ці яго зловяць, ці не. Гэта іншы прынцып, іншая падстава маралі”.

(Бандарук: ) “Гэтак лічыць прафэсар Анзэльм Вайс. Нельга не згадзіцца з гэтай думкай. Паліцыя і суды могуць абмежаваць колькасьць забойстваў і крадзяжоў, але сапраўдная мараль прадугледжвае нормы, якія перавышаюць элемэнтарны ўзровень. Прававыя нормы, як правіла, забараняюць: забіваць, красьці, даваць фальшывыя паказаньні, але адсутнасьць найгоршага зла – гэта яшчэ не дабро. Рэлігійныя, маральныя нормы заклікаюць чалавека любіць іншых людзей, ахвяраваць ім сваю маёмасьць, падзяляць іхныя патрэбы, мець чыстыя памкненьні. Такім чынам, права рэгулююе паводзіны, а мараль – матывы гэтых паводзінаў, а сувязь матываў і паводзінаў – відавочная.

Канстатуючы той сумны факт, што, незалежна ад матываў, амаральнасьць зьяўляецца фактам, у мяне яшчэ адно пытаньне да маіх суразмоўцаў: што рабіць? Хто павінен заняцца маральным аздараўленьнем грамадзтва? Чыё гэта заданьне ў першую чаргу? Калі ласка, спадар Анатоль Лысюк.

(Лысюк: ) “Безумоўна, тут шырокая прастора і патрэба дзеяньня і для дзяржавы, і для царквы, і для грамадзкай супольнасьці. Але зноў-такі, у першую чаргу для людзей, якія штодзень, паўсюдна, і дома, і на працы, у адносінах з блізкімі і з далёкімі робяць свой маральны выбар. Надзвычай важна, каб асабліва сьвятары ўвасаблялі сабою цудоўны вобраз Божы, каб палітычныя дзеячы скарыстоўвалі сваю ўладу на дабро і супрацьстаялі злу, у тым ліку маральнаму злу. Што датычыць простага, звычайнага чалавека, які лічыць сябе хрысьціянінам, дык ён павінен рабіць тое, што патрабуе ад яго Бог. Дакладней, правільна вызначаць свае жыцьцёвыя прыярытэты. Патрэбна па-сапраўднаму пакаяцца і ўстанавіць непасрэдную лучнасьць з Богам. Абавязкова таксама палюбіць Бога і пазнаваць Яго, дзейнічаць у адпаведнасьці зь Ягонай ісьцінай. На жаль, толькі лічаныя адсоткі беларусаў, згодна з сацыялягічнымі дасьледаваньнямі, робяць гэта. Пры ўсёй важнасьці патрэбаў матэрыяльнага існаваньня, нельга ператвараць іх у асноўны сэнс быцьця. Важна таксама сапраўдным, а не папяровым хрысьціянам узяць на сябе адказнасьць, у тым ліку палітычную, за створаны Богам сьвет. Чым менш ў хрысьціянаў сацыяльнай актыўнасьці, тым большую асалоду адчувае Люцыпар ад паўнаты сваёй улады. Толькі духоўнае і маральнае адраджэньне беларускага грамадзтва дазволіць яму эфэктыўна вырашыць і сацыяльна-эканамічныя праблемы”.

(Бандарук: ) “Дзякуй Анатолю Лысюку, і на заканчэньне – думка прафэсара Крукоўскага”.

(Крукоўскі: ) “Я думаю, што ўсё такі вось той крызіс, і маральны, і матэрыяльны (дарэчы, матэрыяльны крызіс зьяўляецца вынікам крызісу маральнага, духоўнага), гэты крызіс зьменіцца пад’ёмам. Ёсьць канцэпцыя Шпэнглера, Тоймбі, Сарокіна, якія лічаць, што разьвіцьцё адбываецца як-бы па сінусоідзе. Вось мы зараз знаходзімся амаль што на дне, і калі лінія пойдзе ўверх, тады пачне пераважаць духоўнае над матэрыяльным, альтруістычнае над эгаістычным, дух над целам. І тут вядучую ролю павінна пачаць адыгрываць Царква. Я бачу, што зараз адбываецца пэўнае адраджэньне царкоўнасьці, веры, няхай сабе часам у не зусім правільных формах, але ўжо гэта сьведчыць аб тым, што мы пачынаем падымаць галовы ўверх. Лінія разьвіцьця пачынае йсьці ўверх, асабліва сярод моладзі. Моладзь шукае нейкіх іншых крытэрыяў і каштоўнасьцяў: не цялеснае, ня толькі страўнік і генэталіі, а ўсё-такі галава, розум. А розум – гэта зьмясьцілішча Бога. І ў адраджэньні нашай беларускай культуры рэлігія таксама павінна адыграць вядучую ролю. Калі мы будзем такімі вернікамі, што зможам пайсьці нават на крыж, на касьцёр, вось тады мы пераможам”.

(Бандарук: ) “Тэорыя пра сінусоіднае разьвіцьцё падзеяў, якую выказаў Мікалай Ігнатавіч, надзвычай аптымістычная. Гэта значыць, што з гледзішча свайго маральнага стану цяперашняе грамадзтва апынулася на самым дне, то бок, што горш ужо не будзе. У кожным разе, нельга склаўшы рукі чакаць, калі будзе лепш. Я шчыра дзякую прафэсару Мікалаю Крукоўскаму, прафэсару Анзэльму Вайсу і Анатолю Лысюку за ўдзел у сёньняшняй праграме”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG