Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэрквы і вернікі ў Беларусі і па-за яе межамі пра вайну з тэрарызмам.


Кастусь Бандарук, Прага

Прайшло больш як месяц з часу тэрактаў супраць Злучаных Штатаў. Тыдзень таму атакай на Афганістан распачалася, абвешчаная адразу пасьля 11-га верасьня, вайна супраць тэрарызму. Хаця ўсе спадзяваліся такога разьвіцьця падзеяў, аднак вайна шмат у каго выклікае самыя трывожныя думкі. У панядзелак, 8 кастрычніка, Экумэнічная Рада Цэркваў заклікала ЗША і Вялікабрытанію спыніць ваенную апэрацыю. 342 пратэстанцкія, праваслаўныя і англіканскія цэрквы апублікавалі сумесную заяву, у якой гаворыцца: “Мы ня думаем, што вайна можа быць калі-небудзь, асабліва ў наш час высокаразьвітых тэхналёгіяў, найлепшым адказам на гэткі самы агідны грэх тэрарызму. Мы ня думаем, што вайну можна лічыць гуманным крокам, альбо каб ваенныя дзеяньні зьвязваць з гуманітарнай дапамогай,” – гаворыцца ў заяве. У чацьвер, 11-га кастрычніка, дакладна месяц пасьля трагедыі, Папа Рымскі Ян Павал ІІ адслужыў спэцыяльную багаслужбу. Ён выказаў спадзяваньне, што “плянэта можа яшчэ спазнаць дні спакою і міру”. Падобных перасьцярогаў і заклікаў да стрыманасьці чуваць безьліч. Аднак ёсьць і супрацьлеглыя, ваяўнічыя настроі. Яны выкліканыя тым сапраўдным шокам ад сцэнаў, пра якія штодзень не дазваляе забыцца тэлебачаньне, круцячы тыя жахлівыя кадры.

Сёньняшню гутарку я хачу пачаць з пытаньня пра тую першую рэакцыю вернікаў-беларусаў на Бацькаўшчыне і ў замежжы на падзеі 11-га верасьня. Найперш а. Дзімітры Беленьнкі з Кліўленду.

(Бленькі: ) “Натуральна, рэакцыя была такая ж, як і ў кожнага, звычайнага чалавека, які жыве ў Амэрыцы, бо гэта паказала не найлепшы бок чалавечай натуры, і таго, што магчымае ў нашым цывілізаваным сучасным сьвеце. Бачыце, людзі якія жывуць ў Амэрыцы, прызвычаіліся да таго, што яны заўсёды абароненыя. Яны перакананыя, што жывуць у моцнай дзяржаве, якая магутная і ў эканамічным, і ў вайсковым сэнсе. Таму і ўсе былі абсалютна спакойныя. Амэрыканцы і тыя, што жывуць ў гэтай краіне, ніколі і не спадзяваліся, што нешта падобнае можа здарыцца”.

(Бандарук: ) “Аднак здарылася. Пасьля гэтай трагедыі, многія, пры тым зь некаторым пафасам, пачалі гаварыць, што зараз ужо нічога ня будзе такім, якім было дагэтуль. Некаторыя лічаць, што тэракты разбурылі міт дэмакратычнага, заможнага, самазадаволенага грамадзтва. Чэскі
тэоляг, філёзаф і эсэіст Томаш Галік называе тры падзеі, якія ўскалыхнулі падмуркі цывізіцыі, заснаванай на розуме. Гэта Галакост, затым нафтавы крызыс і цяперашнія тэракты. На думку Галіка, пасьля 11-га верасьня ужо “немагчыма прытрымлівацца ілюзіі, што ідэалы адкрытага заходняга дэмакратычнага грамадзтва прывабныя для ўсіх, і што ўсе іх прыймуць гэтак, як прынялі дасягненьні заходняй навукі і тэхнікі”. Айцец Дзімітры, ці на Вашу думку, сапраўды абрынуўся амэрыканскі лад жыцьця?”

(Бленькі: ) “Я ня думаю, што гэта рухнула! Цяпер тут назіраецца небывалы ўздым патрыятызму. Людзям нагадваюць і пераконваюць іх, каб яны жылі гэтак як і раней, каб кожны заставаўся на сваім месцы. Маўляў, дзеці павінны нармальна вучыцца ў школах, дарослыя павінны нармальна працаваць. Кожны амэрыканец павінен надалей даваць з сябе тое найлепшае, што ён можа зрабіць для гэтага грамадзтва”.

(Бандарук: ) “Гэтак лічыць праваслаўны сьвятар з Кліўлену а. Дзімітры Беленькі. Дарэчы, праз месяц пасьля тэрактаў прэзыдэнт Джордж Буш чароговы раз заявіў, што тэрарыстам ня ўдасца запалохаць амэрыканцаў, але зь іншага боку вядома, што людзі баяцца наступных тэрактаў, баяцца садзіцца ў самалёты, купляюць супраць-газавыя маскі. А як ўспрынялі атаку супраць ЗША беларусы ў самой Беларусі і ў гэтак званым “блізкім замежжы”. Вось што сказаў а. Васіль Навінскі зь Вільні”.

(Навінскі: ) “Успрынялі як і ўсе людзі. Гэта жахлівая падзея. Але я б ня стаў гэтага зьвязваць толькі з ісьлямам. Тэрарысты ёсьць сярод мусульманаў і немусульманаў. Тэрарызм ёсьць і ў Эўропе, у Ірляндыі, Гішпаніі. Аднак, нейкія падставы для тэрырзму ісьлям усё ж дае, бо джыгад, які аб’явілі тэрарысты, гэта рэлігійнае паняцьце. Што тычыцца Кур’ану, дык яго тлумачаць па-рознаму. Адны даказваюць, што тэрарызм супярэчыць ісьляму, а іншыя, тыя ж тэрарысты кажуць, што іхныя дзеяньні багаўгодныя. Але, як мне падаецца, з рэлігіяй гэта мала зьвязане. Тут відавочныя іншыя, па-зарэлігійныя матывы”.

(Бандарук: ) “Айцец Васіль Навінскі зьяўляецца адным з трох праваслаўных сьвятароў, якія ў Вільні рэгулярна адпраўляюць багаслужбы па-беларуску. І яшчэ думка епіскапа па менскай вобласьці Царквы пяцідзесятнікаў Беларусі Міхаіла Вайніловіча”.

(Вайніловіч: ) “Мы таксама з болем успрынялі гэты тэракт і разумеем, што гэта зло. Мы перажывалі, маліліся разам з усімі людзьмі, з усімі вернікамі, якія спачуваюць адно аднаму. Бог уклаў ў нашыя сэрцы любоў. Мы молімся, каб Бог не дапусьціў больш такіх тэрактаў, каб людзі ня гінулі. Там жа загіблі многія, якія ня ведалі Бога, не былі збаўленыя, і мы за гэта найбольш перажываем. З другога боку, у Сьвятым Пісаньні ёсьць аповед пра тое, як ў Хрыста спыталіся пра тых, “якіх целы Пілат зьмяшаў з крывёю”. Хрыстос адказаў: “Няўжо гэтыя людзі больш грэшныя за тых, на каго упала вежа і забіла мноства людзей? Але калі не пакаецеся, усе гэтак жа загінеце”. На нашую думку, проста гэта можа быць папярэджаньне для тых, хто яшчэ застаецца ў жывых. Мы яшчэ з большай адданасьцю павінны маліцца, заклікаць Бога, каяцца ў нашых грахах, каб атрымаць Божае блаславенства і абарону, каб Бог не дапусьціў больш такога зла”.

(Бандарук: ) “Гаварыў епіскап беларускіх пяцідзесятнікаў Міхаіл Вайніловіч. Хачу адзначыць, што на думку тэолягаў, кожная падзея мае нейкі глыбейшы сэнс. І зло і дабро хрысьціяне лічыць невыпадковым. Маўляў, Бог іх пасылае альбо дапускае ў якасьці нейкага сыгналу. Я пацікавіўся таксама, што думае наконт тэрору і вайны сьвецкі вернік. Гэта вядомы таксама з нашых праграмаў філёзаф Алесь Анціпенка”.

(Анціпенка: ) “Па-першае, ясна, што тэрарызм мусіць быць асуджаны. Гэта тое, што непрымальнае, недапушчальнае. Але ў той жа час, я думаю і пра тое, што напэўна і ў нашых культурах адсутнічаюць яшчэ дастаткова моцныя мэханізмы ўспрыняцьця іншага, непадобнага. І вось напэўна з прычыны адсутнасьці гэтых мэханізмаў і нараджаецца сытуацыя, калі неталерантнасьць, агрэсія і тэрор робяцца спосабам вырашэньня тых ці іншых праблемаў. Я думаю, што ўвогуле вайна і тэрор – гэта факты паразы культуры. Добра, калі толькі часовай паразы культуры, але гэта сур’ёзная праблема. Давайце зьвернем увагу на той факт, што яшчэ да тэрактаў супраць ЗША афганскія талібы разбуралі будыйскія сьвятыні. Напэўна, мы тады і не падумалі, што гэта можа прывесьці да эскаляцыі неталернатнасьці і агрэсыі на гэты раз проста супраць людзей, а ня толькі супраць сьвятыняў і помнікаў. Напэўна, нашая культура яшчэ не заўсёды чуйная да такіх вось сытуацыяў, і ў гэтым я бачу праблему”.

(Бандарук: ) “Гэтак лічыць філёзаф Алесь Анціпенка. Аднак вернемся яшчэ ў Амэрыку, дзе таксама жывуць многія беларусы. Я прыгадваю сцэны з тэлеэкрану, калі палестынцы і нават мусульмане ў ЗША ня ўтойвалі сваёй радасьці ад таго, што спасьцігла Амэрыку. А як павялі сябе беларускія вернікі ў ЗША. Айцец Дзімітры”.

(Беленькі: ) “Трагедыя адбылася ў аўторак, а ўжо на пятніцу прэзыдэнт прызначыў нацыянальны дзень малітвы. Хаця ўсё адбылося ў кароткі час, аднак нашыя людзі зарганізаваліся, сабралася парафіяльная рада.
Найлепшае, што мы маглі зрабіць, гэта паведаміць пра свае пляны мясцовае тэлебачаньне, якое кожны дзень паказвала, якія цэрквы праводзяць адмысловыя мерапрыемствы. Мы паведамілі, што і наша Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква будзе мець жалобную багаслужбу. Парафіяне тэлефанавалі адно аднаму, бо трэба адзначыць, што нашыя людзі, хаця яны беларусы, аднак адчуваюць сябе часткай амэрыканскага грамадзтва. Яны перажываюць гэтак як і ўсе, гэтак жа рэагуюць. У нас адбылася спэцыяльная багаслужба за ахвяры тэрактаў. У першую ж нядзелю я прамовіў да вернікаў і заклікаў іх асабліва горача маліцца за амэрыканскі народ, за войска, прэзыдэнта і ўрад. Я заклікаў, каб цяпер у кожнага асаблівае месца заняла малітва за Амэрыку”.

(Бандарук: ) “Як кажа а. Дзімітры Беленьні з Кліўленду, гэтак ўключылася ў агульнанацыянальную жалобу ягоная парафія ў Кліўлендзе . І з гэтым жа пытаньнем я зьвярнуўся ў Вільню да а. Васіля Навінскага”.

(Навінскі: ) “Спэцыяльнай багаслужбы мы не праводзілі, але была адслужаная паніхіда па тых хрысьціянах, якія там загінулі. Нашы людзі былі абураныя тэрактамі, але і выказвалі думку, што адказ на іх павінен быць збалянсаваны, каб, як гаворыцца ў Бібліі, “другое зло не было горшым за першае”. Ёсьць юрыдычнае, чалавечае паняцьце права, і ёсьць права, якое зыходзіць з хрысьціянскага веравучэньня. Дык вось, па-чалавечы, калі не паставіць перашкоду тэрарыстам, дык яны будуць лічыць, што ім усё дазволенае, і пасьля гэтых жудасных злачынстваў зьявяцца яшчэ больш жудасныя. Таму, мне здаецца, нейкі адказ павінен быць, але каб толькі ён быў адрасны, каб Злучаныя Штаты не пачалі зводзіць рахункі з цэлымі краінамі, тымі, якія яны лічаць сваімі ворагамі”.

(Бандарук: ) “Гэта быў а. Васіль Навінскі. Як мінімум дзясятак гадоў ў Амэрыцы пануе ідэалёгія паліткарэктнасьці і роўнасьці ўсіх расаў, нацыянальнасьцяў, рэлігіяў ды сэксуальных арыентацыяў. Мне здарылася прачытаць пра ўсплёск антыісьлямскіх настрояў ў сьвеце, асабліва ў Амэрыцы. Расейскія СМІ надзвычай апантана інфармавалі ледзь не пра пагромы арабскага насельніцтва, напады на мячэці і мусульманскія аб’екты. Амэрыканскае тэлебачаньне паказвала разьбітыя каменьнямі вокны мячэцяў. Пра гэта, у прыватнасьці, у артыкуле “Як важна быць амэрыканцам” піша на Інтэрнэт-старонцы “Сталічных Новасьцяў” Елена Ханга. У тэлепраграме “America Most Wanted” схаваная камэра паказала афіцыянтку, якая заявіла “Панаехала сюды ўсялякай набрыдзі. Чорт ведае каго пускаюць у краіну”. Жынчына арабскага выгляду, якая сядзела за адным са сталоў, ня вытрымала і кінулася ў сварку з афіцыянткай, так што іх ледзь разьнялі. Елена Ханга піша, што калі слухала расейскія радыёперадачы ў ЗША, яна была ўражаная неталерантнасьцю выхадцаў з былога СССР. “Яны жывуць ўжо некалькі гадоў ў Амэрыцы, а ўсё бубняць “давайце лясьнем па Афганістане, па Пакістане, ня важна”. Не бяруся судзіць, ці гэта імунітэт супраць паліткарэктнасьці, але амэрыканцамі гэтыя людзі відавочна ніколі ня стануць". Дык ці былі ў Амэрыцы тыя “разборкі” з мусульманамі, як некалі ў Расеі з “асобамі каўкаскай нацыянальнасьці?”

(Беленькі: ) “Я б сказаў, што гэтага не было. Гэта трошкі перабольшаная інфармацыя. Праўда неаднойчы мясцовыя мусульмане прызнаюць, што пачалі сябе адчуваць няёмка. Магчыма, нехта некаму сказаў нешта непрыемнае. Таксама, усе праваахоўчыя ворганы адразу з наступнага дня пачалі забясьпечваць спакой. У сродках масавай інфармацыі бясконца падкрэсьліваецца, што гэта не вайна зь нейкай рэлігіяй, з мусульманскім сьветам, але вайна з тэрарызмам і тэрарыстамі. Літаральна зь серады паліцыя пачала ахоўваць мячэці, мусульманскія асяродкі, культурныя цэнтры, якія тэарэтычна маглі стаць аб’ектамі нейкай ненавісьці альбо помсты. Але, тым ня менш, дзякаваць Богу нічога такога не адбылося і не заўважалася”.

(Бандарук: ) “Дарэчы, зь некаторым зьдзіўленьнем я даведаўся, што ў часе тэрактаў 11-га верасьня пацярпеў праваслаўны храм і мячэць. Пад руінамі Ўсясьветнага Гандёвага Цэнтру апынулася грэцкая царква сьвятога Мікалая. Яна знаходзілася на 5-й Авэню за 200 метраў ад хмарачосу. У храме былі іконы, ахвяраваныя расейскім імпэратарам Мікалаем ІІ, а таксама рэліквіі Сьвяціцеля Мікалая, сьв. Екацярыны і сьв. Савы. У самым будынку Ўсясьветнага Цэнтру знаходзілася невялікая мячэць, якую штодзень наведвалі прыблізна 150 чалавек. Такім чынам, пацярпелі аднолькава і людзі і храмы самых розных рэлігіяў. У некаторых СМІ, ізноў жа асабліва расейскіх, амэрыканская акцыя ў Афганістане называецца “акцыяй адплаты альбо помсты”. Як ўжо згадвалася ў нашых ранейшых перадачах, нават рэлігійныя лідэры заявілі, што “зло павінна быць пакаранае”, што ў некаторых выпадках сілавы адказ апраўданы. Толькі як помста ці адплата стасуецца з эвангельскім запаветам: “любіце нават ворагаў сваіх”? Айцец Дзімітры…”

(Беленькі: ) “Я б нават не сказаў, што гэта помста. Праўда, нават Маскоўскі патрыярх, ды іншыя, рэлігійныя лідэры кажуць пра маральнае права амэрыканцаў нанесьці ўдары ў адказ. Але тут ня йдзе гутарка пра помсту, а пра тое, што трэба аднавіць спакой. Гэта таксама абарона свабоды рэлігіі, ня толькі хрысьціянскай, але кожнай іншай ўключна з мусульманскай. У гэтыя дні па тэлебачаньні ў ЗША вельмі часта можна пачуць выказваньні мусульманаў пра тое, што ў іх складваецца ўражаньне, як быццам іхную рэлігію скралі ў іх. Тэрырысты, якія зьдейсьнілі злачынства, абапіраючыся на рэлігію, вырвалі, скралі сапраўдную сутнасьць ісьляму. У такой сытуацыі, мусульмане таксама адчуваюць сябе некамфортна. Ім таксама патрэбная абарона, гарантыя таго, каб яны маглі практыкаваць сваю арыгінальную веру, такую якая яна на самой справе. Таму, на маю думку, ня толькі Амэрыка, але і іншыя цывілізаваныя краіны сьвету пайшлі на тое, каб загарантаваць спакой ў сьвеце. На жаль, ён не заўсёды можа быць забясьпечаны сродкамі, якія мы хацелі б бачыць. Тым ня менш, ўсё роўна – гэта павінна быць зробленае”.

(Бандарук: ) “Гаварыў а. Дзімітры. Рэлігійныя лідэры, якія пасьля 11-га верасьня дапускалі пакараньне тэрарыстаў, пасьля атакі на Афганістан часьцей пачалі гаварыць пра небясьпеку любой вайны. 8 кастрычніка Папа Яна Павал ІІ выказаў “заклапочанасьць і трывогу” ў сувязі з амэрыканскімі налётамі на Афганістан. “Я ў думках зьвяртаюся да вялікага амэрыканскага народу… Хай дапаможа яму Дзева Марыя не паддацца спакусе нянавісьці і гвалту, але прысьвяціць сябе служэньню справядлівасьці і міру,” – сказаў Папа. Патрыярх Аляксей адзначыў, што гэтая вайна “можа выклікаць дзеяньні ў адказ як з аднаго, гэтак і зь іншага боку, і ў выніку могуць пацярпець нявінныя людзі. Караць трэба тых, хто зьдзейсьніў тэракты”. Муфці мусульманаў Крыму Эміралі Аблаеў таксама заявіў: “Калі гарыць сухое, дык згарыць і мокрае. Ці ўпэўненыя амэрыканцы, якія кідаюць бомбы бы дождж, што яны ўпадуць менавіта на галовы тэрарыстаў, а не на цывільных, нявінных людзей? Наагул, многія, у тым ліку згадваны ў нашых перадачах Самуэль Гантынгтон, прадказваюць “вайну паміж цывілізацыямі”.

(Анціпенка: ) “Я думаю, што такая небясьпека ёсьць. У нашых культурах, я маю на ўвазе ня толькі нашую, хрысьціянскую, але і іншыя, усё яшчэ недасканалая сыстэма наладжваньня дыялёгу з тымі культурамі, якія маюць нейкія іншыя мэты, якія базуюцца на нейкіх іншых каштоўнасьцях. Вайна можа быць вырашэньнем нейкай праблемы, але трэба ясна ўсьведамляць, што гэта найгоршы са сродкаў. Вайна – даволі небясьпечная рэч. Гэта натуральна, што людзі эмацыйна запальваюцца. Таксама ў чалавечай прародзе ёсьць жаданьне адплаты, якое зьяўляецца формай пачуцьця справядлівасьці. Аднак, гэта даволі хісткая формула, у межах якой можна будаваць адносіны паміж людзьмі, культурамі, верамі і канфэсіямі. Сапраўды, гвалт можа спарадзіць ланцуговую рэакцыю, калі ў гэтай экспансіі гвалту пачынае губляцца ўсьведамленьне самых элементарных рэчаў, вартасьці чалавечага жыцьця, таго, што чалавек ёсьць тварэньне Божае. І ўрэшце рэшт, мы можам на нейкі час трапіць ў сытуацыю духоўнага вакууму і ў гэтым таксама ёсьць небясьпека”.

(Бандарук: ) “Гэтак лічыць Алесь Анціпенка. Дарэчы, у чацьвер, 11-га кастрычніка, на небясьпеку вайны зьвярнула ўвагу Духоўная ўправа мусульманаў Расеіі. “Апэрацыя ў Афганістане можа прывесьці толькі да росту напружанасьці ў сьвеце, небывалага дагэтуль ўсплёску тэрарызму, гуманітарнай катастрофы і, магчыма, да шыракамаштабнага ўзброенага супрацьстаяньня. Вярхоўны муфці Расеі Талгат Таджутдзін перасьцерагае, што “пажар вайны можа імгненна пашырыцца і зьнішчыць ўвесь цывілізаваны сьвет”. У міжчасе Ўсама бін Лядэн заявіў: “Бог ударыў Амэрыку ў самое слабое месца. Амэрыка баіцца помсты з захаду і ўсходу, поўдня і поўначы. Падзякуем Богу за гэта. Вайна супраць мяне і супраць Афганістану – гэта вайна супраць ісьляму. Перад абліччам Алага я клянуся, што Амэрыка не спазнае ні міру ні супакою”. Вярхоўны лідэр талібаў – мула Амар сказаў, што “з дапамогай ЗША, былы кароль Захір Шах хоча вярнуцца ў Афганістан дзеля пашырэньня хрысьціянства ў краіне. Усе павярнуліся супраць нас, але Алаг з намі”. Талібы заяўляюць, што “два мільёны пакутнікаў гатовыя аддаць жыцьцё ў аброну незалежнасьці”. Лідэр арганізацыі “Аль Мухаджырун” зь Вялікабрытаніі – Абдул Рэхман Салем заклікаў мусульманаў да атакаў супраць брытанскіх аб’ектаў і ўраду. Такім чынам, заклікаў да вайны хапае. Ці беларускія пяцідзесятнікі бачаць такую небясьпеку? Епіскап Міхаіл Вайніловіч”.

(Вайніловіч: ) “Я ня думаю, што можа наступіць нейкае супрацьстаяньне. Мы можам толькі сказаць, што сілай, гвалтам і забойствамі нельга нічога добрага дасягнуць. Хрыстос сказаў, што міласэрнасьць вышэй правасудзьдзя. Дабрыня зьмякчае чалавечыя сэрцы і зьмяняе іх. Калі б людзі ўбачылі ў гэтай трагедыі папярэджаньне, каб зразумелі, што трэба пакаяцца, яшчэ больш наблізіцца да Бога, любіць адзін аднаго, маліцца, бласлаўляць, то вынік быў бы лепшы, чым удар у адказ, гвалт і вайна. З другога боку, як гаворыцца ў Слове Божым, калі ня будзе ніякага пакараньня, дык закон ня будзе дзейнічаць. Чалавек, надзелены законнай ўладай, дзеля таго і носіць меч, каб караць тых, хто зьдейсьніў зло. Але ў гэтым таксама трэба мець розум і нейкае Божае кіраваньне. Бяз Бога, гэта немагчыма зрабіць правільна”.

(Бандарук: ) “Гаварыў епіскап беларускіх пяцідзесятнікаў Міхаіл Вайніловіч. Дарэчы, цытаваны мною чэскі тэоляг і філёзаф Томаш Галік напісаў эсэ пад загалоўкам “Скрадзены спакой”. “Той, каго абакралі альбо правялі ператрус у яго кватэры ці доме, добра памятае, што найбольш балюча ранілі яго ня страчаныя рэчы, але ўсьведамленьне таго, што нехта апаганіў прастору, прасякнутую ягонымі ўспамінамі і пачуцьцямі. Спатрэбіцца шмат часу, каб гэтая прастора зноў стался домам. Нешта падобнае прыходзіць на думку пасьля атакаў супраць ЗША. Што зрабіць з гэтым сьветам, каб ён ізноў стаўся нашым домам,” – піша Томаш Галік.

Прынамсі для вернікаў адзін з магчымых адказаў прапануе Асацыяцыя хрысьціянскіх цэркваў “Саюз Хрысьціянаў”( цытую). “Мы будзем маліцца за тое, каб лідэры, адораныя ўладай прынялі мудрасьць ад Госпада, мір зь нябёсаў, каб яны правільна рэагавалі на тое, што здарылася, каб страх сьмерці саступіў месца страху Божаму. Мы павінны маліцца за амэрыканскі народ, за вернікаў ў ЗША, узяць на сябе частку іхнага болю, сумаваць аб гібелі гэтулькіх людзей. Акрамя таго – паглядзець у сябе, якімі мы станем перад Госпадам, які зноў заклікае нас да пакаяньня і застацца сумленнымі перад сабою і Ім”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG