Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ці што штурхае мусульманаў да самазабойчых тэрактаў?


Сяргей Абламейка, Прага

Трагічныя падзеі 11 верасьня ў ЗША актывізавалі спрэчкі ў колах інтэлектуалаў аб ісляме. Некаторыя журналісты, хоць і стараючыся не пакрыўдзіць мусульманаў, усё ж пачалі асьцярожна зьвяртаць увагу на агрэсіўныя моманты ў іх рэлігіі. Адным з такіх журналістаў ёсьць Кенэт Вудвард, артыкул якога пад назвай “Мірная вера і жменька фанатыкаў” надрукаваны ў апошнім нумары часопісу Newsweek. Мы яшчэ зьвернемся ў сёньняшняй перадачы да артыкулу Вудварда, але напачатку высьветлім некалькі тэрмінаў.

Адразу пасьля трагедыі ў ЗША я разгарнуў даведнік расейскага дасьледчыка Андрэя Кулакова “Рэлігіі сьвету” і ў разьдзеле “Іслям” натрапіў на такія вось словы (цытую): “…Рэлігіі сьвету ня дзеляцца на “дрэнныя” і “добрыя”, на “агрэсіўныя” і “мірныя”. Можна сьмела сьцьвярджаць, што ніводная традыцыйная рэлігія ня вучыць злу… Пэўныя агрэсіўныя моманты ў ісляме сапраўды прысутнічаюць, але ці ёсьць хоць адна рэлігія сьвету, якая б не жадала пашырыцца на ўвесь сьвет? Іслям – гэта і яшчэ складанейшы сьвет непаўторнай і часта незразумелай хрысьціянам-эўрапейцам культуры, філязофіі і побытавых традыцыяў”. (канец цытаты) У гэтай фразе, напісанай пяць год таму, Кулакоў як бы бароніць мусульманаў ад сёньняшніх закідаў у агрэсіўнасьці, фанатызме і ваяўнічасьці. І ўсё ж, цікава даведацца, ці ёсьць у Кур’ане нейкія заклікі да самазабойстваў у імя веры, адкуль бяруцца мусульмане, што гатовыя забіць сябе?

Вось як на гэта адказвае мой калега, супрацоўнік Казахскай службы Радыё Свабода Мірхад Шарыбжан.

(Мірхад Шарыбжан: ) “У ісламе ніколі не было і няма зараз ніякіх аятаў, сураў ці выказваньняў, хадысаў прарока Мухамада, якія б казалі аб тым, што чалавек павінен памерці за веру, за іслам, наклаўшы на сябе рукі, тым больш забіўшы пры гэтым іншых. Наадварот сапраўдны мусульманін ня мае права забіваць сябе, а тым больш пазбаўляць жыцьця некага іншага. І няма ў ісламе ніякай афіцыйнай плыні, ні ў мінулым, ні зараз, ні ў ханіфідзкім тлумачэньні, ні ў суфізме, якое б казала, што чалавек мае права забіць сябе ці іншых у імя Алага. Адзінае, што магчыма, гэта лякальныя, адзінкавыя выпадкі, калі людзі, скажам, палітычныя лідэры ці нехта іншы, хто мае палітычныя мэты, інтэрпрэтуе няправільна Каран, замешваючы выказваньні і суры Карана на нацыяналістычных пачуцьцях моладзі”.

Дзякуй Мірхад. Як мы чулі, Мірхад Шарыбжан практычна паўтарыў тое самае, што ў мінулую суботу ў Сымбалі Веры гаварыў намесьнік муфція мусульманаў Беларусі Ібрагім Канапацкі. Самазабойства ў ісляме – вялікі грэх. Тым больш – забойства тысячаў невінаватых мірных жыхароў.

Але ўсе мы ведаем слова “джыгад”, пад якім масавая сьвядомасьць разумее сьвятую вайну мусульманаў супраць няверных. Але ці так гэта? Мы зьвярнуліся па камэнтар да чалавека, які мае непасрэднае дачыненьне да падзеяў, якія зараз адбываюцца на Блізкім Усходзе. Гэта палестынскі лекар Самір Ісмаіл, як зараз працуе ў Польшчы і зьяўляецца сябрам аб’яднаньня мусульманаў гэтай краіны. Вось як самі арабы разумеюць “джыгад”. Гаворыць палестынец Самір Ісмаіл.

(Самір Ісмаіл: ) “У ісляме няма паняцьця “сьвятой вайны”. Слова “джыгад” тлумачыцца як “максымальныя высілкі для дасягненьня нейкай высокароднай мэты”. “Джыгад” можа быць большы і меншы. Большы – гэта той, калі чалавек змагаецца са сваёю грэшнаю натураю, з заганнымі схільнасьцямі. Бывае таксама меншы “джыгад”. Напрыклад, калі жанчына зацяжарыць, дзевяць месяцаў носіць дзіця ў сваім ўлоньні і з болем нараджае. Гэта таксама меншы джыгад. Бывае аднак і такі джыгад, калі чалавек абараняе сваю сям’ю, сваю маёмасьць і Бацькаўшчыну. Інакш кажучы, джыгад – гэта супраціўленьне ворагу. Што тычыцца “газавату”, дык гістарычна, гэта ўзброеная барацьба з мэтай выратаваньня іслямскай абшчыны і веры ў нейкай краіне, у якой мусульмане адчуваюць перасьлед”.

Як бачым, Самір Ісмаіл адкідае паняцьце сьвятой вайны наагул. Джыгад – гэта супраціўленьне ворагу, а газаватам арабы-палестынцы называюць узброеную барацьбу ў імя выратаваньня і абароны мусульманаў ад ворагаў. І як жа тады быць з палестынцамі, якія сёньня абвязваюццца выбухоўкай і забіваюць сябе ў натоўпах ізраільцянаў? У арабаў ёсьць культ мучанікаў, якіх называюць шагідамі. Што тут можа сказаць прававерны мусульманін – ці тыя маладзенькія самазабойцы-палестынцы ёсьць шагідамі? Гаворыць Самр Ісмаіл.

(Самір Ісмаіл: ) “Слова “шагід” азначае чалавека-пакутніка, які гіне ў імя аброны сваёй краіны, сваёй Бацькаўшчыны. Але зноў жа “шагід” – гэта таксама жанчына, якая памірае ў часе родаў. Калі, напрыклад, палестынец мае загінуць ад ізраільскай ракеты, дык ён лепш сам прымае рашэньне, як яму памерці. Што тычыцца Кур’ану, дык у ім няма ніводнай згадкі пра самагубныя атакі. У ім толькі паддахвочваецца да абароны свайго. Дарэчы, ніводзін з мусульманскіх тэолягаў не ўхваляў атакаў супраць ЗША. Аднак ёсьць іслямскія вучоныя, якія лічаць, што любая форма супраціву апраўданая, калі толькі ў выніку ня гінуць нявінныя людзі, напрыклад жанчыны і дзеці. Калі, скажам, палестынец лічыць сябе перасьледаваным і ведае, што раней ці пазьней ён загіне ад ізраільскай ракеты, ён сам мае права вырашыць, якім чынам прыняць сьмерць. Тым ня менш, усе сапрўдныя мусульмане асудзілі тэракты супраць ЗША, бо гэта не адпавядае прынцыпам ісляму”.

Дзякуй Самір Ісмаіл. Як бачым, усё ж ёсьць мусульманскія багасловы, якія лічаць, што любая форма супраціву апраўданая. Палестынцы лічаць, што калі ім усё роўна наканавана памерці ад ізраільскай ракеты, сказаў Самір Ісмаіл, дык яны самі маюць права выбраць форму сьмерці. Ці ня ёсьць гэта адказам на некаторыя пытаньні, якія ў гэтыя дні задае сабе шмат хто ў сьвеце?

Мы наўмысна зьвярнуліся напачатку да шараговых мусульманаў-вернікаў, казахскага журналіста і палестынскага лекара, каб больш цікава было пачуць пасьля думкі адмыслоўцаў, якія сабраў у сваім артыкуле “Мірная вера і жменька фанатыкаў” Кенэт Вудвард. Фрагмэнты артыкулу пераклаў і чытае Сяргей Шупа.

(Шупа: ) “Будзьце пэўныя. Хоць на мінулым тыдні супраць Злучаных Штатаў быў учынены ваенны напад, мы зусім ня маем справу зь вяртаньнем эпохі рэлігійных войнаў. Абсалютная бальшыня мусульманаў, арабаў і неарабаў, глыбока смуткуе з прычыны гібелі тысячаў жыхароў Нью-Ёрку і Вашынгтону. «Гэта парушэньне самых падставаў Ісьлямскага права», - цьвердзіць імам Ягья Гэндзі, мусульманскі капэлян Джорджтаўнскага Ўнівэрсытэту – дарэчы, езуіцкай навучальнай установы. Ня маем мы справу і з канфліктам цывілізацыяў, Наадварот, Злучаныя Штаты – гэта адзінае месца ў сьвеце, дзе юдэі, мусульмане й хрысьціяне могуць жыць у міры між сабою.

Тым ня менш, усе мусульмане захоўваюць некаторыя ўнівэрсальныя, агульныя для ўсіх рытуалы – гэткія як малітва пяць разоў на дзень, пост, даваньне міласьціны і паломніцтва да сьвятых мясьцінаў у Мэкку. Яны таксама падзяляюць ідэал стварэньня мусульманскага грамадзтва, якое б грунтавалася на мусульманскім праве. У рамках гэткай утопіі ісьлямскія прынцыпы вызначалі б усе аспэкты асабістых і грамадзкіх паводзінаў. Але ў гэтым уся й праблема: пакуль ідэальнае мусульманскае грамадзтва яшчэ ня створаане, мусульманскія фундамэнталісты ды іншыя чыста палітычныя іншадумцы могуць абвяшчаць – і абвяшчаюць – розныя сучасныя мусульманскія ўрады нелегітымнымі. Так што крызыс, зь якім цяпер маюць справу Злучаныя Штаты – гэта вынік крызысу легітымнасьці ў рамках самога ісьлямскага сьвету”.

Дзякуй Сяргей Шупа. Нагадаю, вы слухаеце Радыё Свабода. У эфіры Сымбаль Веры. У моманты крызысу накшталт цяперашняга мусульмане звычайна схільныя падкрэсьліваць свае рэлігійна-ідэалягічныя і гістарычныя сувязі зь юдэямі і хрысьціянамі. Праблема, аднак, у тым, што тое, што Кенэт Вудвард называе “крызысам легітымнасьці ў рамках самога іслямскага сьвету” ёсьць нішто іншае, як процістаяньне сучаснай Заходняй цывілізацыі, якую яшчэ называюць юда-хрысьціянскай, і народнага мусульманскага сьветаўспрыманьня. Сутыкненьне гэтае адбываецца ў саміх мусульманскіх краінах, і пакрыўджаныя сьвецкімі ўрадамі мясцовыя патрыёты шукаюць крыніцу зла. Зноў ля мікрафону Сяргей Шупа з чарговым урыўкам артыкулу Кенэта Вудварда з апошняга нумару часопісу Newsweek.

(Шупа: ) “Гвалт, які выбухнуў над Нью-Ёркам, нарадзіўся недзе на задворках Бэйруту, Каіру ці Ерусаліму – паўсюль, дзе толькі мусульманскія экстрэмісты заўважалі цень Злучаных Штатаў за сьпінамі іх непасрэдных ворагаў. Вось ужо амаль тры дзесяцігодзьдзі ў арабскім сьвеце заўважаецца шырокае ісьлямскае адраджэньне, якое цяперашнія мусульманскія ўрады сыстэматычна спрабуюць здушыць. У памяркоўных мусульманскіх краінах кіраўнічыя эліты вітаюць заходнюю падтрымку і сьвецкую культуру, якая прыходзіць разам зь ёй. Гэтыя эліты здушвалі або паглыналі народныя адраджэнскія рухі – адкрываючы такім чынам прастору для дзеяньня самадзейным радыкальным шэйхам ды іхным тэрарыстычным сеткам. Некаторыя экспэрты называюць гэткіх экстрэмістаў «ісьлямістамі», маючы на ўвазе ідэолягаў, якія «палітызуюць сваю рэлігію» і, як некалі леніністы, ператвараюць шарыят у плян пабудовы прымусовай утопіі.

Пры ўсім тым Ісьлям мае ў сваёй гісторыі і вучэньні шмат патэнцыяльна небясьпечных элемэнтаў. Як і старажытныя ізраільцы, Мухамад і ягоныя паплечнікі мусілі змагацца за месца пад сонцам. Кур’ан поўніцца ваеннымі сцэнамі і выразамі – асабліва варта згадаць «джыгад» або «сьвятую вайну». Гэтае слова ахапляе некалькі ўзроўняў значэньня. Гэта і апанаваньне сваіх пачуцьцяў, і навяртаньне няверных, і павышэньне маралі ў мусульманскім грамадзтве. Яно стасуецца і да законаў вайны. «Гэта не дазвол на забойства», - цьвердзіць Дэйвід Літл, прафэсар рэлігіязнаўства і міжнародных справаў у Гарвардзкай Школе Тэалёгіі і кажа, што ісьлямская тэорыя пераважна гаворыць пра абарончыя войны. Традыцыйныя мусульманскія юрысты зь неахвотай згадваюць джыгад, асабліва скліраваны супраць непакорлівых мусульманскіх урадаў. «Як толькі абвяшчаецца стан джыгаду, усе звычайныя законы грамадзтва прыпыняюцца і ўзьнікае небясьпека, што структура грамадзтва можа ператварыцца ў руіны», - кажа Жыль Кепэль, спэцыяліст у ісьлямскіх рухах з Парыскага Інстытуту Паліталёгіі”.

Дзякуй Сяргей. І вось тут мы зноў падыйшлі да самазабойстваў у імя веры, Алага, абароны Бацькаўшчыны. Ніхто з сёньняшніх удзельнікаў перадачы і згаданых Сяргеем Шупам экспэртаў не назваў ніводнага імя багаслова ці нейкай плыні, якая б ідэалягічна і тэалягічна абгрунтавала крывавыя акты самазабойстваў са зьнішчэньнем дзясяткаў ці сотняў няверных. Толькі Мірхад Шарыбжан у пачатку перадачы сказаў, што гэта адбываецца звычайна на асабовым і лякальным узроўні. Нейкі шэйх-фанатык зьбірае вакол сябе некалькі дзясяткаў маладых патрыётаў і пераконвае іх у велічы іх будучага пакутніцтва. Гэта, аднак, не зусім так. Зьява гэтых самазабойстваў мае ўжо ў арабскім сьвеце даволі трывалую традыцыю. Ля мікрафону Сяргей Шупа з апошнім фрагмэнтам артыкулу Кенэта Вудварда з апошняга нумару часопісу Newsweek.

(Шупа: ) “Як і іншыя рэлігіі, Ісьлям ушаноўвае сваіх пакутнікаў. Той, хто памірае пакутнікам за веру, трапляе напрасткі ў рай і атрымвае там самыя раскошныя ўзнагароды. Аднак у сучаснай ісьлямісцкай вэрсіі пакутніцтва пашырылася і на добраахвотную сьмерць у баі. У ірана-ірацкай вайне 80-х гадоў тысячы маладых іранскіх жаўнераў з шагадой на галаўной павязцы («Няма Бога акрамя Алага і Мухамад – пасланец ягоны») падрываліся на ірацкіх мінных палях, каб рэгулярнае войска, ідучы за імі, магло перайсьці варожыя лініі абароны. Гэтаксама слава пакутніцтва ў 1983 годзе натхніла самагубчыя напады мусульманаў на амэрыканскіх жаўнераў у Бэйруце, што з часам прывяло летась да вываду ізраільскага войска зь Лібану”.

Дзякуй Сяргей. Нагадаю, гэта быў Сяргей Шупа з фрагмэнтамі артыкулу амэрыканскага журналіста Кенэта Вудварда “Мірная вера і жменька фанатыкаў”.

Вы слухаеце Радыё Свабода. У эфіры Сымбаль Веры. Ля мікрафону Сяргей Абламейка. Мы, фактычна, далі адказ на пытаньне, адкуль бяруцца мусульманскія фанатыкі-самазабойцы. Гэта ня вынік вучэньня Кур’ану, гэта вынік, так бы мовіць, мусульманскай практыкі, а лепш сказаць, мусульманскай гісторыі апошняга стагодзьдзя. Гэта – хутчэй праявы сынтэзу нацыянальнага патрыятызму з рэлігійным фанатызмам.

І ў апошняй частцы перадачы пракамэнтуем яшчэ некалькі аспэктаў сёньняшняй тэмы. У пачатку свайго артыкулу Кенэт Вудвард сьцьвярджае, што мы сёньня ня маем справу з вяртаньнем эпохі рэлігійных войнаў. Шмат хто сёньня баіцца якраз гэтага, шмат хто баіцца сутыкненьня цывілізацыяў. І тут якраз дарэчы згадаць славутае эсэ прафэсара Гарвардзкага ўнівэрсытэту Самуэля Гантынгтана пад назвай “Сутыкненьне цывілізацыяў”, якое было апублікаванае ў 1993 годзе. У ім, дарэчы, Гантынгтан прадказаў вайну ў Босьніі. У той працы прафэсар, упрыватнасьці сьцьвярджаў, што ХХІ стагодзьдзе стане стагодзьдзем нацыяналізму і сутыкненьня нашай юда-хрысьціянскай цывілізацыі з тымі, хто адрынае каштоўнасьці сучаснага Захаду – з Кітаем і мусульманскім сьветам. Побач са мной у студыі дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук. Як на Вашую думку, Аляксандар, ці ня ёсьць трагедыя 11 верасьня і падзеі, якія адбываюцца пасьля яе, пачаткам грандыёзнага сутыкненьня цывілізацыяў?

(Лукашук: ) “Цывілізацыі ў пэўным сэнсе ўжо даўно сутыкнуліся і нічога страшнага ад гэтага сутыкненьня не адбылося, наадварот – ідзе ўзаемнае ўзбагачэньне. Я хацеў бы ўзгадаць яшчэ аданго філёзафа, чыё імя стаіць побач з Самуэлем Гантынгтанам – гэта Фрэнсіс Фукуяма, аўтар бліскучай кнігі “Канец гісторыі”. Галоўная ідэя Фукуямы, нагадаю, палягала ў тым, што пасьля заканчэньня халоднай вайны канчаткова зьніклі ідэалягічныя і палітычныя прычыны супрацьстаяньня, і асноўныя клопаты будуць зьвязаныя з эканомікай, экалёгіяй, спажывецтвам. Дэмакратыя бачылася як адзіны канчальны варыянт арганізацыі гарамадзтва. У гэтым сэнсе наступіў канец гісторыі. Фукуяма разглядаў у сваёй кнізе пагрозу радыкальнага ісляму. Аднак ён адзначыў, і цалкам слушна, што ў адрозьненьне ад глябальнай камуністычнай ідэі, іслям ня мае ідэалягічнай прыцягальнасьці па-за межамі мусульманскага сьвету. Радыкальны Іслям як ідэалёгія, такім чынам, не пагражае Захаду.

Аднак на думку Бін Ладаэна, Захад пагражае ісляму – і аказалася, што дастаткова аднаго боку, каб зноў уключыць мэханізмы гісторыі.

З гэтага вынікае некалькі наступстваў. Па-перашае, эканоміка пакідае п’едэстал – ідэя, быццам урад і палітыка ня маюць больш вырашальнага значэньня, пераглядаецца. Урады ва ўсім сьвеце будуць значыць больш і мець больш паўнамоцтваў. Вяртаецца роля дзяржавы дзеля прычыны, якую адзначаў яшчэ Гобс – дзеля бясьпекі.

Я гаварыў пра магчымыя абмежаваньні свабодаў з Кэці Фіцпатрык, кіраўніцай Міжнароднай Лігі правоў чалавека, — яна падзяляе гэтую занепакоенасьць і сказала, што неўзабаве ў Нью-Ёрку зьбіраюцца праваабарончыя арганізацыі для абмеркаваньня новых умоваў. Ясная мэта – гарантаваць бясьпеку і адначасна захаваць каштоўнасьці, безь якіх бясьпека ня можа быць задавальняючай – індывідуальную свабоду, рынкавую эканоміку, рэлігійныя свабоды, дэмакратыю. Іншымі словамі, цывілізацыйны выклік палягае ў тым, што заходняя цывілізацыя павінна бараніць сябе так, каб не зьнішчыць свае ж заваёвы”.

Дзякуй. Гэта быў дырэктар Беларускай Службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук. Вы слухаеце Сымбаль Веры. Ля мікрафону Сяргей Абламейка. І яшчэ адзін аспэкт, які нечакана зьявіўся ў апошнія дні. Руская Праваслаўная Царква ў асобе кіраўніка аддзелу зьнешніх царкоўных зносінаў Маскоўскага патрыярхату, Смаленскага мітрапаліта Кірыла заявіла, што амэрыканцы маюць права на помсту. Мітрапаліт Кірыл заявіў (цытую): “З хрысьціянскага пункту гледжаньня ў амэрыканцаў ёсьць рэлігійныя падставы на ўдар у адказ. Адказ ЗША, напэўна, будзе і ён павінен быць, паколькі з хрысьціянскага пункту гледжаньня зло павінна быць пакаранае, бо кожны, хто мячом ваюе, ад мяча і загіне”. (канец цытаты) Я зьвяртаюся да яшчэ аднаго супрацоўніка Беларускай службы, які побач са мной у праскай студыі, айца Кастуся Бандарука. Як вы лічыце, айцец Кастусь, ці сапраўды такая пазыцыя мітрапаліта Кірыла адпавядае хрысьціянскаму вучэньню?

(Бандарук: ) “Ня ведаю, ці гэтая фраза ня вырваная з кантэксту. Мітрапаліт Кірыл – высокаадукаваны чалавек. Але калі ён сапраўды гэтак сказаў, дык я проста хацеў бы дапоўніць ягоную думку. У Бібліі можна знайсьці шмат двухсэнсоўных фразаў. У Старым Запавеце, у Кнізе Эклезіяста, гаворыцца: “Усяму свой час, час забіваць і час лячыць, час разбураць і час будаваць, час вайны і час міру”. Габрэі ведалі запавет “не забівай”, але з чыстым сумленьнем, як выкананьне Божай волі, зьнішчылі няверных ў Зямлі Абяцанай . Аднак у Новым Запавеце ёсьць процілеглыя словы: “Не супраціўляйцеся злому, але калі нехта ўдарыць цябе ў левую шчаку, падстаў яму і правую”. Ці гэта разумна, хай кожны мяркуе сам. У кожным разе, не зь літары, але з духу Эвангельля вынікае наступнае: толькі Бог ведае ўсе акалічнасьці любога злачынства. Толькі Ён ведае ўсе матывы і акалічнасьці наагул кожнага ўчынку. Людзі схільныя адразу адпомсьціць сапраўдным і ўяўным віноўнікам, расправіцца бяз суду і сьледзтва, але Біблія заклікае да стрыманасьці. Тут вельмі павучальная прытча пра кукаль і пшаніцу. Бог таксама гаворыць: “Мне належыць помста, і Я аддам” (Рым.12, 19) Чалавек і дзяржава маюць права супраціўляцца тэрарызму і кожнаму любому злу. Аднак паводле Бібліі, калі можна пазьбегнуць кровапраліцьця, дык трэба ад яго адмовіцца. “Ня радуўся, калі ўпадзе вораг твой, і хай не весяліцца сэрца тваё, калі ён спатыкнецца” (Прыт.24,17-18) Тым болей ніхто ня мае права прысвойваць сабе права судзіць, абвінавачваць і караць увесь народ. Таксама ніхто ня мае права абвінавачваць ў злачыннасьці ўвесь іслям, бо, у прынцыпе, і хрысьціянства і іслям – міралюбныя рэлігіі. Тыя, што нібыта ад імя рэлігіі забіваюць нявінных людзей, грашаць супраць сваёй рэлігіі і ня маюць зь ёю нічога супольнага. Вось таму, на маю думку, нават зь нібыта справядлівым пакараньнем трэба быць вельмі абачлівым”.

Дзякуй Кастусь Бандарук. Гэта быў кароткі экспрэс-аналіз Сымбалю Веры.

І на заканчэньне я яшчэ раз зьвярнуся да артыкулу Кенэта Вудварда “Мірная вера і жменька фанатыкаў”, апублікаваным у апошнім нумары часопісу Newsweek. Кенэт Вудвард заканчвае свой артыкул так (цытую): “Людзі, што камандавалі самалётамі, якія разьбіліся аб сымбалі амэрыканскай магутнасьці – вежы Сусьветнага Гандлёвага Цэнтру і Пэнтагон – гэта сыны ісьлямскага фанатызму. Яны паставілі з ног на галаву ісьлямскія ідэалы міру і суладнасьці. Злучаныя Штаты могуць узброіцца і пагражаць і можа нават сям-там нанесьці ўдары адплаты. Аднак толькі самі мусульмане могуць шляхам самарэгуляцыі стрымаць ісьлямскі экстрэмізм. Калі верыць Кур’ану, гэтага патрабуе сам Алаг”. (канец цытаты)

Гэтай думкай Кенэта Вудварда я і закончу сёньняшні выпуск Сымбаля Веры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG