Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пасварыць блізкаўсходні канфлікт беларускіх габрэяў і татараў-мусульманаў?


Сяргей Абламейка, Менск

Калі сёньня заходзіць гаворка пра беларускае рэлігійнае і культурнае мінулае, дык першае, пра што згадваецца, гэта славутая беларуская талерантнасьць, цярпімае і стрыманае стаўленьне да іншаверцаў і да людзей іншай нацыянальнасьці. Гэта сапраўды так, бо хоць і багатая беларуская рэлігійная і грамадзка-палітычня гісторыя на шматлікія канфлікты, але тычыліся яны пераважна супярэчнасьцяў паміж хрысьціянскімі канфэсіямі, а вось прадстаўнікі іншых рэлігіяў і народнасьяў, у прыватнасьці габрэі і татары-мусульмане, знайшлі некалі на беларускай зямлі прытулак і новую радзіму.

Як складаюцца іх адносіны зараз, у часе, калі на Блізкім Усходзе зноў абвастрыўся арабска-ізраільскі канфлікт, які цягнецца ўжо доўгія дзесяцігодзьдзі? Сёньня ў чарговым выпуску нашай міжканфэсійнай перадачы Сымбаль Веры – гутарка з прадстаўнікамі беларускіх габрэяў і татараў-мусульманаў: сябрам аб’яднаньня габрэяў Беларусі журналістам Маратам Гаравым і намесьнікамі муфція мусульманаў Беларусі Ібрагімам Канапацкім.

(Абламейка: ) “На Блізкім Усходзе не сьціхае арабска-ізраільскі канфлікт. І вось на тле гэтага канфлікту ці назіраюцца нейкія праблемы ў адносінах беларускіх юдэяў і мусульманаў, і больш канкрэтна – габрэяў і татараў? Калі ласка, спадар Гаравы”.

(Гаравы: ) “Трэба ўлічваць, што канфлікт шматгадовы, ідзе ўжо шмат дзесяцігодзьдзяў. Але я не сказаў бы, што сёньня ў нас, у Беларусі назіраецца нейкі выбух антаганізмаў паміж габрэямі і мусульманамі. Нават газэта нашага юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня “Берега” і газэта аб’яднаньня габрэяў “Авіў” нічога аб гэтым ня пішуць”.

(Абламейка: ) “Вашая думка, спадар Канапацкі”.

(Канапацкі: ) “Вайна ідзе ўжо колькі гадоў і не сьціхае, таму вернікі-мусульмане, карыстаючыся сваімі сьвятымі кнігамі, неаднаразова зьвярталіся ў сваіх пропаведзях з заклікамі, каб гэтая вайна прыйшла да нейкага канца. Гэта адпавядае нашай рэлігіі, нашаму закону, дзе сказана “Усе вернікі – браты, мірыце братоў”. Таму, вядома, мы не абыякавыя да гэтых падзеяў, мы назіраем і бачым, што ліецца кроў і гінуць людзі – гэта вялікая трагедыя. Гэта нас вельмі непакоіць.

Але экстрапаліруючы гэтыя падзеі на нашую рэчаіснасьць, на нашае беларускае жыцьцё, я б сказаў, што ў нас ніколі не было паміж татарамі і габрэямі… гэта дакладна – я як гісторык, навуковец, не знаходжу такіх фактаў, якія б сьведчылі аб нейкіх бойках, канфліктах. Наадварот, у нас агульны лёс, агульная гісторыя, і, зразумела, мы шукаем, як нам далей жыць і суіснаваць у шматканфэсійнай дзяржаве”.

(Абламейка: ) “У гэтай сувязі ў мяне ўзьнікае яшчэ адно пытаньне. Сёньня грамадзка-палітычная сытуацыя ў Беларусі няпростая. На грамадзкай сцэне дзейнічае шмат чыньнікаў, у тым ліку і не прыхільных да беларускай дзяржаўнасьці. І таму пытаньне: ці адчуваеце вы нейкія спробы экстрапаліраваць блізкаўсходні канфлікт на вашыя дачыненьні, неяк распаліць супярэчнасьці паміж вамі? Калі ласка, спадар Гаравы”.

(Гаравы: ) “У прэсе такіх выпадаў не адчуваецца. Мне здаецца, што гэта яшчэ наперадзе. Мне здаецца, што і ў псыхалягічным, і ў ідэалягічным пляне адсталая частка насельніцтва, у прынцыпе, падрыхтаваная да антымусульманскіх ці антысэміцкіх праяваў, але рэальна пакуль што гэтага не адчуваецца, такіх праяваў не зафіксавана”.

(Канапацкі: ) “Я неаднаразова гаварыў пра гэта ў сваіх выступах і публікацыях: калі гэтага няма сёньня, няма гэтай варажнечы, няма канфліктаў, то гэта не азначае, што іх можа ня быць у будучым. Канечне, ёсьць людзі, якія зацікаўленыя ў распальваньні гэтых канфліктаў. Ня буду зараз удакладняць, я маю дакладныя факты, прыклады. Часам прыяжджаюць і з таго боку, з Блізкага Ўсходу, тыя, хто распалены тымі сваімі думкамі, уяўленьнямі, і адразу спрабуе укараніць тыя погляды ў нашую рэчаіснасьць. Дзякваць Богу, кіраўніцтва нашага Беларускага згуртаваньня татараў і мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня вельмі аўтарытэтнае, ведае пра ўсё гэта, і мы спрабуем такія праявы ў самым пачатку лячыць, калі можна так сказаць. Пакуль што гэта ўдаецца. Але мы ня ведаем, як яно будзе разьвівацца наперад”.

(Абламейка: ) “Вось якраз у гэтай сувязі – пэрспэктывы. Як вы бачыце і адчуваеце – як могуць разьвівацца адносіны паміж беларускімі мусульманамі і юдэямі пад уплывам блізкаўсходняга канфлікту?”

(Канапацкі: ) “Я бачу тое, пра што мы неаднаразова гаварылі. Гэтая мадэль суіснаваньня ў неспакойным сьвеце, якая апрабавала сябе тут на працягу 600 гадоў у адносінах паміж беларусамі, габрэямі, татарамі, іншымі насельнікамі краю, заслугоўвае абагульненьня і навуковага вывучэньня як мадэль для сусінаваньня. Трэба проста вывучаць і распаўсюджваць усё гэта. Ня трэба браць нейкія іншыя прыклады. Трэба браць сваё і распаўсюджваць яго на сёньняшні дзень. Усё гэта яшчэ наперадзе”.

(Абламейка: ) “Значыцца, Вы спадзеяцеся, што ўсё будзе добра?”

(Канапацкі: ) “Я так думаю і спадзяюся, што розуму хопіць нашаму талерантнаму беларускаму народу, і нашым татарам, і габрэям, якіх, на жаль, застаецца ўсё менш і менш, якія выяжджаюць па розных прычынах. Магу сказць, што мы хоць і церпім тут, але нам няма куды ехаць, і мы разам зь беларусамі дзелім іх гістарычны лёс і гэтую сытуацыю, у якой мы апынуліся сёньня”.

(Гаравы: ) “Сапраўды, габрэяў у Беларусі засталося ня шмат – каля 28 тысяч, засталіся пераважна людзі пажылыя, але шмат і маладых людзей, якія б хацелі захаваць памяць пра наш народ тут, у Беларусі. Але справа ў тым, што сёньняшнія ўлады, якія спрабуюць свае праблемы вырашыць шляхам гвалту, дыктатуры, спрабуючы ламаць праз калена, праз гэта неяк набліжаюцца да падыходаў фундамэнталістаў, якія прымяняюць такія ж формы ў адносінах з габрэямі на Блізкім Усходзе. Гэтая аналёгія прыводзіць нас да той высновы, што суіснаваньне нашых народаў у будучым можа быць вельмі небясьпечным, улічваючы, што сярод нашых чыноўнікаў шмат людзей, якія ўголас ня кажуць, але зьяўляюцца носьбітамі антысэмітызму, носьбітамі нецярпімасьці, агрэсіі. І вось на гэтым псыхалягічным, эканамічным і палітычным фоне, які мае месца ў нашай краіне, – усе гэтыя фактары могуць адыграць ролю запалкі, могуць падпаліць узаемаадносіны, якія так талерантна складваліся паміж нашымі народамі ў працягу вякоў”.

(Абламейка: ) “Такім чынам, спадар Гаравы, Вы ўсё ж маеце засьцярогі?”

(Гаравы: ) “Тут трэба ўлічваць той факт, што беларускае кіраўніцтва сёньня ўзяло напрамак разьвіцьця адносінаў з тымі краінамі Блізкага і Сярэдняга Ўсходу, якія не вызначаюцца свабодай і дэмакратыяй, скажам так. І, безумоўна, разьвіцьцё дачыненьняў зь імі (і эканамічных, і палітычных, і інфармацыйных, і культурных, і адукацыйных) можа паспрыяць разьвіцьцю антаганізмаў беларуска-габрэйскіх, беларуска-мусульманскіх і мусульманска-габрэйскіх, у тым ліку”.

(Канапацкі: ) “Я думаю, што нашым народам хопіць розуму, нашым сталым народам, якія ўжо 600 год жывуць на гэтай зямлі. Могуць узьнікаць нейкія непаразуменьні паміж прышлымі мусульманамі ці прадстаўнікамі іншых канфэсіяў, але тыя народы, што спрадвеку жывуць на гэтай Богам дадзенай ім зямлі, тыя, што шануюць гэтую зямлю, якім гэтая зямля дарагая, дарагія гэтыя магілы іх продкаў, – яны ніколі на пустым месцы ня будуць уваходзіць у гэтыя канфлікты і распальваць іх. Вядома, мы вельмі занепакоеныя, мы вельмі хвалюемся з прычыны таго, што адбываецца на Блізкім Усходзе, бо пажар узьнікае з малога. Нашы мусульмане зьвяртаюцца ў сваіх малітвах да Бога, каб ён даў нам розуму і магчымасьці і далей мірна ўжывацца на гэтай Богам дадзенай зямлі”.

І падсумоўваючы высновы маіх сёньняшніх суразмоўцаў, трэба зьвярнуць увагу на іх апэляцыю да гістарычнага мінулага Беларусі, да вопыту гістарычнага сужыцьця розных народаў і канфэсіяў у Вялікім Княстве Літоўскім. Калі мы рыхтаваліся да гэтай гутаркі, Ібрагім Канапацкі паказаў мне адзін з выпускаў квартальнка Аб’яднаньня татараў-мусульманаў Беларусі “Байрам”, дзе быў зьмешчаны статут беларускага войска часоў БНР. Камандаваў ім прызначаны Вайсковай Камісіяй БНР палкоўнік Гасан Канапацкі, татарын паводле нацыянальнасьці, а ягоным сакратаром і аўтарам статуту быў Самуіл Плаўнік, беларускі габрэй, вядомы як пісьменьнік Зьмітрок Бядуля. Вельмі паказальна, што статут той быў напісаны з абсалютна патрыятычных беларускіх дзяржаўніцкіх пазыцыяў. І вось гэта якраз паказвае на тое, што хоць і ёсьць пэўныя засьцярогі што да спробаў распаліць канфлікт паміж мусульманамі і юдэямі ў Беларусі, але менавіта вопыт сумеснага талерантнага ранейшага сужыцьця гэтых народаў на нашй зямлі не дазволіць перанесьці блізкаўсходнія супярэчнасьці ў Беларусь.
XS
SM
MD
LG