Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цярпеньне і вера ў добрага Бога. Да 15-х угодкаў Чарнобылю.


Сяргей Абламейка, Прага

Мінулы тыдзень прайшоў у Беларусі пад знакам 15-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Катастрофа гэтая сталася найвялікшым няшчасьцем беларускага народу за ўсю ягоную гісторыю. Самое фізычнае існаваньне беларускай нацыі пад пагрозай.

Катастрофа паставіла шмат тэхнічных, тэхналягічных, палітычных і маральных пытаньняў і перад беларускім грамадзтвам, і перад сусьветнай супольнасьцю. Аглядальнік нашага Радыё Пол Гобл, напрыклад, лічыць, што Чарнобыльская катастрофа спрычынілася да падзеньня камунізму ў СССР, бо так званая галоснасьць нарадзілася якраз з жаданьня Гарбачова адкрыць для грамадзянаў больш інфармацыі пра наступствы Чарнобыльскай катастрофы. Усе пасьлячарнобыльскія гады актыўна дэбатуецца і прапрацоўваецца пытаньне бясьпекі тэхналягічнай дзейнасьці чалавецтва, эўрапейская супольнасьць фінансуе надзвычай дарагія праекты і распрацоўкі ў галіне ядзернай бясьпекі.

Беларускае грамадзтва таксама спрабуе асэнсаваць катастрофу, зразумець яе прычыны і значэньне. Даводзіцца, часам, чуць і меркаваньні пра нейкую абранасьць Беларусі на пакуты, згадкі пра наш нацыянальны сьцяг, які супадае з хрысьціянскімі сымбалямі цела і крыві Хрыстовых, якія самі ёсьць сымбалямі пакуты і перамогі дабра над злом. Некаторыя нават бачаць у Чарнобылі пачатак зьдзяйсьненьня змрочных прароцтваў Адкрыцьця Яна Багаслова або Апакаліпсіса.

А тым часам у глухіх беларускіх вёсках і мястэчках, а таксама і ў вялікіх гарадах сотні тысяч пацярпелых і хворых людзей задаюць сабе і сваім блізкім толькі адно пытаньне – за што? за што яны, нявінныя, церпяць? за што на іх галаву нечакана звалілася такая страшная бяда, якая перавярнула ўсё іх жыцьцё, пазбавіла сяброў і сваякоў, прымусіла пакінуць родныя мясьціны і выклікала ў іх цяжкія хваробы?

Нашая сёньня задача – паспрабаваць адказаць на такія людзкія пытаньні з пункту гледжаньня хрысьціянскай царквы.

Таму зь першым пытаньнем я зьвяртаюся да аднаго з двух сёньняшніх удзельнікаў Сымбаля Веры, да Апостальскага візытатара для беларусаў замежжа айца Аляксандра Надсана. Як царква, айцец Аляксандар, адказвае на пытаньне пра цярпеньне нявінных?

(Надсан: ) “Што ж мне тут сказаць? Пры тым, што само цярпеньне, калі чытаем Сьвятое Пісаньне, ня ёсьць добрае, яно ёсьць зло, яго не павінна было б быць, але яно прыйшло з прычыны так званага першароднага граху. Але гэты грэх таксама ня ёсьць грэх. Паколькі мы належым да гэтага сьвету, створанага Богам, дык цярпеньне непазьбежнае. У нас ёсьць пачатак і будзе канец. Старасьць, сьмерць – таксама ёсьць цярпеньне. Але Бог даў нам на пачатку імунітэт ад гэтага. Але з прычыны першароднага граху гэты імунітэт быў забраны, і яго ня маюць усе людзі. Так што гэта натуральны стан.

Пытаньне ёсьць – чаму нявінныя церпяць? Гэтае пытаньне даўно ўжо было пастаўленае, яшчэ ў Старым Запавеце. Вазьміце Кнігу Іова: справядлівы чалавек, які цярпеў вельмі моцна – страціў і сям’ю, і здароўе, і маёмасьць. Нават жонка яго кажа: “Нашто ты церпіш? Пракляні Бога і памры”. А ён кажа: “Што ты, неразумная, кажаш? Калі мы добрае атрымліваем з рук Бога, дык ці ня можам атрымаць таксама і дрэннае, і цярпеньні?”

Пэўна, што цярпеньне – зло, але яно можа весьці таксама і да дабра, яно можа быць нашым ачышчэньнем, яно дае нам гартаваньне, дае нам умацаваньне надзеі ў Бога. Ісая прарок казаў: “Я там слуга Ягвэ, які цярпеў, і цярпеў за іншых”. Тут ужо ёсьць пытаньне адкупленьня. Вобраз Ягвэ – гэта вобраз Ісуса Хрыста”.

Дзякуй, айцец Аляксандар. Вось так царква адказвае на пытаньне пра пакуты нявінных. У рэпліцы айца Аляксандра Надсана было сказанае некалькі словаў пра адкупленьне. Ён лічыць, што ў цярпеньні нявіннага прысутнічае і вось гэтае біблейскае адкупленгьне нявінным чужых грахоў. Адсюль якраз вынікае, што некаторыя высновы беларускіх інтэлегентаў пра цярпеньні Беларусі маюць пад сабой і біблейскую, багаслоўскую падставу.

Дык што ж, айцец Аляксандар, здарылася ў Чарнобылі – было гэта пакараньнем нябёсаў ці вынікам нейчага граху, нейчае злачыннае дзейнасьці, за якую цяпер плоцяць нявінныя?

(Надсан: ) “Калі ідзе пра Чарнобыль, тут трэба думаць пра адзінства людзкога роду. Як ні кажэце, тое, што мы робім, мае ўплыў на іншых. Возьмем хоць бы п’янога кіроўцу, які едзе па дарозе і кажа, што ён свабодны і робіць тое, што хоча. Калі ён зробіць нейкі выпадак – ён церпіць, нявінная ахвяра церпіць, сям’я ягоная церпіць і грамадзтва – ён, магчыма, займае месца ў шпіталі, дзе павінен быць сапраўды хворы чалавек. Так што тое, што мы робім, мае ўплыў на іншых.

Праўда, мы мае свабодную волю. І вось трэба ужываць гэтую свабодную волю з адказнасьцю, з думкай пра іншых. Калі мы гэтага ня робім, заўсёды будуць няшчасьці.

Возьмем іншы выпадак. Зараз шмат гавораць пра дамову ў Кіёта – як запабегнуць глябальнаму аграваньню нашай плянэты. Амэрыка адклікала свой подпіс пад дамовай. Якія будуць вынікі – мы ня ведаем. Яны думалі пра кароткую мэту – дабрабыт іх грамадзянаў, а не пра агульны дабрабыт.

Тое самае ў Чарнобылі. Безадказныя людзі зрабілі, ня думалі пра вынікі таго, што зробяць, і цяпер церпяць шматлікія нявінныя людзі. Тут ужо справа ідзе пра таямніцу адзінства роду людзкога і салідарнасьці. Усё, што мы робім, адбіваецца на іншых. Мы прымаем гэта. Бог мог бы гэтага не дапусьціць, але тады Ён мусіў бы неяк абмежаваць нашую свабодную волю. Мы маем магчымасць рабіць дабро, маем магчымасьць рабіць зло, маем магчымасьць рабіць таксама пэўныя безадказныя ўчынкі, як гэта было ў Чарнобылі. Вельмі дрэнна, калі мы забываемся, што ўсё, што мы робім, мае ўплыў на іншых”.

Дзякуй, айцец Аляксандар. Такім чынам, айцец Аляксандар Надсан лічыць, што чарнобыльская катастрофа катэгарычна паставіла пытаньне пра адзінства людзкога роду і пра адказнасьць людзей за вынікі і наступствы сваёй дзейнасьці. Мова, фактычна, ідзе пра маральнасьць людзей, пра маральнасьць грамадзтва.

А зараз я зьвяртаюся да другога ўдзельніка сёньняшняй перадачы, да епіскапа Аляксандра Салагуба зь Нью-Ёрку. Епіскап Аляксандар, як Праваслаўная царква разумее прычыны Чарнобыльскай катастрофы?

(Салагуб: ) “Чарнобыльская трагедыя, безумоўна, не была Божым пакараньнем беларускаму ці іншым, кранутым гэтай страшнай бядой, народам. Бог ёсьць любоў, і Ён, як кажа апостал Павал, доўгацерпіць нас, каб усе прыйшлі да праўды і выратаваліся. У гэтым, паводле хрысьціянскай навукі, сэнс гісторыі. Кожная катастрофа – экалягічная ці тэхнагенная – зьвязаная з грахоўным, чалавечым фактарам. Чарнобыльская трагедыя стала вынікам іншага Чарнобылю – ідэалёгіі дзяржаўнага атэізму і пабудаванай на ёй савецкай сыстэме гаспадараньня, пры якой на ахвярнік міфічнай сьветлай будучыні прыносіліся ня толкі бясьпека, але й самое жыцьцё чалавека. Звар’яцелыя будаўнікі зямнога раю ганарыліся сваімі перамогамі над прыродай, яны не хацелі зразумець словы Сьвятога Пісьма, што само стварэньне Божае пакутуе, чакаючы адкрыцьця сыноў Божых.

Многім ведама пра зорку Чарнобыль з Апакаліпсіса ці Кнігі Адкрыцьця Апостала і эвангеліста Яна Багаслова. У Апакаліпсісе на зразумелай усім народам і ўсім культурам мове вобразаў і сымбаляў малюецца сцэнар разьвіцьця чалавечай цывілізацыі. Шмат зь іх – грознае папярэджаньне грахоўнаму чалавецтву. Але толькі ад чалавека і духоўнага стану грамадзтва залежыць, ці спасьцігне нас ізноў трагедыя, падобная да чарнобыльскай.

У нашай Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве за кожнай Боскай Літургіяй і ў ектыніях гучаць адмысловыя прашэньні за ахвяраў чарнобыльскай трагедыі, а на Вялікім уваходзе, калі Сьвятыя Дары пераносяцца з ахвярніка на прастол, я, як беларускі праваслаўны епіскап на чужыне, згадваю Бацькаўшчыну нашу – Сьвятую Беларусь, увесь беларускі народ і прашу Госпада ўспомніць у сваім Царстве братоў і сёстраў нашых, што ад чарнобыльскай радыяцыі пакутуюць”.

Дзякуй, епіскап Аляксандар. Бог – любоў, – сказаў епіскап Салагуб, – Ён нікога не карае. Таму і нашыя людзі ня мусяць думаць, што чарнобыльскія пакуты пасланыя ім як пакараньне за нешта ці за некага.
Епіскап Салагуб сказаў таксама пра духоўны Чарнобыль, які спасьціг савецкае грамадзтва напярэдадні катастрофы, а айцец Аляксандар Надсан сказаў пра нашую вялікую адказнасьць і вострую патрэбу зразумець узаемазалежнасьць усяго людзкога роду.

І вось калі падсумаваць словы абодвух маіх сёньняшніх суразмоўцаў, дык можна сказаць, што людзі ў выніку катастрофы ў Чарнобылі заплацілі за людзей. Адны людзі неасьцярожна і няправільна скарысталіся са свабоды, дадзенай ім Богам, а іншыя плоцяць за гэтыя іх памылкі, бо ўсе мы – адно. Некалі ўжо цытаваны ў Сымбалі Веры каталіцкі тэоляг Джордж Стофф, пішучы пра тэхналягічныя катастрофы і іх наступствы, сьцьвяржджае, што Бог мае моц зьмяніць усё, мае сілу прадухіліць любую катастрофу, але гэтым самым ён мусіў бы парушыць свой плян, паводоле якога людзі маюць свабоду выбару і самі мусяць зразумець свае памылкі.

Галоўная выснова і галоўны ўрок з чарнобыльскай катастрофы – вострая патрэба ўкараненьня маралі ў грамадзтве, вынікам чаго стануць адказнасьць і асьцярожнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG