Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнс і мэтазгоднасьць цэлібату.


Кастусь Бандарук, Прага

У адным з папярэдніх выпускаў перадачы я зьвярнуў увагу на артыкул ў ангельскім тыднёвіку Ekonomist пра асноўныя праблемы сучаснай Царквы. Сярод іх названыя: кансэрватыўнае стаўленьне да праблемы кантролю нараджальнасьці і цэлібату. Зараз у сьвеце 410 тысячаў каталіцкіх сьвятароў. Іх колькасьць нязначна павялічваецца, але за кошт краінаў “трэцяга сьвету”. Затое ў Эўропе і Амэрыцы вялікая колькасьць духавенства адмаўляецца ад сьвятарства. У некаторых парфіях сьвятар зьяўляецца ўсяго два разы ў год. Напрыклад, на працягу 15 гадоў у архідыяцэзіі Мілуокі палова парафіяў застанецца без сьвятароў. Прычынаў гэтага некалькі, але найперш гэта нязгода духавенства зь некаторымі царкоўнымі нормамі, у прыватнасьці з абавязковым цэлібатам:

Наша даведка:

“Цэлібат – па-лацінску “нежанаты, самотны” – практыкуецца ў шэрагу рэлігіяў у якасьці спосабу дасягненьня рэлігійных ідэалаў. У індуізме цэлібату прытрымліваюцца пераважна пустэльнікі, ёгі альбо вандроўныя манахі-санясыны. У будызме, джынізме і тааізме цэлібат тычыцца толькі манахаў. У юдаізме цэлібат быў непажаданы. Лічылася, што ён супярэчыць Божаму ўстанаўленьню, хаця ў Бібліі згаданыя ў якасьці выключэньняў прарокі Ерамія ды Ільля. Новы Запавет не навязваў цэлібату, хаця нежанатыя былі сам Ісус Хрыстос, Ян Храсьціцель і Апостал Павал. Зь першых вякоў хрысьціянства, нежанатыя былі толькі манахі. Упершыню цэлібат рэкамэндаваў сьвятарам Сабор ў Эльвіры ў 306 годзе. Яго неабходнасьць падкрэсьлівалі Рымскія Папы ў 5-6 стагодзьдзях, аднак толькі пастановай ад 1074 году Папа Рыгор VII цалкам забараніў духавенству полавыя зносіны. Законам для ўсяго каталіцкага духавенства цэлібат стаўся толькі пасьля Лятэранскага Сабору ў 1139 году. Што тычыцца Праваслаўнай Царквы, дык з 4 стагодзьдзя да сёньняшняга дня ў ёй практыкуецца толькі цэлібат епіскапаў, а пратэстанцкія цэрквы цалкам адмовіліся ад яго”.

Нагадаю, што евангельскай падставай цэлібату зьяўляецца прыклад самога Ісуса Хрыста ды іншых сьвятых, а таксама словы сьвятога Пісаньня: “Нежанаты клапоціцца пра Гасподняе, як дагадзіць Госпаду, а жанаты клапоціцца пра сьвецкае, як дагадзіць жонцы” ( 1 Кар.(Б 32-33). Каталіцкая Царква лічыць, што поўнасьцю прысьвяціць сябе служэньню Богу і людзям можа толькі нежанаты сьвятар. З другога боку, у апостальскія часы не было прымусовага цэлібату. Узорная сям’я і добрае выхаваньне дзяцей было неабходнай умовай сьвятарскага сану: “…епіскапу трэба мужам аднае жонкі… каб добра сваім домам кіраваў, дзяцей ў паслухмянасьці трымаў з усялякай пашанай” ( Цім 3,1-4). Нельга таксама сказаць, што жанатыя праваслаўныя альбо пратэстанцкія сьвятары служаць менш або горш. У кожным разе, цэлібат – гэта ня догма, але царкоўнае правіла, якое можна зьмяніць. Дарэчы, і зараз Ватыкан дазваляе жаніцца грэка-каталіцкім сьвятарам. Мабыць таму многія каталіцкія сьвятары прыватна выказваюць думку, што пытаньне цэлібату трэба было б перагледзець. Можа сапраўды варта?

Думка прафэсара Марэка Хмялеўскага.

(Хмялеўскі) “Я думаю, што ў гэтым пытаньні ўжо гучыць сумнеў адносна мэтазгоднасьці цэлібату – ці ён патрэбны, добры і ці нечаму служыць? Добрасумленныя людзі ставяць гэткія пытаньні ў пошуку сэнсу цэлібату, затое часьцей іх уздымаюць асяродзьдзі нядобразычлівыя каталіцкай Царкве, спрабуючы гэткім чынам знутры разбураць ейную дысцыпліну”.

(Бандарук: ) “Не падлягае сумневу, што цэлібат быў уведзены з практычных меркаваньняў. Гісторыкі прызнаюць, што гэткім чынам Царква хацела пазьбегнуць праблемаў з перадачай маёмасьці ў спадчыну дзецям сьвятароў і біскупаў. Апрача таго, кошт утрыманьня шматдзетнай сям’і значна вышэйшы, чым адзінокага сьвятар. Герархія хацела мець паслухмяных, дысцыплінаваных сьвятароў, не абцяжараных сем’ямі, каб свабодна распараджацца імі. Аднак, гэта не тэалягічны, але практычны аргумэнт…”

(Хмялеўскі: ) “На цэлібат нельга глядзець толькі з функцыянальнага пункту гледжаньня. Царква бачыць у цэлібаце асаблівае вымярэньне, асаблівую прастору сьвятарскага служэньня і надае гэтаму тэалягічны сэнс. На пытаньне вучняў пра жаніцьбу Хрыстос кажа: “Ёсьць тыя, хто няздатны да жанімства, бо такімі нарадзіліся, іншых людзі зрабілі няздатнымі жаніцца, а ёсьць і такія, хто абралі цэлібат дзеля Царства Нябеснага”. Калі цэлібат будзем успрымаць толькі ў сацыялягічным альбо культуралягічным аспэкце, то сапраўды яго будзе цяжка зразумець і вытлумачыць. Мы павінны глядзець на цэлібат як на харызму ў Царкве, як на спосаб ажыцьцяўленьня свайго пакліканьня, як на духоўную каштоўнасьць, як прароцкі знак таго супраціву і ўнутранага канфлікту. Цэлібат – гэта выклік, трывога тых, хто перажывае дакор сумленьня ў пытаньні духоўнай чысьціні альбо сужэнскай вернасьці”.

Гэта быў каталіцкі тэоляг, прафэсар Хмялеўскі. Аднак прыгадаю яшчэ думку выдатнага праваслаўнага тэоляга, прафэсара Джона Мэйэндорфа:

“Асноўнай крыніцай праблемы цэлібату, – піша Мэйэндорф, – зьяўляецца прымусовае навязваньне яго, аднак бяз той традыцыйнай духоўнасьці, безь якой цэлібат робіцца невыносным і непатрэбным. Сьвятары адмовіліся ад традыцыйнага сьвятарскага ладу жыцьця, штодзённай Імшы, малітваў і посту. Зараз сьвятар нічым не абмежаваны ў сэнсе ежы, піцьця, камфартабельнай кватэры і дарагога аўтамабілю. Гэткім чынам цэлібат страціў сваё духоўнае значэньне. Усё гэта супярэчыць ідэалам “Царства Нябеснага” і ў такой сытуацыі –навошта цэлібат патрэбны?” – піша а. Джон Мэйэндорф.

Дарэчы, ён прызнае, што аднолькава дрэнна, калі ў Праваслаў’і некаторыя лічаць манаства шляхам да епіскапства…А вось меркаваньне яшчэ аднаго праваслаўнага сьвятара, айца Ўладзімера Лапшына.

(Лапшын: ) “Шчыра кажучы – сытуацыю сьвятара-цэлібата мне нават цяжка сабе ўявіць. Я жаніўся даволі рана, жанаты ўжо больш за 30 гадоў. І я не лічу, што наяўнасьць сям’і й дзяцей нейкім чынам перашкаджае служыць Царкве. З аднаго боку, зразумела, сьвятар, у якога сям’я, можа аказацца ў сытуацыі большай залежнасьці ад начальства. На яго лягчэй аказваць ціск, ўзьдзейнічаць царкоўным уладам. Але з другога боку, усё ж калі сям’я набожная, калі дзеці выхаваныя ў веры, то яны зьяўляюцца моцнай падтрымкай для бацькі. У ніякім разе не перашкодай ў служэньні Царкве і Богу, але хутчэй за ўсё дапамогай і апірышчам”.

Гэта быў а. Ўладзімер Лапшын. Праціўнікі цэлібату прыводзяць тры галоўныя аргумэнты: найперш, ён ня мае падставы ні ў Сьвятым Пісаньні, ні ў раньнехрысьціянскай практыцы. Апрача таго, цэлібат адрывае сьвятароў ад рэаліяў жыцьця. Інакш кажучы, яны вучаць таму, чаго самі ня ведаюць і не спазналі, устанаўляюць правілы гульні, у якой самі ня ўдзельнічаюць… Прафэсар Хмялеўскі:

(Хмялеўскі: ) “Няпраўда, што сьвятар-цэлібат ня ведае рэаліяў жыцьця. Ён сутыкаецца зь імі, назіраючы за прыкладам сваіх бацькоў і сям’і, у якой выхоўваўся. Апрача таго, ён зьдзяйсьняе сакрамэнт пакаяньня. Хіба ніхто лепш за сьвятара, перад якім людзі спавядаюцца, ня ведае ўсе сакрэты жыцьця сваіх парафіянаў. Лекар, калі мае быць добрым лекарам, ня мусіць захварэць на хваробу, якую лечыць. Гэтак жа і сьвятар, каб лепш разумець людзей, ня мусіць жыць гэтак, як яны. Ня раз было, што пабочны назіральнік лепш бачыць за самога ўдзельніка падзеі. Сьвятар-цэлібат можа быць больш аб’ектыўны ў сваёй ацэнцы жыцьця іншых людзей, чым жанаты сьвятар, паглынуты турботамі і праблемамі сваёй сям’і. Такім чынам, гэта аргумэнты, зь якімі цяжка пагадзіцца. Сацыялягічныя дасьледаваньні супярэчаць такім стэрэатыпам”.

Гаварыў прафэсар Хмялеўскі. Аднак бадай больш сур’ёзны закід, гэта той, што цэлібат супярэчыць натуры, зьяўляецца прычынай сэксуальнай фрустрацыі і скрыўленьняў. Той жа Апостал Павал пісаў: “Нежанатым і ўдовам кажу: добра, калі застануцца самотныя як я. Але, калі ня могуць устрымацца, хай лепш жэняцца, бо лепш жаніцца, чымсі распальвацца” ( 1 Кар.7,9). У 99-м годзе прафэсар тэалёгіі з Кліўлэнду ў штаце Агаё Дональд Коззэнс напісаў, што прыблізна палова сьвятароў і сэмінарыстаў – гомосэксуалісты. Дарэчы, згодна статыстыцы, сярод амэрыканскага духавенства ў 8 разоў больш чым у астатнім грамадзтве выпадкаў захворваньня на СНІД. Да 1997 году Рыма-каталіцкая Царква ў ЗША заплаціла 650 мільёнаў даляраў кампэнсацыі за выпадкі пэдафіліі ды іншыя сэксуальныя дамагальніцтвы з боку сьвятароў. Езуіт Тэрэнс Дэрман, які ў 1978-81 гадох працаваў ў Ватыкане, адзначыў, што Папа не хацеў нават слухаць пра сэксуальныя злоўжываньні духавенства, а ў адказ на канкрэтныя лічбы заявіў: “Гэта адбываецца толькі ў Амэрыцы”. Аднак, – лічыць Тэрэнс Дэрман, – такія рэчы здараюцца ня толькі ў Амэрыцы, але паўсюль, нават у Ватыкане…Ваша думка, а. Ўладзімер Лапшын.

(Лапшын: ) “Ну, гэта напэўна магчымае…ня ведаю.. ня мне аб гэтым судзіць. Напэўна, гэта рэальнае і магчымае, але з другога боку, нельга думаць, што наяўнасьць сям’і ў праваслаўнага сьвятара засьцерагае яго ад усіх спакусаў. Сьятар – найперш мужчына, і спакусы непазьбежныя, яны могуць быць у любым выпадку. Іншая справа, што сям’я дапамае спраўляцца з многімі праблемамі, калі сьвятару сапраўды неабходная падтрымка, дапамога з боку вельмі блізкіх людзей”.

І яшчэ меркаваньне прафэсара Хмялеўскага:

(Хмялеўскі: ) “Ня трэба ставіцца да цэлібату як да нечага незвычайнага. Дакладна гэткія ж цяжкасьці і перамогі маюць муж і жонка. Ня трэба перабольшваць праблему. Вы цытуеце дасьледаваньні, зь якіх вынікае, што нібыта вялікі адсотак каталіцкага духавенства – гомасэксуалісты. Я думаю, што гэта няпраўда, што гэта паклёп. Значна болей ўсялякіх скрыўленьняў бывае ў сужэнствах. Гэта неправеранае і крыўднае абагульненьне. З другога боку, ніхто ня ставіць пад сумнеў наяўнасьць спакусаў. Спакусы існуюць дзеля таго, каб іх перамагаць, каб дасягаць унутранай сьпеласьці згодна з Эвангельлем: “Моц удасканальваецца ў слабасьці”. Тады, калі спакуса пераадоленая, у чалавеку ўмацоўваецца вера, ён робіцца больш высокародным. Тады сьвятар-цэлібат тым болей сьведамы таго дару, які прыносіць з самога сябе Хрысту, Царкведы іншаму чалавеку”.

Гаварыў прафэсар тэалёгіі Марэк Хмялеўскі. І ўжо на заканчэньне –думка каталіцкага манаха-марыяніна, які больш за паўстагодзьдзя пражыў у цэлібаце, а. Вацлава Алюліса зь Вільні.

(Алюліс: ) “Маральнае жыцьцё – справа ня зь лёгкіх як у жаніцьбе, гэтак і ў цэлібаце. І тут, і там трэба самаабмяжоўвацца, утаймоўваць свае пажадлівасьці. Жыцьцё жанатага духавенства можна прыраўнаць да духавенства нежанатага, цэлібатнікаў. Сярод і адных, і другіх ёсьць сапраўдныя героі, сьвятыя. Аднак для таго, каб поўнасьцю сябе прысьвяціць сьвятарскаму пакліканьню, па-мойму, больш магчымасьцяў дае цэлібат, а ён мажлівы. Я асабіста не расчараваўся ў цэлібаце ні ў маладых гадох, ні цяпер – у 80 гадоў”.

Айцец Вацлаў Алюліс на падставе свайго ўласнага жыцьця лічыць, што цэлібат дае магчымасьць больш плённа выканаць сваё сьвятарскае пакліканьне. Гэта несумненны плюс, але трэба прызнаць, што ёсьць і мінусы. Як сказаў мне адзін каталіцкі сьвятар, які жаніўся і скінуў сутану, Рыма-каталіцкая Царква і ў мінулым, і цяпер крывадушнічала. Яна не патрабуе ад свайго духавенства сэксуальнай устрыманасьці, але не талеруе шлюбу сьвятара. Яму таксама сказалі: будзеш далей ксяндзом недзе ў далёкай парафіі, можаш нават матэрыяльна дапамагаць сваёй сям’і, толькі афіцыйна адмоўся ад яе. Мабыць, адсюль і вялікая колькасьць тых, хто скідае сутану, каб не крывіць душой і не хавацца са сваімі прыроднымі схільнасьцямі, а гэта ўжо сур’ёзная праблема.
XS
SM
MD
LG