Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альтэрнатыўныя формы посту – што гэта?


Аўтар і вядучы Сяргей Абламейка, Прага

Зараз хрысьціяне пражываюць час Вялікага посту. І вось якраз посту будзе прысьвечаны сёньняшні выпуск нашай праграмы, а дакладней духоўнаму зьместу посту і яго альтэрнатыўным формам, якія сёньня практыкуюцца ў сьвеце.

Нядаўна мне давялося паслухаць два казаньні каталіцкіх сьвятароў у працягу адной нядзелі. Абодва сьвятары мелі прыблізна па 75 год, розьніца была ў тым, што адзін зь іх быў украінцам і зьвяртаўся да ўкраінцаў, а другі, адпаведна, быў чэхам і гаварыў да чэхаў. Зьмест іх казаньняў, прысьвечаных посту, быў цалкам супрацьлеглы. Украінскі сьвятар, які зьвяртаўся да вернікаў, пераважная большасьць якіх цяжка працуе на будоўлях Прагі, выразна і настойліва заклікаў іх адмовіцца ад спажываньня мяса ў серады і пятніцы, а чэскі сьвятар гаварыў нешта зусім адваротнае, а менавіта тое, што пост ня ёсьць дыетай, гэта найперш духоўная справа, і няважна, у якой менавіта форме мы рэалізуем свае ахвярныя ды пакаяльныя памкненьні ў посны час.

Мне былі зразумелыя пазыцыі абодвух сьвятароў – розьніца падыходаў тлумачылася розьніцай мэнталітэтаў і агульных узроўняў аўдыторыі, якая казаньні слухала. Сталічныя праскія католікі і правінцыйныя, пераважна вясковыя галіцкія уніяты, якія яшчэ ня так даўно наагул былі праваслаўнымі, – гэта сапраўды розныя плянэты. З другога боку, магчыма, рознымі былі і самі пазыцыі гэтых сьвятароў у падыходзе да зьместу посту.

Вось гэтак і нарадзілася ідэя расказаць беларускаму слухачу пра альтэрнатыўныя формы посту, якія зараз усё больш распаўсюджваюцца ў сьвеце.

Але найперш – пра зьмест посту наагул. Ля мікрафону Апостальскі візытатар для беларусаў замежжа айцец Аляксандар Надсан.

(Надсан: ) “Пост у самым элемэнтарным значэньні – гэта ёсьць устрыманасьць ад ежы, ад напіткаў, ад прыемнасьцяў цялесных, фізычных. Ён можа быць добры або дрэнны маральна, а можа быць абыякавы. Важна, якая мэта перад намі стаіць. У адным творы Максіма Вызнаўцы малады манах пытаецца свайго духоўнага настаўніка: “Скажы мне, ойча, чаму гэта Бог стаўся чалавекам?” І вось нам варта сабе гэтае пытаньне задаць перад тым, як пачаць пост. Бог стаўся чалавекам, каб нас узвысіць да Боства, каб мы маглі удзельнічаць у Боскім жыцьці, гэта значыць тое, што мы страцілі праз грэх. Бо грэх – гэта перадусім ёсьць беспарадак, страта, зламаньне нутраной гармоніі кожнай адзінкі. Калі Хрыстос стаўся чалавекам, ён быў дасканалай адзінкай, а ў нас гэтага няма. Гэта і ёсьць страта гэтай гармоніі.

У пост перадусім мы павінныя старацца аднавіць гэтую гармонію, умець навесьці ў сабе парадак, падпарадкаваць свае ніжэйшыя інстынкты, пачуцьці, жаданьні вышэйшым. Напрыклад, фізычныя жаданьні розуму.

Ёсьць і іншыя рэчы – пакута, жаль за грахі, але барацьба з грахом – самая важная. І Хрыстос сам казаў пра гэта, бо калі ён пасьціўся 40 дзён, калі д’ябал яго спакушаў і казаў, каб Ён зрабіў, каб камені сталіся хлебам, Ён сказаў: “Ня хлебам адзіным жыве чалавек, але кожным словам, якое выходзіць з вуснаў Божых”. Вось гэта самае важнае для нас – упарадкаваць сябе. Гэта ёсьць першы крок да ўдзелу ў Боскім жыцьці.

Нават у нашых літургічных песьнях вельмі цікава сьпяваецца ў першыя дні посту: “Посьцім, браты, цялесна, посьцім і духоўна, разарвем путы няправеднасьці, разьвяжам вузлы абязаньняў, вымушаных сілай, разьдзярэм усе няправедныя ўмовы, дамо хлеб галодным і прытулак бяздомным пад нашай страхой, каб нам атрымаць ад Хрыста веліч зьмілаваньня”. Так што бачыце, пост – ня толькі ўстрыманасьць ад ежы, але нешта пазытыўнае, пакліканьне быць добрым, быць лепшым у сваіх абавязках”.

Як мы чулі, айцец Аляксандар Надсан сказаў, што пост – гэта адмысловы час, у які вернікі маюць магчымасьць пастарацца аднавіць страчаную ўнутраную гармонію, наладзіць унутраны парадак, аднавіць страчанае ў выніку граху адзінства з Богам. Пост, сказаў айцец Аляксандар, гэта таксама час пакаяньня, час жалю за грахі.

А якія ж формы набывае гэтае імкненьне людзей упарадкаваць сваё духовае жыцьцё ў сучасным заходнім сьвеце? Жыцьцё моцна інтэнсыфікуецца і мяняецца, людзі вельмі энэргічна і цяжка працуюць, пералятаюць з кантынэнта на кантынэнт па некалькі разоў у працягу аднаго тыдня, хварэюць, часта побыт чалавека залежыць ад традыцыяў шматнацыянальнага і шматканфэсійнага калектыву, у якім ён працуе. Што робяць сучасныя вернікі на Захадзе, як адказваюць на выклікі часу? Ізноў гаворыць айцец Аляксандар Надсан.

(Надсан: ) “Некалі пасьціліся вельмі строга. Цяпер у нашым жыцьці, у нашых умовах гэта вельмі цяжка. Але нам ніколі не перашкодзіць хоць крышку задумацца над нашым хрысьціянскім пакліканьнем, крышку больш праявіць да сябе строгасьці, ну і таксама папасьціць хоць адзін дзень – устрымацца ад ежы. На захадзе стаўся вось такі прыгожы звычай – так званы дзень сямейнага посту. У часе Вялікага посту ўся сям’я посьціць. І тыя грошы, якія яна заашчадзіла гэтым пастом, аддае на нейкую дабрачынную мэту – для бедных, у сірацінцы, для хворых ці на нешта іншае. Вось гэта ёсьць замена: ня толькі нэгатыўнае, калі мы ад нечага адмаўляемся, але таксама і пазытыўнае нешта робім. Мне здаецца, што ў нашых умовах, нам варта падумаць пра гэта. Гэта будзе пост, прыстасаваны да нашых абставінаў”.

Вось айцец Аляксандар Надсан прывёў прыклад адной з альтэрнатыўных формаў посту, якія практыкуюцца ў Вялікай Брытаніі. Сям’я посьціць нейкі дзень і заашчаджаныя ў такі спосаб грошы перадае на дабрачынныя патрэбы. Айцец Аляксандар сказаў, што такія формы дазваляюць прыстасаваць нашую інтэнцыю духоўнай ахвяры да сучасных умоваў жыцьця.

Ну а зараз надыйшла пара больш падрабязна пагаварыць пра так званыя альтэрнатыўныя формы посту, якія ўсё шырэй распаўсюджваюцца зараз у Заходняй Эўропе. Тое, што мы гаворым пра іх, не азначае, што ва Ўсходняй Эўропе існуе нейкае няправільнае ці састарэлае разуменьне посту. І Каталіцкая, і Праваслаўная цэрквы падыходзяць да посту аднолькава, і кожны сьвятар вам скажа, што пост – гэта найперш справа духоўная, іншая рэч, што на ўсходзе больш шырока распаўсюджаная менавіта клясычная форма посту ў форме адмовы ад спажываньня мяса ў посныя дні або, як у выпадку праваслаўных, у цэлы час посту.

Для знаёмства слухачоў Сымбалю Веры з альтэрнатыўнымі формамі посту я выбраў артыкул чэскага каталіцкага сьвятара Даніэла Германа, зьмешчаны ў апошнім нумары газэты Katolicki tydenik. У сваім артыкуле ён гаворыць і пра сутнасьць посту, і пра альтэрнатыўныя яго формы, якія практыкуюцца сёньня ў Заходняй Эўропе. Пераклад артыкулу чытаюць Вольга Караткевіч і Сяржук Сокалаў-Воюш.

“Найперш задумаемся над пытаньнем, для чаго пост патрэбны. Пост зьяўляецца часткай многіх рэлігіяў у сьвеце. Мы разумеем яго, як шлях да ачышчэньня, калі мы нешта аддаем, каб мець магчымасьць атрымаць яшчэ больш назад. Скажу нават так: пост – гэта страта колькасьці для атрыманьня якасьці. Такое разуменьне ў хрысьціянскім сэнсе надалей застаецца актуальным.

Многія разумеюць пад пастом найперш адмову ад спажываньня мяса. Калі гаварыць пра гэтую форму посту, дык Каталіцкае Кананічнае права гаворыць, што адмаўляцца ад мяса трэба ў пятніцы падчас усяго году і у часе посных пэрыядаў. Сёньня Каталіцкая царква трымаецца пераважна такой традыцыі – пад час посту ад мяса адмаўляюцца ў серады і пятніцы. Апрача таго, Кананічнае права прадугледжвае, што асобы ад 14 год павінныя абмежаваць спажываньне мяса, а асобы ад 18 год і аж да пачатага 70-га году жыцьця – цалкам устрымлівацца ад спажываньня мяса. Біскупы і сьвятары маюць права даваць вернікам дазвол ня посьціць дзеля нейкіх прычынаў.

У сёньняшнім сьвеце хрысьціяне пачынаюць ужываць розныя альтэрнатыўныя формы посту. Што гэта такое? Найперш трэба сказаць, што тут існуе вялікі спэктар формаў. Аб’ядноўвае іх тое, што ўсе яны ўжываюцца ў клясычныя дні – серады і пятніцы. Ёсьць формы, блізкія да клясычных, а ёсьць зусім, так бы мовіць, мадэрновыя, нетрадыцыйныя. Але ўсе яны маюць у аснове адно і тое, а менавіта вызваленьне прасторы для нечага больш якаснага ў сваім жыцьці.

У сучасным заходнім сьвеце альтэрнатыўныя формы посту ўжываюцца больш часта, чым, напрыклад, ва Ўсходняй Эўропе. Адной з такіх альтэрнатыўных формаў посту ёсьць клопат аб навакольным асяродзьдзі. Мне даводзілася сустракацца з тым, як адзін чалавек пад час посту добраахвотна вычысьціў цэлы парк... Паколькі мы ёсьць часткай агульнай экасыстэмы і ў значнай ступені адказныя за яе, дык такая форма посту мне не падался лішняй. Альбо, напрыклад, існуе форма так званага аўтамабільнага посту, калі людзі адмаўляюцца ад выкарыстаньня асабістага транспарту на карысьць грамадзкага. Гэта таксама экалягічна матываваная форма посту.

Наступнай альтэрнатыўнай формай посту ёсьць адмова ад паленьня ў грамадзкіх месцах, у прысутнасьці людзей, якія ня паляць. Яшчэ адна альтэрнатыўная форма – аказаньне фінансавай дапамогі, напрыклад, ахвярам нейкіх катастрофаў грашыма, якія вы зэканомілі ў посныя дні на каве, тытуні ці алькаголі. Дзіўныя, на першы погляд, гэтыя формы посту насамрэч ёсьць глыбока хрысьціянскія. Прапановай такіх формаў посту сучасная царква не заклікае вернікаў адмовіцца ад клясычнага посту. Усе гэтыя формы могуць суіснаваць побач. Царква прапануе шырокую шкалу магчымасьцяў. Выбар залежыць ад стылю духоўнага жыцьця кожнага чалавека і ёсьць справай індывідуальнай.

Часта людзі пытаюцца, ці можна аб’яднаць традыцыйныя і альтэрнатыўныя формы посту. Я адказваю – так. Тут цалкам магчымы выгодны для чалавека сымбіёз, нельга проціпастаўляць адну форму іншай. Гэта заўсёды пытаньне кожнага канкрэтнага чалавека. Напрыклад, лекару, які езьдзіць на сваёй машыне да хворых, я ніколі не параіў бы карыстацца падчас посту грамадзкім транспартам, або чалавеку, які працуе фізычна ў шахце, цяжка раіць адмовіцца ад мяса. Духоўныя намаганьні не азначаюць уцёкаў ад штодзённага і нармальнага жыцьця. Хрысьціянства – гэта заклік да якаснага і паўнацэннага жыцьця, а не падстава для ўцёкаў ад яго. Таму я раю людзям выбіраць форму посту, якая б адпавядала рэальнасьці, у якой мы жывем.

Калі мяне пытаюць, ці ёсьць пост актам чалавечым, ці рэлігійным, дык я заўсёды адказваю, што ў аснове посту бясспрэчна ляжыць рэлігійны элемэнт, таму што калі мы гаворым пра пост як духоўны акт, мы ня можам яго ў гэтым сэнсе аддзяліць ад рэлігіі. Дыета – гэта нешта іншае, а пост – гэта духоўны акт, гэта псыхафізычная зьява.

На заканчэньне скажу, як я сам перажываю посны час. Я спрабую рэалізаваць свае посныя памкненьні ў сфэры кантактаў зь іншымі людзьмі. Гэта значыць, што мой посны дзень павінен абавязкова вызначацца добрым чалавечым кантактам. Некаму зраблю нешта прыемнае, некаму дапамагу, стрымаю слова, якое б магло нешта парушыць, а не стварыць… Вось менавіта такую форму посту для сябе я уважаю за надзвычай важную”.

Згадзецеся, зьмест артыкулу айца Даніэла Германа не зусім прывычны для нашага вуха. Нам цяжка ўявіць, што нейкая вясковая бабулька у якасьці посту штодзень добраахвотна прыбірае тэрыторыю перад калгаснай управай у сваёй вёсцы… Нашым вяскоўцам далёкая думка, што чалавек і прырода ёсьць часткамі агульнай экасыстэмы, а зь іншага боку – традыцыя ўрачыстых разгавеньняў пасьля Вялікоднай усяночнай гэтак моцна яшчэ ўкаранёная ў народзе, што нам бадай яшчэ й рана гаварыць пра шырокае распаўсюджаньне альтэрнатыўных формаў посту ў Беларусі. Тут важна зразумець іншае. На маю думку, гэтыя формы посту – не для традыцыйных вернікаў, яны хутчэй для сучаснага цывілізаванага грамадзтва, для гораду, для тых, хто ўжо страціў сувязь з традыцыяй дзядоў. А зь іншага боку – яны і для сапраўды глыбокіх, катэхізаваных і эвангелізаваных вернікаў, якія добра разумеюць, што пост – гэта не дыета.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG