Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаўленьне Царквы да полавага жыцьця і да кантрацэпцыі.


Аўтар і вядучы Кастусь Бандарук.

(Бандарук: ) “Прывітаньне. У адным з апошніх нумароў брытанскі тыднёвік “Эконаміст” зьмясьціў артыкул пад загалоўкам “Паміж гэтым сьветам і наступным”. У ім сьцьвярджаецца, што Рымакаталіцкая Царква пад кіраўніцтвам Яна Паўла ІІ-га надзвычай кансэрватыўная, што ў сваім навучаньні яна ўпарта ня ўлічвае рэаліяў жыцьця.

Камэнтуючы прызначэньне Янам Паўлам ІІ новых кардыналаў, тыднёвік задаецца пытаньнем, ці Царква, якая відавочна патрабуе зьменаў, гатовая зьмяніцца. Сярод тых праблемаў, якіх нельга больш замоўчваць або ігнараваць, найперш названае полавае жыцьцё, у прыватнасьці, пытаньне кантролю нараджальнасьці. Царква сьцісла рэглямэнтуе формы полавага жыцьця і падпародкоўвае яго выключна нараджэньню дзяцей. Менавіта галоўныя тэзісы згаданага артыкулу —безадказны кансэрватызм Ватыкану – я папрасіў пракамэнтаваць каталіцкіх і праваслаўнага тэолягаў… Сьпярша Біскуп Тадэвуш Перонэк:

(Пэронэк: ) “Рымакаталіцкая Царква не кансэрватыўная, яна пасьлядоўная. Што гэта значыць, што Царква ставіцца да сэксу з асуджэньнем? Царква не асуджае, але прадстаўляе Божае адкрыцьцё, і, хто хоча, прымае навуку, а хто ня хоча – адварочваецца ад яе. Калі нехта цьвердзіць, што ён каталік, але паводзіць сябе па-свойму, дык адсюль толькі вынікае, што ён вельмі слабы каталік”.

(Бандарук: ) “Гэта быў біскуп Тадэвуш Пэронэк. А цяпер меркаваньне яшчэ аднаго каталіцкага тэоляга, ксяндза Тамаша Горака:”

(Горак: ) “Сама натура надзвычай кансэрватыўная. Кожнае яе выпраўленьне заўсёды канчалася і канчаецца парушэньнем раўнавагі ў сьвеце. З гэтага дасьведчаньня выплывае, дарэчы, экалёгія. Таму Царква, аберагаючы кансэрватыўны дар жыцьц, сама таксама мусіць быць адносна кансэрватыўнай. Але сэкс як адзін са спосабаў чалавечых паводзінаў зьяўляецца і элемэнтам культуры, якая зьмяняецца, эвалюцыі і ўплыву асяродзьдзя. Полавае жыцьцё – справа надзвычай дэлікатная і таму асабліва падатлівая на дэструктыўны ўплыў зла. Таму роля Царквы, як вартаўніка каштоўнасьцяў, у гэтым сэнсе вельмі складаная, бо нельга згубіць сутнасьць Божага дару, трэба ўлічыць культурныя зьмены і ўплыў асяродзьдзя, а з другога боку, зло трэба заўсёды называць злом і дапамагаць чалавеку знаходзіць дабро, таксама ў перажываньні сэксу, цялеснасьці”.

(Бандарук: ) “Нагадаю, ксёндз Горак зьяўляецца рэдактарам каталіцкага тыднёвіка “Госьць Нядзельны” і духоўнікам моладзі. На пытаньне пра кансэрватызм Царквы ў пытаньнях сэксу адказаў таксама а. Вацлаў Алюліс зь Вільні, былы віцэ-генэрал Ордэну Марыянаў:”

(Алюсіс: ) “Па моему, трэба разьлічыць, што сапраўды прагрэсіўнае, а што толькі прапаганда. Сучасная прапаганда сэксуалізму – гэта прапаганда крайняга эгаізму, калі толькі маецца на ўвазе праемнасьць, але забываеца гонар чалавечай асобы, асабліва жанчыны. Хто гаворыць, што Каталіцкая Царква празьмерна кансэрватыўная ў пытаньнях сэксу, дык той, мабыць, не чытаў ні дакумэнтаў Другога Ватыканскага Сабору – Gaudimes Spes, альбо папскіх энцыклікаў, як хаця б Familiares Consorcium. Касьцёл падтрымлівае тое, што сапраўды прагрэсіўнае і згоднае з навукай, напрыклад, натуральныя мэтады плянаваньня сям’і”.

(Бандарук: ) “Гаварыў а. Вацлаў Алюліс. У згаданым мною артыкуле ў тыднёвіку “Эконаміст” гаворыцца, што пытаньне кантролю за нараджальнасьцю выклікала крызіс даверу да Царквы. Згодна апытаньню, праведзенаму ў 99 годзе Інстытутам Гэлапа, 80 адсоткаў сьвецкіх амэрыканцаў і 50 адсоткаў сьвятароў, не пагаджаюцца з пазыцыяй Ватыкану ў пытаньнях полавага жыцьця. Сьвецкія каталікі ня хочуць выпісвацца з Царквы, але й ня хочуць, каб Царква рэглямэнтавала іхнае асабістае, інтымнае жыцьцё. Гэтую думку выказаў адзін з амэрыканскіх палітыкаў, які на адрас Папы сказаў:
“Ня ўдзельнічаеш у гульні, дык і не ўстанаўляй правілаў”. Паводле аўтара артыкулу, гэтая масавае непаслушэнства Ватыкану будзе пашырацца, і Царква ня можа больш заплюшчваць вочы на гэтую праблему…Меркаваньне біскупа Тадэвуша Пэронка”.

(Пэронэк: ) “Трэба прызнаць, што ў многіх людзей завярнуліся галовы. Маральныя нормы не ўстанаўляе грамадзкая думка. Яны дадзеныя Богам ў якасьці запаветаў. Бог-Творца ведае, што робіць. Калі гэта людзям не падабаецца, дык адсюль і сумныя вынікі гэтага самавольства. Калі б мы спрабавалі кіравацца грамадзкай думкай альбо чалавечымі паводзінамі, дык прыйшлося і крадзеж прызнаць нормай, бо многія людзі крадуць. З таго, што шматлікія людзі парушаюць Божыя запаветы, не вынікае, што яны памылковыя”.

(Бандарук: ) “Гэтак лічыць рэктар Папскай тэалягічнай Акадэміі ў Кракаве. Асноўныя маральныя нормы сфармуляваныя ў 10-ці Запаветах і яны сапраўды нязьменныя. З другога боку, людзі адчуваюць, што кантроль за іхным жыцьцём з боку Царквы – празьмерны. Чужаложніцтва, згвалтаваньне, крывазьмяшэньне, аборт – недапушчальныя, і з гэтым амаль усе пагаджаюцца. Аднак нават вернікі ня разумеюць, чаму забараняецца любая штучная кантрацэпцыя, нават прэзэрватывы, не зважаючы на пашырэньне СНІДу? Чаму ў сям’і, дзе ўжо, напрыклад, 15 галодных, абдзёртых дзяцей, бацькам нельга пазьбягаць чарговай цяжарнасьці? Альбо, чаму бяздзетныя бацькі мусяць зьмірыцца са сваёй бяздзетнасьцю, і нават не думаць пра штучнае апладненьне? Людзі бачаць, што і таго нельга і тое грэх, што Царква хоча стаяць са сьвечкай каля ложка. Можа, проста зашмат гэтых “нельга?” Айцец Вацлаў Алюліс:”

(Алюсіс: ) “Не таму, што нельга, але таму, што трэба глядзець на ідэал, на норму. Цэлыя краіны схіляюцца да заняпаду, калі няма моцнай сям’і, якая адзіная можа гарантаваць нармальнае разьвіцьцё народу. Калі муж і жонка прытрымліваюцца маральных прынцыпаў ў пытаньні полавых зносінаў, толькі адно сужэнства на сто разводзіцца, а дзе поўная свабода – 40 на сто і болей сем’яў распадаецца. Дык, ці ж гэта прагрэсіўнае? Гэта, хутчэй, рэгрэс”.

(Бандарук: ) “Згодна каталіцкаму вучэньню, сьвятасьць сужэнства зьяўляецца краевугольным камнянём сэксуальнай маральнасьці. Тут прыгадваецца біблейская малітва Тавіі, якая зьяўляецца доказам сапраўднай сужэнскай любові, поўнай павагі да Бога і да свайго партнэра. Тавія падняўся з ложка і сказаў: “Будзь блаславёны, Божа айцоў нашых. Ты стварыў Адама і затым стварыў для яго надзейнае апірышча – Эву, жонку ягоную, і з дваіх іх зьявіўся род чалавечы. Ты сказаў: нядобора быць чалавеку самому, створым яму памочніцу, падобную да яго. А цяпер, не дзеля распусты я бяру сястру сваю гэтую ў якасьці жонкі, але для законнага саюзу. Выяві мне і ёй сваю міласэрнасьць і дазволь разам дажыць да старасьці. І сказалі адно пасьля другога: амін, амін, амін. А потым спалі ўсю ноч”. Гэта прыгожая і ўзьнёслая сцэна, але для шмат каго гэта недасягальны ідэал, і, мабыць, адсюль бярэцца той своеасаблівы бунт ў пытаньнях полавага жыцья… Ксёндз Тамаш Горак:”

(Горак: ) “ З аднаго боку, нельга не заўважаць праблемы, а з другога, нельга пайсьці па найлягчэйшым шляху і прытрымлівацца ды прапагандаваць пераборлівую этыку. Трэба таксама ўлічваць цяжкія ў тэалягічным сэнсе грахі, якія парываюць лучнасьць чалавека з Богам, лёгкія грахі і тыя, якія можна назваць проста недасканаласьцю чалавека. Касьцёл лічыць, што служэньне жыцьцю можа рэгулявацца натуральнымі сродкамі, а празьмернае аблягчэньне ў выглядзе штучнай кантрацэпцыі можа многае толькі сапсаваць ў жыцьці чалавека”.

(Бандарук: ) “Такім чынам, як адзначыў ксяёндз Горак, Рымакаталіцкая Царква дапускае толькі натуральны кантроль за нараджальнасьцю. Нагадаю, што ў сваёй энцыкліцы “Humanae viae” , Папа Павал VI пісаў: “кожны сужэнскі акт павінен быць накіраваны на перадачу чалавечага жыцьця”. Інакш кажучы, ня можа быць й гутаркі пра полавыя зносіны для прыемнасьці, пазашлюбныя, гомасэксуальныя і г.д. Кожны полавы акт павінен адбывацца ў сям’і . Яго нельга аддзяліць ад сужэнскай любові і нараджэньня дзяцей. Вось таму і многія пытаюцца: чаму нельга? Ці гэта не празьмернае патрабаваньне? Ксёндз Тамаш Горак:”

(Горак: ) “Нельга аддзяліць аднаго ад другога, бо гэткая прырода. З другога боку, нельга і ставіцца да сэксу гэткім чынам, што кожны полавы акт павінен непасрэдна і ў любы момант накіраваны на бацькоўства-нараджэньне дзіцяці. Хутчэй за ўсё, справа ў тым, каб усё чалавечае жыцьцё было накіраванае на працяг роду, а не каб кожны полавы акт, кожная з тых прыемнасьцяў, былі непасрэдна зьвязаныя з нараджэньнем. Гэта быў бы поўны абсурд. Ведаю і ўсьведамляю, што занадта нахабнае загляданьне людзям пад коўдру таксама можа прафанаваць тое, што узьнёслае і прыгожае”.

(Бандарук: ) “Гэта была думка ксяндза Тамаша Горака. Такім чынам, пазыцыя каталіцкага касьцёлу ў пытаньнях сэксу з большага вядомая. А як ставіцца да гэтых пытаньняў Праваслаўная Царква? Прынята лічыць, што Праваслаўная Царква больш лібэральная за каталіцкую, што яна пакідае людзям больш свабоды таксама ў справах полавага жыцьця.У Юбіленым Годзе, РПЦ прыняла важны дакумэнт “Асновы сацыяльнай канцэпцыі” і ў адным з разьдзелаў выказала сваё стаўленьне да сужэнства, полавага жыцья, кантрацэпцыі, штучнага апладненьня, гомасэксуалізму і г.д. Паколькі ня ўсе чыталі дакумэнт, я папрасіў разказаць пра пазыцыю Праваслаўнай Царквы ў пытаньнях сэксу праваслаўнага сьвятара з Масквы, а. Уладзіміра Лапшына:”

(Лапшын: ) “Трэба сказаць, што Царква даволі асьцярожная зў сваімх фармулёўках, таму што многія паняцьці і фразы нагэтулькі неканкрэтныя, што цяжка зразумець, якая пазыцыя Царквы, што яна на самой справе хоча сказаць. Але не падлягае сумневу, што РПЦ, ідучы за старажытнымі канонамі, традыцыяй, прызнае сьвятасьць шлюбу і усяляк імкнецца да ўмацаваньня менавіта сужэнства, сямейнага жыцьця. Яна, канечне, ня можа вітаць пазашлюбных полавых зносінаў. Тым ня менш, Царква заўсёды мела у адносінах да людзей два падыходы: акрывіі — гэта падыход строга паводле канонаў, і эканаміі — аснованы на міласэрнасьці. Царква заўсёды заклікае сьвятароў аддзяляць грэх ад грэшніка. Гэта значыць, што, калі Царква адназначна асуджае грэх, то яна усё заклікае выяўляць міласэрнасьць ў дачыненьні да грэшніка.”

(Бандарук: ) “Такім чынам: Праваслаўная Царква таксама прызнае сьвятасьць і неразрыўнасьць сужэнства…”

(Лапшын: ) “Што тычыцца шлюбу, дык Царква вітае царкоўны шлюб, але прызнае законным любы іншы, у тым ліку цывільны шлюб. Царква заклікае да стварэньня рэальнай сям’і. Натуральна, Царква не вітае пазашлюбных, пазасямейных полавых дачыненьняў. Больш за тое. Я хачу тут падкрэсьліць, што пазашлюбныя полавыя зносіны Праваслаўная Царква таксама лічыць грахом і гэтага граху яна не апраўдвае нічым”.

(Бандарук: ) “Айцец Уладзімір. Такім чынам, Праваслаўная Царква таксама асуджае ўсё, што падрывае інстытут сужэнства і сям’і. Аднак у пытаньні абортаў, якія таксама лічацца забойствам, ёсьць некаторая палёгка…”

(Лапшын: ) ”Трэба адзначыць, што аборт адназначна ўспрыймаецца як грэх, але з другога боку, у тых жа “Асновах Сацыяльнай Канцэпцыі” сказана, што ў выпадках, калі пры далейшай цяжарнасьці існуе непасрэдная пагроза жыцьцю маці, асабліва калі ў яе ўжо ёсьць дзеці, у пастырскай практыцы рэкамэндуецца выяўляць спагаду і, у прынцыпе, у такім выпадку Царква апраўдвае аборт”.

(Бандарук: ) “Гэта невялікая, але ўсё такі некаторая адметнасьць. І ўжо на заканчэньне – а як Праваслаўная Царква ставіцца да кантрацэпцыі?”

(Лапшын: ) “Што тычыцца кантролю за нараджальнасьцю, Праваслаўная Царква таксама заклікае вернікаў, якія жэняцца, працягваць род, асуджае адмову ад дзяцей з эгаістычных меркаваньняў, з прычыны нежаданьня браць на сябе цяжар адказнасьці за дзяцей. Адначасова Царква лічыць, што гэта павінна быць пытаньнем свабоды сумленьня мужа і жонкі, пакідае ім права самім вырашаць, гатовыя яны або не гатовыя мець дзіця, выхаваць яго, і колькі дзяцей яны могуць нарадзіць і выхаваць. Калі, аднак, яны хочуць кантраляваць нараджальнасьць, то Царква заклікае іх не карыстацца кантрацэптывамі, але адмаўляючыся ад полавых зносінаў. З другога боку, усё такі, заклікае сьвятароў падыходзіць да такіх выпадкаў спагадліва, улічваць ўзрост мужа і жонкі ды іншыя фактары. Такім чынам, у прынцыпе ўжываньне неабартыўных кантрацэптываў Царква пакідае на сумленьне мужа і жонкі”.

(Бандарук: ) “Гэта быў праваслаўны сьвятар, настаяцель Успенскай Царквы ў Маскве, а. Уладзімір Лапшын. На жаль, абшырную і вельмі надзённую праблему мы здолелі толькі закрануць. У кожным разе яна існуе, і Царква ня можа яе ні ігнараваць, ні абмяжоўвацца традыцыйным падыходам”



Даведка:

Згодна каталіцкай тэалёгіі, грахом зьяўляецца:

-пазьбяганьне дзяцей, сьведамая бязьдетнасьць,
-ўсялякая кантрацэпцыя, за выключэньнем натуральнай рэгуляцыі зачацьця,
-штучнае апладненьне, нават у рамках сужэнства і нават ў выпадку бязьдзетнасьці,
-чужаложніцтва, сужэнская нявернасьць,
-развод, за выключэньнем часовай сэпарацыі,
-шматжэнства,
-крывазьмяшэньне,
-пазашлюбнае сужыцьцё,
-перадшлюбныя полавыя зносіны,
-згвалтаваньне,
-прастытуцыя,
-гомасэксуалізм,
-парнаграфія.
XS
SM
MD
LG