Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць хвароба пакараньнем за грахі?


Сяргей Абламейка, Прага

Папа Рымскі Ян Павал ІІ дзевяць год таму ўсталяваў Сусьветны дзень хворых, які адзначаецца ў лютым. Сёлета, калі гэты дзень адзначаўся дзявяты раз, Папа выступіў з адмысловым зваротам, галоўную думку якога можна было б вызначыць так: “Адкрываць у болю поўны любові Божы плян”.

Мы яшчэ вернемся да гэтай думкі Папы Рымскага, а зараз паспрабуем адказаць на пытаньне, якое часта задаюць хворыя вернікі сабе і сьвятарам – чаму Бог дазваляе нам так пакутваць ад хваробаў? Чаму, калі ён такі ўсемагутны, ён ня можа пазбавіць нас ад цярпеньняў, вылечыць усіх і накарміць?

У людзкой сьвядомасьці, асабліва ў сялянскай, хваробы заўсёды асацыяваліся з расплатай за грэх – самога хворага альбо і некага зь яго продкаў. Яшчэ і сёньня ў кожнай беларускай вёсцы вам раскажуць па некалькі прыкладаў такога Боскага “пакараньня” за грахі.

А што думаюць наконт гэтага сьвятары і тэолягі?

Каталіцкі пункт гледжаньня прадстаўляе сёньня менскі ксёндз Ігар Лашук, манах-салезыянін, аўтар абароненай у Рыме дысэртацыі ліцэнзыята тэалёгіі.

(Лашук: ) “Хвароба для кожнага чалавека заўсёды была вялікім вопытам. Паводле вучэньня Каталіцкага касьцёлу, хвароба павінна весьці перш за ўсё да выратаваньня душы чалавека. Хвароба вельмі часта вядзе ня толькі да выратаваньня душы, але і да навяртаньня чалавека да Бога. Хворы чалавек мае перад Богам асаблівае значэньне, бо хвароба дапамагае Касьцёлу весьці людзей да збаўленьня. Хворы чалавек ня толькі збаўляе сябе, але і праз свае цярпеньні збаўляе іншых людзей. Цярпеньне і малітва мелі заўсёды вялікае значэньне і ацэньваюцца царквой як дапамога ў збаўленьні сусьвету. Хрыстос асаблівую ўвагу зьвяртае на хваробы і на хворых людзей, ён заўсёды ім казаў, каб мелі веру. Калі прыпомнім, калі фарызэі спыталіся ў Хрыста, за чые грахі церпіць нейкі чалавек, Ён адказаў, што чалавек той ня церпіць за нейчыя грахі – ён хворы для таго, каб праявілася ў ім Хвала Божая. І вось калі чалавек зразумее, што хвароба – гэта праяўленьне ў ім Хвалы Божай, то гэты чалавек можа разьлічваць на вечнае збаўленьне, і можа таксама разьлічваць на зварот да Бога многіх людзей.

Тут я хацеў бы прыпомніць такі факт. Аднойчы мне давялося спаткацца з чалавекам, які ляжаў у ложку 44 гады. Ён быў параліжаваны цалкам, быў сьляпы і амаль нічога ня чуў. Мог толькі гаварыць. І гэты чалавек, лежачы, пацяшаў мяне, здаровага, і славіў Бога за тое, што Ён да яго такі міласэрны, што ён яшчэ мае магчымасьць аддаць хвалу Богу сваімі вуснамі. І вось стоячы перад тым чалавекам, я яшчэ раз дзівіўся, як можна прыняць з Волі Божай хваробу, і як можна, дзякуючы хваробе, збаўляць столькі людзей! Тут мы бачым, што хвароба прыводзіць людзей да ўзмацненьня ў веры, да збаўленьня ня толькі сябе, але й іншых людзей.

Хваробу нельга прымаць як пакараньне. Была такая старазапаветная тэорыя. Ёсьць людзі, што кажуць, што гэта пакараньне за грахі. Мы ня можам сказаць, што гэта кара за грахі. Мы кажам інакш – неўпарадкаванае ў духовым сэнсе жыцьцё чалавека можа спрычыніцца да хваробы. Але хвароба ня можа быць карай за грахі”.

Вось так, як мы чулі з вуснай ксяндза Ігара Лашука, Каталіцкая царква разглядае праблему хваробаў. Хвароба, сказаў айцец Ігар, гэта вялікі духоўны вопыт для чалавека, хвароба вядзе да выратаваньня чалавека, хворы, лічыць каталіцкая тэалёгія, збаўляе сябе і сваіх бліжніх. Асноўны пастулят расповяду айца Ігара – людзі хварэюць для таго, каб у іх і іх бліжніх праявілася Хвала Божая.

Сапраўды, гісторыя чалавецтва ведае шмат прыкладаў, як хвароба мяняла людзей. Ведае такія прыклады і гісторыя царквы. Шмат славутых рэлігійных містыкаў прыйшлі да вышыняў веры праз хваробы і боль. Можна было б назваць шмат імёнаў, але вось адно, якое вядомае большасьці людзей зусім зь іншага боку – гэта славуты французкі матэматык Блез Паскаль. Мала хто ведае, што ён быў вельмі цяжка хворы, пражыў поўнае суцэльных пакутаў жыцьцё і стаў у выніку выдатным каталіцкім мысьляром, аўтарам філязоўскіх і тэалягічных працаў.

Ёсьць, штопраўда, і адваротныя выпадкі. Напрыклад, Ніцшэ, які таксама вельмі цяжка і пакутна хварэў і які праз гэта, страціўшы розум, абвесьціў Бога мёртвым. І вось тут другое пытаньне нашай перадачы – дык ці можа быць хвароба пакараньнем. Часта пішуць, што Ніцшэ быў пакараны Богам за сваё блюзьнерства. Але айцец Лашук сказаў, што хавароба ня можа быць пакараньнем, а толькі вынікам няправільнага жыцьця. Хвароба Ніцшэ, паводле Царквы, была вынікам ягонага граху, вынікам ягонага блюзьнерства. Чалавек праз грэх траціць Божую Ласку і застаецца неабароненым, застаецца сам-насам са злом і хваробай.

Што думае на гэты конт Царква Праваслаўная? Ля мікрафону кандыдат багаслоўя, епіскап БАПЦ Аляксандар Салагуб зь Нью-Ёрку.

(Салагуб: ) “У праваслаўнай антрапалёгіі ці вучэньні пра чалавека Бог стварыў праайцоў з магчымасьцю несьмяротнасьці, якую яны маглі атрымаць, замацоўваючыся ў выкананьні Божых прыказаньняў. Хваробы, пакуты і сама сьмерць увайшлі ў сьвет пасьля грэхападзеньня. У Праваслаўі адносіны Бога і чалавека неюрыдычныя: Бог судзьдзя, а чалавек – падсудны. Усходнія айцы царквы гавораць пра глыбіннае пашкоджаньне грахом прыроды чалавека. Бог не карае чалавека за грэх, чалавек пакутуе ад граху”.

(Абламейка: ) “Епіскап Аляксандар, тут паўстае яшчэ праблема з уласнымі адносінамі верніка да Бога і ягоным разуменьнем веры. Бо шмат хворых людзей пытаюцца ў Бога: Божа, я такі добры, я не грашу, я веру, хаджу ў царкву, на мяне напала такая моцная хвароба, я моцна цярплю і паміраю. Як палагодзіць у такім выпадку міжвольны ўнутраны пратэст, канфлікт чалавека зь верай?”

(Салагуб: ) “Адзначу, што ў матэрыялістычным сьветапоглядзе хваробы і пакуты бессэнсоўныя, яны – вынік гульні сьляпых стыхіяў прыроды, закладнікам якіх ёсьць чалавек. І толькі ў Хрысьціянстве пакуты маюць сэнс і асьвячаюцца. Нават праблема так званых нявінных пакутаў вырашаецца, калі разглядаць увесь чалавечы род як адзіны арганізім, а кожнага чалавека як ягоную клетку: пакутуе адзін ворган – пакутуе ўсё цела”.

(Абламейка: ) “Як быць з распаўсюджаным меркаваньнем, асабліва сярод праваслаўнага народу, простых людзей, вяскоўцаў, што людзі расплочваюцца хваробамі і за свае грахі, і за грахі сваіх бліжніх, продкаў?”

(Салагуб: ) “Як я ўжо сказаў, ня толькі Царква. Але і ўвесь чалавечы род – гэта адзіны арганізм. І таму чалавек можа несьці пакуты замест іншага. Калі ў чалавечым арганізме хварэе нейкі ворган, яго функцыі бярэ на сябе іншы ворган. Напрыклад, калі ў чалавека слабее зрок, у яго абвастраецца слых. Таму мы і можам несьці на сабе пакуты іншых людзей, нашых сваякоў. Праваслаўныя прытрымліваюцца анталягічнай тэорыі: чалавек пакутуе ад граху. Чалавек мае пашкоджаную прыроду і пакутуе ад граху, а Бог ёсьць любоў, Ён нікога не карае. Чалавек мае свабодную волю і пакутуе не за грэх, але ад граху”.

Ну вось і епіскап Аляксандар Салагуб пацьвердзіў адзіную для Каталіцтва і Праваслаўя думку, што хваробы ня ёсьць пакараньнем нябёсаў за грахі, яны ёсьць вынікам граху, вынікам адпаданьня чалавека ад Бога. І абедзьве царквы таксама разглядаюць цярпеньне і пакуты як паказьнік асаблівай любові Бога да абраных. Праз цярпеньне ў іх і ў іх бліжніх праяўляецца Хвала Божая, праз гэта людзі наварочваюцца да Бога. Што да выпадку Ніцшэ, дык зразумела, ад чаго цярпеў чалавек, які абвесьціў Богам сябе, які пісаў, што некалі ён ужо “боўтаўся на крыжы…”

Адзінае адрозьненьне ў аповядзе епіскапа Аляксандра, гэта тое, што ён сказаў пра глыбокую сувязь людзей і магчымасьць цярпеньня аднаго чалавека ад граху іншага.

І на заканчэньне думка яшчэ аднаго каталіцкага тэоляга.

Дык чаму ж Бог дазваляе нам пакутваць ад хваробаў? Сучасны каталіцкі тэоляг Джордж Стофф у сваёй кнізе “Добрае слова ля ложка хворага” найперш адрозьнівае хваробы, якія выклікаюцца самім чалавекам – гэта войны, выняткі цывілізацыйнай дзейнасьці чалавека як хімічнае і радеактыўнае забруджаньне навакольнага асяродзьдзя і прадуктаў харчаваньня, голад, які мог бы быць ліквідаваны праз дабрачыннасьць сытых і грэх, грахоўнае жыцьцё. Калі людзі пытаюцца, чаму Бог не спыняе ўсе гэтыя працэсы, Джордж Стофф адказвае, што чалавек створаны Стваральнікам свабодным, са свабодай волі, сам сабе выбірае шлях і сам сабе шкодзіць. Бог мог бы спыніць усё гэта, але тым самым парушыў бы свой плян, паводле якога чалавек мае свабоду выбару і павінен сам знайсьці ў сабе сілы для выратаваньня.

Другую групу хваробаў, піша Стофф, тлумачыць вельмі цяжка. Гэта, піша ён, таямніца. Прычына яе – першародны грэх, падзеньне спакушанага сатаной чалавека, вынікам якога сталіся хваробы і сьмерць. Але і тут людзі пытаюцца – чаму ўсемагутны Бог папусьціў тое падзеньне? І вось тэалёгія адказвае – і гэта Божы плян… Яшчэ Сьвяты Аўгустын паўтары тысячы год таму усклікнуў “Шчасьлівая віна Адама, якая прынесла нам такога Збаўцу!” Вось дзе сакрэт хваробаў нявінных, піша Стофф. Сакрэт гэты ў тым, што чалавек праз хваробу набліжаецца да Бога, да Хрыста, ачышчаецца праз пакаяньне і сваёй хваробай дае такую ж магчымасьць сваім бліжнім, якія спачуваючы хвораму і дапамагаючы яму, робяць сьвятую, Боскую справу.

Першы прыклад такога набліжэньня да Бога праз хваробу – жыцьцё эвангельскага Саўла, які праз хваробу вачэй – сьлепату, стаўся апосталам Паўлам.

Як сказаў ксёндз Ігар Лашук, вызваліцца ад болю толькі той, хто зразумее сваю хваробу як Ласку і міласьць Божую. І тут застаецца толькі згадаць яшчэ раз думку Папы Яна Паўла ІІ з апошняга пасланьня на Міжнародны дзень хворых – адкрывайце ў болю поўны любові Божы плян.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG