Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шлюб і развод у мусульманаў


Сяргей Абламейка, Прага

На тле бесьперапыннага блізкаўсходняга канфлікту ў сьвеце па-за межамі Ізраілю мала хто зьвяртае ўвагу на дэмаграфічны яго бок. А між тым у самім Ізраілі некаторыя аналітыкі зьвяртаюць на гэта пільную ўвагу. Суадносіны паміж габрэйскім і мусульманскім насельніцтвам Ізраілю сёньня складае 5 да 1 – гэта значыць, што ў Ізраілі жыве каля 5 мільёнаў габрэяў і каля 1 мільёну арабаў. Але прырост арабскага насельніцтва за кошт высокай нараджальнасьці такі, што, як пішуць некаторыя аўтары, праз некалькі дзесяцігодзьдзяў арабы, якія маюць права голасу, змогуць вырашаць сытуацыю на сваю карысьць праз дэмакратычныя выбары.

Падобныя развагі – ня тэма Сымбалю Веры. Але вось затое тэма шлюбу і сям’і ў ісламе – гэта ўжо нашая дзялянка.

Рыхтуючыся да перадачы, я разгарнуў даведнік “Рэлігіі сьвету” і прагледзеў разьдзел пра іслам. І ня быў зьдзіўлены, калі на шмат дзясятках старонак убачыў падрабязныя апісаньні гісторыі ўзьнікненьня ісламу, жыцьцяапісаньне прарока Мухамэда, характарыстыкі розных накірункаў у гэтай рэлігіі і іх адносінаў паміж сабой… Але ніводнага слова там не было пра традыцыю ісламскага шлюбу, пра нормы ісламскай сям’і, пра магчымасьць разводу ў мусульманаў і пра статыстыку ў гэтай галіне.

І вось што пра гэта ведае звычайны чалавек? Звычайны абыватальскі набор – жанчыны у мусульманскіх краінах ходзяць у чадрах, часта ня маюць права голасу на выбарах, ва ўсім залежаць ад мужчын, якія часта трымаюць гарэмы…Пры гэтым абываталь не задумваецца, чаму ў некаторых мусульманскіх краінах пры ўладзе знаходзяцца жанчыны, чаму гэтак трывалыя мусульманскія шлюбы, чаму мусульмане нараджаюць столькі дзяцей?

І вось адказы на гэтыя пытаньні паспрабуе даць сёньняшні госьць Сымбалю Веры – муфці мусульманаў Беларусі Ізмаіл Александровіч.

(Абламейка: ) “Найперш, Ізмаіл Мустафавіч, я папрасіў бы Вас расказць, як іслам ставіцца да шлюбу – якія адносіны паміж сужэнцамі ў шлюбе, якія ўмовы патрэбныя для заключэньня шлюбу, якія абавязкі сужэнцаў у шлюбе?”

(Александровіч: ) “У нас ісламскі шлюб абапіраецца на Каране і Суньне прарока Мухамэда, на прыкладзе яго жыцьця. І вось калі дзьве асобы рознага полу ўступаюць у шлюб, гэта значыць, што яны бяруць на сябе абавязальніцтвы. Гэтыя абавязальніцтвы выконваюцца на працягу ўсяго сумеснага жыцьця. Дык вось перад тым, як уступіць у шлюб, у нас і бок жаніха, і бок нявесты павінныя высьвятліць у першую чаргу паходжаньне мужа ці жонкі, яго паводзіны ў маладосьці, адносіны да рэлігіі (гэта вельмі важна), цнатлівасьць і папярэднюю згоду нявесты. І вось калі гэтыя ўсе пытаньні высьветленыя, тады можна заяўляцца да мулы.

Ёсьць і яшчэ ўмовы – напрыклад, жаніцца ня з кожным рознага полу можна. Родным, напрыклад, ці стрыечным ні ў якім разе жаніцца нельга, жаніцца можна ня больш чым на чацьвертай жанчыне – гэта значыць, што можна мець толькі чатыры жонкі, болей нельга. Нельга ні ў якім разе жаніцца зь няверуючымі ці са шматбожнікамі. Нам, мусульманам, можна жаніцца з хрысьціянкамі і юдэйкамі, якія прызнаюць адзінага Бога.

Ну а далей прыходзяць да мулы ці імама і заключаюць такі акт-пасьведчаньне, дзе абгаворваюцца ўсе дадзеныя мужа і жонкі, але абавязкова пры двух сьведках-мусульманах. Акт мае праходзіць пры цьвярозым стане і сьведкаў, і сужэнцаў”.

(Абламейка: ) “Калі гаварыць пра жыцьцё сужэнцаў у шлюбе. Агульнавядома, што прырост насельніцтва ў мусульманскіх краінах вельмі высокі, там нараджаецца вельмі шмат дзяцей. Што Каран вымагае ад сужэнцаў у гэтым сэнсе? Засьцерагацца ад зачацьця дзяцей нельга?”

(Александровіч: ) “Нельга, усё павінна ісьці натуральным чынам, ніякіх штучных умяшаньняў не павінна быць. Апрача таго, ісламскі закон так ставіцца… Але мы ў сябе ў Беларусі павінныя прытрымлівацца патрабаваньняў Рэспублікі Беларусь. Ісламскі закон вымагае жаніцца пры паўналецьці абодвух бакоў, а паўналецьце, паводле ісламу, для мужчыны – 15 гадоў, для жанчыны – 13 гадоў. У нас у Беларусі мы ніяк ня можам прымяняць гэта, таму мы прытрымліваемся 18 год і дапільноўваем, каб была адна жонка”.

(Абламейка: ) “Наступнае пытаньне шчыльна падыходзіць да пытаньня шлюбу – гэта пытаньне разводу. Ці магчымы развод у ісламе, і якія ўмовы патрэбныя для таго, каб мула дазволіў развод, ажыцьцявіў яго?”

(Александровіч: ) “Развод у нас даволі просты, але і тут ёсьць тры выпадкі. Першы – на жаданьне мужа. Другі – на жаданьне жонкі. Трэці – пры згодзе абодвух бакоў. Пры гэтым таксама павінныя быць два сьведкі-мусульманіны, якія павінныя чуць гэтую аб’яву аб разводзе з вуснаў мужа ці жонкі ў адзін час. Ня так, што ў прысутнасьці аднаго недзе ў адным месцы сказана, а ў прысутнасьці іншага – у другім месцы. І калі будзе такое выказанае адным зь іх… Пры гэтым нельга гаварыць так, што калі, напрыклад, муж захоча разьвесьціся, дык яму жонка ня дасьць разьвесьціся. У мусульманаў так быць ня можа. Як і жонка. Калі захоча разьвесьціся – усё, пры двух сьведках скажа, што хоча разьвесьціся, і ніхто ня можа яе прымусіць жыць з мужам”.

(Абламейка: ) “А як быць зь дзецьмі, якія застаюцца пасьля разводаў? Якія абавязкі нясуць разьведзеныя бацькі перад імі?”

(Александровіч: ) “Па ісламскім законе, дзеці, як правіла, застаюцца з бацькам. Але калі ён згодзіцца, каб былі з маткай, то можна пакінуць і з маткай. Але абавязак мужа, і галоўным чынам мужа, забясьпечыць матэрыяльнае становішча і жонкі, і дзіцяці, якіх ён пакінуў”.

(Абламейка: ) “І апошняе пытаньне – практыка сучасных мусульманаў у Беларусі. Ці Вы даяце разводы, ці адбываюцца яны?”

(Александровіч: ) “У нас гэта вельмі рэдкія выпадкі. За 6 гадоў, як мы існуем, нашае мусульманскае аб’яднаньне, мы далі 185 шлюбаў, і зь іх – толькі тры разводы. Усе тры выпадкі – па згодзе абодвух бакоў, яны ня здолелі жыць разам”.

(Абламейка: ) “Падсумоўваючы нашую гутарку, я магу сказаць, што іслам асьвячае сям’ю?”

(Александровіч: ) “Так, нашыя больш трымаюцца, бо калі імам чытае малітву, яны даюць слова перад Алагам жыць у міры, згодзе і падтрымліваць адно аднаго”.

Такая вось інфармацыя з вуснаў муфція Беларусі Ізмаіла Александровіча. На маю думку, у тым, што ён расказаў, дастаткова падставаў для зьдзіўленьня. Напрыклад, абсалютнае раўнапраўе сужэнцаў у шлюбе і іх аднолькавая магчымасьць разрываць шлюб. Гэта цалкам супярэчыць нашым абыватальскім уяўленьням пра мусульманскую сям’ю – мы прывыклі бачыць мусульманскую жанчыну цалкам бяспраўнай. Аказваецца, абсалютна дастаткова мужу ці жонцы заявіць у прысутнасьці двух сьведкаў пра жаданьне разысьціся з сужэнцам – і такі развод асьвячаецца мулой. Цікава таксама, што музулмане маюць права жаніцца з хрысьціянкамі і юдэйкамі. Яшчэ адна цікавая дэталь – гэта тое, што пасьля разводу дзеці застаюцца з мужам альбо могуць застацца і з маці, але са згоды мужа. Пры гэтым бацька дзяцей павінен забясьпечыць і іх, і іх маці.

І вось пры такіх досыць дэмакратычных умовах суіснаваньня людзей у шлюбе і такой зьнешне лёгкай працэдуры разводу – мусульманская сям’я застаецца адной з самых трывалых у сьвеце. Гэтыя лічбы, вядома, залежаць ня толькі ад рэлігійных асаблівасьцяў, але яшчэ і ад нацыянальных. Але ўсё ж цікава параўнаць іх з тымі, якія прывёў муфці Александровіч. Агульнавядома, што ў ЗША і Расеі распадаецца прыблізна палова шлюбаў. У Беларусі – больш за 30 адсоткаў. А вось у мусульманаў Беларусі, як сказаў муфці Александровіч, распаўся толькі кожны 61-шы шлюб з тых, што былі заключаныя ў апошнія 6 год. Гэтая лічба таксама ўражвае.

Зрэшты, статыстыка – рэч адносная. Рэлігійныя шлюбы, гэта значыць, тыя, што зьдзяйсьняюцца з удзелам сьвятароў, не складаюць пераважную частку усіх шлюбаў. У католікаў, напрыклад, развод наогул немагчымы, а ў праваслаўных ён даецца вельмі цяжка. Але гэта ня значыць, што ўсё насельніцтва каталіцкіх і праваслаўных краінаў заключае шлюбы ў царкве. Затое ў мусульманскіх краінах аўтарытэт рэлігійных служкаў надзвычай высокі, што тлумачыцца, у тым ліку, і ступеньню разьвіцьця грамадзтваў тых краінаў.

А што датычыцца тэмы, зь якой мы пачыналі сёньня – а менавіта засьцярогаў некаторых ізраільскіх аналітыкаў што да хуткага росту мусульманскага насельніцтва краіны – дык ёсьць і іншы погляд на гэта. Іншыя аналітыкі зьвяртаюць увагу на вельмі хуткі рост у Ізраілі колькасьці так званых артадаксальных габрэяў, якія таксама маюць па 8-10 дзяцей у сям’і. Так што тут наогул ёсьць падставы гаварыць пра агульны рэлігійны рэнэсанс у сьвеце.

Ну а мусульманская сям’я і шлюб, здаецца, заслугоўвалі на тое, каб мы сёньня аб іх пагаварылі больш падрабязна, бо досыць ня звыкла беларусу чуць тое, пра што гаварыў муфці Александровіч.
XS
SM
MD
LG