Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Некалькі штрыхоў да рэлігійнай сытуацыі ў Беларусі


Сяргей Абламейка, Прага

Праблемы рэлігіі ў сьвеце з цягам часу ня робяцца менш актуальнымі, а ў апошні час і ў Беларусі рэлігійная тэма ізноў азвалася некалькімі канфліктамі і гучнымі пратэстамі. Аб важнасьці рэлігійнай сфэры сьведчыць, напрыклад, той факт, што Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША два апошнія гады ў дадатак да свайго штогадовага дакладу аб датрыманьні правоў чалавека ў сьвеце, стаў публікаваць штогадовы даклад аб датрыманьні у сьвеце рэлігійных свабодаў. І абодва разы ў гэтым дакладзе Беларусі былі прысьвечаныя даволі значныя разьдзелы.

Таму тэму сёньняшняй перадачы я б сфармуляваў як “Некалькі штрыхоў да рэлігійнай сытуацыі ў Беларусі”. Днямі расейская “Независимая газета” надрукавала ў сваім адмысловым дадатку аналіз рэлігійных вынікаў ХХ стагодзьдзя. Мінулы век у гэтым аналізе называецца “стагодзьдзем няверы”. Аўтар сьцьвярджае, што ў ХХ стагодзьдзі адбыўся нечуваны ўпадак пратэстантызму, а таксама ўзьлёт мусульманства і копта-эфіёпскага хрысьціянства. Асноўны лейтматыў аналізу – у мінулым стагодзьдзі адбыўся вялікі адыход ад рэлігіі ва ўсіх частках сьвету, іншымі словамі, старты зазналі практычна ўсе рэлігіі сьвету- за выключэньнем каталіцтва і мусульманства.

А што зараз адбываецца ў рэлігійна-духоўнай сфэры Беларусі – адраджэньне, упадак, застой? З гэтымі пытаньнямі я зьвяртаюся да першай удзельніцы сёньняшняй перадачы – дэрактаркі Нацыянальнага навукова-асьветнага цэнтру імя Францішка Скарыны Любові Ўладыкоўскай-Канаплянік. Яе я запрасіў да ўдзелу ў перадачы таму, што менавіта Скарынаўскі цэнтар зьяўляецца сёньня галоўным асяродкам вывучэньня рэлігійных праблемаў Беларусі.

(Абламейка: ) “Я хацеў бы пачаць нашую гутарку, спадарыня Ўладыкоўская-Канаплянік, з такога пытаньня. У апошнія гады шмат гавораць і пішуць пра рэлігійнае адраджэньне, якое наступіла пасьля часоў камуністычнага панаваньня. На Вашую думку як навукоўца, кіраўніка навуковай установы, якая займаецца гэтымі пытаньнямі, ці сапраўды зараз у Беларусі назіраецца рэлігійны рэнэсанс?”

(Уладыкоўская-Канаплянік: ) “Сапраўды. Пасьля многіх год камунізму і ваяўнічага атэізму мы можам гаварыць пра рэванш рэлігіі, пра вяртаньне да веры як да сродку выратаваньня. Назіраецца павелічэньне канфэсіяў – зараз іх мы маем у Беларусі 27 – і даволі істотнае павелічэньне колькасьці грамадаў унутры канфэсіяў. Напрыклад, калі браць хрысьціянскія канфэсіі, то за 10 гадоў колькасьць хрысьціянскіх канфэсіяў вырасла амаль у чатыры разы, рыма-каталіцкіх – у 3,3, і найменшы рост назіраецца ў колькасьці праваслаўных грамадаў Беларусі. Хрысьціянская царква мае сёньня вельмі высокі ліміт даверу – амаль 70 адсоткаў.

Разам з тым назіраецца іншая тэндэнцыя. Рэлігійныя ўяўленьне нават у вернікаў даволі размытыя і недакладныя. Фактычна сярод большай часткі людзей, якія наведваюць царкву рэгулярна, адсутнічае добрае разуменьня месца і ролі царкоўных абрадаў, ведаў аб культавых бакох рэлігіі. І таму мы можам гаварыць, што сапраўды рэлігійныя людзі складаюць недзе шостую частку ад усіх вернікаў.

Нават, калі сёньня на дзяржаўным узроўні адзначаюцца рэлігійныя сьвяты, я думаю, можна гаварыць пра дэхрысьціянізацыю беларускага грамадзтва”.

(Абламейка: ) “Цэрквы спрадвеку былі зьвязаныя з культурнымі і нацыянальнымі працэсамі, таму я папрасіў бы Вас пракамэнтаваць праблему ролі рэлігіі ў нацыянальных і нацыятворчых працэсах Беларусі – што адбываецца ў гэтай сфэры?”

(Уладыкоўская-Канаплянік: ) “З пачатку 90-х гадоў беларуская мова пачала шырока практыкавацца ў багаслужбах, у душпастырстве, асабліва ў асяродку Рыма-Каталіцкага касьцёлу. Роля мовы ў касьцёле ўзрасла ня толькі праз набажэнствы, але і праз удзел каталіцкіх сьвятароў у культурніцкіх арганізацыях.

Праваслаўная царква, нават з пачатку 90-х гадоў, калі назіраўся актыўны працэс нацыянальна-культуранага адраджэньня, больш пасыўна паставілася да працэсу беларусізацыі, і яна таксама больш пасыўна паводзіць сябе і цяпер, калі мы можам гаварыць толькі пра тое, што асобныя сьвятары паслугоўваюцца беларускай мовай, і тое ў рэдкіх выключэньнях. Скарынаўскі цэнтар мае даволі невялікія кантакты з праваслаўнымі сьвятарамі – перадусім, гэта айцец Сяргей Гардун, айцец Георгі Латушка, айцец Аляксандар Шымбалёў. Вось, фактычна, толькі трох чалавек мы можам прыцягваць да навукова-дасьледчай і асьветніцкай працы ў Скарынаўскім цэнтры.

Аднак, недзе з 95-га году пачаў назірацца даволі актыўны адыход, адкат хрысьціянскіх цэркваў, Каталіцкага касьцёлу у тым ліку, ад працэсу беларусізацыі. Тут маем вельмі вялікую праблему, асбаліва калі гаварыць пра Гарадзенскую дыяцэзыю”.

(Абламейка: ) “Скарынаўскі цэнтар даволі шырока вывучае рэлігійныя праблемы Беларусі – і ў гістарычным пляне, і сучасныя. Ці ёсьць у Вас як у навукоўца нейкія засьцярогі што да сучаснай сытуацыі? Якія Вы бачыце пагрозы ў рэлігійнай сфэры ў сучаснай Беларусі?”

(Уладыкоўская-Канаплянік: ) “Мяне вельмі насьцярожвае спроба спэкуляцыі на хрысьціянстве. Мне задецца, што нават калі мы цьвёрда стаім на пазыцыях нацыянальна-культурнага адраджэньня, мы ня можам ацэньваць царкву толькі сыходзячы з гэтага. Таму што беларускі нацыянальны рух толькі тады пераможа, калі будзе магутнейшы духоўна. І тут важна памятаць, што хрысьціянства належыць ня толькі сёньня значна спалітызаваным канфэсіям, але яно ёсьць магутнай маральна-этычнай і сьветапогляднай сыстэмай. Больш за тое, яно ёсьць праграмай разьвіцьця эўрапейскай і, магчыма, ня толькі эўрапейскай цывілізацыі.

Другое. Мяне турбуе праблема моладзі, калі яна арыентуецца толькі на зьнешні посьпех, на дабрабыт. Моладзь занаходзіцца пад вялікім уплывам культу цынізму, гвалту, што па сутнасьці адпавядае фашыстоўскай канцэпцыі жыцьця.

Геапалітычна Беларусь знаходзіцца ня проста паміж дзьвюма канфэсіямі, але паміж двума культурана-гістарычнымі тыпамі, кожны зь якіх хоча пашырыць свой уплыў і ідэалягічна, мэнтальна прыўлашчыць частку Беларусі і беларушчыны. З аднаго боку гэта і добра, бо на адным участку гісторыі, паводле Адама Станкевіча, беларускасьць захоўвалася ў касьцёле, калі мы былі ў складзе расейскай імпэрыі, а на пэўным гістарычным этапе беларускасьць захоўвала і Праваслаўная царква, трэба таксама гэта прызнаць. На вялікі жаль, сёньня канфэсійная падзеленасьць Беларусі адыгрывае хутчэй адмоўную ролю ў нацыянальным яднаньні, таму што Праваслаўная і Каталіцкая цэрквы палітызаваныя, ідэалягізаваныя, і я думаю, у вырашэньні гэтай праблемы вялікую ролю адыгрываюць кадры. Але найперш – кіраўнікі і Касьцёла, і Праваслаўнай царквы”.

Як мы чулі са словаў спадарыні Ўладыкоўскай-Канаплянік, у Беларусі зараз назіраюцца супярэчлівыя тэндэнцыі. З аднаго боку колькасьць рэлігійных грамадаў узрасла – што можна лічыць адказам на ранейшыя забароны савецкіх часоў, а з другога боку, навукоўцы робяць выснову пра заняпад рэлігіі, пра невялікі ўплыў царквы на гарамадзтва і на яго маральны стан, пра слабую абазнанасьць вернікаў нават у сваім кульце.
Вельмі характэрная лічба – толькі шостую частку вернікаў можна ўважаць за сапраўды абазнаных у праўдах веры.

Другі важны момант у аналізе Ўладыкоўскай-Канаплянік – адкат галоўных беларускіх цэркваў ад працэсу нацыянальнага адраджэньня, які пачаўся прыблізна з 1995 году. Асаблівы акцэнт навуковец зрабіла на нацыянальнай пасыўнасьці самай масавай у Беларусі Праваслаўнай царквы. Яна назвала імёны толькі трох праваслаўных сьвятароў, зь якімі супрацоўнічае Скарынаўскі цэнтар. З другога боку, хоць Каталіцкая царква і апярэджвае Праваслаўную ў тэмпах вяртаньня да нацыянальных вытокаў, але і тут навукоўцы бачаць праблемы, асабліва ў Гарадзенскай дыяцэзіі, дзе галоўнай мовай касьцёла застаецца польская.

Высновы, я б сказаў, даволі непрыемныя, нязручныя і з увагі на сёньняшнюю ўладу ў Беларусі – несвоечасовыя. Калі да гэтага дадаць словы Ўладыкоўскай-Канаплянік пра наяўнасьць у сёньняшнім грамадзкім працэсе фашыстоўскіх тэндэнцыяў – дык праблемы, якія зазнае апошнім часам Скарынаўскі цэнтар, робяцца цалкам зразумелымі.

Паколькі тэму сёньняшняй перадачы я вызначыў як “Некалькі штрыхоў да рэлігійнай сытуацыі ў Беларусі”, дык пасьля спробы тэарэтычнага, так бы мовіць, аналізу варта зьвярнуцца да практычнай сфэры. Дзеля гэтага я зьвярнуўся да пастара заслаўскай баптысцкай грамады Сяргея Ліцьвінкі. Менавіта на пратэстантаў Беларусі пасыпаліся апошнім часам абвінавачаньні з боку дзяржаўных газэтаў, радыё і тэлебачаньня, і менавіта пратэстанты Беларусі згадваюцца ў штогадовых дакаладах Дзярждэпартамэнту ЗША як адна з галоўных ахвяраў рэлігійнай палітыкі сёньняшніх уладаў Беларусі. Вось як бачаць рэлігійную сытуацыю ў краіне баптысты.

(Ліцьвінка: ) “Калі браць становішча па рэгіёнах, неабходна адзначыць Віцебскую вобласьць. На яе тэрыторыі ў некаторых месцах чыняць перашкоды ў правядзеньні набажэнстваў, што адбываюца ў будынках, якія юрыдычна належаць прыватным асобам. Але калі вернікі зьвяртаюцца да ўладаў, каб узяць зямлю пад будаўніцтва царквы, атрымоўваюць адмову. Адмову атрымоўваюць і ў арэндзе памяшканьняў для набажэнстваў.

Ня ў лепшым стане справы і з рэгістрацыяй новазаснаваных грамадаў, бо ў асноўным на кожную заяву знаходзяца контраргумэнты. У Берасьцейскай вобласьці вернікі шматразова зьвярталіся да мясцовай улады вёскі Лыскава аб звароце будынка Царквы, які яны пабудавалі яшчэ пры Польшчы сваімі потам і крывёй. У адказ улады маўчаць і ня спяшаюцца вярнуць чужое.

Нарматыўныя акты, якімі павінны кіравацца чыноўнікі, супярэчлівыя і аднабаковыя. Вядома, багата што залежыць ад кіраўнікоў на месцах. У нашай заслаўскай царквы няма татальных перашкод, але генэральная лінія праводзіцца ўсюды – зялёнае сьвятло толькі для Рускай Праваслаўнай Царквы.

Канстытуцыя, якая мае быць гарантам роўных рэлігійных свабод, застаецца толькі пажаданьнем, каб так было і на самай справе. Нягледзячы на перашкоды, баптысты ў Беларусі імкнуцца выкарыстоўваць тыя магчымасьці, што ёсьць, каб абвяшчаць Дабравесьце Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, а такіх магчымасьцяў – ня мала.

Эвангельскія хрысьціяне-баптысты міралюбна ставяцца да ўсіх веравызнаньняў, у тым ліку і да дзяржаўнай Рускай Праваслаўнай Царквы, але мы выказваем шкадаваньне з прычын таго, што эгзарх Філярэт дэманстрацыйна ўручыў Юбілейныя граматы тым журналістам і рэдактарам, якія ў сваіх публікацыях абражаюць пратэстанцкія цэрквы, прыпісваюць ім тое, чаго няма, сеюць міжканфэсійную варожасьць у грамадзтве”.

Вось так бачаць рэлігійную сытуацыю ў Беларусі баптысты. Факты прыкрыя – гэта ўціск. Пры гэтым, калі слухач памятае, спадарыня Ўладыкоўская-Канаплянік сказала, што за апошнія 10 год найбольш хуткімі тэмпамі расла колькасьць менавіта пратэстанцкіх грамадаў у Беларусі. Відаць шмат каго гэтыя лічбы палохаюць, бо калі скаласьці разам колькасьць грамадаў баптыстаў, пяцідзесятнікаў і адвентыстаў, дык гэтая лічба перавысіць колькасьць праваслаўных грамадаў у Беларусі. Але ёсьць і іншыя лічбы. Колькасьць членаў рэлігійных грамадаў баптыстаў складае каля 12 тысяч, пяцідзесятнікаў каля 15 тысяч, а адвентыстаў каля 3 тысяч – разам каля 30 тысяч чалавек. І вось гэтай купкі спалохаліся тыя, хто налічвае мільёны…

Другі прыкры момант – гэта фраза пастара Ліцьвінкі пра дзяржаўную царкву. Пра гэта шмат разоў гаворана, ня варта нават называць яшчэ раз, якая царква маецца на ўвазе. Затое, варта адзначыць, што ўлады рана ці позна мяняюцца, і неасьцярожнае набліжэньня да іх пасьля можа прынесьці адмоўныя плады набліжаным…
XS
SM
MD
LG