Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Царкоўнае мастацтва ў сучаснай Беларусі


Кастусь Бандарук

Удзельнік: Алесь Пушкін.

Аўтар і вядучы: Кастусь Бандарук. (эфір 16.12.2000).

Кожны, хто хаця б раз зайшоў ў праваслаўны альбо каталіцкі храм, ня мог не зьвярнуць увагі на ягоны інтэр'ер. Перш чым пачуць арганы, сьпеў альбо казань, зьвяртаюць увагу на фрэскі, вітражы ды іконы. Велічная прыгажосьць і непаўторны настрой храму запаланяюць чалавека. Згодна традыцыі, дзякуючы таму, што князь Уладзімір адчуў сябе ў "Гагія Софія" ў Канстантынопалі "бы ў небе", Кіеўская Русь прыняла хрысьціянства з Візантыі.

Іканапіс – рэдкі від мастацтва, а іканапісцы – вельмі незвычайныя мастакі. Адным зь іх зьяўляецца Алесь Пушкін, зь якім я размаўляю па тэлефоне.

(Бандарук: ) "Алесь! Вы закончылі Беларускую акадэмію мастацтваў: спэцыяльнасьць – манументальнае мастацтва, фрэскі, абразы, інтэр'еры, вітражы і мазаікі, але ж усё роўна гэта сьвецкая навучальная ўстанова. Тым ня менш, за апошняе дзесяцігодзьдзе, побач з нацюрмортамі і партрэтамі сярод вашых твораў зьявілася шмат рэлігійных абразоў: "Патронка Віленскага Краю", "Божая Маці-Уміленьне", " Княжна Сафія", " Еўфрасінія Полацкая", "Маці Сусьвету". Адкуль гэтае зацікаўленьне рэлігійнай тэматыкай?"

(А. Пушкін: ) "Калі я скончыў мастацкую школу ў Менску, я ўжо быў, па-сутнасьці, увацаркоўлены чалавек. Мая мама зь дзяцінства вадзіла мяне на сваё любімае сьвята ў барысаўскую царкву, на Сёмуху. Таксама мая бабуля пехатою хадзіла ажно ў Кіеў пакланіцца машчам кіеўскіх пакутнікаў. У юнацтве я таксама рэгулярна наведваў царкву, глядзеў на абразы і мне вельмі хацелася самому нешта напісаць. Дзесьці так ў 11-м клясе мастацкай школы я напісаў свой першы абраз: ікону Смаленскай Божай Маці-Адзігітрыі, і мы з мамай ахвяравалі яе гэтай барысаўскай царкве. А ўжо на трэцім курсе Акадэміі ў нас была спэцыяльная капійная практыка ў Вялікім Ноўгарадзе і ў Пскове. Я капіяваў фрэскі Знаменскага Сабору, потым фрэскі Феафана Грэка ў Ільінскім храме. Таксама я наведваў ў той час Мірожскі манастыр у Пскове. Потым было вывучэньне Равенскіх і Сафійскіх мазаікаў.

І ўжо калі я скончыў Акадэмію ў 90 годзе, атрымаў разьмеркаваньне ў Віцебск, але не знайшоў там працу па спэцыяльнасьці. Тады спадар Фэлікс Янушкевіч запрапанаваў мне ехаць зь ім у складзе Беларускай каталіцкай грамады рабіць рэстаўрацыю і рэканструкцыю насьценных фрэскаў магілеўскага катэдральнага касьцёла. Там я напісаў абраз сьвятой Цэцыліі – патронкі касьцельнай музыкі і сьпеву, сьвятога Арханёла Міхаіла, фрэску Антона Падуанскага. Я расьпісаў таксама капліцу сьвятога Язэпа. Вось гэта быў мой першы і значны аб'ект пасьля заканчэньня Акадэміі. Адразу пасьля магілеўскага касьцёла я прыехаў ў сваё мястэчка Бобр, дзе жыву і зараз. Тут ужо была пабудаваная новая царква сьвятога Міколы, і чатыры з паловай гады я расьпісваў гэтую царкву. Яна ўжо выкананая ў візантыйскім праваслаўным каноне".

(Бандарук: ) "Барысаўская царква сапраўды размаляваная ў візантыйскім стылі. Аднак шмат разнагалосьсяў, здагадак і нават забаўных рэплікаў выклікала іншае. Я бачыў роспіс барысаўскай царквы толькі на Вашай інтэрнэт-старонцы, але адразу кідаюцца ў вочы ніяк не ананімныя, а цалкам знаёмыя твары. Да таго ж гэта вельмі ўплывовыя, сучасныя людзі. Як жа Вы пайшлі на такі незвычайны і нават рызыкоўны мастацкі прыём?…"

(Пушкін: ) "Дзякаваць Богу, наша царква далёка ад усіх гэтых епіскапаў, філарэтаў і царкоўнага начальства, таму й ніхто зь іх ніколі не заяжджаў сюды і не глядзеў. Самае галоўнае, што экскізы, якія я зрабіў ў 95 годзе, былі ўхваленыя і задакумэнтаваныя пячаткамі й подпісамі дэканам (благачынным) барысаўскай акругі, айцом Янам Місеюком. Гэта быў дакумэнт, на падставе якога можна было працаваць і маляваць. І я зрабіў тое што мог. Бабулі заходзячы ў царкву кажуць:

"Саша, гэта ж здаецца Лукашэнка намаляваны ў сцэне Суднага Дня, з кулакамі як піўныя кружкі. І там побач зь ім, здаецца, нейкі сьвятар вельмі падобны на нашага Ўладыку. А там яшчэ нехта…"

Я гавару:

"Паслухайце! Гэта вы сказалі. Гэта вам гэтак здаецца. Я маляваў грэшнікаў, а калі яны вам некага нагадваюць... Я маляваў вобраз распусьніцы, вобраз цара, які гандлюе сваёй дзяржавай, я маляваў вобраз віжа, стукача, вобраз абжоры, руплівых служкаў, якія гатовыя выканаць любы прыказ гэтага ўладара. Я маляваў сьвятара, які хаваецца за крыжам, а сам ад імя Царквы гандлюе алкагольнымі напоямі і тытунём. А вам здаецца, што яны на некага падобныя. Вы ж гэта сказалі".

Потым некаторыя бабулі пазнавалі сваіх аднавяскоўцаў, напрыклад, гаварылі:

"А гэта ці не Васіль Фёдаравіч Шышалевіч у вобразе старога, якому сьвяты Мікола сакрэтна ўначы падкідваў грошы, каб той выдаў сваіх бедных дачок замуж?"

Гэты Васіль Фёдаравіч сапраўды бедны і, магчыма, гэты стары на фрэсцы і атрымаўся падобны на Васіля Фёдаравіча. Людзі знаходзілі нейкія пэрсанажы, якія ім некага нагадвалі. Напрыклад заходзяць цётачкі ў храм, а заўсёды ў адпаведнасьці з канонам, Судны Дзень намаляваны на заходняй сьцяне, над ўваходам. А яны зойдуць, не павярнуцца назад і кажуць:

"Кажуць, вы недзе тут Лукашэнку нарысавалі".

Я гавару:

"Ну, шукайце, калі вам сказалі".

Яны глядзяць, глядзяць, не адвярнуць галоваў назад і нічога ня бачаць. Потым гавораць мне:

"Але ж насамрэч ён яшчэ не далучаны да ліку сьвятых, дык мабыць нельга яго рысаваць у царкве".

Іншым разам прыйшоў сьвятар. Я яшчэ на рыштаваньнях пішу гэты Судны Дзень. Ён глядзеў, глядзхеў і кажа:

"Саша, гэта ж Лукашэнка, здаецца. Паслухай, зь мяне ж зьнімуць сан, адашлюць з гэтай парафіі. Прыедзе Ўладыка Філарэт высьвячаць храм, як убачыць гэтую роспісь, затупае нагамі і скажа: "Хто блаславіў такое?" Неадкладна замалюй гэтае".

"Як загадаеце, – адказваю. – Я павінен пакорліва выконваць вашыя загады".

Я бяру ваду, дадаю трошкі тушы, і ведаеце, калі сухую сьцяну намачыць, яна пацямнее. І вось яна пацямнела. Я кажу:

"Цяпер добра?"

"Так, цяпер ўсё ў парадку, нічога ня бачна, можна разьбіраць рыштаваньні".

Зьнялі мы рыштаваньні, прайшлі два тыдні, сьвятар заходзіць паўторна, глядзіць і кажа: "Ізноў Лукашэнка". Я яму ў адказ:

"Ойча, я ж зрабіў ўсё, што вы сказалі. Мабыць на тое, каб гэтак засталося такая воля божая? Я тут ўжо ні ў чым не вінаваты".

Ён разьвёўшы рукамі так усё і пакінуў. Таму дагэтуль наш храм лічыцца незакончаным, ён яшчэ не асьвечаны, а наш разумны сьвятар не сьпяшаецца выклікаць Філарэта для асьвячэньня, напэўна, баючыся непатрэбных непрыемнасьцяў. Хаця, паўтараю, усе экскізы з пячаткамі, пацьверджаныя як дакумэнты дэканам, што ўсё кананічна, ўсё правільна, усё на аснове традыцыйнага візантыйскага кананічнага росьпісу".

(Банадарук: ) "У сыстэме хрысьціянскай культуры ікона ніколі не разглядалася выключна як мастацкі твор. Колер на іконах мае перш за ўсё сымбалічнае значэньне. Залаты – азначае блеск божай славы, белы – чысьціню і беззаганаасьць, чорны – аддаленасьць ад Бога, чырвоны і сіні – сымбалізуюць антынамічную еднасьць: міласэрнасьць і праўду, прыгажосьць і дабро. Паводле праваслаўнай тэалёгіі, ікона, гэта верапавучальны тэкст, сродак пазнаньня праўды. Царкоўнае мастацтва называецца "тэалёгіяй ў колерах", "служанкай тэалёгіі", "катэхізісам", "вакном ў духоўны сьвет". "Што слова прапануе слыху, тое маўклівыя іконы паказваюць праз выявы" – гаварыў сьв. Васіль Вялікі.

Праваслаўная Царква лічыць, што "сапраўдным аўтарам іконаў зьяўляюцца сьвятыя айцы, калектыўная навука Царквы, якую ў мастацкай форме выказваюць здольныя на гэта людзі". Сапраўдная ікона – тая, перад якою схіляюцца калені да малітвы. Вось таму ў 1551 годзе Сабор, званы потым "Сабрам Ста Разьдзелаў", ўстанавіў дакладныя правілы жыцьця іканапісцаў і патрабаваньні ў адносінах да іконаў. Інакш кажучы, былі вызначаныя рамкі, па-за якія нельга выйсьці, калі гэта мае быць прадмет культу. Сьвятасьць іконы патрабуе сьвятасьці ейнага стваральніка, хаця, на жаль, за іканапіс бяруцца цалкам выпадковыя людзі…А як на Вашу думку, ці вера ў іканаграфіі сапраўды патрэбная?"

(Пушкін: ) "Вера абавязкова патрэбная. Ведаеце, я прытрымліваюся жорсткіх і строгіх пастулятаў. Рэлігійны мастак павінен быць ўвацаркоўленым чалавекам. На маю думку, звычайны сьвецкі мастак, які, напрыклад, займаецца аздабленьнем бараў, рэстарацыяў ці інтэр'ераў сьвецкіх установаў, ён можа карэктна, прафэсійна выканаць і каляровае аздабленьне царквы, нават выдатна напісаць ікону, аднак бяз веры ягоны абраз будзе выдатна зроблены, адчыканены, але ня будзе ў ім нечага такога алягічнага, што кідаецца ў вочы адразу. Народны, прыгожы абраз намаляваны чалавекам, які нават ня ведае акадэмічных анатамічнай дакладнасьці малюнку, законаў сьвятла і ценю, аднак ў ім ёсьць вера, і гэты крыху няправільны абраз, як гэта бачна на прыкладзе абразу Шарашоўскіх сьвятых: наіўнае каляровае мастацтва, але якое яно духоўнае і цёплае. Вось чалавек маляваў гэтую ікону зь вераю. Гэта бачна, гэта адчуваецца. І я прытрымліваюся прынцыпу: трэба быць ўвацаркоўленым чалавекам, жыць ў нармальным шлюбе, спавядацца і прычашчацца. Перад тым як узяцца за абраз, трэба дакладна вывучыць жыцьцяапісаньне сьвятога, прачытаць трапар і кандак. Калі я маляваў сьвятога Антона Падуанскага, дык я прасіў ксяндза кожную раніцу перд пачаткам працы, каб той чытаў мне над галавою Літанію Антону Падуанскаму, і толькі пасьля гэтага я браўся за працу. Гэта вельмі ўражвала і ксяндза Акалатовіча, і бабуляў, якія маліліся на раньняй Імшы. Гэтак жа трэба рабіць і ў нашым праваслаўным царкоўным мастацтве. Вось зараз я працую над Трыма Вілеснкімі Пакутнікамі для нашага храму. І я дакладана вывучыў іхнае жыцьцяапісаньне, потым канон, і толькі пасьля з блаславенства з малітвы трэба пачаць рыхтаваць дошку, грунтаваць яе, ляўкасіць, рабіць рысунак, прорыс і размалёўваць".

(Бандарук: ) "Алесь, вядома, што незважаючы на згаданыя вышэй рамкі, строгія нормы кананічнага іканапісу, мастацтва набывала адметныя нацыянальныя рысы. Гэтак было, напрыклад, у часе г.зв. "Рэнэсансу Палеолягаў" перад крахам Візантыі. Ужо ў 16 стагодзьдзі ўзьнікла самабытная беларуская школа іканапісу. У ёй прасочваўся моцны уплыў фальклёру, народнага мастацтва і этнаграфічных элемэнтаў. Да канца 18 стагодзьдзя ў Беларусі часьцей малявалі іконы на палатне, скарыстоўвалі, напрыклад, лепкі, разьбу па леўкасе альбо каляровыя лакі. Гэта бачна ў абразах "Мадонны з Дзіцём" з Гарадзеншчыны альбо "Нараджэньне Божай Маці" зь Берасьцейшчыны. На жаль, зараз гэтых беларускіх элемэнтаў ў храмах неяк усё менш і менш. У якасьці ўзору ды ідэалу прапануецца расейскі стыль…"

(Пушкін: ) "Калі я заходжу ў менскія храмы Рускай Праваслаўнай царквы, бачу там шаблёны і калькі з маскальшчыны, вось з таго чыста дамангольскага пэрыяду расейскія кананічныя росьпісі: Андрэй Рублёў, Феафан Грэк. Я, аднак, падыходзіў да мастацтва з таго пункту погляду, што ў нас ёсьць свая школа іканаграфіі, ёсьць свая школа манумэнтальнага мастацтва. Таму я на аснове бізантыйскага канону ўсё такі маляваў ў духу, які мы бачым ў манаграфіях, напрыклад, Надзеі Высоцкай: "Беларускае тэмпэрнае мастацтва 14-16 стагодзьдзяў". Вось, свая школа, своеасаблівыя народныя твары сьвятых, дэталіроўка, дэкор адзеньня, арнамэнты, надпісы абавязкова па-беларуску. Гэта ўсё нашае, і такая вось была ў мяне задача".

(Бандарук: ) "Выпускнікі мастацкай Акадэміі добра ведаюць, што існавала беларуская школа нацыянальнага іканапісу. Аднак, калі будуюць новы праваслаўны храм, чамусьці лічаць, што абавязкова павінны быць купалы ў выглядзе крамлёўскіх цыбуляў ды іконы найлепш у стылі Рублёва, Фефана Грэка альбо Прохара Гарадца. Для аздабленьня храмаў запрашаюць іканапісцаў з другога канца сьвету. Няўжо няма ў Беларусі сваіх мастакоў?"

(Пушкін: ) "Я добра ведаю многіх менскіх іканапісцаў: Дзьмітрыя Валёшу, Косікава, Ігара Цітова, і яны прынцыпова заяўляюць: ня трэба нічога новага выдумоўваць. Трэба браць расейскія калькі ды прорысі і дакладана капіяваць іх. Вось што жахліва. Калі я заходжу ў царкву сьв. Марыі Магдаліны албо царкву Іконы Божай Маці Чарнобыльскай, я там ня бачу нічога беларускага. Аднойчы ў Віцебску я пазнаёміўся са сьвятаром, які сказаў:

"Так, Алесь! Мы ўжо бачым, што Пакроўскі храм размаляваны татарынам Алі Барханам, які вучыўся ў Маскве ў сурыкаўскім Інстытуце, прыняў хрысьціянскае імя " Уладзімір" і прыехаў сюды з Расеі разам з епіскапам. Уладыка Дзімітры таксама вучыўся ў Расеі і адтуль прывозіць сваіх сяброў, расейскіх іканапісцаў.
Ён нам чужы, у яго ж татаршчына, усходнія арнамэнты, "залатая дрэмотная Азія апачыла на купалах".

І гэты сьвятар упершыню сказаў мне вось пра той дыскамфорт, які ён ужо адчуў".

(Бандарук: ) "Падобны дыскамфорт адчуваю і я, калі храмы на маёй роднай Беласточчыне размалёўваюць Грэкі, Расейцы альбо Балгары. У іх жа свая набожнасьць, свой мэнталітэт і свая эстэтыка. З Беластоку або Супрасьлі бліжэй да Наваградка, чым да Афону, але царкоўнае начальства неяк пра гэта ня думае. Дык што зрабіць, каб адрадзіць менавіта беларускую школу іканапісу? Ці наагул гэта магчымае?"

(Пушкін: ) "Мне здаецца, што школа беларускіх іканапісцаў будзе толькі тады разьвівацца, калі сьвецкія мастакі пойдуць па шляху адданьня даніны Радзіме сваёй. Гэта значыць, што раз ты скончыў мастацкую школу, размалюй храм ў мясцовасьці, дзе ты нарадзіўся і рос, аддай два, тры, чатыры гады свайго жыцьця сваёй малой Радзіме. І тады гэтым самым ты пакладзеш сабе пачатак новага жыцьця. Ты ўжо больш ня зможаш быць проста сьвецкім мастаком, бо гэта вельмі важна працаваць над сакральнымі роспісамі. Я цудоўна ведаю многіх добрых, нават выдатных беларускіх мастакоў. Усе яны жывуць ў Менску, але на жаль, у сваіх родных мясьцінах не намалялвалі нічога. Адзіны, хто выканаў ў нечым сваё пакліканьне, гэта Фэлікс Янушкевіч. Ён у Ракаве і ўвогуле па ўсёй Беларусі расьпісвае свае каталіцкія храмы. Яшчэ Лукнеўскі. Ён праваслаўны, скончыў мастацкае вучылішча і ў Лагойску расьпісаў касьцёл. У Наваградку я ведаю такога Сашу Нелюбовіча. Сам ён наваградчанін, і ў Наваградку ён размаляваў абразы ў сваёй, вельмі старажытнай праваслаўнай царкве. На жаль, там сьвятар-русафіл. Вось такія асобныя выпадкі, і я сам сваім жыцьцём сьціпла сьведчу аб тым, што вось у гэтым шлях адраджэньня беларускага нацыянальнага рэлігійнага мастацтва".

(Бандарук: ) "Дзякую. Далейшых вам творчых посьпехаў"

XS
SM
MD
LG