Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская Народная Праваслаўная Царква


Канстантын Бандарук

Удзельнік: айцец Ян Спасюк. (эфір 14.10.2000).

Аўтар і вядучы Канстантын Бандарук.

У сёньняшнім выпуску мы раскажам ам пра новую Царкву ў Беларусі, якая сябе называе Беларускай Народнай Праваслаўнай Царквою. Да рэгістрацыі новай царквы ня хоча дапусьціць ні кіраўніцтва Беларускага Экзархату Расейскай Праваслаўнай Царквы, ні чыноўнікі Дзяржкамітэту ў справах рэлігііі і этнічных пытаньняў, якія лічаць новую рэлігійную арганізацыю "дэструктыўнай". З настаяцелям парафіі Народнай Царквы ў пасёлку Пагранічны на Гарадзеншчыне а. Янам Спасюком гутарыць а. Канстантын Бандарук.

(Бандарук: ) "Айцец Ян. Вы прадстаўляеце цалкам новую, мала вядомую ў Беларусі Народную Праваслаўную Царкву. Паведамленьні пра яе зьявіліся ў прэсе недзе ў 94-м годзе, калі Беларусь наведаў Юры Рыжы-Рыскі, які узначальвае Ўсясьветны Амэрыканскі Патрыярхат Беларускай Народнай Царквы ў Амэрыцы. Потым зьявіліся прыхільнікі новай канфэсіі і першыя абшчыны… Разкажыце, калі ласка, якім чынам Вы, некалі звычайны праваслаўны сьвятар, сталі рэлігійным дысыдэнтам, як трапілі ў шэрагі Народнай Царквы?"

(Спасюк: ) "Я нарадзіўся ў вёсцы Спасюкі Дзятлаўскага раёну Гарадзенскай вобласьці і пайшоў вучыцца ў гарадзенскае прафэсійна-тэхнічную вучэльню. Там набыў спэцыяльнасьць сьлесара кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі. Потым працаваў у Слоніме, і аднойчы тамтэйшы праваслаўны сьвятар запрасіў мяне наведаць ягоную царкву. Пасьля я яму прыслугоўваў падчас багаслужбаў, чытаў, пазнаваў сьвятарскую тэорыю і практыку. Потым здаў усе залікі і епіскап пінска-лунянецкі высьвяціў мяне на сьвятара. Служыў у Саборы ў Баранавічах, а пасьля быў накіраваны ў адну з парафіяў Баранавіцкага раёну. У 97-м годзе мяне накіравалі сюды, на Гарадзеншчыну, ў паселішча Пагранічны, Тут я быў настаяцелям Сьвята-ўзьнясенскай царквы ў вёсцы Клепачы. За тое, што я зьвярнуўся да епіскапа гарадзенскага Арцемія з патрабаваньнем адмены цэнаў на хросты, шлюбы, пахаваньні, я атрамаў забарону служыць, паводле 52-га артыкула царкоўных канонаў: "калі хто зробіць прыкрасьць епіскапу". Але ж плаціць вялікія грошы за сьвятарскія паслугі немагчыма. Самі добра ведаеце сытуацыю ў Беларусі. Людзі ня маюць грошай купіць дзецям цукерку. Па-мойму, хрысьціянін, а тым болей сьвятар, не павінен ад парафіяніна патрабаваць за малітву грошай. У кожным разе, зараз у нашай беларускай парафіі няма платы за сьвятарскія паслугі. Калі нехта можа ахвяраваць нейкую суму, той і ахвяруе".

(Бандарук: ) "Пасьля такога ня дзіўна, што Ваш епіскап адхіліў Вас ад сьвятарскіх абавязкаў. Тут справа ня ў тым, ці Вы мелі рацыю, ці не, бо й так у Царкве няма інстанцыі, куды можна было б зьвярнуцца са скаргай. Гэта было непаслушэнства, бунт, чаго герархі не пераносяць і не даруюць. Вам заставалася падпарадкавацца епіскапу альбо не. Што Вы зрабілі пасьля епіскапскага пакараньня?"

(Спасюк: ) "Мы і далей праводзілі багаслужбы, маліліся. Багаслужбы адбываліся ў малітоўным доме. Зараз на месцы, дзе будзе пабудаваная першая беларуская царква, пастаўленая вялікая вайсковая палатка, і там адбываюцца багаслужбы, нягледзячы на тое, што епіскап забараніў мне служыць. Але ж, калі паглядзець на справу з маральнага пункту гледжаньня, хто можа адлучыць мяне ад Хрыста? Калі Хрыстос у мяне ў сэрцы, калі Ён дае мне веру і Сваю выратавальную ласку, ніякія Сабор ці гіерарх ня могуць мяне адлучыць ад Царквы".

(Бандарук: ) "А што было пасьля гэтага? Вы парвалі з Расейскай праваслаўнай Царквою, але ж у праваслаўнай Царкве немагчыма заставацца па-за герархічнай структурай. Без епіскапа ня можа быць хаця б высьвячэньня Вашага пераймальніка, ня кажучы пра шэраг іншых функцыяў, якія можа выконваць толькі епіскап. Што Вы зрабілі далей?"

(Спасюк: ) "Далей парафіяне зьвярнуліся ў Амэрыканскі Патрыярхат да Архіепіскапа Юрыя Рыжага зь лістом, у якім прасілі прыняць нашую грамаду пад ягоную апеку- амафор і дазволіць дзейнічаць, будучы ў юрысдыкцыі Ўсяленскага Амэрыканскага Патрыярхату ў якасьці Беларускай Народнай Праваслаўнай Царквы".

(Бандарук: ) "Ойча! Мяне хвалюе адно пытаньне: чаму Вы зьвярнуліся якраз ва Ўсяленскі Амэрыканскі Патрыярхат. Я чуў пра двух братоў Рыжых-Рыскіх Уладыслава і Юрыя, але трэба прызнаць, што гэта даволі таямнічыя асобы. У 79-м годзе Ўладыслаў заснаваў згаданы Патрыярхат, і пасьля ягонай сьмерці кіраўніцтва пераняў брат Юры. Іхны кананічны статус даволі сумнеўны. У Амэрыцы ніхто ня ведае, хто іх высьвячаў у сан епіскапаў. Ніякая іншая праваслаўная Царква не прызнае іх. У той жа час у Амэрыцы існуе Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква. Яе неўзабаве павінен прызнаць Усяленскі Канстантынопальскі Патрыярх, як ён гэта зрабіў з Украінскай Царквою. Яна мае свае гістарычныя карані, свой аўтарытэт, некалькі парафіяў у Амэрыцы, тысячы вернікаў сярод беларускай эміграцыі. Праўда, БАПЦ падзеленая. Паміж сабою спаборнічаюць і варагуюць два Мітрапаліты: Мікалай і Ізяслаў. Ці ж ня лепш было Вам зьвярнуцца да іх?"

(Спасюк: ) "У Беларусі да 98-га году пра Ізяслава і пра Мікалая вельмі мала хто ведаў. Яны ніякай працы тут не вялі. Я вось толькі што вярнуўся са Злучаных Штатаў. Я хацеў, каб усе разам аб'ядналіся. Ведаю, што Архіепіскап Юры Рыжы-Рыскі неаднаразова зьвяртаўся да Мікалая і да Ізяслава з прапановай працаваць сумесна. На гэтым настойваў і я, аднак, нічога не дасягнуў. Былі ў мяне тэлефонныя гутаркі з Уладыкам Ізяславам, я сустрэўся нават зь ягоным памочнікам, але ў мяне склалася такая думка, што яны хочуць кіраваць, але яны ня хочуць працаваць. На сёньняшні дзень яны нават не ўспрыймаюць гэтую працу, якую праводзім мы ў Беларусі. Для мяне гэта вельмі прыкра, бо я толькі за тое, каб было адзінства, каб адна сіла пачала працаваць, адбудоўваць аўтакефалію на тэрыторыі Беларусі. А калі яны там паміж сабою ня могуць дамовіццаа, ну што ж я магу зрабіць? Калі, аднак, я адчуваю, што гэтую працу ў Беларусі трэба рабіць, дык і раблю. Хай не падтрымліваюць, але хай ведаюць, што гэтым яны робяць нашае жыцьцё цяжэйшым".

(Бандарук: ) "Як разумею, Ойча, у Амэрыцы Вы не знайшлі поўнага зразуменьня. Тамтэйшыя герархі Вас расчаравалі, але працу сваю ў Беларусі Вы вырашылі працягваць. Калі пераглядаю прэсавыя паведамленьні, дык бачу, што давалася Вам гэта нялёгка. Арышт, кайданкі на руках, суды, зьнявагі з боку гарадзенскага епіскапа, Ваш пазоўк супраць яго, апаганены міліцыяй Ваш часовы храм, пакараньне штрафам жанчыны, на чыёй зямлі стаіць палатка-храм і гэтак далей. Вы пісалі безьліч зваротаў у міжнародныя арганізацыі. Вашае прозьвішча ёсьць у справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША. Атрымоўваецца, што паўсталі супраць Вас адначасова зь некалькіх бакоў…"

(Спасюк: ) "Адразу аб'ядналіся супраць нас дзяржаўныя чыноўнікі і герерхі гэтак званай "філярэтаўскай" праваслаўнай Царквы. Яны найперш вырашылі не дапусьціць рэгістрацыі Беларускай Праваслаўнай Народнай Царквы і ейных парафіяў. Зразумела, гэта супярэчыць і Канстытуцыі, і Закону аб свабодзе веравызнаньняў. Яны пачалі з таго, што ў шэрагу дзяржаўных газэтаў пачалі друкаваць паклёпніцкія матэрыялы на нашу Царкву, на мяне і на нашых сьвятароў".

(Бандарук: ) "Так. Аб гэтым найлепш сьведчыць гісторыя Пятра Гушчы, якога абвінавацілі ў распусных дзеяньнях у дачыненьні да непаўналетніх. Ведаю, што міліцыя шантажавала і Вас, угаворвала адмовіцца ад Народнай Царквы, абяцала ў замен добрую пасаду ў Расейскай Царкве, нават за мяжой. Епіскап са свайго боку хацеў Вас скампрамітаваць перад парафіянамі. Чаму, на Вашую думку, Вас не пакінулі ў спакоі? Каму пагражала невялічкая грамада ля мяжы, нават без свайго храму? Можа баяліся, што за Вашым прыкладам пойдуць іншыя?"

(Спасюк: ) "Вы ж добра ведаеце, ў чым уся справа і дзеля чаго ўсё гэта робіцца. Па-першае, царква Філярэта баіцца тэрытарыяльнай і матэрыяльнай страты. Па-другое, яны губляюць вернікаў. І, па-трэцяе, што, дарэчы, галоўнае, яны губляюць магчымасьць палітычнага ўзьдзеяньня на людзей. Ідзе русыфікацыя беларусаў. Зь гісторыі мы добра ведаем, што, калі трэба зьнішчыць незалежную дзяржаву, то трэба пазбавіць яе сваёй мовы, царквы, сваёй культуры. Прывяду такі прыклад: яшчэ ў 99-м годзе на беларускай мове было выдадзена 10-ць тысячаў паасобнікаў рэлігійнай літаратуры, а сёлета ўсяго 250 экзэмпляраў. Вось таму нашая Народная Царква ставіць перад сабою вось якія задачы: аднаўленьне Нацыянальнай праваслаўнай Царквы, стварэньне нядзельных школаў, пабудова беларускіх храмаў, аб'яднаньне людзей пад харугвамі сваёй Царквы. На жаль, усё гэта вельмі цяжка даецца. Маю на ўвазе тыя абяцанкі з аднаго боку і запалохваньне супрацоўнікамі КГБ, арышты, псыхалягічнае ўзьдзеяньне ня толькі на тых, хто падтрымлівае разьвіцьцё сваёй Царквы, але і на іхных родных, на дзетак і знаёмых. Прыгадваю, аднак, што сказаў сьвяты Аляксандар Неўскі: "Бог ня ў сіле, але ў праўдзе". І калі мы выконваем сваю працу, дык мы робім гэта з Богам, а калі з намі Бог, то ні мясцовыя ўлады, ні філярэтаўскія запалохваньні не дадуць ніякага выніку".

(Бандарук: ) Вы кажаце, што не дадуць выніку, але ж на самой справе даюць. Пасьпяхова блякуюць рэгістрацыю Вашай Царквы, а без рэгістрацыі ёсьць законная падстава для перасьледу. Тут мне здаецца важная тая небясьпека, якую, несумненна, адчувае афіцыйная Царква, Беларускі Экзархат. Прадстаўнікі Народнай Царквы заяўляюць пра 11-ць сваіх парафіяў у Беларусі, 4 тысячы вернікаў і 27 сьвятароў. Можа, гэта перабольшаная лічба, але ўсё ж існуе патэнцыйная небясьпека пашырэньня Вашай Царквы. Можа, гэта палохае і Мітрапаліта Філярэта і дзяржаўныя ўлады?"

(Спасюк: ) "Вось у тым і справа, што калі на сёньня афіцыйна зарэгістраваць Нацыянальную Беларускую Народную Праваслаўную Царкву, дык больш за палову ўсіх парафіяў пяройдуць да яе. З самой гарадзенскай эпархіі парафіяў можа з 20-ць гатовыя хоць сёньня перайсьці. А гэта цяперашнім беларускім уладам не патрэбна. Вось цяпер будзе адкрывацца парафія ў Горадні. У мяне ляжыць 67 заяваў на адкрыцьцё парафіяў ад вернікаў па ўсёй Беларусі. Прыхільнікаў сваёй Нацыянальнай Царквы вельмі многа. Нават зь Менску просяць, каб беларускія сьвятары і хрысьцілі, і хавалі. Мне самому неаднаразова прыходзілася выяжджаць у Менск, каб выканаць тую альбо іншую сьвятарскую паслугу тым, хто патрабуе духоўнай апекі з боку сваёй Царквы".

(Бандарук: ) "А як, Ойча, у тых умовах, якія ёсьць, Вы бачыце будучыню і сваёй Народнай Царквы і сваю, як сьвятара-дысыдэнта?"

(Спасюк: ) "Мая будучыня - гэта Беларуская Царква. І, карыстаючыся нагодай, я хацеў бы зьвярнуцца да ўсіх з прозьбаю ўзьнесьці малітвы за беларускую царкву, за беларускі народ, і ўсім слухачам хацеў бы пажадаць посьпехаў, упэўненасьці ў заўтрашнім дні і магутнай веры ў нашага Творцу".

(Бандарук: ) "Дзякую, айцец Ян , за добрыя словы. Спадзяюся, што Ваш удзел у нашай праграме дапаможа шмат каму лепш разабрацца, што такое Народная Царква, якая ейная сутнасьць і сапраўдныя мэты. Дзякую і жадаю Вам посьпехаў ды вытрымкі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG