Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эвангельска-рэфармаваная Царква і яе адметнасьць


Канстантын Бандарук

Удзельнік: Прапаведнік менскай суполкі Лявон Ліпень. (эфір 30.09.2000).

Аўтар і вядучы Канстантын Бандарук. У сёньняшнім выпуску вы зможаце больш даведацца пра адно з пратэстанцкіх адгалінаваньняў, эвангельска-рэфармаваную Царкву, ейную дактрыну і адметнасьці. З прапаведнікам менскай абшчыны гэтай Царквы Лявонам Ліпеням гутарыць а. Канстантын Бандарук.

"Эвангельска-рэфармаваная Царква ў Беларусі мала вядомая, хаця па ўсім сьвеце яна налічвае 60 мільёнаў вернікаў. Ад імя заснавальніка Жана Кальвіна Царква называецца таксама "кальвінскай". Кальвінізм цікавы тым, што гэта надзвычай практычная тэалёгія паўсядзённага жыцьця, і я зараз спрабую гэта даказаць. Перш аднак кароткая даведка:

Ян Кальвін нарадзіўя ў 1509 годзе у Ноён у Францыі ў сям'і біскупскага чыноўніка. У часе навукі ў парыскім Унівэрсытэце пазнаёміўся з поглядамі Марціна Лютара і ў 1534-м годзе канчаткова парваў лучнасьць з каталіцызмам. У 1555-м годзе заснаваў у Жэнэве абшчыну паводле тэакратычнага ладу, а таксама тэалягічную акадэмію. Кальвін наступным чынам, у пяці пунктах, выклаў свае асноўныя погляды, якія сталіся афіцыйнай дактрынай " кальвіністаў:

Натура чалавека поўнасьцю сапсаваная грахом і сама па сабе бяздапаможная.

Некаторыя людзі яшчэ да стварэньня сьвету безумоўна выбраныя-прадвызначаныя Богам для збаўленьня, альбо асуджэньня.

Сьмерць Ісуса Хрыста зьяўляецца выкупам за грахі выключна выбраных людзей.

Ласка збаўленьня ня можа быць выбранымі адкінутая.

Выбраныя для збаўленьня вытрымаюць ў ласцы збаўленьня да канца, яны не ў стане яе адкінуць".

Жан Кальвін памёр у 1564-м годзе. Ён пакінуў пасьля сябе 59 тамоў рэлігійных твораў і квітнеючую рэлігійную ды эканамічную арганізацыю . Заснаваная ім Царква пачала называцца "гэльвэцкай канфэсіяй", "кальвінскай", а ягоныя вучні і пераймальнікі называюць сябе "кальвіністамі", альбо "рэфармаванымі эвангэлікамі" ў адрозьненьне ад "эвангелікаў аўгсбурскіх" - "лютэранаў".

Эвангельска-рэфармаваная Царква, гэтак як і лютэранскія цэрквы,

прызнае адзінай крыніцай веры Сьвятое Пісаньне. Усьлед за сваімі папярэднікамі: Марцінам Лютэрам і Ульрыхам Цвінглі, Кальвін лічыў, што чалавек дасягае збаўленьня выключна дзякуючы Божай ласцы празь веру. Ён адкінуў шэраг каталіцкіх догмаў, культ Божай Маці і сьвятых, рэліквіі, іконы і пасты, а таксама вярнуўся да біблейскай формы 10-ці запаветаў.

Маліцца – паводле Кальвіна, можна ўсюды, ў багаслужбе, якая павінна быць пазбаўленая ўсялякай пышнасьці і абраднасьці, асноўная ўвага надаецца чытаньню Слова Божага, казані і рэлігійным гімнам. Няма сьвятарскага сану, бо няма сакрамэнту сьвятарства. Вернікі самі абіраюць свайго духоўнага лідэра, які не атрымоўвае нейкіх спэцыяльных паўнамоцтваў.

Зь сямі сакрамэнтаў рэфармаваныя эвангелікі захавалі толькі Хрост і Эўхарыстыю, пры чым у Эўхарыстыі яны ня лічаць рэальнымі Цела і Кроў Хрыстовыя.

Кальвінізм не абмяжоўваецца тэалёгіяй. Ён прапануе своеасаблівы лад жыцьця, з адпаведным стаўленьнем да дзяржавы, палітыкі, грамадзтва, сям'і, працы і гэтак далей. Аднак кальвіністы шмат у чым адрозьніваюцца ад лютэранаў. Прынята лічыць, што Лютэр быў антрапацэнтрыстам, зьвяртаў больш увагі на чалавека і ягонае духоўнае нутро ў дачыненьні да Бога. У гэтым сэнсе Кальвін быў тэацэнтрыстам: галоўным пунктам ягонай тэалёгіі быў сам Бог і таямніца боскай наканаванасьці…Ці ёсьць яшчэ нешта, чаго я тут не згадаў?….З гэтым пытаньнем я зьвяртаюся да Лявона Ліпеня, пастара кальвінскай абшчыны ў Менску:

(Ліпень: ) "Швайцарская жэнэўская Рэфармацыя больш завершаная за нямецкую. Па-мойму, ёсьць адно адрозьненьне, мабыць важнае і для нас сёньня. Лютэране часта падначальваюць дзейнасьць сваёй Царквы дзяржаве, ў той-жа час кальвіністы паклалі шмат намаганьняў і пралілі многа крыві, каб вызваліць Царкву спад улады дзяржавы, каб разьдзяліць іх. Царква на іхную думку павінна падначальвацца толькі боскаму аўтарытэту. Таму кальвінская Царква найбольш вольная і найменш залежыць ад сьвецкай улады".

(Бандарук: ) "У сэнсе дактрыны, кальвінізм пераважна асацыюецца з тэорыяй прэдэстынацыі, альбо прадвызначэньня. Вяртаючыся да тэалёгіі сьвятога Аўгустына, а таксама на падставе Лістоў Апостала Паўла, Кальвін прыйшоў да высновы пра неабмяжаваную, абсалютную ўладу Бога. Гэта ў сваю чаргу прывяло яго да ягонай галоўнай тэорыі аб прэдэстынацыі альбо прадвызначэньні. Кальвін лічыў, што Бог загадзя прызначае адных для збаўленьня, а іншых на асуджэньне. Чалавек, паводле Кальвіна, быў асуджаны не таму, што зграшыў, але грашыць таму, што быў асуджаны. Вакол гэтай тэорыі зьявілася шмат рознагаласьсяў, найбольш супярэчлівых ацэнак. Калі я загадзя прызначаны для збаўленьня, альбо на асуджэньне, дык навошта намаганьне, аскеза, добрыя ўчынкі? Я ўсё роўна не зьмяню боскага прысуду… Што вы скажаце наконт гэтага?"

(Ліпень: ) "На погляд асьвечаных, адукаваных кальвіністаў тут няма нічога такога неверагоднага. Наадварот. У гэтым выяўляецца вялікая слава і веліч Бога, які абсалютна сувэрэнны. Ён стварыў сьвет паводле ўласнае волі, і Ён ратуе людзей таксама паводле ўласнае волі: незалежна ад нашага жаданьня, нежаданьня, ўчынкаў, супраціву. Таму наканаванасьць, альбо прэдэстынацыя, ці прадвызначэньне, гэта абсалютная ўлада Бога. Як жа можна гэтага не разумець? Я думаю, што калі добра людзям выкласьці гэту дактрыну яны зразумеюць, што гэта цудоўная рэч, што ўсё наканаванае Богам, усё прадвызначана. Дарэчы, ня толькі Кальвін гаварыў пра абраньне адных, і асуджэньне другіх. Пра гэта гаворыць Біблія, у прыватнасьці Апостал Павал, калі сказаў, што " адны народжаныя як жывёлы і памруць як жывёлы".

(Бандарук: ) "Брат Лявон, кожны студэнт тэалёгіі, не кажучы пра спэцыялістаў, ведаюць, што існуе лагічная супярэчнасьць паміж догмай аб прадвызначэньні, а заклікам да актыўнага, прадуманага дзеяньня. Сам Кальвін не зрабіў ніякай практычнай высновы са свай тэорыі. Заміж бязьдзейнасьці, якая была б тут апраўданая, ён заклікаў да працы і актыўнасьці. Кожны, паводле яго, павінен дбайна і акуратна скарыстоўваць дадзеныя яму Богам здольнасьці, сумленна выконваць тое, што яму даручанае. Плённая праца і чысты заробак Кальвін лічыў асноўнымі абавязкамі чалавека, а багацьце - прыкметай Божай ласкі.

Вернікі павінны быць працавітыя, набожныя, справядлівыя і стрыманыя, яны абавязаныя жыць ашчадна, аскетычна, пазьбягаць роскашы і забаваў. Калі грэх зьяўляецца доказам божага асуджэньня, а не яго прычынай, дык кожны намагаўся даказаць, што ён належыць да абраных, што знаходзіцца ў стане ласкі. Такім чынам, Кальвін мабілізаваў людзей да плённай працы, дакладнай і прафэсыйнай. Гэткім чынам ён стаў адным з ідэолягаў капіталізму і пакінуў пасьля сябе квітнеючую, заможную абшчыну, за прыкладам якой пайшлі іншыя грамадзтвы. Хопіць паглядзець на сучасную, заходнюю Эўропу , каб зразумець наколькі вялікі быў ўплыў жэнеўскага рэфарматара…На маю думку, у гэтым практычным сэнсе, кальвінізм проста надзвычайная зьява…"

(Ліпень: ) "Гэта проста ўнікальная зьява ў гісторыі сьвету і чалавецтва. У гэтым пляне вельмі цікавае дасьледваньне нямецкага сацыяёляга Макса Вэбэра "пратэстанцкая этыка і дух капіталізму". Ён паказаў, як рэфармаваная тэалёгія практычна адбілася на жыцьці людзей, пратэстанцкіх супольнасьцяў, і чым яны адрозьніваюцца ад каталіцкага альбо праваслаўнага сьвету. Хаця трэба адзначыць, што Кальвін не ставіў перад сабою мэту дасягнуць нейкага індустрыяльна разьвітага грамадзтва, пабудовы капіталізму. Гэта як-бы пабочны прадукт разьвіцьця рэфармацыйнай думкі і практыкі".

(Бандарук: ) "Кальвінізм шмат увагі прысьвячае заможнасьці грамадзянаў, ставіць націск на тым, што багатая тая краіна, ў якой заможныя грамадзяне. Варта адзначыць, што ў ніводнай кальвінскай краіне не было ні голаду ні масавай беднасьці, хаця прыродных багацьцяў, як хаця б у Швайцарыі – няшмат. Значыць, рэцэпт посьпеху некаторых краінаў – ў зьмене мэнталітэту людзей. Многія хрысьціяне –няведама адкуль лічаць, што праца - гэта грэшная мітусьня і служэньне мамоне, аднак Кальвін лічыў, што напорыстай працай можна зрабіць лепшым сваё жыцьцё і адначасова ўславіць Бога. На маю думку, ў гэтым вялікі плюс Кальвіна. Толькі тут узьнікае пытаньне: чаму ягоныя ідэі знайшлі падатлівы грунт і прыжыліся менавіта на Захадзе Эўропы і там далі багаты плён. А чаму не ў нас?"

(Ліпень: ) "Справа ў тым, што Рэфармацыя не рабілася намаганьнямі толькі аднаго Лютэра альбо Кальвіна. Гэта быў ўжо даволі добра падрыхтаваны сьвет: у Нямеччыне, Швайцарыі, Францыі, Галяндыі. Тут справа ў падрыхтаванасьці насельніцтва, народу да таго, каб ён мог рэфармавацца, каб мог зьмяніць сваё жыцьцё паводле Слова Божага. Такія спробы рабіліся і ў нас у Вялікім Княстве Літоўскім. Такія задачы добра разумелі і князь Мікалай Радзівіл званы Чорным. Разумелі гэта і Ян Глябовіч, вядомы дзеяч Рэфармацыі на Меншчыне. Але на вялікі жаль, наш народ аказаўся непадрыхтаваны да Рэфармацыі і плён Рэфармацыі у нас на сёньняшні дзень вельмі нязначны. Мы ня справіліся з гістарычнай задачай, а тыя краіны, дзе Рэфармацыя адбылася апярэдзілі нас. Мы можа назіраць, як жывуць людзі ў Швейцарыі, Галяндыі, Злучаных Штатах Амэрыкі. Так што ў цэлым, плён Рэфармацыі выдатны, хаця трэба падкрэсьліць, што гэта плён Слова Божага, божага пакліканьня".

(Бандарук? ) "Але ж у першай палове 16-га стагодзьдзя пратэстантызм хутка пашыраўся і ў Вялікім Княстве Літоўскім. Шляхта лічыла, ў прыватнасьці, кальвінізм вельмі дэмакратычнай рэлігіяй. Яна бачыла ў новай канфэсіі падставу для супраціву самавольству магнатаў і караля. Аднак ў 60-х гадох 16-га стагодзьдзя сярод кальвіністаў наступіў раскол, потым зьявілася Контррэфармацыя, потым наступіла экспансія Расейскай Імпэрыі і праваслаўя. Аднак, Рэфармацыя пакінула глыбокі сьлед у культуры, ў сьвядомасьці народу. Можна сказаць, што калі б ня гэтыя неспрыяльныя вятры гісторыі, можа і Беларусь была б у асноўным пратэстанцкай краінай? Можа зараз яна была б зусім іншай?"

(Ліпень: ) "Вы гаворыце, што нашы продкі, наша нацыя магла стаць пратэстанцкай. Я хачу гаварыць пра больш высокую катэгорыю - пра хрысьціянства. Наш народ мог бы стаць храсьціянскім народам, і мог бы рэфармаваць усё сваё і палітычнае і эканамітчнае жыцьцё паводле Слова Божага. Сапраўды, у кальвінізьме перавага аддаецца

рэспубліканскай форме кіраваньня. Дарэчы прыхільнікам рэспубліканізму быў наш Ян Глябовіч з Заслаўя. Радзівілы, ды іншыя кальвіністы, ўсе былі рэспубліканцамі, і, калі папраўляўся Статут Вялмкага Княства Літоўскага, туды уводзіліся вельмі многія гуманістычныя, як пішуць нашы дасьледчыкі, рэспубліканскія юрыдычныя нормы. Усё гэта магло стацца, але на вялікі жаль, у нашым народзе аказалася дастаткова тых, каго тагачасныя кальвіністы называлі "чэрню". Вось гэтая чэрня якраз адгукнулася на Контр-рэфармацыю і наш народ па-сутнасьці сёньня ў большасьці сваёй ня ведае Бібліі, ў яго вельмі цьмянае албо скажонае ўяўленьне пра Бога, мір, вайну, любоў, парадак, уладу. Гэтаму трэба вучыць і кальвіністы 16-га стагодзьдзя, такія як Сымон Будны, Васіль Цяпінскі ставілі перад сабою задачу навучыць народ разумець Слова Божае. Таму перакладалася Эвангельле на беларускую мову. На вялікі жаль, мы як нацыя ня справіліся з гэтай задачай, Мы пайшлі па спрошчаным, аблегчаным шляху…Так мы й не пазналі Бога дагэтуль і адсюль усе нашы сучасныя праблемы ..."

(Бандарук: ) "Праблемаў шмат і, на маю думку, яны больш унутранага, чымсі вонкавага характару, найперш са сваёй самаідэнтыфікацыяй. Беларусы напэўна не зрабілі таго, што рэкамэндаваў Кальвін: найперш разабрацца з самымі сабою, правільна ацаніць-хто я? Якія мае сілы, здольнасьці і магчымасьці? Але вернемся да сучаснасьці.

Які сёньня стан не пратэстантызму, але менавіта Вашай, рэфармаванай Царквы?"

(Ліпень: ) "Гэта проста мізэрная колькасьць, адна невялічкая грамадка, ды й тую апошнім часам улады хочуць ліквідаваць. Праўда, ня толькі нас, але ўсе неправаслаўныя, дробныя грамадкі: баптыстаў, ды ім падобным пратэстантам, якія ня маюць уласных будынкаў. Вось апошнім час пайшла такая ініцыятыва менскіх гарадзкіх уладаў ліквідаваць гэтыя абшчыны, і не даць узьнікнуць новым. Улады ў хаўрусе з Расейскай Праваслаўнай Царквою хочуць усталяваць адну, даміноўную, праваслаўную Царкву. Таму і робяць намаганьні, каб зьліквідаваць пратэстантызм у Беларусі".

(Бандарук: ) "Але ж, брат Лявон, ёсьць Канстытуцыя, ёсьць "закон аб рэлігійных арганізацыях". Няўжо яны нічога не значаць?"

(Ліпень: ) "Народ, які ў Канстытуцыі піша адно, а ў жыцьці, на практыцы робіць другое, гэта хлусьлівы народ. Я думаю, што людзі вап ўсіх камітэтах, урадавых установах, яны вельмі падобныя. Яны не пазналі Бога, не пазналі праўды і таму не імкнуцца да яе. Што тычыцца нас, дык мы не спадзяемся на ніякую дапамогу з боку дзяржавы, абы толькі яна нас не чапала, хаця б не перашкаджала, не дыскрымінавала нас. Вось Вам варта былоб зьвярнуцца да Спадара Булыка з Камітэту у справах Веравызнаньняў і запытацца, як ён разумее такія дзееньні уладаў у дачыненьні да некаторых цэркваў".

(Бандарук: ) "Абавязкова запытаюся тым болей, што ня толькі з Вашых вуснаў чую пра яўную дыскрымінацыю пратэстанцкіх цэркваў ў Беларусі. Калі даведаемся, што лічыць наконт гэтага хаця б "Камітэт у справах нацыянальнасьцяў і рэлігіяў", абавязкова паведамім у нашым эфіры. Пакуль, жадаю Вам Брат Лявон посьпехаў ў Вашай службе і вытрымкі ў гэты нялёгкі час. Шчыра дзякую за удзел у праграме."

XS
SM
MD
LG