Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ватыканская дэклярацыя "Dominus Iesus"


Кастусь Бандарук

Удзельнікі: Прафэсар Люблінскага Каталіцкага Ўнівэрсытэту а. Вацлаў Грыневіч і пастар Эвангеліцка-Лютэранскай царквы з Гародні Кастусь Мардзьвінцаў. (эфір 16.09.2000).

Аўтар і вядучы Кастусь Бандарук.

Дэклярацыю "Домінус Езус", якую ў аўторак, 5-га верасьня, афіцыйна прадставіў прэфэкт Кангрэгацыі Навукі Веры кардынал Ратцынгер, ня могуць праігнараваць прадстаўнікі іншых канфэсіяў і рэлігіяў. У Дэклярацыі ў менш албо больш завуаляваных словах гаворыцца пра тое, што паўната збаўленьня магчымая толькі ў Рыма-каталіцкай Царкве. Усе іншыя канфэсіі ў горшай сытуацыі. Яны не валодаюць усімі неабходнымі для збаўленьня сродкамі і таму застаюцца недасканалымі да часу, пакуль не падпарадкуюцца Ватыкану. Іншыя, нехрысьціянскія рэлігіі наагул маюць ня веру, але збор вераваньняў, гэта значыць, сынтэз вопыту і думкі, якія ўваходзяць у скарбніцу чалавечага розуму і рэлігійнасьці. Дакумэнт нацэлены на рэлігійны плюралізм і ўсё больш пашыранае перакананьне аб роўнасьці ўсіх рэлігіяў. У дакумэнце сем разоў паўтараецца фраза "Трэба рашуча падкрэсьліць…"

(Цытата: ) "Трэба рашуча падкрэсьліць, што адзіная, сапраўдная рэлігія працягвае сваё існаваньне ў Рыма-каталіцкай і Апостальскай Царкве, кіраванай пераемнікам сьвятога Пятра і біскупамі, якія застаюцца у адзінстве зь ім, і якой Хрыстос даручыў пашырэньне гэтай рэлігіі на ўсіх людзей. Безупынная місійная служба Царквы апынулася пад пагрозай з прычыны рэлятывізму… Каб супрацьстаяць гэтаму, трэба перш за ўсё рашуча падкрэсьліць канчатковы і поўны характар Адкрыцьця Ісуса Хрыста…Цэрквы, якія зьвязаныя з Каталіцкай Царквою такімі цеснымі вузамі, як Апостальскае пераемства ды Эўхарыстыя, зьяўляюцца сапраўднымі памеснымі цэрквамі. Аднак трэба рашуча падкрэсьліць, што тыя абшчыны, якія ня маюць ні поўнапраўнага епіскапату, ні сакрамэнту Эўхарыстыі, не зьяўляюцца Цэрквамі у поўным сэнсе. Што тычыцца іншых рэлігіяў, дык Рыма-каталіцкая Царква не адкідае нічога з таго, што у іншых рэлігіях сапраўднае і сьвятое. Са шчырай павагай яна ставіцца да таго ладу жыцьця і дзеяньня, наказаў і дактрынаў, якія шмат у чым адрозьніваюцца ад тых прынцыпаў, якіх сама Царква прытрымліваецца і распаўсюджвае, але якія, аднак, адлюстроўваюць праменьчык той Праўды, якая асьвятляе ўсіх людзей".

Зьяўленьне гэтай Дэклярацыі якраз у Юбілейным годзе выклікала некаторае замяшаньне і заклапочанасьць у некаталікоў і, нават, сярод каталікоў. Яшчэ цалкам нядаўна, Папа Ян Павал ІІ заявіў, што ў Трэцяе Тысячагодзьдзе трэба ўвайсьці са шчырым жаданьнем прымірэньня паміж усімі канфэсіямі і рэлігіямі. У гадавіну Рэфармацыі Ватыкан разам зь лютэранамі падпісаў важны тэалягічны дакумэнт "Аб збаўленьні", актывізаваў дыялёг з Англіканскай Царквою, і раптам зьявіўся вось гэты дакумэнт.

З пытаньнем, што думае пра гэта каталіцкі тэоляг-экумэніст, я зьвяртаюся да прафэсара Вацлава Грыневіча:

(Грыневіч: ) "У мяне таксама супярэчлівыя адчуваньні. Дакумэнт ёсьць свайго роду крокам назад. Ён нагадвае тыя ідэі, якія былі ўжо выказаныя ў мінулым, аднак Другі Ватыканскі сабор зрабіў значны крок наперад. Зразумела, Сабор ня вырашыў усіх пытаньняў. Ён быў толькі пачаткам важнах зьменаў ў Царкве. Можна, нават, сказаць, што ён выклікаў таксама шмат рознагалосьсяў, аднак цяперашняя схільнасьць да пошукаў памылак у іншых, некаторая ізаляцыя прагрэсіўнай плыні ў Царкве, перасьцярогі перад ёю, зьявіліся ў вельмі неспрыяльны для Царквы момант. Філязофія гэтага дакумэнту мае сваю крыніцу ў тэалёгіі, якая павінна лічыцца аджытай".

(Бандарук: ) "Айцец прафэсар, у Дэклярацыі "Домінус Езус" я бачу некаторую супярэчнасьць. У адным месцы гаворыцца, што (цытую) "Збаўчая дзейнасьць, якую Хрыстос праводзіць са Сваім Духам і праз Яго, пашыраецца на ўсё чалавецтва па-за бачныя межы Царквы", а ў іншым месцы сьцьвярджаецца, што "па-за каталіцкаю Царквою няма збаўленьня". Дык як жа гэта зразумець?"

(Грыневіч: ) "У гэтай Дэклярацыі шмат пунктаў, якія сапраўды можна ацэньваць вельмі крытычна. Менавіта: тэалёгія элемэнтаў і тэалёгія усёй паўнаты праўды ў Рыма-каталіцкай Царкве. Гэтая тэорыя характарызуецца колькасным стаўленьнем да праўды, але ж праўда мае асабовы характар. Нельга праўду дзяліць на часткі, нельга гаварыць пра адну Царкву, што яна валодае ўсёй паўнатою, а пра іншых, што маюць толькі элемэнты; пра адну Царкву, што яна мае паўнату збаўленьня, а пра іншыя, што ім не хапае таго, або іншага, а найперш адзінства з біскупам Рыму. У Дэклярацыі таксама некалькі разоў падкрэсьліваецца, што Сьвяты Дух будзе весьці да поўнай праўды. На самой справе, Дух будзе весьці Царкву да ўсялякай праўды. Нідзе не сказана, што Дух прывядзе да эсхаталягічнай, поўнай праўды ў Царкве. Царква пакуль што ў дарозе, яна вядзе да мэты, да збаўленьня. Нават Ісус Хрыстос, будучы Паўнатою Дасканаласьці, абвесьціў нам гэтулькі, колькі неабходна для збаўленьня, адкрыў гэтулькі, колькі мы дзеля збаўленьня патрабуем. Тая паўната, якую называем канчатковай у Хрысьце, зьяўляецца толькі нашым шляхам да Бога. Дакумэнт зьвяртае ўвагу на небясьпеку рэлятывізму (адноснасьці), але ва ўсім бачыць рэлятывізм – гэта таксама перахіл. Існуе некаторы рэляцыянізм праўды, гэта значыць, што яна мае дачыненьне да канкрэтнага часу, гісторыі, выказваецца з дапамогай чалавечых мерак. Такім чынам, праўда ня гэтулькі рэлятыўная, колькі мае рэляцыю, супастаўленьне зь людзьмі, эпохай, культурай, канкрэтнымі справамі ў гісторыі гэтага сьвету".

Гэта было меркаваньне каталіцкага прафэсара а. Вацлава Грыневіча зь Любліна.

Тут, як праваслаўны, хачу дадаць, што Праваслаўная Царква таксама лічыць сябе Царквою Хрыстовай. Яна ганарыцца тым, што захавала ў чысьціні вучэньне Апосталаў і сьвятых Айцоў. Праваслаўе не патрабуе ад іншых вернікаў падпарадкаваньня яму, як гістарычнай установе, але запрашае прыняць праўду, напрыклад, Нікейскі Сымбаль Веры і дагматы 7-мі Ўсяленскіх Сабораў. Інакш кажучы, сама праўда прыймае і ўводзіцьў адзінства з Праваслаўем. Усьлед за Сьвятымі Айцамі, Праваслаўная Царква лічыць, што сапраўды "па-за Царквою няма збаўленьня", але ня кажа "па-за Праваслаўнай Царквою". Як сьцьвярджае выдатны тэоляг а. Сяргей Булгакаў, "немагчыма акрэсьліць межы Царквы ні ў сэнсе прасторы, ні часу, ні моцы". Царква – нешта большае, чым толькі бачная царкоўная арганізацыя. Гэта жыцьцё ў Хрысьце.

А як ставіцца да гэтага лютэране, якія парвалі лучнасьць з Ватыканам менавіта на знак пратэсту супраць злоўжываньняў і заганаў тагачаснага каталіцызму? Пастар Эвангельска-Лютэранскай Царквы з Горадні Кастусь Мардзьвінцаў.

(Мардзьвінцаў: ) "Сапраўдная Царква – адна. Гэта мы вызнаем у агульным і для каталікоў, і для праваслаўных, і для пратэстантаў Сымбалі Веры. Але дзе гэтая адзіная Царква, якую стварыў Хрыстос, і пра якую казаў, што "брамы пякельныя ня адолеюць яе". Некаторыя паддаюцца спакусе даць адказ на гэтае пытаньне з пазыцыі нейкіх вонкавых прыкметаў. Вельмі лёгка можна абмежаваць Царкву нейкімі людзкімі арганізацыямі і заявіць, што калі нехта не належыць да гэтага аб'яднаньня, то ён па-за Царквою. Можна, безумоўна, стварыць рэлігійную арганізацыю з добра распрацаванымі структурамі, з выдатнай арганізацыяй, з адінай Галавою, якой падпарадкоўваюцца ўсе, але гэта яшчэ ня будзе азначаць, што гэтая і толькі гэтая арганізацыя – сапраўдная Царква. На самой справе-Галава Царквы – Хрыстос. Ён дзейнічае там, дзе хоча дзейнічаць. Ён дае Свае збаўляльныя дары таму, каму хоча даць. Дзе выяўляецца жыцьцё Духа Сьвятога, там і Царква. Гэтая Царква відавочна адзіная. Крыніца царкоўнага адзінства – не чалавек, але Бог.

Адзінству Царквы не супярэчыць наяўнасьць асобных хрысьціянскіх абшчынаў са сваім асобным кіраўніцтвам. Каб патлумачыць гэтую празду айцец старажытнай Царквы Кіпрыян прыводзіў вось такую аналёгію. Сонца мае шмат праменьняў, але яно адно. На дрэве шмат галінак, але камель адзін. Паасаобныя хрысьціянскія грамады жывуць толькі таму, што яны жывуць Хрыстовым жыцьцём, праз якое яны зьліваюцца з жыцьцём усёй Царквы Хрыстовай, якая захоўвае Праўду Божую. Няма ніякай патрэбы мець адну царкоўную арганізацыю, каб належаць да Хрыстовай Царквы. Падобным чынам на пытаньне "дзе сапраўдная Царква?" адказвалі айцы Рэфармацыі.

У аўгсбурскім веравызнаньні гаворыцца, што "Царква – гэта збор сьвятых", у якім правільна прапаведваецца Эвангельле і правільна адпраўляюцца сакрамэнты. Для царкоўнай згоды дастакова аднадумства ў гэтым. Няма патрэбы, каб устаноўленыя людзьмі традыцыі, абрады і цырымоніі, былі паўсюль аднолькавыя. Як сакрамэнт, гэтак і слова дзейснае толькі таму, што устаноўленае Хрыстом і надзеленае Ягонай моцай. Такім чынам, калі б нехта зь лютэранаў заявіў, што па-за Лютэранствам няма збаўленьня, гэта было б супраць вучэньня нашай Царквы, было б ерасьсю. Урэшце рэшт, на маю думку, вельмі небясьпечна устанаўляць крытэрыі, паводле якіх мы будзем вырашаць, што сапраўдная Царква тут, а там яе няма, бо вельмі лёгка памыліцца. Царква паўсюль там, дзе дзейнічае Госпад, Які любіць кожнага чалавека, Які хоча, каб усе людзі атрамалі збаўленьне, і Які кожнаму ў той або іншай ступені дае Свае дары і сваю ласку".

(Бандарук: ) "Дарэчы, брат Кастусь, у шмат каго згаданая Дэклярацыя выклікае хваляваньне за будучыню экумэнічнага дыялёгу. Духоўны лідэр 70-ці мільёнаў вернікаў Англіканскай Царквы, архіепіскап Кантэрбэрыйскі Джордж Кэры заявіў, што "дэклярацыя не ўлічвае належным чынам паразуменьня, дасягнутага на шляху экумэнічнага дыялёгу і супрацоўніцтва цягам апошніх 30-ці гадоў. У мяне ні на момант не прамільгнула ў галаве думка, што служэньне Англіканскай Царквы і Эўхарыстыя ёсьць нейкім чынам неадпаведныя". Дык як жа згаданы дакумэнт можа адбіцца на будучыні экумэнічнага руху?"

(Мардзьвінцаў: ) "Безумоўна, роўнапраўны дыялёг немагчымы, калі хтосьці заяўляе, што толькі ён валодае ісьцінай, толькі ў яго збаўленьне і для таго, каб стаць сапраўдным хрысьціянінам, трэба далучыцца да ягонай царквы. Таму я думаю, што гэтая Дэклярацыя Ватыкану ўскладніць экумэнічны дыялёг, але тым ня менш, усе мы павінны шукаць таго, што агульнае паміж намі і працягваць той дыялёг, які зараз вядзецца паміж цэрквамі".

Гэта была думка пратэстанцкага пастара. Некаторыя лічаць, што Дэклярацыя " Домінус Езус" можа цалкам спыніць экумэнічны дыялёг.

(Бандарук: ) "А што думаеце наконт гэтага Вы, аайцец прафасар Грыневіч?"

(Грыневіч: ) "Я ня думаю, што гэтая Дэклярацыя здолее прыпыніць экумэнічны рух. Напэўна, яна выкліча шмат горычы, дарэчы, ня першы раз. Ужо ў 92-м годзе ў дакумэнце пра Царкву Кангрэгацыя таксама гаварыла рэчы вельмі непрыемныя для экумэнізму, аднак ён прасоўваўся наперад. Я лічу, што хаця Дэклярацыя гэтак моцна падкрэсьлівае выключнасьць сапраўднай Царквы, якая тычыцца Рыма-каталіцкай Царквы зь ейнай дактрынай аб вяршэнстве Папы, яна ня здолее сарваць экумэнічны рух. У Царкве здаўна існуе зьява, якую можна назваць "неўспрыняцьцем", маўклівай нязгодай з некаторымі праўдамі, і я думаю, што для экумэнізму гэта таксама будзе факт, які ня будзе прыняты".

Гэтак лічыць кіраўнік Экумэнічнага Інстытуту Каталіцкага Ўнівэрсытэту ў Любліне прафэсар Вацлаў Грыневіч.

Сьціплыя рамкі гэтай праграмы не дазваляюць нам прывесьці тут выказваньні прадстаўнікоў іншых рэлігіяў, напрыклад, мусульманаў або юдэяў. Адно можна сказаць з упэўненасьцю: асноўная ўмова збаўленьня – не прыналежнасьць да той або іншай Царквы, але "вера і хрост". "Хто паверыць і ахрысьціцца – будзе збаўлены".

XS
SM
MD
LG