Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто будзе збаўлены?


Сяргей Абламейка

Удзельнікі: кандыдат багаслоўя, выкладчык Менскай Праваслаўнай Духоўнай Сэмінарыі айцец Сяргей Гардун і пастар Беларускай Эвангельскай Царквы Эрнст Сабіла (эфір 04.09.1999).

Аўтар і вядучы Сяргей Абламейка.

У сёньняшім сьвеце існуе шмат самых розных рэлігіяў. Практычна ўсе галоўныя зь іх прызнаюць несьмяротнасьць чалавечае душы і не прызнаюць фізычную сьмерць чалавека канцом ягонага існаваньня. Адны рэлігіі ўважаюць, што душа чалавека пасьля яго фізычнае сьмерці пераходзіць да іншых істотаў, другія – што яна працягвае сваё існаваньне ў нейкім ідэальным сьвеце.

Хрысьціяне, а менавіта яны складаюць сёньня пераважную большасьць насельніцтва Беларусі, вераць у несмяротнасьць душы і чакаюць уваскрашэньня мёртвых. Аднак, асаблівасьцю Хрысьціянства ёсьць ня толькі вера ў збаўленьне, але і перакананьне, што ня ўсе людзі будуць збаўленыя. І вось гэта вельмі цікавы момант – збаўленьне. Хто можа быць збаўлены, калі і пры выкананьні якіх умоваў?

Вось гэтыя пытаньні я вырашыў задаць беларускаму праваслаўнаму сьвятару, кандыдату багаслоўя айцу Сяргею Гардуну і пастару Беларускай Эвангельскай Царквы Эрнсту Сабілу.

Напачатку паслухайце маю гутарку з пастарам Сабілам.

(Карэспандэнт:) "Спадар Сабіла, вашая Беларуская Эвангельская царква сваёй дактрынай усутыч набліжаецца да дактрыны Баптысцкай царквы. Гэта значыць, што вы прадстаўляеце пратэстантызм. Ня ўсе нашыя слухачы ведаюць вас, і таму першае пытаньне да вас агульнае - вы ўвогуле верыце ў выратаваньне душы?"

(Сабіла:) "Так, мы ня толькі верым у выратаваньне душы, але гэта зьяўляецца галоўнай тэмай нашае пропаведзі. І Бог перш за ўсё гаворыць да чалавека цераз усё сваё Слова Божае аб выратаваньні душы, гэта - яго галоўны клопат."

(Карэспандэнт:) "Ну і што ж трэба, паводле вашай царквы, каб выратавацца?"

(Сабіла:) "Для таго, каб выратавацца, трэба выканаць умовы Бога. Перш за ўсё, трэба зразумець, што гэта за ўмовы і чаму яны пастаўленыя.

Бог, ствараючы сусьвет, стварыў чалавека для вечнага, райскага, цудоўнага жыцьця. Але апрача Бога ёсьць у сусьвеце сіла варожая ўсяму стварэньню Божаму - шатан. І пад спакуксай шатана першыя людзі - Адам і Эва, - зграшылі, і, паводле Закона Божага, праз гэта ўвайшла сьмерць, а лепш сказаць, увайшлі дзьве сьмерці ва ўсё чалавецтва. Першая - сьмерць цела. Прымусова альбо натуральна праз нейкі час жыцьця цела чалавека памірае. Другая - сьмерць духоўная. Гэта значыць, што пасьля фізычнай сьмерці, паводле закона і суда Божага, за грэх чалавек павінен будзе жыць вечным пакутніцкім жыцьцём. Такі Закон і сьвятасьць Божая.

Але Бог ёсьць любоў. Бог міласэрны, літасьцівы і ня хоча пагібелі грэшнага чалавека, і наогул грэшнага чалавецтва. І Ён рэалізаваў свой плян выратаваньня. Сын Божы Ісус Хрыстос цудоўным чынам прыняў цела праз нараджэньне ад Дзевы, Сьвяты і Бязгрэшны ўзяў на сябе ўсе грахі чалавецтва і ўзяў на сябе прысуд Божы: за грахі чалавецтва - сьмерць. Такім чынам, Закон Божы задаволены. Цяпер Бог дае магчымасьць і права кожнаму чалавеку скарыстаць тэарэтычнае, так сказаць, вызваленьне ад сьмяротнага прысуду дохоўнае сьмерці.

Я лічу патрэбным тут жа адзначыць, што ад імя Бога і Бібліі чалавецтву прапануецца шмат ілжывых навукаў, у тым ліку і на тэму збаўленьня. Ту я зь імі не палемізую. Проста выкладаю Божы плян збаўленьня.

У збаўленьні чалавека ўдзельнічаюць два бакі - Бог і чалавек. Трэйці бок варожы і Богу і чалавецтву - шатан. Ён хоча абвергнуць Бога і загубіць чалавека. Яго ня трэба слухаць.

(Карэспандэнт:) "Дык якія ж трэба выканаць умовы для таго, каб збавіцца? Хто можа быць збаўлены паводле Вашых поглядаў?"

(Сабіла:) "Збаўленым можа быць кожны чалавек. "Бог хоча, каб усе людзі збавіліся", - піша Апостал Павал у Першым Лісьце да Цімахвея (2;4). Пра гэта Бог сьведчыць яшчэ ў многіх месцах Бібліі.

Бог даў чалавеку свабодную волю выбару. Што павінен зрабіць чалавек, каб збавіцца? Чалавек павінен сказаць Богу ў пакаяльнай малітве, што ён прыймае Божы плян збаўленьня, прыймае замяшчальную ахвяру Хрыста і самога Хрыста як збавіцеля і будзе старацца жыць паводле Слова Божага.

Але ці толькі гэтыя людзі збавяцца? Не. Збавяцца ўсе людзі, якія стараліся жыць паводле добрага сумленьня і асуджалі сябе за нядобрыя ўчынкі. Будуць збаўленыя таксама і дзеці, якія не дасягнулі адказнага ўзросту па Слову Божаму. Гэта, так сказаць, абагульняючыя катэгорыі людзей, якія будуць збаўленыя."

Нагадаю, вы слухаеце "Сымбаль Веры". Тэма сёньняшняга выпуску – збаўленьне, хто і пры якіх умовах можа быць збаўлены. У перадачы бяруць удзел кандыдат багаслоўя, выкладчык Менскай Праваслаўнай духоўнай сэмінарыі айцец Сяргей Гардун і пастар Беларускай Эвангельскай Царквы Эрнст Сабіла. Вядзе перадачу Сяргей Абламейка.

Як вы чулі, пастар Сабіла для збаўленьня чалавека назваў наступныя ўмовы – прызнаньне чалавекам у асаблівай пакаяльнай малітве Божага пляну збаўленьня, прыняцьця замяшчальнай ахвяры Хрыста і намер жыць паводле слова Божага. Збаўленымі, паводле пастара Сабілы, будуць таксама тыя, хто стараўся жыць паводле сумленьня, і дзеці.

А зараз на мае пытаньні адказвае кандыдат багаслоўя, выкладчык Менскай Духоўнай сэмінарыі айцец Сяргей Гардун.

(Карэспандэнт:) "Айцец Сяргей, Вы прадстаўляеце Беларускую Праваслаўную царкву - самую вялікую царкву ў Беларусі. Як Праваслаўная царква вучыць аб збаўленьні?"

(а. Гардун:) "У аснове праваслаўнага разуменьня збаўленьня ляжыць ідэя аздараўленьня або ацаленьня хворага чалавека. Як вядома, хрысьціянскае багаслоўе найперш пачало разьвівацца на грэчаскай мове, пачынаючы ад напісаньня Эвангельляў, іншых новазапаветных кніг. Дык вось грэчаскі тэрмін "соцерыя"(збаўленьне) паходзіць ад прыметніка "сос"(цэлы, здаровы, непашкоджаны). І вось, такім чынам, праваслаўнае багаслоўе разумее збаўленьне як аднаўленьне чалавека ў яго цэльнасьці, прывядзеньне чалавека ў яго нармальны, здаровы стан, які быў страчаны пры грэхападзеньні. Можна сказаць, што збаўленьне чалавека роўназначнае яго новаму стварэньню. І вось паколькі стварыў чалавека Бог, дык толькі ён адзін і мог яго збавіць, выратаваць ад вечнае пагібелі.

Якраз для гэтага і прыйшоў на зямлю паводле волі Бога Айца адзінародны Сын Божы, які ўцялесьніўся ад Сьвятога Духа і Прачыстай Дзевы Марыі. Сын Божы ўспрыняў нашую чалавечую прыроду каб, як кажа сьвяціцель Афанасі Александрыйскі, "у сабе самім выправіць яе".

Хрыстос быў ва ўсім падобны да нас, абсалютна падобны. Ён быў у поўнай меры сапраўдным чалавекам. Толькі, ў адрозьненьне ад усіх іншых лоюдзей, абсалютна бязгрэшным. І вось ён узяў на сябе грахі ўсяго роду людзкога, усяго чалавецтва, і прынес сябе ў ахвяру за іх, будучы распятым на крыжы. Вось так Хрыстос нас уратаваў ад вечнай пагібелі, выкупіў нас сваёй сьмерцю.

Вось аснова праваслаўнага вучэньня аб збаўленьні.

(Карэспандэнт:) "Ну і тут паўстае другое пытаньне - хто будзе збаўлены і хто ня будзе збаўлены?"

(а. Гардун:) "Так. Хаця адкупленьне роду чалавечага і здзейсьненае, яно не азначае, што абсалютна мэханічна чалавек можа атрымаць збаўленьне. Хаця яно здзейсьнена Хрыстом, яно павінна быць успрынята і засвоена кожным чалавекам.

Як? Першае, што трэба - гэта вераю прыняць Хрыста, прыняць як Сына Божага, як Госпада і Збавіцеля, і жыць так, як Ён вучыць нас.

Веруючы чалавек павінен глядзець на сваё зямное жыцьцё як на ступеньку да жыцьця вечнага. Таму падпарадкоўваць зямное жыцьцё прынцыпу вечнасьці - гэта значыць арганізоўваць яго ў адпаведнасьці з эвангельскім маральным законам. Хрысьціянін павінен жыць вечнасьцю ўжо тут на зямлі. Не спадзявацца толькі на вечнасьць у будучыні, а тут на зямлі жыць у лучнасьці з Богам. Жыць у царкве, якая ёсьць Царства Божае на зямлі. У царкве дзейнічае Благадаць Божая, жыватворчая Сіла Божая, якая і дае чалвеку сілы жыць у Богу, жыць па Божаму.

І вось нашае зямное жыцьцё ва ўлоньні царквы, па запаведзях Божых, абавязковая рэгулярная споведзь і прычашчэньне Сьвятога Цела Хрыстовага і Яго Прачыстай Крыві і дае нам надзею на вечнае жыцьцё з Богам."

(Карэспандэнт:) "Як я разумею, калі вы гаворыце пра споведзь, вы гаворыце пра пакаяньне як пра неабходны элемэнт, умову збаўленьня?"

(а. Гардун:) "Канешне".

(Карэспандэнт:) "І вось апошняе пытаньне. Сёння ў сьвеце існуюць розныя групы, у тым ліку хрысьціянскія групы, якія заяўляюць, што ўсё ўжо перадвызначана, што сярод нас жывуць людзі, якім наканавана быць уратаванымі. Мы павінны толькі знайсьці іх. У прыватнасьці, мармоны гэтак прапаведуюць. Як вы ставіцеся да такіх заяваў?"

(а. Гардун:) "Гэта, скажам так, нядаўнія тэорыі, і яны не адпавядаюць фундамэнтальнаму хрысьцінскаму багаслоўю. У Эвангельлі некалькі разоў паўтараецца, што Бог ёсьць любоў. Апостал Павал кажа, што Бог хоча, каб усе людзі прыйшлі ў пазнаньні ісьціны і атрымалі вечнае жыцьцё. Эангельле нам кажа, што Бог паслаў у сьвет адзінароднага свайго сына, каб кожны, хто веруе ў яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае. І таму тут ніякае наканаванасьці, ніякае перадвызначанасьці няма. Бог заклікае ўсіх да збаўленьня, а атрымаюць збаўленьне тыя, хто адкажа на гэты заклік Божы, хто пойдзе за Хрыстом, і хто менавіта паводле эвангельскіх запаведзяў сваё зямное жыцьцё пражыве."

Нагадаю, гэта гаварыў айцец Сяргей Гардун.

Як бачым, падыход Праваслаўнай царквы адрозьніваецца ад пратэстанцкага. Для праваслаўных умоваю збаўленьня ёсьць жыцьцё чалавека ў царкве, датрыманьне Божых прыказаньняў, рэгулярная споведзь і прычасьце. Заўважу таксама, што падыход Каталіцкай царквы, за выключэньнем дробных нюансаў, не адрозьніваецца ад праваслаўнага.

І агульным для абодвух адказаў, якія прагучалі сёньня ў эфіры, ёсьць прызнаньне неабходнасьці жыць паводле Хрыстовых прыказаньняў і прызнаньня сваіх грахоў, гэта значыць – пакаяньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG