Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэлібат


Сяргей Абламейка.

Цэлібат

Аўтар і вядучы Сяргей Абламейка

Беларусь — шматканфэсыйная краіна. Апрача хрысьціянаў здаўна ў ёй жывуць і юдэі, і муcульмане. А сярод хрысьціянаў, ня гледзячы на наяўнасьць шматлікіх пратэстанцкіх дэнамінацыяў, пераважаюць вернікі Праваслаўнай і Каталіцкай цэркваў. І вось менавіта ў гэтых двух цэрквах існуе цэлібат, альбо абавязковае бясшлюб"е для каталіцкіх сьвятароў лацінскага абраду і праваслаўных манахаў. Слова гэтае паходзіць ад лацінскага "цэлебс", што азначае "нежанаты".

Гэта даўняя традыцыя Хрысьціянскае царквы і здаўна вядомая на Беларусі. Але ці шмат хто добра сабе ўяўляе, як цэлібат нарадзіўся, як усталёўваўся, якое абгрунтаваньне яму даюць сёньняшнія багасловы?

Неадназначнае стаўленьне да цэлібату існуе і ў сучасным сьвеце, нават у вельмі каталіцкіх краінах. Вядома, што, напрыклад, у Францыі існуе аб"яднаньне жанчынаў, якія дамагаюцца скасаваньня абавязковага цэлібату ў Каталіцкай царкве. У Лацінскай Амэрыцы рух за скасаваньне абавязковага бясшлюб"я для каталіцкіх сьвятароў дасягнуў такіх памераў, што мясцовыя біскупы ў шэрагу тамтэйшых краінаў вымушаныя былі дазволіць каталіцкім сьвятарам жаніцца. Гэта, канешне ж, вялікая экзотыка для Беларусі.

Вядома таксама, што пытаньне абавязковага цэлібату дэбатавалася нават на апошнім біскукпскім сінодзе Рымска-каталіцкае царквы ў Ватыкане чатыры гады таму. І ўздымалі яго менавіта біскупы з Лацінскае Амэрыкі, дзе, як я ўжо сказаў, абавязковае бясшлюб"е для каталіцкіх сьвятароў ужо, фактычна, скасаванае.

Для Беларусі пытаньне адмовы ад цэлібату востра не стаіць. Але нельга сказаць, што яно зусім невядомае ў нашым рэгіёне. Напрыклад, у камуністычнай Чэхаславаччыне за гады панаваньня камуністаў і ганеньняў на Каталіцкую царкву, на ксяндзоў падпольна было высьвячана каля двух сотняў жанатых мужчынаў. Такія дзеяньні мясцовых біскупаў тлумачыліся сапраўды катакомбнымі, місыйнымі ўмовамі жыцьця царквы.

Але пасьля Аксамітнае рэвалюцыі паўстала пытаньне, што рабіць з такімі сьвятарамі. Было вырашана, што частка зь іх стане грэка-каталіцкімі пробашчамі, а іншыя застануцца лацінскімі дыяканамі на сваіх парафіях. Такі інстытут жанатых дыяканаў існуе ў Каталіцкай царкве і ў іншых краінах.

А ў Польшчы наадварот лацінскія біскупы нядаўна запатрабавалі выдаліць з краіны ўсіх жанатых грэка-каталіцкіх сьвятароў, каб яны сваім прыкладам не давалі згаршэньня ксяндзам. Матывавалася тое патрабаваньне даўняй польскай традыцыяй.

Любую інфармацыю лепш даставаць з першых вуснаў. Таму я вырашыў пазваніць у Менск да айца Ігара Лашука - манаха-салезыяніна, пробашча менскай рымска-каталіцкай парафіі Сьвятога Яна Хрысьціцеля ў Серабранцы. Ён распавядае пра цэлібат.

(Абламейка:) Айцец Ігар, якія вытокі цэлібату? Як і калі ён прыйшоў у Каталіцкую царкву?

(а. Лашук:) Калі гаварыць пра цэлібат, і ня толькі ў стасунку да царквы, дык яшчэ Езус Хрыстус падкрэсьліў яго важнасьць, паўтараючы многія фрагмэнты Сьвятога Пісаньня. Ён высока ўзьнёс гэты стан чалавека, паказваючы, што дзякуючы яму, чалавек можа дасягнуць вельмі блізкага жыцьця з Богам. Ну а вытокі... Калі Пан Бог стварыў чалавека, Ён стварыў яго на сваё падабенства. Ствараючы чалавека, Ён не стварыў яго для жыцьця ў цэлібаце, але плодным, сказаўшы: "Будзьце плодныя і размнажайцеся".

Цэлібат - гэта стан чалавека. Як казаў Сьвяты Амвросі Медыяланскі, ёсьць тры тыпы цэлібату. Гэта - цэлібат у сужэнстве, цэлібат удоўства і цэлібат дзеля Божага Валадарства, цнота. Гэта значыць, мы ня можам сказаць, што цэлібат прызначаны толькі для таго, каб не жаніцца... альбо не весьці інтымнае жыцьцё. Цэлібатам абавязваюцца таксама і тыя, хто жыве ў шлюбе. Але Езус Хрыстус асабліва вылучыў цэлібат для Валадарства Нябеснага - цноту, і сказаў, што той, хто хоча быць дасканалым, няхай будзе такім як Ён.

Увогуле, цэлібат азначае поўную сэксуальную цэласнасьць чалавечай асобы, якая зьяўляецца Божым Дарам. Цэласнасьць асобы і Ласка Божая павінны гарманізаваць між сабою, і тады цэлібат мае сэнс.

У Каталіцкай царкве абавязковы цэлібат існуе толькі ў лацінскім абрадзе. У іншых абрадах ня йснуе, там ён добраахвотны. У манастве цэлібат абавязковы ва ўсіх цэрквах.

У лацінскім абрадзе цэлібат зьявіўся недзе каля 9 стагодзьдзя ў сувязі з сімоніяй, гэта значыць з перакупствам пасадаў і іх спадчыннасьцяй. Бацька быў на парафіі, пасьля ягоны сын станавіўся... Гэта прыносіла шкоду Каталіцкай царкве, і таму быў уведзены цэлібат. Але толькі ў лацінскім абрадзе.

(Абламейка:) Не маглі б Вы зараз паўтарыць пра ўсе тры тыпы цэлібату. Гэта вельмі цікава, напрыклад, цэлібат у сямьі.

(а. Лашук:) Цэлібат у сужэнстве не азначае, што мужчына і жанчына не павінны весьці сэксуальнае жыцьцё. Павінны весьці. Але цэлібат павінен быць у адносінах паміж імі.

(Абламейка:) Фактычна Вы гаворыце пра малжонскую вернасьць...

(а. Лашук:) Так, гэта - малжонская вернасьць, вернасьць мужа і жонкі адно аднаму. Гэта ёсьць цэлібат. Парушэньне цэлібату ёсьць грэх. Кожнага. І ўдоўства, і цэлібату цноты. Гэта - парушэньне шостага прыказаньня Божага.

(Абламейка:) Нас слухаюць людзі. Простыя католікі, праваслаўныя, якім цікавая сама гэтая традыцыя, сама зьява. Існуе погляд, што цэлібат пакліканы ня толькі для таго, каб чалавек мог захаваць цэласнасьць сваёй асобы, цэласнасьць сваёй энэргіі, сэксуальнай энэргіі, але і для таго, каб сьвятар мог сублімаваць гэтую энэргію на сваіх духовых дзяцей, на сваю паству. Вы падзяляеце гэты погляд?

(а. Лашук:) Самая моцная энэргія, якую нам даў Пан Бог, гэта - сэксуальная энэргія. Дзеля чаго яна нам дадзеная? Для таго, каб мы пладзіліся, гэта нармальная зьява. І асабліва Ён надаў гэтую энэргію мужчынам, бо яны паводле сваёй натуры эгаісты. І вось каб гэты эгаізм пагасіць, Стваральнік даў ім гэтую энергію, каб яны размнажаліся. І вось энэргія гэтая настолькі вялікая, што калі чалавек кіруе яе на нешта іншае, дык тут павінна заўсёды прысутнічаць Любоў Божая, Ласка Божая. Чалавек павінен бачыць сэнс у тым, што ён робіць. Калі ён ня бачыць сэнсу, нават свайго цэлібату, той чалавек хутка прападзе. Для нас гэта, перш за ўсё, - Бог і любоў да людзей.

(Абламейка:) Наколькі я ведаю, сёньня стаўленьне да цэлібату ў сьвеце неадназначнае. І ў Эўропе, і на іншых кантынентах існуюць рухі, якія дамагаюцца скасаваньня цэлібату ў Каталіцкай царкве. У прыватнасьці, ведаю, што такі рух існуе ў Францыі, нейкае аб"яднаньне жанчынаў там дамагаецца гэтага. Вядома таксама, што ў Лацінскай Амэрыцы - моцныя тэндэнцыі да адмовы ад цэлібату. У гэтай сувязі — пытаньне: сёньня, у сучасным сьвеце, ці такая гэта адназначная рэч - цэлібат? Ці ўсе патрапляюць выкананць ягоныя патрабаваньні? Ці блізкая Каталіцкая царква да ідэалу цэлібату?

(а. Лашук:) Першае. Чаму ўзьнікаюць гэтыя рухі. Заўсёды ёсьць нейкая простая, зямная прычына, нешта дало штуршок, напрыклад, нейкай жанчыне падабаецца сьвятар і яна хацела б яго бачыць сваім мужам.

Другое. Сьвятарства ў лацінскім абрадзе ці цэлібат у іншым абрадзе людзі выбіраюць добраахвотна. Кожны павінен сабе добра ўсьвядоміць, што ён выбірае цалкавітую адданасьць, усяго сябе, сваёй натуры, Пану Богу. І да гэтага трэба ісьці без перапынку і, як кажуць, рук не пакладаць. Бо д"ябал працуе, шукае каго б завабіць, каму б падказаць, каб ён зышоў з гэтае дарогі. Д"ябал вельмі добра разумее важнасьць цэлібату як жыцьця ў чысьціні, чысьціні цела. Гэта ён разумее дасканала і хоча зьвесьці нас.

Калі чалавек уздымаецца і ідзе да сьвятарства, ён прыпадабняецца Езусу Хрыстусу. Ён ведае, куды ён ідзе. А тыя рухі, тыя сьвятары, якія паддаліся спакусам, яны можа былі не да канца перакананыя ў сваім пакліканьні і ў тым, чаго яны хацелі ад жыцьця.

Заўсёды трэба ведаць, чаго ты хочаш. Калі ты любіш Бога і любіш людзей - ты аддаеш самога сябе дзеля гэтай любові.

(Абламейка:) Так. У Праваслаўнай царкве большасьць сьвятароў жанатыя. І ў гісторыі здараліся такія выпадкі, калі нейкія навязаныя царкве рашэньні, нейкія гвалтоўныя ў дачыненьні царквы дзеяньні былі прынятыя клерам таму, што большасьць сьвятароў мела сем"і, дзяцей, і баялася за іх. У гэтым сэнсе, каталіцкія сьвятары больш вольныя. Але сярод простых людзей мне даводзілася сустракацца з думкай, што каталіцкая царква не ідзе сёньня на скасаваньне абавязковага цэлібату дзеля эканамічных прычынаў. Маўляў, сёньня было б вельмі цяжка ўтрымаць такую колькасьць сьвятарскіх сем"яў.

(а. Лашук:) Тут ёсьць свае "за" і "супраць". У цяжкую хвіліну сьвятару, які нежанаты, заўсёды лягчэй. Лягчэй пражыць. У часы перасьледаў здараліся выпадкі, калі грэка-каталіцкі сьвятар трымаўся сваёй веры, не пераходзіў на праваслаўе, яго высылалі ў Сібір, а пасьля пачыналі цкаваць яго жонку і дзяцей, і сьвятар згаджаўся на пераход, гэта значыць, здраджваў сваёй веры.

Але галоўны сэнс у тым, што калі чалавек вольны, ён можа цалкам аддацца на службу Пану Богу. Гэта сапраўды так. Я сваім жыцьцём гэта адчуваю. Калі чалавека ня зьвязваюць нейкія дадатковыя вузы, ён можа цалкам аддацца на службу людзям у сваёй парафіі. Я больш вольны, я больш даступны.

З аднаго боку, людзі часта кажуць, што незадаволеныя цэлібатам, спачуваюць сьвятару, што ён ня мае жонкі, але з другога боку, калі сьвятар жэніцца, дык і людзі часта з таго незадаволеныя. Напрыклад, ня хочуць ісьці на споведзь да жанатага.

(Абламейка:) Ну гэта каталіцкая традыцыя...

(а. Лашук:) Так, традыцыя. Таму у нас заўсёды больш шануюць нежанатага сьвятара. Калі сьвятар па-сапраўднаму выконвае свае абавязкі і сваім жыцьцём сьведчыць эвангельскія праўды, дык у стане цэлібату ён сапраўды можа ўчыніць шмат добрага для людзей.

(Абламейка:) Я ведаю, што Вы працуеце пробашчам у Менску. Вы - цэлібат, манах-салезыянін. Мушу сказаць, што я схіляю галаву перад Вашым жыцьцё, перад Вашым выбарам, перад Вашай працай. Я разумею цэлібат таксама і як ахвяру Богу дзеля людзей і дзеля Яго Самога. Таму і выказваю сваю павагу і Вашаму выбару і Вашай асобе. Зычу Вам плёну ў працы і служэньні. І на гэтым заканчваю нашую гутарку.

Гэта была першая з нашага новага цыклю гутарак на рэлігійныя тэмы, які мае на мэце наблізіць сучасную рэлігійную думку і саму царкву да тых з вас, хто ў гэтым зацікаўлены. Калі ў вас узьнікаюць нейкія пытаньні, альбо вы хочаце прапанаваць тэму для наступных гутарак з рэлігійнымі дзеячамі і спецыялістамі ў рэлігіязнаўстве, калі ласка, дасылайце нам лісты на наш адрас: Беларуская Служба Радыё Свабода, вул. Вінаградская 1. 11000. Прага. Чэская Рэспубліка. Альбо на наш менскі адрас: Менск-5, паштовая скрынка 111.

XS
SM
MD
LG