Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Качук: “У Зэльве будзе помнік Прэзыдэнту БНР!”


Міхась Скобла, Менск

Гэткія людзі ёсьць у кожным раённым горадзе. Яны — галаўны боль для мясцовых уладаў, яны стараюцца данесьці да людзей альтэрнатыўную інфармацыю. Пра іх прыгадваюць у сталіцы хіба падчас чарговых палітычных кампаніяў, паміж якімі жыцьцё гэтых людзей далёка ня солад. Мой госьць — кіраўнік Зэльвенскай раённай рады КХП БНФ Юры Качук.

(Міхась Скобла: ) “Юры пачнем нашую гутарку з таго, што ты, чалавек з вышэйшай адукацыяй, працяглы час нідзе не працуеш. Чаму?”

(Юры Качук: ) “Я беспрацоўны ўжо пяць гадоў, з часу прэзыдэнцкіх выбараў 1999 году, калі мая пасада ў Цэнтры навучаньня пажарнай бясьпецы была скарочаная. Стаў на ўлік у бюро працаўладкаваньня, шукаў працу і самастойна, бо надзеі на тое бюро мала. На ўсіх зэльвенскіх прадпрыемствах начальнікі толькі адмахваліся: “Ты што, хочаш, каб нас самых звольнілі?” А намесьніца старшыні райвыканкаму Алена Коўш адкрытым тэкстам заявіла: “Да бээнэфаўцаў у нас даверу няма!” А я быў згодзен на любую працу, нават у аранжавай камізэльцы вуліцы падмятаць”.

(Скобла: ) “Ты — патрыёт Зэльвеншчыны і выдаеш краязнаўчы часопіс “Бэз”. Скажы колькі словаў пра гэтае выданьне як галоўны рэдактар”.

(Качук: ) “Задума выдаваць свой часопіс была ў мяне даўно. Мая мэта — абудзіць дух чалавека, даць магчымасьць для самавыяўленьня асобы. Своеасаблівы дэвіз “Бэзу”: “Сёньня — чытач, заўтра — аўтар”. Першы нумар часопісу выйшаў накладам усяго 120 асобнікаў, а другі, з улікам чытацкага попыту, — 250 асобнікаў. У ім 76 старонак, паўтара дзясятка аўтараў.

Часопіс распаўсюджваю бясплатна, але і паштовыя расходы не па кішэні беспрацоўнаму. Разношу па бібліятэках і часопіс, і газэту “Зэльвяначка”, якой, нягледзячы на перашкоды мясцовых уладаў, выйшла ўжо 10 нумароў. А рэдагуе “Зэльвяначку” мая дачка Юля”.

(Скобла: ) “Гэткі сабе мясцовы выдавецкі сындыкат: бацька выдае часопіс, дачка газэту”.

(Качук: ) “Так атрымліваецца. Дачка і жонка набіраюць тэксты, я шыхтую, потым вязу ў Горадню на друк. Вядома, хацелася бы зарэгістраваць гэтыя выданьні, якія карыстаюцца папулярнасьцю, стварыць некалькі працоўных месцаў. Але пакуль гэта нерэальна, бо ў краіне разьвітых страху, спорту і гастарбайтэрства зусім другія каштоўнасьці”.

(Скобла: ) “На нашу гутарку ты прыйшоў з толькі што выдадзенай кнігай “Памяць” пад пахай. Нядаўна на ўрадавым роўні было прынятае рашэньне закончыць сёлета выданьне раённых хронікаў — і акурат Зэльвенскі раён адрапартаваўся. Падзяліся ўражаньнямі ад прачытаньня кнігі”.

(Качук: ) “У гэтай “Памяці” столькі памылак і казусаў, што ствараецца ўражаньне: яе да выпуску ніхто не чытаў. Пакрыўдзілі нават цяперашняга старшыню Зэльвенскага райвыканкаму, няправільна надрукаваўшы яго прозьвішча. Памылак — безьліч. Прывяду некалькі прыкладаў. У кнізе напісана, што вайна з Маскоўскай дзяржавай вялася чамусьці ў адваротным часавым парадку: пачалася ў 1654-м, а скончылася ў 1600 годзе. У кнізе зьмешчаная геаграфічная карта, паводле якой, каб трапіць зь вёскі Бярэжкі ў вёску Збляны, трэба пераплысьці вадасховішча, хаця гэтыя вёскі знаходзяцца на адным баку вадасховішча на невялікай адлегласьці адна ад другой. Адзін са здымкаў у кнізе ўвогуле зьмешчаны дагары нагамі!”

(Скобла: ) “Няўжо ў кнізе на 600 старонак няма цікавай і карыснай інфармацыі?”

(Качук: ) “Ёсьць, і нямала. Аналізуючы “Памяць”, можна сьмела назваць адну з цэнтральных вуліцаў Зэльвы — 17 Верасьня — вуліцай Вызваленьня ад дабрабыту. Бо пры Польшчы, працуючы ў пана, работнік мог за дзень зарабіць на кіляграм дарагога тады цукру, а ў калгасе 50-х гадоў ён зарабляў на той жа кіляграм цукру, працуючы без выходных цэлы год! Вялікае абурэньне выклікае і азначаны ў “Памяці” факт жудаснага забойства ў Зэльве ў 1939 годзе саветамі праваслаўнага і каталіцкага сьвятароў. У рубрыцы “Вернутыя імёны” я знайшоў у “Памяці” свайго прадзеда, якога ў 1940-м у веку 72 гадоў выслалі ў далёкі Казахстан.

Падае “Памяць” і цікавую біяграфію аднаго зь мясцовых камуністаў Міхаіла Серады. Спачатку пры Польшчы краў лес, трапіў у турму, а пасьля 1939 году — дэпутат і бальшавіцкі функцыянэр. Ёсьць у кнізе і яшчэ адна цікавая рубрыка — “Ахвяры бандытызму”. Што ж гэты былі за бандыты? Яны спачатку ваявалі з гітлераўскімі акупантамі, а потым — са сталінскімі. У “Бюлетэні Беларускай незалежніцкай партыі”, які выдаваўся ў Заходняй Нямеччыне ў 1946 годзе, пісалася: “Не спыняецца й пашыраецца партызанскі рух на Слонімшчыне. Аддзел, які дзейнічае ў гэтым раёне, налічвае да 200 жаўнераў. Частыя аблавы, арганізаваныя НКВД, дасюль не далі ніякіх значных вынікаў... Аддзел адышоў у ваколіцы Зэльвы, дзе ўвайшоў у сувязь з аддзелам Л. (лікам да 150 чалавек). Супольнымі сіламі было апанавана мястэчка Азярніца”.

А цяпер паглядзім на ахвяры. Хто яны? Ган — фінагент Зэльвенскага райфа, Япіфанцаў — супрацоўнік райваенкамату, Кляменцьеў — в.а. апэрупаўнаважанага райаддзелу міліцыі, Князеў — падпалкоўнік органаў бясьпекі, Наруш — фінагент, Супруноў — упаўнаважаны райаддзелу міліцыі...”

(Скобла: ) “Такім чынам, ахвярамі рабіліся людзі, якія актыўна праводзілі ў жыцьцё палітыку савецкай улады?”

(Качук: ) “Так, і менавіта ад іх жыхары Зэльвеншчыны прасілі паратунку ў “лясных братоў”. Шкада, што “Памяць” накладам 3000 асобнікаў немагчыма набыць, бо ўсе кнігі знаходзяцца ў асабістым распараджэньні намесьніцы старшыні райвыканкаму па ідэалёгіі Алены Коўш, і выдаюцца толькі “сваім” людзям”.

(Скобла: ) “З паўгоду таму наша радыё паведамляла, што зэльвенскія ўлады зьбіраліся зьнесьці помнік Ларысе Геніюш. Яны яшчэ не адмовіліся ад гэтай ганебнай задумы?”

(Качук: ) “Не адмовіліся, і пагроза помніку застаецца. Ствараецца ўражаньне, што ў Зэльве пры ўладзе знаходзяцца талібы, якія расстрэльвалі архітэктурныя помнікі з гарматаў. Ёсьць інфармацыя: пасьля прыезду абласной вэртыкальшчыцы Марыі Біруковай улады інсьпіравалі збор подпісаў сярод жыхароў Зэльвы, асабліва сярод вэтэранаў, каб зьнесьці помнік. Зэльвенцы ж да гэтага ставяцца адмоўна, бо яшчэ жывуць тыя, хто памятае Ларысу Геніюш. З часу ўстаноўкі помніка жыхары Зэльвы тэлефануюць мне й пытаюцца пра далейшы лёс помніка, прапаноўваюць грошы для добраўпарадкаваньня месца ля помніка, а скульптар Алесь Шатэрнік на грамадзкіх пачатках зрабіў шыльду, якая будзе неўзабаве ўсталяваная на помніку.

А ў мяне ўзьнікла задума ўстанавіць помнік яшчэ аднаму славутаму сыну Зэльвеншчыны — прэзыдэнту БНР Васілю Захарку. У хуткім часе ўсе неабходныя дакумэнты будуць пададзеныя ў райвыканкам. Помнік прапануецца ўстанавіць на цэнтральным пляцы, прыбраўшы пакінутага без нагляду Леніна. Раней ці пазьней помнік прэзыдэнту БНР у Зэльве будзе!”

(Скобла: ) “Мне нядаўна трапіла ў рукі вашая мясцовая прэса — “Газэта Слонімская”. Я там прачытаў, што ў Зэльве жывуць “запалоханыя людзі”. Хто й чым іх запалохаў?”

(Качук: ) “Я не сказаў бы, што ў Зэльве людзі больш запалоханыя, чым у другіх месцах. Застрашваньне людзей адбываецца асабліва ў апошнія гады. Людзі не заўважылі, як улады, гэтыя “слугі народу”, пачалі кіраваць гэтым народам. “Слугі” вырашаюць, колькі плаціць свайму гаспадару, на якой мове гаварыць, якога суседа любіць... А сваю некампэтэнтнасьць ва ўсіх справах сьпіхваюць на развал СССР, прымушаюць людзей галасіць па гэтай зьмерлай імпэрыі зла. А Ларыса Геніюш пісала: “Зь пекла ўпала на голаў мне ўся гэта СССР”. Можа, яшчэ трэба галасіць па зьмерлых мамантах, бо мяса дарагое ў крамах, і пэнсіянэры ледзь перабіваюцца хлебам і кефірам, заплаціўшы за камунальныя паслугі? А пры СССР мяса ў зэльвенскіх крамах увогуле не было, адны “ногі ды рогі” ляжалі.

Сёньня ў Зэльвенскім раёне адбываецца тое ж, што і ўсюды на Беларусі: у любы момант можна страціць працу, плата за жыльлё касьмічная. Вось адкуль бярэцца страх, які паступова пераходзіць у апатыю, чалавек паступова ператвараецца ў зомбі, якім лёгка кіраваць”.

(Скобла: ) “А каб ня быць зомбі, што трэба рабіць? Як застацца чалавекам, каб карозія страху не разьядала душу?”

(Качук: ) “Ведаеш, чаму ўладам замінае помнік Ларысе Геніюш? Бо творчасьць Геніюш абуджае сумленьне ў чалавеку, яна — маральны аўтарытэт, яна дапамагае выганяць зь сябе раба, гэтак патрэбнага любой уладзе. Вось адзін зь яе вершаў:

Ты — пан зямлі, я — пан свайго сумленьня,
і нада мною ты не валадар.
То за табою крыўда пойдзе ценем,
і будзе мсьціць разбураны алтар.

Дык ты дрыжы паміж уласных стражаў,
каб змыць віну, шукай у сэрцы слоў.
А я пайду, і нехта ціха скажа:
— Вунь чалавек дарогаю пайшоў.


У самы неспрыяльны і змрочны час, калі навокал столькі хлусьні й чалавечай подласьці, трэба заставацца панам свайго сумленьня. Іншага рэцэпту я ня ведаю”.
XS
SM
MD
LG