Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Краіна Беларусь” родам з Эўропы: ілюстраваная гісторыя У.Арлова і З.Герасімовіча


Міхась Скобла, Менск

Падобнай кнігі да гэтай пары ў Беларусі папросту не было. Выдатная паліграфія. 320 шырокафарматных старонак. Сьціслыя, даходлівыя тэксты. 2000 ілюстрацыяў, на якіх адлюстраванае тое галоўнае пра Беларусь, што мусім ведаць пра сябе мы і пра нас іншыя. У кнігарнях, нягледзячы на немалы кошт, кніга карыстаецца попытам, і наклад 5000 асобнікаў падаецца не такім ужо і вялікім. “Краіна Беларусь” выразна прэтэндуе стаць бэстсэлерам. У перадачы бяруць удзел аўтары кнігі пісьменьнік Уладзімер Арлоў і мастак Зьміцер Герасімовіч, а таксама гісторык Анатоль Грыцкевіч.

(Міхась Скобла: ) “І першае маё пытаньне да Ўладзімера Арлова. У прадмове да кнігі “Краіна Беларусь” гаворыцца, што на яе старонках беларуская гісторыя разглядаецца як частка агульнаэўрапейскага руху цывілізацыі. Цяпер часта гаворыцца пра імкненьне Беларусі ў Эўропу. Але ж мы й так у Эўропе, нават у яе цэнтры, і кожны рух Беларусі — на захад, на ўсход, на поўдзень ці на поўнач — належала б разглядаць як эўрапейскі”.

(Уладзімер Арлоў: ) “Геаграфічным становішчам вызначаецца яшчэ далёка ня ўсё. Беларусь, на жаль, была аванпостам такіх вызначальных для цывілізацыі пэрыядаў як Рэнэсанс і Рэфармацыя. На ўсход ад Беларусі гэтых пэрыядаў не існавала. Таму пра цэнтар Эўропы мы можам гаварыць толькі адносна. Наша кніга падкрэсьлена, грунтоўна і пасьлядоўна адлюстроўвае якраз тыя зьявы, тыя этапы і тых асобаў нашай гісторыі й культуры, якія засьведчылі пра ўлучанасьць Беларусі ў агульнаэўрапейскі цывілізацыйны кантэкст.

У кнізе падрабязна разледжаны пэрыяд старажытных беларускіх княстваў, што падкрэсьлівае тысячагадовую традыцыю нашай дзяржаўнасьці. Зьвернута ўвага, што беларускія княствы ні ў чым не саступалі суседнім эўрапейскім дзяржавам узроўнем сваёй культуры. У кнізе гаворыцца пра тое, што ў Вялікім Княстве Літоўскім панавала талерантнасьць, а ўлада манарха была абмежаваная Соймам і Радай, а гарады жылі паводле Магдэбурскага права, асоба мела непараўнана большыя магчымасьці для самарэалізацыі, чым, напрыклад, у нашых усходніх суседзяў.

З мастаком Зьмітром Герасімовічам, які выканаў калясальны аб’ём працы, мы сваёй кнігай імкнуліся сьцьвердзіць, што ў нас, беларусаў, эўрапейская гісторыя, а гэта своеасаблівы пропуск у эўрапейскую будучыню. Я тут не магу не згадаць тых людзей, якія дапамагалі нам у працы: гісторыка Алеся Белага, рэдактара кнігі Зьмітра Санька, шаноўных рэцэнзэнтаў Георгія Штыхава й Анатоля Грыцкевіча, які насупраць мяне й якому я паціскаю з удзячнасьцю руку.

Мушу добрым словам згадаць Сяргея Занкевіча, які на самым пачатку нашай працы прынёс мне ілюстраваную гісторыю Баўгарыі. Яна тады была нам арыенцірам, да якога хацелася дацягнуцца. Але сёньня мне здаецца, што мы пераўзышлі тыя выданьні, якія натхнялі нас на працу. І гэта гонар найперш нашай краіне — Беларусі”.

(Скобла: ) “Пытаньне да Анатоля Грыцкевіча. У 1995–97 гадах дзяржаўнае выдавецтва “Беларуская энцыкляпэдыя” выдала двухтомавую “Ілюстраваную храналёгію Беларусі”. Дарэчы, таксама 5-тысячным накладам. Якая прынцыповая розьніца паміж гэтымі двума выданьнямі?”

(Анатоль Грыцкевіч: ) “У тым двухтомавіку выклад падзеяў вельмі сьціслы. Там вельмі кароткія тэксты — адзін-два сказы. Там няма сувязі паміж сюжэтамі, паміж разьдзеламі. Якасьць малюнкаў таксама значна саступае ілюстрацыям, зьмешчаным у кнізе “Краіна Беларусь”. У двухтомавіку ня ўсе значныя гістарычныя даты пададзеныя, не заўсёды яны там правільна пракамэнтаваныя — больш з савецкага гледзішча. “Краіна Беларусь” ахоплівае вялікі гістарычны абсяг: існаваньне ВКЛ, Беларусь у складзе Рэчы Паспалітай, пэрыяд захопу Расеяй, час узнаўленьня нашай незалежнасьці ў 1918-м, абвяшчэньне БНР”.

(Скобла: ) “А цяпер я хацеў бы, каб да нашай гутаркі далучыўся мастак Зьміцер Герасімовіч, які знаходзіцца з намі на тэлефоннай сувязі. Зьміцер, нядаўна высокапастаўлены чыноўнік зь Міністэрства інфармацыі пахваліўся на БТ, што беларускі Дом друку можа друкаваць любую па якасьці паліграфічную прадукцыю — новае абсталяваньне гэта дазваляе. Чаму ўсё ж друкарню давялося шукаць за мяжой?”

(Зьміцер Герасімовіч: ) “Якасьць выданьня, дапільноўваньне ўсіх ступеняў друкаваньня патрабуюць вялікай увагі й часу паліграфістаў. Людзі, якія працуюць на дзяржаўным прадпрыемстве, дасканала ня могуць сябе кантраляваць. Гэта была праблема, і я быў вымушаны зрабіць тэндэр. Мяне закідалі факсамі друкары зь Беластоку, зь Літвы, з Масквы, са Славаччыны. Аб’езьдзіўшы іх усіх, я спыніўся на славаках. Гэта было й найтаньней, і найлепш па якасьці. І, як бачыце, прадукт атрымаўся бездакорны”.

(Скобла: ) “У кнізе “Краіна Беларусь” кідаецца ў вочы Пагоня — наш старажытны герб. Ён паўсюль: на грашах, на рулях гарматаў, на эфэсах палашоў, на фасадах гарадзкіх брамаў і ратушаў і нават на пячатцы Аляксандра Неўскага. А Неўскі тут прычым?”

(Арлоў: ) “Адзін з расейскіх гісторыкаў Васіль Тацішчаў, які потым, дарэчы. карыстаўся страчаным “Полацкім летапісам”, сьцьвярджаў, што старажытным беларускім гербам спрадвеку быў вершнік зь мячом. Найбольш раньнія выявы Пагоні захаваліся якраз на пячатках Аляксандра Неўскага, які яшчэ Неўскім у той час ня быў. Некаторыя нашы гісторыкі мяркуюць, што на гэтыя пячаткі Пагоня трапіла пасьля 1239 году, калі Аляксандар узяў шлюб з полацкай князёўнай Параскевай, шукаючы ў Полацку падтрымкі ў змаганьні са швэдамі й крыжакамі. Пагоня трапіла ня яго пячаткі ў якасьці своеасаблівага пасагу — цалкам у традыцыях таго часу”.

(Скобла: ) “На старонках кнігі “Краіна Беларусь” шмат зброі, як старажытнай, музэйнай, так і выкананай сучаснымі майстрамі: дзвюхручныя мячы, баявыя молаты, гарматы, цясакі, ручныя бомбы... Аказваецца, ужо падчас Паўночнай вайны (1700 год) у ншых продкаў была зброя накшталт сучасных гранатамётаў, а беларускія гусары зваліся “крылатымі”. Спадар Анатоль, як адмысловец па 17–18 стагодзьдзях, патлумачце, што гэта за зброя й што гэта загусары?”

(Грыцкевіч: ) “Вы, відаць, мелі на ўвазе гранатнік. Гэта даволі рэдкая зброя 17 стагодзьдзя. Часьцей прымянялі мушкеты, пісталеты, шаблі й падобнае. Мае продкі, якія служылі ў Слуцкім гарнізоне ажно трыста гадоў, да пачатку 19-га, звычайна карысталіся мушкетамі й пісталетамі. Гранатнікі, паўтаруся, сустракаліся рэдка. Затое ў нас ужо ў той час былі своеасаблівыя кулямёты”.

(Скобла: ) “На пачатку 18 стагодзьдзя?”

(Грыцкевіч: ) “Так. Бралі 20–24 мушкетаў, прымацоўвалі іх адзін да аднаго, прыладоўвалі адмысловую ручку, спэцыяльнае прыстасаваньне. І потым, калі коньніца імчалася на шыхт абаронцаў, ручкай круцілі, і адразу ўсе мушкеты выстрэльвалі. Зброя такая называлася куляўрына. Праціўнік нёс вялікія страты. Так што ў нас хапала інжынэрнага розуму і ўмельцаў збройных. А крылатыя гусары прыгожа выглядалі ў атацы. Уявіце — імчыцца конная лава, а ў коньнікаў за плячыма мэталёвыя крылы з розных памераў трубачак. І стаіць такі сьвіст, асабліва калі вецер дзьме, што палохае ўсіх на некалькі кілямэтраў. Гэта можна было б назваць псыхалягічнай зброяй”.

(Скобла: ) “Краіна Беларусь” — кніга беларускага пазытыву. Гэта заўважаецца выразна. І толькі два партрэты выбіваюцца з кантэксту — Кацярына ІІ і Мураўёў-вешальнік. Няўжо ў гэтай, пазытыўнай, падкрэсьлю, кнізе, нельга было абысьціся бязь іх?”

(Арлоў: ) “У кнізе ёсьць і выявы Пятра І й другіх расейскіх цароў і князёў. Я лічу, што яны маюць права на існаваньне ў гэтай кнізе. Партрэт можа вельмі шмат сказаць пра свайго героя. Я прапаную чытачам больш уважліва паглядзець на згаданыя табой партрэты. Яны, асабліва партрэт Мураўёва, зьяўляюцца бязьлітаснымі. Да таго ж, паралельна з партрэтамі зьмешчаныя яшчэ больш бязьлітасныя карыкатуры. На адной зь іх Кацярына разам з манархамі Прусіі й Аўстрыі разрываюць мапу Рэчы Паспалітай і цягне да сябе беларускія землі. На другой карыкатуры Мураўёў-вешальнік пададзены ў выглядзе сабакі, якая вартуе шыбеніцу. Я думаю, што такія выявы, тым больш забясьпечаныя адпаведным камэнтаром, павінны былі прысутнічаць у кнізе”.

(Скобла: ) “А цяпер — голас чытача. Сваімі ўражаньнямі ад кнігі падзеліцца фізык Казімір Янушкевіч”.

(Янушкевіч: ) “Як сапраўдны фізык, я пачну зь лірыкі. Ёсьць у паэткі Ірыны Багдановіч радкі: “Кожнаму з нас патрэбна маленькая ціхая гавань, дзе не мяняюць на срэбра ні ганьбу тваю, ні славу”. Для нас краіна Беларусь і ёсьць той ціхай гаваньню. Кніга праўдзіва і даступна адлюстроўвае побыт, падзеі, якія адбываліся на нашай зямлі. Адлюстроўвае веліч яе і заняпад. Наша гісторыя ня раз перараблялася пад інтарэсы акупацыйных уладаў. Хацелася, каб аўтары падобных кніг пашырылі гістарычны экскурс у больш блізкія нам часы. Чаму аўтары спыніліся на 1918 годзе?”

(Скобла: ) “І сапраўды, Уладзімер, чаму?”

(Арлоў: ) “25 сакавіка 1918 году беларусы зноў сталі дзяржаўным народам. У нашай гісторыі пачалася новая эра. На маю думку, менавіта з гэтай даты й пачалося ў нас 20 стагодзьдзе. Гэтае стагодзьдзе й яго працяг вымагаюць іншай кнігі”.

(Скобла: ) “Беларускія чыноўнікі, асабліва сярэдняга роўню — старшыні аблвыканкамаў, райвыканкамаў — рэдка ўжываюць слова “краіна” ў дачыненьні да Беларусі. Часьцей — “рэспубліка”, як звыклі за савецкім часам. Выданьні накшталт кнігі “Краіна Беларусь” могуць зьмяніць сьветапогляд гэтых людзей, зрабіць яго беларускацэнтрычным? Ці гэта справа безнадзейная, і павінны прыйсьці новыя, больш маладыя людзі?”

(Грыцкевіч: ) “Трэба, каб прыйшлі больш маладыя. Але я думаю, што “Краіна Беларусь” падкажа тым, хто звык называць нашу краіну рэспублікай, што гэта не савецкая рэспубліка, адна зь пятнаццаці, а што гэта самастойная й незалежная дзяржава”.

(Скобла: ) “Нягледзячы на тое, што кніга “Краіна Беларусь” усяго некалькі дзён у продажы, яе шмат хто пасьпеў набыць і прачытаць. Вось думка паэта Андрэя Хадановіча”.

(Хадановіч: ) “Кніга прыемна ўражвае, як толькі возьмеш у рукі й памацаеш, — важкая, прыгожая, вельмі якасныя, сымпатычныя ілюстрацыі. Я б гэта ўсё назваў — “Музэй Беларусь”. Разгортваеш кніжку і трапляеш у экспазыцыю. Што праўда, ад першых старонак крышачку зьдзіўляюць пагрозьлівыя нэандэртальцы з дубінамі. А можа, гэта заканамерна. Можа, наяўнасьць нэандэртальцаў ёсьць формай кампэнсацыі за адсутнасьць 70-ці савецкіх гадоў, бо кніжка абрываецца, як ужо тут казалі, абвяшчэньнем БНР. Гэтая кніга — добры ўдар у нашую размытую нацыянальную сьвядомасьць. Варта час ад часу людзям нагадваць, што наша краіна — Беларусь. Я спадзяюся, што наклад 5000 асобнікаў разыдзецца, і спатрэбіцца яшчэ”.

(Скобла: ) “Выступаючы нядаўна перад парлямэнтам, Аляксандар Лукашэнка, як відно, шчыра, прызнаўся: “Ну, ня ведаю я, у чым яна, нацыянальная ідэя. Калі ведаеце — падкажыце”. Мне здаецца, што добрай падказкай была б кніга “Краіна Беларусь”. Я памятаю, як кнігу Арлова і Сагановіча “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі” маладафронтаўцы разносілі па пастарунках для міліцыянтаў. Дык мо варта й на гэты раз праявіць дабрачыннасьць і падараваць “Краіну Беларусь” кіраўніку краіны?”

(Арлоў: ) “Я б толькі вітаў акцыю, прапанаваную табой. Мы ж з Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам у пэўным сэнсе калегі — ён таксама атрымаў гістарычную адукацыю. Думаю, яму цікава было б пазнаёміцца з гэтай кнігай. А што да пошукаў нацыянальнай ідэі, то я для сябе даўно сфармуляваў гэткую трыяду. Беларуская нацыянальная ідэя — гэта беларускае сьветабачаньне, сьветаразуменьне і сьветаўяўленьне. Наша кніга разглядае Беларусь як частку Эўропы, і таму ў гэтай трыядзе слова “беларускае” можна замяніць на “эўрапейскае”.

(Грыцкевіч: ) “Нацыянальная ідэя палягае на добрым веданьні нацыянальнай беларускай гісторыі, нескажонай, а той, якая якраз і ёсьць у кнізе “Краіна Беларусь”. Палягае на валоданьні й карыстаньні беларускай мовай і, самае галоўнае, на адстойваньні незалежнасьці Беларусі”.

(Скобла: ) “А апошняе пытаньне. Кніга “Краіна Беларусь” яўна прэтэндуе, каб яе пераклалі на замежныя мовы. Ці плянуецца гэта зрабіць і тым самым сказаць сьвету пра Беларусь самае галоўнае?”

(Арлоў: ) “Так, ёсьць такія пляны. Але мы з выдаўцамі займаем прынцыповую пазыцыю, каб расейскі пераклад (напэўна, ён зьявіцца першым) выйшаў у сьвет пасьля таго, як знойдзе свайго чытача ўвесь 5-тысячны наклад кнігі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG