Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхась Тычына: “Улада апэлюе да нізкіх інстынктаў”


Міхась Скобла, Менск

Калі паспрабаваць вызначыць галоўную рысу ў характары гэтага чалавека, то найлепей падыдзе слова “праўдзівасьць”. Ня хлусіў ні ў словах, ні ў чынах, пісаў пра праўдашукальнікаў Васіля Быкава і Алеся Адамовіча. І нездарма менавіта яго ўвесьчасна запрашаюць у якасьці экспэрта на суды, калі там разьбіраюцца літаратурныя творы. Доктар філялёгіі Міхась Тычына — мой госьць.

(Міхась Скобла: ) “Спадар Міхась, наколькі мне вядома, ваш бацька меў рэдкую для беларусаў прафэсію золаташукальніка — мыў золата ў Якуціі, дзе вы й нарадзіліся роўна 60 гадоў таму. А вы ніколі не шкадавалі, што не працягнулі дынастыю? Падлічвалі б унцыі, ссыпалі б жоўты пясочак у капшукі…”

(Міхась Тычына: ) “Шкадаваньне сапраўды ёсьць, калі ўяўляю, як пры канцы рабочага дня бацька высыпае зь мяшэчка на стол залаты пясок, а ён гаварыў, што за зьмену здабывае ад чатырох да сямі кіляграмаў… Мне заўсёды было шкада, што намыты беларусам, маім бацькам, залаты пясочак ня трапіў у залаты фонд, залаты запас нашай краіны. Было б вельмі здорава”.

(Скобла: ) “А якім чынам трапілі вашы бацькі ў халодны якуцкі край?”

(Тычына: ) “Ні дзед, ні бацька, вядома, не жадалі патрапіць у тую вечную мерзлату. Іх проста выслалі ў 1930 годзе, раскулачылі. Бацька зусім не зьбіраўся быць золаташукальнікам, ён закончыў камэрцыйную вучэльню ў Любані й марыў стаць земляробам. Больш за ўсё на сьвеце ён любіў працу на зямлі”.

(Скобла: ) “Давайце пяройдзем да асноўных тэмаў нашай гутаркі. Вы заўсёды пісалі грунтоўна пра грунтоўнае. Вось і днямі ў кнігарнях зьявіўся ў сэрыі “Народная бібліятэка” том Якуба Коласа з вашай прадмовай. Я рызыкую наклікаць на сябе гнеў нашых слухачоў, але — ну не актуальны сёньня Колас! Вось і тэма вашай доктарскай дысэртацыі гучала як “Якуб Колас і расейская літаратура першай паловы ХIХ стагодзьдзя”. А цяпер — пачатак ХХI-га.

Купала актуальны — са сваёй публіцыстыкай, зь вершамі, з паэмай “Курган”, якая нібы сёньня напісаная, Гарэцкі — зь “дзьвюма душамі”, Багдановіч — з “зоркай Вэнэрай”, бо каханьне заўсёды актуальнае. А што сучасны чытач знойдзе ў Коласа?”

(Тычына: ) “Так, Колас традыцыяналіст, а ўсё традыцыйнае ў нашай неклясычнай сытуацыі ўспрымаецца як ня дужа актуальнае. Але ж ёсьць такая зьява як літаратурная клясыка, якую мы мусім засвойваць, хочам мы гэтага ці не. Гэта нейкі стандарт, які мы павінны ведаць. У гэтым вечная актуальнасьць такіх пісьменьнікаў як Колас.

Скажам, ягоны “Сымон-музыка”, ён проста да гэтай пары непрачытаны. У паэме ёсьць творчы дух, дух Сусьвету, гэта значыць, зьявы ня толькі пантэістычнага ўспрыняцьця, але й успрыняцьця, якое ўласьцівае і Дантэ, і Шэксьпіру, і Гётэ, і Адаму Міцкевічу, і нашаму Кастанціну Міцкевічу. Гэта зьявы, якімі мы дыхаем, але не заўважаем іх, не фіксуем на іх сваю ўвагу.

Прыгадайма радкі з паэмы: “Гэта ёсьць такое поле, дзе арэ, але ня плуг, дзе скародяць, ды ня ролі, дзе сявец, ды не пастух. І ён сее не насеньне, тут пакінуў сьлед натхненьня іншы сейбіт — творчы дух”. Пакуль існуе тое прыроднае асяродзьдзе, якое штампуе беларусаў як нацыю, да той пары будзе цікавасьць да Коласа”.

(Скобла: ) “У літаратурных колах ходзяць чуткі, што вам даручаная падрыхтоўка збору твораў Васіля Быкава ў 8 тамах. Раскажыце пра гэты праект, наколькі рэальны ён у наш час? Бо вядома, як сёньняшнія беларускія ўлады ставяцца да народнага пісьменьніка”.

(Тычына: ) “О, гэта цэлая гісторыя, напалову дэтэктыўная, напалову загадкавая для саміх удзельнікаў гэтага праекту. Увосень 2001 году ў Франкфурце-на-Майне праходзіў кніжны кірмаш, на які езьдзілі нашы выдаўцы. І там яны прадставілі рэклямны буклет, дзе паведамлялася, што ў Беларусі дзяржаўнае выдавецтва зьбіраецца выдаваць збор твораў Васіля Быкава.

Гэта, па-мойму, доказ таго, што выданьне патрэбнае найперш не аўтару, а дзяржаве, уладзе, якая спрабуе наладзіць масток у адносінах з Захадам. На жаль, усё закончылася нічым. А задума была выдатная. У адпаведнасьці з законамі тэксталёгіі мы збудавалі гэты збор твораў так, каб чытач у першых двух тамах пазнаёміўся з Быкавым-апавядальнікам. Пісьменьнік, як вядома, пачынаў з жанру апавяданьня й сёньня зноў працуе ў гэтым жанры. Але апавяданьні апошніх гадоў і прыпавесьці пісьменьніка не спадабаліся тым, ад каго залежала выданьне.

Маю прадмову, дзе я разглядаў фэномэн Быкава, спрабаваў паставіць яго ў эўрапейскі кантэкст, у афіцыйным выдавецтве “Мастацкая літаратура” ўспрынялі зь вялікім падозраньнем, яна прайшла празь некалькі рэдагаваньняў, прачытаньняў, скарачэньняў, зьмяненьняў, зь яе быў выбіты дух Быкава, ды й мой. Урэшце вырашана паўтарыць першы том шасьцітомавіка, які пабачыў сьвет у 1992 годзе. Але і на гэтую задуму я гляджу пэсымістычна. Гэта чыста палітычная прапагандысцкая акцыя.

Той збор твораў, які мы задумалі й узгоднілі з аўтарам, у сёньняшніх умовах ня выйдзе”.

(Скобла: ) “Адна з вашых кніг называецца “Народ і вайна”. Вы дасьледавалі ваенную прозу, значыць, псыхалёгія чалавека на вайне вам знаёмая. Чаму былому жаўнеру, вэтэрану любой вайны патрэбная яе гераізацыя, а ня праўда? Вэтэраны другой сусьветнай нападалі ў друку на Быкава, былыя “аўганцы” — на Алексіевіч. Не магу зразумець — здавалася б, чым страшней, тым лепш: вось, маўляў, я ў якім пекле пабываў. Не, усе хочуць езьдзіць на белым кані. Чаму?”

(Тычына: ) “Тут можна прывесьці словы Джорджа Орўэла, які пісаў, што “каб стварыць чалавечыя ўмовы, трэба каб чалавек быў лепшы, а каб чалавек быў лепшы, трэба стварыць чалавечыя ўмовы”. Такое замкнёнае кола. Мне здаецца, нашы людзі, псыхалёгія й мысьленьне якіх былі моцна дэфармаваныя ў ранейшыя таталітарныя часы, пазбавіліся маральнага стрыжня. Іх сёньня лёгка запоўніць любым зьмесьцівам, якое патрэбнае ўладзе, ідэалёгіі.

Вось гэтымі абставінамі тлумачацца тыя мэтамарфозы, якія адбываюцца сёньня з вэтэранамі, што былі сьмелымі на фронце, а ў мірны час аказаліся самымі вялікімі баязьліўцамі”.

(Скобла: ) “Ад вайны давайце вернемся ў наш спакойны час, які насамрэч не такі ўжо спакойны. Цяпер шмат гаворыцца пра вяртаньне імпэрскіх памкненьняў у галовы ўладатрымаўцаў у Расеі. Пуцін неяк сказаў, што Расея многа чаго ўсім раздала, цяпер надышоў час зьбіраць. У сувязі з гэтым прыгадваецца выказваньне Мантэск’ё: “Спачатку трэба быць кепскім грамадзянінам, каб потым стаць добрым рабом”. Беларусы — кепскія грамадзяне?”

(Тычына: ) “Беларусы вельмі добрыя грамадзяне, калі яны паасобку. Калі ж яны зьбіраюцца разам, чамусьці адразу ператвараюцца не ў народ, а ў электарат. Беларус адразу пачынае азірацца на суседа, на грамадзкую думку, прычым за мярыла сваіх паводзінаў абірае афіцыйнае меркаваньне.

Толькі калі нашы людзі адчуюць запатрабаванасьць у духоўных парывах, у жыцьці паводле народнай беларускай маралі, тады ў іх прачнецца лепшае, тое, што яны сёньня хаваюць у патайніках сваіх душаў. На жаль, мы існуем у грамадзтве, дзе запатрабавана зусім іншае: улада сёньняшняя апэлюе да нізкіх інстынктаў, да самага горшага ў нашым народзе. Вось гэта мяне вельмі непакоіць, і сытуацыя разгортваецца ў горшы бок, на мой погляд”.

(Скобла: ) “І ў сваім апошнім пытаньні я хацеў бы вярнуцца да пачатку нашае гутаркі. Натуральная цяга чалавека да таго месца, дзе ён прыйшоў на сьвет. Вунь славуты фантаст Айзэк Азімаў перад сьмерцю пісаў лісты з ЗША, дзе пражыў усё жыцьцё, у родныя Пятровічы на Смаленшчыне. А вас у Якуцію не цягне?”

(Тычына: ) “Вядома, цягне. Аднойчы, яшчэ ў савецкі час, была такая магчымасьць — пабываць на радзіме. Алесю Адамовічу прапанавалі камандзіроўку ў Якуцію, і ён, ведаючы пра маё жаданьне, пераадрасаваў запрашэньне мне. Але ў апошні момант у апараце Саюзу пісьменьнікаў СССР, а можа й у нашым, усё перайгралі, і я застаўся ні з чым.

Так і ня выпала пабываць на далёкай радзіме, пакланіцца магілам аднаго й другога дзядоў, хоць я нават і ня ведаю, дзе канкрэтна яны пахаваныя й ці захаваўся хоць які сьлед іхнага перабываньня ў краіне вечнай мерзлаты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG