Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Арлоў: “Эўрапейская гісторыя Беларусі — пропуск у эўрапейскую будучыню”


Міхась Скобла, Менск

Якія гарады былі сталіцамі Беларусі? Ці была КПБ партыяй? Калі вы спытаецеся пра гэта ў выпадковых мінакоў, то, хутчэй за ўсё, адказам будзе няўцямнае пацісканьне плячыма ды падазроны позірк у ваш бок. Сапраўды, пытаньні амаль парадаксальныя. А вось адказы выглядаюць пераканальна, аргумэнтавана, ляканічна — у кнізе “150 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі”, выхад якой і стаўся нагодай для сустрэчы зь пісьменьнікам Уладзімерам Арловым.

(Міхась Скобла: ) “Уладзімер, першае падобнае выданьне пабачыла сьвет дзесяць гадоў таму. Кніга мела 50-тысячны наклад, выдавалася пры падтрымцы дзяржаўнай газэты “Звязда” і складалася са ста пытаньняў і адказаў. У новым выданьні іх 150. Атрымліваецца, што за часы незалежнасьці пытаньняў з нацыянальнай гісторыі, на якія няма адказаў у падручніках, пабольшала. Здавалася б, павінна быць наадварот”.

(Уладзімер Арлоў: ) “Павелічэньне пытаньняў да гісторыкаў і гісторыі — гэта лепш, чым іх скарачэньне. Пагатоў, пакінутыя нам зь мінуўшчыны гістарычныя пытаньні зноў і зноў прарастаюць у сучасных праблемах. Але калі гаварыць пра кнігу, то найперш варта згадаць, што ў яе больш за чатыры дзясяткі аўтараў, складальнікамі зьяўляюцца Зьміцер Санько й Іван Саверчанка, а ў падборы ілюстрацыяў браў удзел сьветлай памяці мастак і выдатны знаўца гісторыі Яўген Кулік.

“150 пытаньняў і адказаў” выйшлі ў Вільні ў выдавецтве “Наша будучыня”, але кнігі такога кшталту набліжаюць час, калі гістарычная літаратура, так патрэбная нашаму грамадзтву, будзе выходзіць у Менску”.

(Скобла: ) “Хачу задаць непатрыятычнае пытаньне. Каго толькі ні перамагалі нашыя продкі паводле кнігі “150 пытаньняў і адказаў”! І татараў у бітве на Сініх Водах, і крыжакоў пад Грунвальдам, і маскоўцаў пад Воршай, і крымчакоў пад Клецкам, і швэдаў пад Кірхгольмам… Ажно ня верыцца, што мы былі такія ваяўнічыя і непераможныя. Але ж і паразаў было, відаць, ня менш, чым перамогаў. Ці апісваць іх не ўваходзіла ў задачу аўтараў кнігі?”

(Арлоў: ) “Чаму не адлюстраваныя паразы? З тае самае прычыны, чаму немцы не акцэнтуюць увагу на катастрофе Тэўтонскага ордэну пад Грунвальдам, а расейцы — на бітве пад Воршай, дзе іхнае 80-тысячнае войска было разьбітае нашым гетманам Канастанцінам Астроскім, які меў у тры разы менш ваяроў. Швэды таксама ня любяць нагадваць сваім школьнікам і студэнтам пра фантастычную перамогу нашай зброі пад Кірхгольмам у 1605 годзе, дзе гетман Хадкевіч разграміў ворага і, паклаўшы тысячы швэдаў, страціў (неверагодна, але гістарычныя крыніцы сьведчаць) усяго 100 сваіх жаўнераў.

Гісторыя — гэта стваральная сіла, якую ўсе народы выкарыстоўваюць у выхаваўчых мэтах, для чаго традыцыйна ва ўсім сьвеце адбіраюцца выйгрышныя зьявы, падзеі, асобы свайго мінулага. Таму пра паразы ў кнізе “150 пытаньняў і адказаў” гаворыцца няшмат”.

(Скобла: ) “Сярод артыкулаў, якія ты напісаў для згаданай кнігі, ёсьць і такі — “Як беларусы змагаліся супраць расейскага панаваньня”. Зьмяняецца час, зьмяняюцца гістарычныя абставіны, але апэтыты Расеі ў адносінах да Беларусі застаюцца ранейшымі. Што тут нам можа дапамагчы?”

(Арлоў: ) “Найперш трэба вучыцца глядзець на сьвет сваімі, а не чужымі вачыма, мець сваё беларускае сьветабачаньне, сьветаразуменьне, сьветаўяўленьне. Гэтая трыяда, на маю думку, і складае тое, што называецца беларускай нацыянальнай ідэяй. Я не адкрыю Амэрыкі, калі скажу, што гістарычная пэрспэктыва народу залежыць ад яго нацыянальнай кансалідацыі, і тут не абысьціся без гістарычнай памяці. Швайцарцы гавораць на чатырох мовах, але агульная гістарычная сьвядомасьць робіць іх моцным адзіным народам”.

(Скобла: ) “Сёньня прэзыдэнт Расеі Пуцін знаходзіцца ў Менску з афіцыйным візытам. Калісьці Ельцын уручыў кіраўніку беларускай дзяржавы гістарычны дакумэнт — грамату цара Аляксея Міхайлавіча на валоданьне Воршай. Падтэкст быў зразумелы й зьневажальны, але Лукашэнка тады зрабіў выгляд, што не пакрыўдзіўся. Калі б беларускі кіраўнік намерыўся зрабіць адпаведны крок у адказ, што ён мог бы паднесьці Пуціну?”

(Арлоў: ) “Калі ты ўжо згадаў Ельцына, то мог бы ён прывесьці з сабой хоць адно скарынаўскае выданьне, якіх толькі ў Маскве больш за 80. А ў полацкім Музэі беларускага кнігадрукаваньня — ніводнага. Хай бы ён гэта зрабіў у выглядзе кампэнсацыі за тыя кнігі, якія яго папярэднікі, крамлёўскія ўладары, спалілі, калі сам Скарына прывез іх у Масковію.

А што Лукашэнка мог бы падараваць Пуціну ў адказ на тую царскую грамату… Я думаю, што ўдалым падарункам быў бы тэкст Дзявулінскага замірэньня паміж дзяржавай нашых продкаў і Масковіяй, падпісанага ў 1618 годзе. Паводле яго, бясспрэчна беларускімі прызнаваліся вялікія тэрыторыі з больш чым 30-цю гарадамі, сярод якіх сучасныя Смаленск, Вязьма, Мажайск…”

(Скобла: ) “О, гэта быў бы моцны крок беларускай зьнешняй палітыкі!.. Наш прэзыдэнт у пытаньнях гісторыі любога запхне за пояс. То ён дае заданьне перапісаць падручнікі па гісторыі, то стварыць новую канцэпцыю гістарычнай адукацыі — пра гэта мы падрабязна гаварылі ў адной з нашых перадачаў. І вось яшчэ адна навіна — у выдавецтва “Беларуская энцыкляпэдыя” спушчаны дзяржзаказ выдаць энцыкляпэдыю “Вялікае Княства Літоўскае”. Што гэта можа азначаць?”

(Арлоў: ) “Ну, калі абстрагавацца ад сучаснага кантэксту, то можна было б толькі вітаць такую задумку, у якой можна й трэба бачыць пэўную дзяржаўную незалежніцкую падкладку. Але мяне вельмі трывожыць, на якім роўні будзе падрыхтаваная гэтая энцыкляпэдыя. Ці ня будуць у яе вернутыя замшэлыя міты, створаныя калісьці расейскай дваранскай гістарыяграфіяй? І для такой трывогі ёсьць падставы, таму што сёньня энцыкляпэдычныя даведнікі ў нас зазнаюць рэдагаваньне, якое я, не вагаючыся, назаву цэнзураваньнем”.

(Скобла: ) “А якія канкрэтна матэрыялы цэнзуруюцца?”

(Арлоў: ) “Ну, напрыклад, артыкул пра вядомыя ўсяму сьвету Курапаты. У 4-м томе “Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі”, выдадзеным у 1997 годзе, чытаем, што ў Курапатах у гады сталішчыны НКВД зьнішчаў ні ў чым невінаватых людзей. А вось у 9-м томе ўнівэрсальнай “Беларускай энцыкляпэдыі”, які пабачыў сьвет у 1999 годзе, у артыкуле пра Курапаты чытаем, што, паводле адных зьвестак, там ляжаць ахвяры сталінізму, а паводле другіх, — ахвяры фашысцкага генацыду. І на ўсялякі выпадак пра колькасьць ахвяраў ужо не сказана ні слова.

Альбо другі выпадак. У 15-м томе (выйшаў у 2002 годзе) з артыкула пра Слуцкае паўстаньне выкінутыя вельмі прынцыповыя пункты з дэклярацыі Беларускай Рады Случчыны, дзе былі сфармуляваныя мэты й задачы паўстаньня. Там гаварылася, што Беларусь павінна быць незалежнай дэмакратычнай рэспублікай, павінна бараніцца ад чужаземнага ўварваньня. Калі я чытаў энцыкляпэдычны артыкул, у мяне склалася ўражаньне, што яго рэдагаваў які-небудзь камісар 16-й савецкай арміі, якая душыла паўстаньне.

Неабходна прыгадаць і такі факт: калі першыя два тамы гістарычнай энцыкляпэдыі выйшлі накладам 20 тысяч асобнікаў, то трэці і ўсе наступныя, з вокладкі якіх зьнікла Пагоня, — усяго 10 тысяч. Што гэта, як не абмежаваньне правоў грамадзян на атрыманьне гістарычнай інфармацыі? Альбо самы сьвежы прыклад. Я нядаўна даведаўся, што з таго самага 15-га тома на апошняй стадыі “выпаў” артыкул пра вядомага паэта й барда Сержука Сокалава-Воюша”. Калі я сустракаюся з такімі выпадкамі, я міжволі згадваю Сэрвантэса, які казаў, што хлусьлівых гісторыкаў трэба вешаць, як фальшываманэтчыкаў”.

(Скобла: ) “Гэткі радыкальны спосаб барацьбы з псэўдагісторыкамі прыгадаў Уладзімер Арлоў, якому я задаю апошняе пытаньне. “На мапу Эўропы ўзышоў беларус”, — упэўнена напісаў паэт яшчэ ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя. Але што нас сёньня лучыць з Эўропай, апрача тае мапы?”

(Арлоў: ) “Сёлета я ў адной з газэтаў узяўся весьці рубрыку, дзе адказваю на пытаньні чытачоў, датычныя нашага мінулага. І літаральна ўчора атрымаў ад аднаго прадпрымальніка наступнае пытаньне: “Часта кажуць, што ў Беларусі эўрапейская гісторыя. Хацелася б пачуць важкія доказы гэтаму”. Дык вось, кніга “150 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі” акурат і дае важкія доказы таго, што ў нас эўрапейская гісторыя. А эўрапейская гісторыя — гэта своеасаблівы пропуск у эўрапейскую будучыню”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG