Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўляем часопіс “Правінцыя”


Вольга Караткевіч, Прага

(Караткевіч: ) “У 1999-2000 гадох, ва ўмовах татальнай перагрузкі беларускай Беласточчыны гістарычна-мэмуарным пісьменствам, распрацаваў канцэпцыю літаратурнага часопісу “Правінцыя” і давёў яе да ажыцьцяўленьня”. Так пішацца ў біяграфіі рэдактара літаратурнага часопісу “Правінцыя” Аляксандра Максімюка. Я трымаю ў руках дыхтоўна выдадзены часопіс, чытаю імёны, заўважаю, зь якіх моваў пераклады… Чаму “Правінцыя?”

(А. Максімюк: ) “Правінцыя – слова ня з горшых. Як я пішу ва ўступе да другога нумару – “Правінцыя” – гэта не прысуд і ня нейкі лёсавызначальны тэрмін. Гэта проста слова, якое лепш або горш аддае сутнасьць тае літаратуры. Я думаю, што яно самалепш аддае, бо ўсё, што лепшае, што ёсьць у беларускай літаратуры – яно пабудаванае на такім правінцыйным досьведзе. Усе аўтары прыехалі ў Менск толькі таму, што там ёсьць выдавецтвы. А тое, што ў іх ёсьць самае каштоўнае, менавіта будавалася на іх правінцыйным досьведзе, мястэчку, вёсцы, і Глёбус тут не выключэньне. З аўтарамі былі размовы, тая ідэя, значэньне назову “Правінцыя” тлумачыліся. Большыя засьцярогі былі з боку чытачоў з досьведам у прыгожым пісьменстве. Зьявіўся б такі часопіс у іншым месцы і зваўся б ён “Сталіцай”. Пэўна, і зваўся б, але не зьявіўся. Зьявілася “Правінцыя”.

Мы згадалі пра Глёбуса, які як бы ў тую правінцыю ня ўпісваецца, ён жа сталічны, але я ад самога Глёбуса ніколі ня чуў, каб ён у сваёй біяграфіі неяк адкінуўся ад роднага Койданава. Наадварот, ён свайму Койданаву кнігу прысьвяціў. Ды й аўтары часопісу зьяўляюцца – па геаграфічным прынцыпе – правінцыяй”.

(Караткевіч: ) “Тут я перарву Аляксандра Максімюка і назаву некаторых беларускіх аўтараў “Правінцыі”. Імёны гэтыя знаёмыя слухачам Беларускай Свабоды – Вінцэсь Мудроў, Адам Глёбус, Міра Лукша, Лявон Вашко, Юры Гумянюк, Сяргей Астравец, Алесь Аркуш, Сяргей Абламейка, Сяржук Сокалаў-Воюш і шмат хто яшчэ. Сяржук Сокалаў-Воюш вядомы ў Беларусі як паэт і бард, я ж папрасіла яго зачытаць урывак з апавяданьня “Знак”, напісанага ў 2002 годзе. “Знак” надрукаваны ў другім выпуску “Правінцыі”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Бомнулі званы на Сьвятой Сафіі. Рэхам перагукнуліся са званамі Сьвятога Францішка і Сьвятога Антона...

Той, хто ляжыць пад цяжэзным каменным векам, быў некалі вугорскім жаўнерам. Ягоныя парэшткі знайшлі, калі Новы Час пачаў мераць другі тузін стагодзьдзяў. Амаль столькі ж места існавала ў Старым Часе. Але тубыльцы вырашылі, што знойдзены вугорац і ёсьць славуты тут Антэнорэ – герой Траянскай вайны і заснавальнік Падуі. Прайшло яшчэ паўтузіна сотак, і гэтага часу сталася досыць, бо чужынец прыняў сваё новае я.

“Бачыш, Джакама? Ты вырашыў маўчаць далей...”

“Guarda come passi: va si, che tu non calchi con le piante le teste de’ fratei miseri lassi”.

“Даруй. Я ведаю, як балюча бурацца легенды і таму, каб не балела заўтра, шукаю сёньня. Усеагульныя законы кладуць раўналежнікі. Калі чалавек у сутане прыходзіў сюды, Антэнорэ яшчэ чуў адгалоскі сваёй мінуўшчыны. Калі сюды прыйшоў я – ён нічога не зразумеў і толькі пры слове Вугоршчына цяжка ўздыхнуў і сказаў: “Прыгожае слова”, але нават паўтарыць яго ўжо ня змог”.

“І ты даруй”, – адказаў сумным позіркам мастак, і мы пакрочылі кожны ў свой дождж...”

(Караткевіч: ) “І маё наступнае пытаньне да галоўнага рэдактара Аляксандра Максімюка: гэты часопіс для Беларусі ці для Польшчы?”

(А. Максімюк: ) “Часопіс мае падвойную накіраванасьць. Гэта – форум для тых аўтараў у Рэспубліцы Беларусь, мы хочам у Польшчы паказваць гэтых аўтараў. Беларуская літаратура ў Польшчы – ня будзе вялікага перабольшаньня, калі я скажу, што невядомая. Я сам асабіста быў выдаўцом кнігі Васіля Быкава “Сьцяна”, якую зрабілі мой брат Ян і Чэслаў Сэнюх. Гэта была першая кніга, выдадзеная за 10 гадоў – гэтага аўтара. Мы іх паказваем яшчэ тым, хто ў змозе чытаць кірыліцу, чытаць беларускую мову, дацаніць тую якаснасьць мастацкай мовы, зацікавіць нашых калегаў палякаў для перакладаў. Мяркуючы па 1-м і 2-м выпусках “Правінцыі”, відным аўтарам – Вінцэсь Мудроў. Мне здаецца, што я пераканаў аднаго выдаўца ў Беластоку, каб ён знайшоў крышку грошай перакладчыку, які перакладзе аповесьць Мудрова “Калодзеж” і гэта растыражуе сярод польскай публікі”.

(Караткевіч: ) “Аляксандар Максімюк гаворыць, што мэты “Правінцыі” – даць магчымасьць для публікацыяў беларускім пісьменьнікам, а таксама пашыраць беларускую літаратуру ў Польшчы. Я нагадаю, што ўжо па-польску выйшлі анталёгія беларускай сучаснай паэзіі, кнігі Ўладзімера Арлова “Рэквіем для бэнзапілы” і Адама Глёбуса “Дамавікамэрон”, Алеся Разанава “Заваёўнікі”. А нашым слухачам, карыстаючыся з нагоды, прапаную паслухаць верш сучаснай польскай паэткі Галіны Пасьвятоўскай у перакладзе на беларускую мову Хрысьціны Граматовіч зь Беласточчыны, якая зараз жыве ў Філядэльфіі. Чытае Натальля Судлянкова:

“Ці сьвет крыху памрэ
калі я памру

гляджу гляджу
атулены лісіным каўнерам
ідзе сьвет

ніколі ня думала
што я – валасок у ягоным футры
я заўсёды была тут
а ён – там

аднак жа
прыемна падумаць
што сьвет крыху памрэ
калі я памру”.

(Караткевіч: ) “Хрысьціна Граматовіч пераклала для “Правінцыі” шмат твораў, яна наведала Прагу і сустрэлася з адным з аўтараў часопісу Янам Максімюком. Далей у праграме Ян прачытае адзін са сваіх перакладаў, а я цікаўлюся ў рэдактара “Правінцыі” Аляксандра Максімюка, як жа беларускаму чытачу атрымаць часопіс?”

(А. Максімюк: ) “Вось тут і самая вялікая складанасьць. Я ўжо ўсяляк думаў. Практычна няма нейкага арганізавана-цывілізаванага шляху, каб гэта пастаўляць у Беларусь. Зараз няма ніякага юрыдычнага шляху танна паставіць часопіс у Беларусь. Вядома, можна поштай, але гэта абсалютна... Кошт аднаго гэтага асобніка, самога друку – 4 даляры. Ужо стварае бар’ер. Столькі б каштавала пасылка па пошце. Неверагодна дарагі. Шлях толькі адзін: можа, гэта анэкдатычна прагучыць – чаўночны, у торбе. Прыедзе аўтар, я яму пакладу – 5, 10 – колькі здолее давезьці. Сам еду – вазьму 20”.

(Караткевіч: ) “Дарэчы, я сама везла “Правінцыі” ў Менск – аўтару часопіса Адаму Глёбусу, а таксама на просьбу стваральнікаў – крытыку Ганьне Кісьліцынай і рэдактарцы інтэрнэт-старонкі Litara.net Алісе Бізяевай. А набыць часопіс можна яшчэ, зьвязаўшыся з рэдакцыяй празь Інтэрнэт – www.pravincyja.republika.pl. Калі, набраўшы гэтую адрэсу, убачыце вокладку “Правінцыі” з выявай гітарыста – гэта ён, другі выпуск. Але там – толькі некаторыя творы. Няма там і верша Рафала Ваячака “Будзь для мяне” ў перакладзе Хрысьціны Граматовіч. Жыцьцё Рафала Ваячака, які нарадзіўся на Шлёнску, было поўнае скандалаў, у кнайпах Уроцлава, куды ён пераехаў жыць, Ваячак выбудоўваў свой міт “праклятага паэта”. Я папрасіла Яна Максімюка прачытаць адзін з твораў:

“Будзь для мяне ад ступняў да чала, ад пят да вуха
З каленяў па пахвіну, з локця па пазногці
Пад пахай, языком, ад ласкаценю да павекаў

Будзь полюсам майго зьбязглужджанага сэрца
Будзь ракам што зьядае мозг і гэтым мозг сьцьвярджае
Будзь кіслароднаю вадою для ўгарэлых лёгкіх

Будзь для мяне падвязкай, станікам, трускамі
Калыскай будзь для цела, нянькай што калыша
Бруд з-пад пазногцяў еш, пі месячную кроў

Будзь прагай і спатоляй, насалодай, голадам
Мінуласьцю і будучыняй, вечнасьцю й сэкундай
Будзь для мяне дзяўчынай, хлопцам, днём і ноччу

Будзь для мяне жыцьцём і радасьцю, будзь сьмерцю
Будзь злосьцю і пагардаю, нудотай і няшчасьцем
Будзь Богам, будзь мурынам, бацькам, маці, сынам

Будзь – не пытайся, як табе я адплачуся
Тады задарма возьмеш найпавабнейшую здраду:
Каханьне, што ў Табе прабудзіць сьмерць”.

(Караткевіч: ) “Вы слухалі верш польскага паэта Рафала Ваячака. Пераклады, пошук аўтараў, выдатны друк – як робіцца “Правінцыя”, ці зьяўляецца камэрцыйным праектам?”

(А. Максімюк: ) “Не, тут ніякай камэрцыі няма. Часопіс падтрымлівае польскае Міністэрства культуры. Прычым Міністэрства культуры не падтрымлівае рэдакцыі ў такім сэнсе, зь якім, можа, звыкліся людзі ў Беларусі, што аплочваецца штат. Не. Атрымліваем на друк, прычым і на невялічкія ганарары. Прычым у мяне заўсёды ёсьць клопат, як тыя ганарары падзяліць”.

(Караткевіч: ) “Я зьвярнула ўвагу, што выдаецца часопіс Беларускім саюзам у Рэчы Паспалітай. Рэч Паспалітая – маецца на ўвазе Польшча ці нейкая тэрыторыя, шырэйшая за цяперашнюю тэрыторыю Польшчы? Аляксандар Максімюк адзначыў, што дакладна маецца на ўвазе тэрыторыя Польшчы. Выданьне “Правінцыі” проста завязалася пры Беларускім саюзе, у якога такая, а не іншая афіцыйная назва. А ў рэдактара “Правінцыі” я спыталася пра ўласныя ўражаньні ад Беларусі:”

(А. Максімюк: ) “Я быў на зьездзе беларусаў сьвету ў 2001-м. Дык я ўвогуле крыху зьбянтэжаны, што вобраз Беларусі ў польскім грамадзтве ня надта добры. Гэтаму вобразу не спрыяюць самыя магутныя мэдыі, наадварот, яны падтрымліваюць такі вобраз такой дзіўнай, адсталай краіны. З другога боку, калі б сказаць, што Беларусь больш урбанізаваная за Польшчу, тут бы для польскага грамадзтва была б вялікая неспадзеўка”.

Пры канцы нашай гутаркі Аляксандар Максімюк адзначыў, што ў Польшчы вырасла пакаленьне, якое кірыліцы ня ведае. Аляксандар спадзяецца, што тэксты беларускіх пісьменьнікаў у “Правінцыі” змогуць скарэктаваць уяўленьне палякаў пра беларусаў. І спадзяецца на пераклады. А я прапаную на завяршэньне яшчэ адзін тэкст з “Правінцыі”: пераклад верша Эгана Бонды. Чэскі паэт Эган Бонды – сапраўднае імя Збынэк Фішэр – запрапанаваў стыль, які назваў “татальным рэалізмам”. Урывак зь “Дзявочага дзёньніка” Эгана Бонды чытае перакладчык Ян Максімюк:

“Ня думайце што некалі я буду дзеці гадаваць
наступнае пакаленьне рабоў
або на аўта зарабляць
дзеля большага дабрабыту і ўдойнасьці кароў

Ня думайце што некалі я буду нечым іншым чым свабодай якая
Вас дражніць і якую як вядзьмарку хочаце зганобіць і спаліць
Ніводную з вашых бытавых радасьцяў я ніколі ня буду з вамі сьвяткаваць
У вашым “шчасьці” я заўсёды буду прысутная сваёй непрысутнасьцю
Няхай вас гэта давядзе да вар’яцтва да адчаю або да злосьці
Таму ня толькі ніколі мае словы ня будуць афіцыйныя
Таму таксама заўсёды буду для ўсіх непапулярная
Апроч Эгана Бонды відаць
Які таксама любіць працаваць”.
XS
SM
MD
LG