Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Пятровіч: "Дзяржава, якая баіцца крытыкі, ня мае пэрспэктывы"


Міхась Скобла, Менск

Часопіс прэзэнтаваўся ў Менску, Горадні, Гомелі й Віцебску, пра яго пісалі й апазыцыйная “Наша Ніва”, і афіцыйная “Звязда”. Сёньня галоўнага рэдактара “Дзеяслова” Барыса Пятровіча мы запрасілі ў “Вольную студыю”...

(Скобла: ) “Барыс, любому новаму літаратурнаму выданьню ў беларускіх умовах няпроста стаць на ногі. І чытачоў няшмат, ды й канкурэнцыя якая-ніякая, а ўсё ж існуе. Ці знайшоў “Дзеяслоў” сваю нішу, ці дайшоў да таго чытача, пра якога ты, як галоўны рэдактар, марыў, на якога спадзяваўся?”

(Пятровіч: ) “Нам сапраўды было цяжка зрабіць першы крок, выпусьціць першы нумар. І не таму, што мы пачыналі фактычна з нуля, а таму, што наш часопіс зьявіўся пасьля ўтварэньня гольдынгу, пасьля таго, як літаратурна-мастацкія часопісы былі прыватызаваныя дзяржавай, забраныя ў літаратараў. У сувязі з гэтым у грамадзтве жыло пэўнае чаканьне. І для нас было вельмі важным апраўдаць гэтае чаканьне, ня схібіць. Мяркуючы па тым, якія былі водгукі ў прэсе, мяркуючы па тых чытацкіх лістах, якія прыходзяць на адрас “Дзеяслова” амаль штодня, — нам гэта ўдалося. Нам удалося не расчараваць ні нашых патэнцыйных сяброў, ні нашых ворагаў. Кожны атрымаў тое, што хацеў: і дзеля пахвалы, і дзеля крытыкі”.

(Скобла: ) “Апошнім часам многія літаратурна-мастацкія праекты, народжаныя ў Менску, так і застаюцца ў межах сталіцы. “Дзеясловаўцы” вырашылі пайсьці ў народ. Як быў успрыняты часопіс у рэгіёнах?”

(Пятровіч: ) “За гэтую восень мы шмат паезьдзілі па Беларусі. Асабіста ў мяне за гэты час адбылося больш сустрэчаў з чытачамі, чым за ўсё папярэдняе жыцьцё. Мы пабывалі амаль ва ўсіх абласных цэнтрах. Спачатку зьезьдзілі ў Гомель, потым у Горадню. І між сабою жартавалі, што “Дзеяслоў” распрасьцёр крылы над усёй Беларусяй з усходу на захад. Мяне зьдзівіла адна акалічнасьць: чым больш людзі далёкія ад літаратуры, тым больш цікавай і шчырай была гутарка зь імі. І бачна было, наколькі згаладалі людзі па такіх вось сустрэчах зь пісьменьнікамі, з жывым словам. Дзяўчаткі ў менскім мэдінстытуце, хлопцы ў гарадзенскім сельгасінстытуце падоўгу не адпускалі нас, распытваючы пра тое, пра што, на жаль, не прачытаеш сёньня ў прэсе...

Згадваюцца й ня дужа прыемныя моманты. У абласной бібліятэцы ў Віцебску мы адчулі пэўную адчужанасьць, якая пралегла між намі й заляй. Няма кантакту са слухачамі і ўсё тут! Ні жарты, ні сур’ёзныя рэчы — не ўспрымаюцца, як гэта было на ўсіх іншых сустрэчах. Пакуль адзін віцябчук, які сядзеў поруч са мною, не шапнуў мне на вуха, у чым справа. Аказваецца, у залі прысутнічаў мясцовы літаратар, які зьяўляецца штатным супрацоўнікам КГБ...”

(Скобла: ) “Дык можа ён прыйшоў на сустрэчу як літаратар? Захацелася чалавеку новы часопіс набыць...”

(Пятровіч: ) “Магчыма, і захацелася. Але калі адзін з нас адыйшоўся ўбок і выпадкова зазірнуў за стэлажы, то ўбачыў, што там сядзела дзяўчынка й пісала ўсю сустрэчу на магнітафон. Яна адразу сумелася й зьніякавела. І рабіла яна гэта ці не па просьбе таго самага таварыша. Відаць, падобная практыка ў бібліятэцы мае месца. І тыя людзі, якія прыйшлі на сустрэчу, ведалі пра гэта, таму і ўзьнікла няёмкасьць між намі.

Дарэчы, потым, калі мы, як прадстаўнікі Саюзу пісьменьнікаў, сустракаліся з адным чыноўнікам з адміністрацыі прэзыдэнта, ён нам сказаў: “Вы думаеце, мы ня ведаем вашую пазыцыю, ня ведаем, пра што вы гаворыце на сустрэчах?” Мы не сумняваліся, што ведаюць і што сочаць, але ж не настолькі. Гэта па-першае. А па-другое, мы ніколі ня ўтойвалі сваю пазыцыю, мы шчырыя і ў сяброўскіх размовах, і на сустрэчах з чытачамі, і ў гутарцы для Радыё Свабода”.

(Скобла: ) “Дзякуй за шчырасьць. У рэдакцыйнай прадмове да першага нумару “Дзеяслову” сьцьвярджаецца: “Сапраўдная літаратура заўсёды была па-за палітыкай”. І тамсама: “Сапраўдная літаратура заўсёды была ў апазыцыі да любой улады”. Ці няма тут супярэчнасьці? Быць у апазыцыі й адначасна апалітычным — як такое магчыма?”

(Пятровіч: ) “Я ня бачу тут супярэчнасьці. З адной тэзы абсалютна лягічна вынікае другая. Сёньня слова “апазыцыя” ўспрымаецца ў нас зусім ня так, як яно павінна ўспрымацца. У нашым значэньні апазыцыю можна растлумачыць народнай прыказкай: “На тое й шчупак у рэчцы, каб карасі не драмалі”. А нашымі ўладамі любое крытычнае слова, якое йдзе зьнізу, ідзе ад пісьменьнікаў, успрымаецца ў штыхі — на вялікі жаль. Тая дзяржава, якая баіцца крытыкі, ня мае пэрспэктывы.

Дарэчы, прыведзеныя табою словы з прадмовы выклікалі найбольшую крытыку і справа, і зьлева. Учора сябра даслаў мне выразку з газэты “Віцебскі рабочы” з артыкулам тамтэйшага пісьменьніка А.Салтука, які ў чым толькі ні вінаваціць стваральнікаў “Дзеяслова”!.. Ён піша: “Дык што яны лічаць за сапраўдную літаратуру? Творчасьць Купалы, Коласа, Багдановіча, Быкава, Янішчыц, ці — творчасьць Дубаўца, Алексіевіч, Глёбуса, Станкевіча?” І далей: “У часопісе шмат палітыкі. Ды яшчэ якой! Яра-апазыцыйнай, прыцягнутай за хвост вікамі, шушкевічамі, лябедзькамі, нямцовымі, хакамадамі. Як ні хавай асла, вушы ўсё роўна вытыркнуцца”. І яшчэ: “Колькі ўжо можна цярпець “незалежных пэн-клюбаўцаў”, якія з пагардай ставяцца і да народнай улады, і да спрадвечнага беларускага слова, і да свайго народу”.

(Скобла: ) “А Хакамада тут пры чым? Ці яна гоку або танкі для вас пачала пісаць?”

(Пятровіч: ) “Танкі для нас пакуль Гілевіч піша. Тут намёк на тое, што нібыта нехта фінансуе “Дзеяслоў” з-за мяжы. Нам гэта ўвесь час закідаюць. Але я паўтараю — наша выданьне цалкам незалежнае й выдаецца выключна на грамадзкіх пачатках. Аўтары пагадзіліся аддаць нам свае творы для першых нумароў бясплатна, дзякуй ім за гэта.

Але я вярнуся да публікацыі ў “Віцебскім рабочым”. Як лёгка аўтар абыходзіцца зь некаторымі імёнамі, калі яму гэта трэба! Як лёгка ён залічыў на свой бок і Купалу, і Быкава, нібыта ён забыўся на публіцыстыку Купалы, нібыта ён забыўся пра пазыцыю Быкава й пра тое, дзе сёньня Быкаў знаходзіцца... Я лічу, што якраз мы працягваем іх справу”.

(Скобла: ) “Прыватызаваныя дзяржаваю” (твае словы) “Полымя”, “Маладосьць”, “Крыніца” ўсё ж працягваюць выходзіць. Так, яны дзяржаўныя, што азначае — падцэнзурныя. Але так было й за савецкім часам. Чаму ж іхная пэрспэктыва сёньня ў многіх выклікае скептычную ўсьмешку?”

(Пятровіч: ) “Рана яшчэ скептычна ўсьміхацца. Адабрана чатыры часопісы, а зьявіўся пакуль толькі адзін альтэрнатыўны. А адна ластаўка вясны ня робіць. Але з выхадам “Дзеяслова” сытуацыя ў цэлым у літаратуры зьмянілася. Зьмяняюцца падыходы да літаратуры й спосабы падачы літаратуры. Мы ня зможам, да прыкладу, надрукаваць раман на паўнумара і напісаць, што працяг будзе ў наступным. Мы арыентуемся на тое, каб кожны нумар быў чытэльным і цікавым для чытача. У гэтай сытуацыі мяне зьдзіўляе вось што... На пачатку восені выйшлі падпісаныя ў сьвет новымі рэдактарамі “Полымя”, “Маладосьць”, “Крыніца”, тады ж зьявіўся і “Дзеяслоў”. І ніхто з крытыкаў не зрабіў элемэнтарнага: не паклаў перад сабой гэтыя выданьні й не параўнаў!”

(Скобла:) “І чым яны толькі займаюцца, тыя крытыкі... Пасьля скандалу з утварэньнем гольдынгу прайшло зусім няшмат часу. І глядзі, што адбываецца: Леанід Галубовіч, які на нашым радыё заклікаў “не пакідаць дыктатуру ў спадчыну дзецям”, вярнуўся ў той самы гольдынг, пад кіраўніцтва Таісы Бондар (яе там празвалі Бэндэ-р). А ў другім нумары “Маладосьці” надрукаваныя творы Алеся Наварыча й Адама Глёбуса — таленавітых і нібыта таксама дэмакратычных пісьменьнікаў. Ці не азначае гэта, што ўсё паціху вяртаецца на кругі свае?”

(Пятровіч: ) “Мяне зьдзіўляюць трансфармацыі, якія адбываюцца зь людзьмі на нашых вачах. Мяне абурае тое, што робіцца сёньня з тым самым “ЛіМам”. Няўжо тыя вяртанцы лічаць, што свае паводзіны можна апраўдаць тым, што, маўляў, сем’і трэба карміць? Для мяне тут прыклад — Іван Антонавіч Брыль. Ён забраў свае творы з “Полымя”, хоць для яго, як пэнсіянэра, быў бы нялішнім той рубель, які ён мог атрымаць там у якасьці ганарару. Але ён цьвёрда стаіць на сваім прынцыпе, і яго за гэта можна толькі паважаць.

Мы з Эдуардам Акуліным, сыходзячы з “Полымя”, не рабілі гучных заяваў, не зьбіралі прэсавых канфэрэнцыяў. Мы ўзяліся за канкрэтную нялёгкую справу стварэньня новага выданьня і, як можам, робім яе. І робім яе ня толькі дзеля ўласнага самазаспакаеньня, але й дзеля тых нашчадкаў, пра якіх гаварыў Галубовіч”.

(Скобла: ) “Дзеяслоў” нямала хвалілі, а адным зь нешматлікіх папрокаў было тое, што некаторыя творы ў ім — перадрукі. Прынамсі, называлася паэма Ўладзімера Някляева “Палянэз”, якая спачатку ў “ЛіМе” публікавалася”.

(Пятровіч: ) “У “ЛіМе” публікаваліся толькі 17 разьдзелаў з 40. Чаму? Таму што паэма ня проста лірычная, яна яшчэ й востра палітычная. Шкада, што мы не зрабілі адной рэчы — ня вылучылі курсывам выкінутых зь “лімаўскай” публікацыі паводле цэнзурных меркаваньняў радкоў. З таго ўрыўку, які друкаваўся, было выкінута ўсё, што тычылася Пагоні, маскалёў ці князёў вялікалітоўскіх. Таму мы й вырашылі надрукаваць “Палянэз” цалкам. Дарэчы, гэта звычайная справа, калі аўтар прэзэнтуе свой твор у газэце й піша, што цалкам ён будзе надрукаваны ў нейкім часопісе. “Палянэз” паўтары гады чакаў свайго выдаўца й дачакаўся ...“Дзеяслова”.

(Скобла: ) “І апошняе пытаньне, якое хвалюе ўсю чытацкую грамадзкасьць, — калі зьявіцца другі нумар “Дзеяслова”?”

(Пятровіч: ) “У студзені. Мы хочам выйсьці на пэрыядычнасьць — раз на тры месяцы. Спадзяюся, што новы нумар не расчаруе нашых чытачоў і будзе ім добрым падарункаў на Каляды, зь якімі я віншую праваслаўных слухачоў Радыё Свабода. Жадаю ўсім самастойнасьці й самавітасьці, і — не забывацца на словы, якія сталіся эпіграфам да першага нумару “Дзеяслова”: “Жыцьцё кароткае — Радзіма вечная”.
XS
SM
MD
LG