Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Іваноўскі: “Інтэлігенцыя ня мае права на маўчаньне”


Міхась Скобла, Менск

Мастак — масток паміж сучаснасьцю й вечнасьцю. Але бывае, што сучаснасьць палоніць яго й робіць сваім закладнікам. Гарадзенскі творца Зьміцер Іваноўскі меў 26 пэрсанальных выставаў за мяжой і быў шэсьць разоў асуджаны на Радзіме. Гэткая вось паказальная арытмэтыка. І ўсё ж, нягледзячы на рэпрэсіі, Іваноўскі працягвае займацца грамадзкай дзейнасьцю. Сёньня ён стаіць на чале “Гарадзенскага выбару”. Што гэта за выбар і якія ў яго мэты й задачы? З адказу на гэтае пытаньне й пачалася нашая гутарка з мастаком.

(Зьміцер Іваноўскі: ) “Гарадзенскі выбар — гэта шырокі дэмакратычны рух. Сёньня ўсе ведаюць, што адбывацца ў дэмакратычным полі — бясконцае дзяленьне, драбленьне раздробленага. “Гарадзенскі выбар” якраз ініцыюе збор усіх сілаў — ад асобных людзей да грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў — у адзін кулак. Галоўная мэта ва ўсіх адна — паскорыць у Беларусі перамены да лепшага”.

(Міхась Скобла: ) “Вось мы сядзім з вамі ў вашай майстэрні, на сьценах — каля сотні жывапісных працаў, месца якім, на маю думку, у галерэях ды музэях. І ў той жа час вы ахвяруеце творчым жыцьцём дзеля палітыкі. Можа, мастаку, якому працуецца, пішацца, месца зусім не на забароненым пікеце, а каля мальбэрту?”

(Іваноўскі: ) “Зразумела, што каля мальбэрту. Гэта тое самае, што пытаць у токара альбо сьлесара, дзе іх месцы… Сёньня можна займацца чыстым мастацтвам і не заўважаць усяго таго, што робіца вакол. А можна заўважаць і рабіць нешта канкрэтнае, каб зьмяніць сытуацыю. Я стаяць убаку не магу”.

(Скобла: ) “Беларускі мастак, шасьцёрачы асуджаны — мня ня йдзе з галавы гэты факт. А за што сёньня судзяць мастакоў, прыгадайце адзін з выпадкаў?”

(Іваноўскі: ) “Летась спаўнялася 40 гадоў, як зьнішчылі гарадзенскі касьцёл — славутую Фару Вітаўта. Мы падалі заяўку на правядзеньне мітынгу-рэквіему на месцы, дзе стаяў касьцёл. Нам было адмоўлена. Людзі сабраліся на месцы разбуранага касьцёла, я выступіў і сказаў, што ўлады не дазволілі правядзеньне мітынгу, а таму запрашаю ўсіх памаліцца.

Потым у рашэньні Ленінскага раённага суду Горадні я прачытаў: “Ивановский выступил перед собравшимися, объявил, что митинг не состоится и пригласил всех помолиться. На что собравшиеся ответили песнопением и молитвой, что можно расценивать как митинг”. І за гэта я атрымаў паўтара мільёна рублёў штрафу”.

(Скобла: ) “Перад нашай гутаркай Зьміцер Іваноўскі паказаў мне афіцыйны дакумэнт — рашэньне Гарадзенскага гарвыканкаму адносна таго, калі і як можна праводзіць пікеты ў Горадні. Такое адчуваньне, што з гарвыканкаму паўцякалі на вольны хлеб усе юрысты…”

(Іваноўскі: ) “Гэта рашэньне Гарадзенскага выканаўчага камітэту №163 ад 7 сакавіка 2002 году. У ім як бы спрасаваны ўвесь абсурд сёньняшняй выканаўчай улады. Я падаваў заяўку на правядзеньне пікету па правах чалавека. Атрымаў вось гэты дакумэнт. У ім напісана, па-першае: адмовіць у павядзеньні пікету згодна з заяўленай тэматыкай. Гэта значыць, па правах чалавека ў нас праводзіць пікетаў нельга.

Па-другое, у рашэньні гаворыцца, што пасьля такой заяўкі на пікет я нясу адказнасьць у выпадку правядзеньня любога пікету ў Горадні. Гэта значыць, што маю асобу прызнаюць вышэй за міліцыю, якая па законе адказвае за парадак у часе падобных акцыяў. Па-трэцяе, у дакумэнце сьцьвярджаецца, што пад адказнасьць Іваноўскага гарвыканкам ня будзе даваць згоду на правядзеньне грамадзкіх мерапрыемстваў. А гэта значыць, што я бяз згоды гарвыканкаму ня маю права нават памерці — яны не засьведчаць. Таму будзем жыць”.

(Скобла: ) “Так што пэрспэктыва ў вас аптымістычная. Я памятаю, як улады забаранілі вашую выставу ў Ваўкавыскім гістарычным музэі. Вось у вас адбылося 26 выставаў у Эўропе, за заходняй мяжой. А ў родным Ваўкавыску забаранілі. Ня крыўдна?”

(Іваноўскі: ) “Гэта рэаліі дня. Афіцыйна мне было патлумачана, што ў музэі пацёк дах, таму выстава немагчымая. Гэта, я лічу, дробненькі выпадак нашага жыцьця, таму што такія выставы, не адкрыўшыся, закрываюцца паўсюль. Спачатку даюць згоду — прыяжджайце, выстаўляйцеся, але потым усё раптам адмяняецца”.

(Скобла: ) “У гэтай забароненай у Ваўкавыску выставы мог бы быць яшчэ адзін сэнс і падтэкст. Справа ў тым, што ладзілася яна ў музэі імя Баграціёна, які амаль цалкам прысьвечаны вайне 1812 году й завешаны партрэтамі расейскіх генэралаў. А Іваноўскі меў намер выставіць творы на тэму беларускай вайсковай славы. А цяпер уявіце сабе Кутузава поруч зь вялікім князем Вітаўтам, ці Барадзіно і — бітву пад Воршай… Гэткае сумяшчэньне несумяшчальнага”.

(Іваноўскі: ) “Сёньня такую несумяшчальнасьць можна назіраць на кожным кроку. Прыкладам, я, грамадзянін Беларусі, жыву на вуліцы Суворава. Гэта дзіка, бо Сувораў з ног да галавы вымыты ў крыві беларусаў! Гэта жудасны пэрформанс!

І гэта часам я сьвядома пераношу на свае карціны. На адной зь іх цудоўна сумяшчаюцца, прыкладам, Ленін і Лукашэнка, сумяшчаецца мундзір Мураўёва-вешальніка зь сёньняшнім прэзыдэнтам. А калі б у Ваўкавыскім музэі павесіць поруч Суворава й Касьцюшку, то адразу ўвідочнілася б уся хлусьня афіцыйных гісторыкаў. Адбылася б яшчэ адна своеасаблівая “бітва пад Воршай”.

(Скобла: ) “Не бяруся цьвердзіць, наколькі сумяшчальныя Ленін і Лукашэнка, але можна прадоўжыць закранутую тэму: правадыры ў мастацтве. Ідучы да вас, я набыў у шапіку шыкоўны альбом “Музэй гісторыі аховы”, выдадзены Міністэрствам унутраных справаў.

Аказваецца, адным з самых каштоўных экспанатаў міліцэйскага музэю, што месьціцца ў Менску на вуліцы Грушаўскай, зьяўляецца бюст Аляксандра Лукашэнкі, паказаны ў альбоме і ў профіль, і ў анфас. Як бы вы ацанілі гэты твор з чыста мастацкага гледзішча?”

(Іваноўскі: ) “Мне нават прыемна, што гэты бюст знаходзіцца ў музэі гісторыі аховы. Вось каб яго самога — за шкло і ахоўваць, гэта было б цудоўна. А сама выява — гэта ікона пры жыцьці, відаць сам сябе чалавек так бачыць. Бюст стаіць на тле надпісу: “Усё, што створана народам, павінна быць надзейна абаронена”.

Яго сапраўды стварыў народ, але народ можа яго й ператварыць у штосьці іншае. Мы гэта ўжо праходзілі. І ня раз. І помнікі на пляцах ставілі, і партрэты ў кожным кабінэце вешаліся. Што зь імі было пазьней — вядома”.

(Скобла: ) “У лістападзе мы звыкла перажылі нашэсьце кастрычніцкіх сьвятаў. І ў сваім мастацтве вы не пазьбягаеце чырванасьцяжнай тэматыкі. Чаму вы лічыце патрэбным вяртацца да савецкага мінулага?”

(Іваноўскі: ) “Гэта не маё асабістае вяртаньне. Гэта ўсю нашую краіну спрабуюць туды вярнуць. У афіцыйных сродках масавай інфармацыі працягваецца шальмаваньне беларускай нацыянальнай сымболікі, маўляў, пад ёй адбываліся страшныя падзеі падчас нямецкай акупацыі.

Але, людзі, прыгадайце, што адбывалася пад чырвона-зялёнай, пад чырвонай зь сярпом і молатам?! Мільёны людзей ляглі, і да гэтай пары невядома, дзе іх косьці знаходзяцца. Паглядзіце беларускую энцыкляпэдыю, нават тую, што выходзіць у нашыя дні, адгарніце артыкул “сталінскія рэпрэсіі”, параўнайце сёньняшнія і тагачасныя рэаліі й вы жахнецеся падабенству! Так што майго асабістага вяртаньня няма…”

(Скобла: ) “Гэта перасьцярога, так?”

(Іваноўскі: ) “Гэта проста рэаліі. Я жыву ў гэтай краіне й ведаю ўвесь уціск і абсурд нашага жыцьця”.

(Скобла: ) “Нядаўна дэмакратычная інтэлігенцыя пастанавіла 5 студзеня сабрацца на свой зьезд. А што можа інтэлігенцыя, якая, як зазначалася на адным зь мінулых форумаў, апынулася сёньня перад спакусай маўчаньня?”

(Іваноўскі: ) “Жыцьцё паказвае, што нават адзін у полі воін. Патэнцыял у інтэлігенцыі высокі, і ён будзе яшчэ вышэйшым, калі яна зьяднаецца. Сёньня інтэлігенцыя ня мае права на маўчаньне, яна павінна рабіць усё магчымае, каб адкрыць людзям вочы. Асабіста для мяне спакусы маўчаньня не існуе.

Часам хтосьці гаворыць: напішу пазьней, зраблю пазьней, бо цяпер цяжка, можна за свой твор атрымаць пакараньне. Нельга так рабіць. Трэба рабіць сёньня, заўтра гэта будзе хлусьня. Пісьменьнікам сёньня даводзіцца пісаць у стол, мастакам — у майстэрню. Але шлях да людзей заўсёды можна знайсьці. І людзі ўбачаць, і зразумеюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG