Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Пушкін: “У свабоднага мастака праблемы з уладай будуць заўсёды”


Міхась Скобла, Менск

Ледзь ня кожны выступ для Алеся Пушкіна заканчваецца пастарункам. Вось і 3 ліпеня, калі сталіца адзначала адразу некалькі дзяржаўных сьвятаў і на вуліцах віравалі шчасьлівыя людзкія натоўпы, мастака ізноў затрымалі і ў кайданках адвезьлі ў КПЗ. Што праўда, суд, які адбыўся назаўтра, цалкам апраўдаў і вызваліў арыштанта. Сёньня Алесь Пушкін — госьць “Вольнай студыі”. На пачатку нашае гутаркі я прапаную вярнуцца ў тыя ліпеньскія дні:

(Міхась Скобла: ) “Алесь, чаму ахоўнікам правапарадку не спадабаўся твой чарговы пэрформанс?”

(Алесь Пушкін: ) “1 ліпеня да мяне зьвярнуліся дзьве сяброўкі Беларускага задзіночаньня студэнтаў з просьбай, каб я заапекаваўся іх выставай “Голая студэнцкая праўда”. Я дапамог ім наладзіць экспазыцыю, быў у складзе журы.

А калі мне было прапанавана паказаць свой пэрформанс, я сказаў, што пакажу, але асобна ад студэнцкай імпрэзы, бо мая акцыя можа мець сур’ёзныя наступствы. Пэрформанс будзе прысьвечаны тэме калябарацыянізму ў гады другой сусьветнай вайны. І тут я ўбачыў, што студэнты забаяліся.

Я зладзіў сваю акцыю пад назвай “Жаўнер удачы” надвячоркам 3 ліпеня паміж рэстарацыяй “Папараць-кветка” і Чырвоным касьцёлам. Я ўзяў нямецкую аўчарку па мянушцы Ганс, апрануўся ў форму, якую насілі жаўнеры беларускіх нацыянальных фармаваньняў у гады вайны, узяў лялькі дзіцячыя, узяў 3 мэтры 70 сантымэтраў белай тканіны, а таксма белую й чорную фарбы.

Дзея пачалася пад музыку з альбому “Mutter” нямецкага гурту “Rammstein”. Я намаляваў беларускую васьміканцовую зорку, потым зьявілася аўчарка і пачала нешта вынюхваць. Нарэшце яна знайшла партрэты беларускіх генэралаў Усевалада Родзькі й Міхася Вітушкі. Іх лёсы надзвычай складаныя. Гэта тыя людзі, якімі мы павінныя ганарыцца, але дзякуючы каляніяльнай палітыцы беларускіх уладаў, іх дзейнасьць ужо 57 гадоў замоўчваецца, хоць у спэцсховах КГБ да гэтай пары захоўваюцца іх асабістыя справы. Родзька й Вітушка стваралі Беларускую незалежніцкую партыю.

І вось Ганс знайшоў іхныя партрэты…”

(Скобла: ) “А аўчарка Ганс тут выконвае ролю фашыста?”

(Пушкін: ) “Ня будзем тлумачыць, тут кожны павінен сам разьбірацца. Узяўшы лялькі, я разам з аўчаркай пайшоў купаць іх у басэйне, а пакупаўшы, роўненька расклаў іх перад партрэтамі. На прасьцірадле зьбіраўся напісаць лёзунг “Слава героям!”, які дзьве дзяўчыны з Коханава, Воля і Галя, павінны былі падняць над галовамі. Яшчэ дзьве дзяўчыны несьлі б партрэты Родзькі й Вітушкі, і мы б па праспэкце Скарыны, які на тую пару стаў пешаходнай зонай, прайшлі б да плошчы Перамогі. Бо, на маё перакананьне, лёсы Родзькі й Вітушкі наўпрост зьвязаныя з вызваленьнем Беларусі ад немцаў.

Але ўжо праз 10 хвілінаў да мяне падышоў ахоўнік правапарадку, лейтэнант, і папярэдзіў, што выклікае нарад міліцыі, паколькі мае дзеяньні ніяк не зьвязаныя са сьвяточным плянам мерапрыемстваў у горадзе. Неўзабаве зьявіўся і нарад, які мне загадаў тут жа сабраць усе свае рэчы. Я адмовіўся падпарадкоўвацца і пачаў нацкоўваць Ганса на міліцыянтаў…”

(Скобла: ) “Гэта сур’ёзна. Як рэагавалі міліцыянты?”

(Пушкін: ) “Я ледзь пасьпеў падняць угару партрэты генэралаў і крыкнуць: “Людзі! Памятайце аб подзьвігу Ўсевалада Родзькі й Міхася Вітушкі! Слава героям!” У мяне з рух выбілі партрэты, перакулілі фарбу, якая расьцяклася па ходніку і па чаравіках міліцыянтаў. Я супраціўляўся як мог, пакуль мяне не запіхалі ў варанок. Такім чынам, пэрформанс не ўдалося завершыць”.

(Скобла: ) “Як ты лічыш, чаму суд апраўдаў цябе? Твае дзеяньні можна было пры жаданьні кваліфікаваць як “злоснае хуліганства”.

(Пушкін: ) “У мяне такое ўражаньне, што яны ўсе былі разгубленыя. Бо ў той жа вечар быў зварот грамадзкасьці да Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы, яна зьвярнулася ў АБСЭ, а адтуль паступіў адпаведны ліст у беларускае МЗС.

Апрача гэтага, каля МЗС стаяў пікет з патрабаваньнем: “Свабоду Пушкіну!” Так што й на гэты раз мяне выратавалі журналісты (усьміхаецца). Чацьвертая ўлада…”

(Скобла: ) “Я ведаю пра твой намер стварыць перасоўную выставу забароненых у Беларусі твораў і паказаць іх у Эўропе. Ці шмат такога мастацтва табе ўдалося сабраць?”

(Пушкін: ) “На працягу апошніх шасьці гадоў назапасілася дастаткова фактаў умяшаньня цэнзуры ў мастацкае жыцьцё — у жывапісе, у тэатры, у музыцы, у кінэматографе. Прыкладам, з выставаў суполкі “Пагоня” шторазу зьнімалася шмат твораў, забараняліся фільмы Хашчавацкага, выступы Касі Камоцкай і Лявона Вольскага, опэры Солтана ў свой час тармазіліся. Многа помнікаў было не ўсталявана.

Усё гэта мной сабрана, і летась адбылася выстава ў сталічнай галярэі “Золата”, якая мела назву “Забаронена цэнзурай”. Мне хацелася б выдаць каталёг гэтай выставы — агулам там сабрана два дзясяткі твораў.

Мы хочам паказаць “Забаронена цэнзурай” у Маскве, Беластоку й Варшаве. Тут мне паабяцаў дапамогу праваабарончы цэнтар “Вясна” і яго кіраўнік Алесь Бяляцкі. Бо ўвесь гэты праект быў прымеркаваны да Дня правоў чалавека”.

(Скобла: ) “У адной з нашых мінулых перадачаў мастак Тодар Копша гаварыў, што творца, адмаўляючы, робіцца залежным ад аб’екту свайго адмаўленьня, як, дарэчы, і ўсхваляючы. Такім чынам, атрымліваецца, што, прыкладам, “Ліст беларускага народа вялікаму Сталіну” 1930-х гадоў і сучасная пародыя-інсталяцыя на Лукашэнку — творы роднасныя й небясьпечныя найперш для самога аўтара. У цябе няма такога адчуваньня?”

(Пушкін: ) “Вельмі спакусьлівая сёньня тэматыка ўладара й мастака. Гэта відно па пэрформансах і Маладога Фронту, і “Зубра”, і газэты “Навінкі”. І можа стацца, што ты, падымаючы гэтую тэму, можаш стаць карлікам, а той, каго ты высьмейваеш, будзе героем. Таму лепей за ўсё рабіць так, як рабілі мудрыя кагэбісты-бальшавікі: не заўважаць, не пісаць, не складаць, не маляваць.

Але тэма гэтая, уладара і яго адказнасьці, усё ж цікавіць мастакоў. У мяне два такіх творы — фрэска “Судны дзень” у Бобраўскай царкве, дзе ў гурце грэшнікаў намаляваны чалавек, што вельмі падобны на сёньняшняга кіраўніка дзяржавы, а таксама пэрформанс “Вазок гною для прэзыдэнта”.

Мне здаецца, што пасьля падзеяў 11 верасьня, пасьля палестынскай інтыфады, людзі зусім па-іншаму глядзяць на таго мастака-камікадзэ, які замест тачкі толу прыцягнуў да рэзыдэнцыі тачку гною. Той мой пэрформанс выглядае ўсё больш гумарным і сьмешным: ну, прышпілілі цябе віламі да кучкі гною — нікуды ў гісторыі ты ўжо ня дзенесься.

Сьвет не ўспрымае тэрарызм, не ўспрымае нават геройскія ўчынкі, калі яны гвалтоўныя, хай сабе й маюць высакародныя мэты”.

(Скобла: ) “На адным са сваіх пэрформансаў ты косіш ружы: звычайнай касой звычайныя расквітнелыя ружы. Дзея гэтая выглядае як забойства — жывыя ж кветкі. Прыгадваецца, як, здаецца, Мікелянджэла нібыта закалоў на крыжы натурніка, каб больш дакладна паказаць на палатне пакуты Хрыста. У сучасных пэрформансах шмат гульні са сьмерцю, часта выкарыстоўваецца вобразы катафалка, шыбеніцы, некага ў труне носяць-выносяць. Няўжо толькі падобным мастацтвам можна крануць сёньня людзкія душы?”

(Пушкін: ) “Вельмі сур’ёзнае пытаньне. Так, на фэстывалях пэрформансу заўважаецца цяга да сьмерці — тут можна прыгадаць творы Зьмітра Вішнёва, Юрася Барысевіча, Лявона Вольскага, Віктара Пятрова, Ігара Кашкурэвіча. Але трэба адыходзіць ад гэтай тэматыкі.

Даволі касіць касою ружы, якія прарасьлі праз чорныя сходы — гэта быў пэрформанс “Няміга”. Жыцьцё ж квітнее навакол, сьмерць сухая, а жыцьцё буяе. Вечная памяць цяжкому мастацтву, стагнацыі, трунам, ружам і косам! Жыве мастацтва сонечнае, маладое, як мёд залацісты!”

(Скобла: ) “Ты ў сваіх пэрформансах бязьлітасна эксплюатуеш сваё цела. Гэтак у творы пад назвай “Фэнікс Беларусі” ты сам сябе падпальваеш, у пэрформансе “Язафат Кунцэвіч” ты плывеш у чаўне па зімовай зьледзянелай Дзьвіне, а ў пэрформансе “Зь мінуўшчыны” выліваеш на палатно 300 грамаў уласнай крыві. Уяўляю, як скалануліся каля прыймачоў нашыя слухачы... Гэта ўжо нават не экстрым, гэта пагроза жыцьцю. Хіба мастацкі вобраз, здабыты, створаны з пагрозай для жыцьця, больш каштоўны?”

(Пушкін: ) “Гэта ня трэба разумець як мазахізм. Маўляў, нехта сьцябае сябе плёткай, а вось Пушкін зь мянтамі валтузіцца, кроў сабе пускае й ходзіць па Віцебску босым у васьміградусны мароз. Не. Я — праваслаўны артадокс. І гэта ляжыць у аснове таго, што я не шкадую сябе. Бо сказана ў Бібліі: “Пакутамі амыюся й пакутамі абялюся”. Мне больш павераць, калі я буду ісьці босым па сьнезе і лягу сам, а не пакладу манэкен, ці падсьцялю саломкі там, дзе трэба паваліцца.

Мне раілі прагматычныя людзі — навошта табе ўласная кроў? Вазьмі купі на рынку кроў для крывяных каўбасаў і зробіш той самы пэрформанс. Я не пагадзіўся, бо гэта быў бы падман гледача. А гэта будзе кроў аўтара — зусім іншы канцэптуальны акцэнт робіцца. Толькі вера і нейкая ўсходняя ўтрапёнасьць і робяць зь мяне гэтую бяду — мастака-пэрформэра”.

(Скобла: ) “У цябе інтэнсіўнае, насычанае жыцьцё. Што праўда, падзеі ў ім пачынаюць паўтарацца. Стварыў — паказаў — арышт — суд. Стварыў — паказаў — арышт — трое сутак. Рамантыка… Цябе не бянтэжыць тая акалічнасьць, што ўлада ўвесьчасна ўмешваецца ў тваю творчасьць?”

(Пушкін: ) “Вядома, не. Я спадзяюся, што час стагнацыі хутка скончыцца, і грамадзтва з разуменьнем будзе ставіцца да мастакоў. Закончацца й мае дурацкія арышты, суды й суткі, якія мне вельмі не падабаюцца, бо цягнуць за сабою абмежаваньне свабоды.

З-за таго, што быў судзімы, я ня змог выехаць у ЗША, дзе ў Кліўлэндзе павінен быў расьпісваць беларускую царкву, ня быў выпушчаны ў Польшчу для ўдзелу ў выставе. Мне вельмі хочацца выстаўляцца ў Нацыянальным мастацкім музэі, у Палацы мастацтва, каб ніякі старшыня Саюзу мастакоў не зьнімаў маіх працаў...

Але я ведаю цьвёрда: сын паліцая, які вазіў тачку гною Лукашэнку, пры цяперашняй уладзе ня будзе прызнаны афіцыйна. Але ў свабоднага мастака праблемы з уладай будуць заўсёды”.
XS
SM
MD
LG