Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Язэп Янушкевіч: “Першаму прэзыдэнту Беларусі прысьвячаецца”


Міхась Скобла, Менск

Уладары розных часоў і народаў па-рознаму застаюцца ў гісторыі. У гонар адных узводзілі велічныя піраміды, партрэты другіх друкавалі на грашах, трэцім адлівалі помнікі з праўдзівага золата, імёнамі чацьвертых пры іхным жыцьцёва называлі гарады...

Сёньня зарана вызначаць месца ў гісторыі першага прэзыдэнта Беларусі — яго актыўная дзейнасьць працягваецца. Але, безумоўна, кніжка, якую я трымаю ў руках, паспрыяе таму, каб нашыя нашчадкі мелі пра яго як мага больш поўнае ўяўленьне.

Кніжка пад назовам "Самы настаяшчы", як пазначана на шмуцтытуле, прысьвячаецца першаму беларускаму прэзыдэнту й складаецца з твораў і экспромтаў розных жанраў. Яна пабачыла сьвет у выдавецтве "Контра-Пресс", у ёй амаль 200 старонак, месцам выданьня пазначаныя Менск-Варшава-Масква. Сёньня пра гэтае выданьне мы пагаворым зь вядомым літаратуразнаўцам, кандыдатам філялёгіі Язэпам Янушкевічам.

(Міхась Скобла: ) "Язэп, пасьля прачытаньня кніжкі "Самы настаяшчы" мне падумалася, што напісаная яна "для дому, для альбому і трохі для эпохі". Розныя жанры, розныя паводле мастацкага роўню тэксты. Хацелася б пачуць меркаваньне адмыслоўца — у чым мастацкая вартасьць кніжкі?"

(Янушкевіч: ) "Мастацкая вартасьць кожнага твору мастацтва вывяраецца найперш часам. Ніхто ня ведае, што стане актуальным празь дзесяцігодзьдзе ці, тым больш, стагодзьдзе. Ніхто ня ведае, чым будзе каштоўнае альбо сьмешнае вашае жыцьцё праз пэўны час. Што да гэтага невялікага зборніка: я тут бачу ўжо вядомыя тэксты, прычым вядомыя ня толькі ў літаратурных колах, але й у больш шырокім кантэксьце. Найперш гэта дзьве паэмы, якія, я лічу, ужо перажылі свой час".

(Скобла: ) "Ты маеш на ўвазе паэмы "Лука Мудзішчаў — прэзыдэнт" і "Адказ Лукі Мудзішчава Ведзьмаку Лысагорскаму"?"

(Янушкевіч: ) "Так. Быў час рэпрэсіўны адносна гэтых тэкстаў, калі лёс іх вырашаўся ў судовым парадку. У тым працэсе давялося паўдзельнічаць і мне. Ня так у абароне тэкстаў ці мажлівага аўтара, як у сьцьверджаньні таго, што нельга літаратуру, прыгожае слова рабіць падсудным. За тое, што гэтыя дзьве паэмы маюць мастацкую вартасьць, гаворыць і тое, што ўжо сем гадоў яны існуюць у нашай сьвядомасьці. У іх усё ёсьць — і лёгкасьць стылю, і вобразнасьць. У паэмаў ёсьць усе шанцы стаць хрэстаматыйнымі, як у свой час стала ананімная паэма, візытоўка беларускай літаратуры 19 стагодзьдзя "Тарас на Парнасе".

Хоць, паўтаруся, складана меркаваць, як выблісьне мастацкі твор у часе. Вось неўзабаве будзе адзначацца 150-годзьдзе "Тараса на Парнасе". Плянуецца выдаць яе ў арыгінале і ў перакладзе на паўдзясятка моваў. Думаю, і для кніжкі "Самы настаяшчы" найбольшым сьведчаньнем яе неўміручасьці стаўся б пераклад найлепшых тэкстаў зь яе на мовы сьвету, прымеркаваны, скажам, да стагодзьдзя яе аўтараў. Я думаю, што да таго часу яны не застануцца ананімнымі. Мяркую, што нашым суседзям было б цікава прачытаць творы з "Самага настаяшчага", народжаныя нашым сёньняшнім палітычным кантэкстам".

(Скобла: ) "У кнігу "Самы настаяшчы" ўвайшлі ня толькі ананімныя творы. Сярод яе аўтараў — Ніл Гілевіч, Максім Лужанін, Пятрусь Макаль, Адам Глёбус, Сяржук Сокалаў-Воюш, Сяргей Патаранскі...

Тут я хацеў бы зрабіць невялікі літаратурны экскурс. У 1919 г. у газэце "Звон" быў надрукаваны верш Я.Купалы "Паўстань", прычым надрукаваны поруч з артыкулам пра Пілсудзкага ды ягоным партрэтам. Праз пэўны час органы савецкай дзяржбясьпекі палічылі, што купалаўскі радок "На ўладара жджэ Беларусь даўно..." адрасаваны менавіта маршалу Пілсудзкаму. І Купала ў сваім вядомым перадсьмяротным лісьце да старшыні ЦВК Аляксандра Чарвякова мусіў апраўдвацца з гэтай нагоды.

Творы Н.Гілевіча "Сакавіцкая прыпавесьць" і П.Макаля "Бойцеся лёкая" — невядома пра каго. Героя аднаго твора завуць Цю-Цю, другі твор — проста пра лёкая. Але зьмешчаныя пад вокладкай з партрэтам "самага настаяшчага", яны як бы адрасуюцца яму. Як бы вырашае кантэкст, а ня тэкст. З улікам таго, што, як пазначана ў кнізе, творы выкарыстаныя бяз згоды й ведама аўтараў, ці не паўтарыцца з часам той гістарычна-літаратурны казус, што адбыўся зь вершам Купалы ў 1930 годзе?"

(Янушкевіч: ) "Каб тое, пра што ты кажаш,магло паўтарыцца, трэба праецыраваць у нашую сёньняшнюю рэчаіснасьць падзеі 30-х гадоў. Я перакананы, што мы ў тыя змрочныя часы ніколі ня вернемся. А калі б гіпатэтычна гэта адбылося, то я думаю, што такія постаці й асобы, як названы табою Ніл Гілевіч, мелі б мужнасьць трымаць адказ за кожны свой твор на любым судзе, тым больш зямным".

(Скобла: ) "Перш чым задаць наступнае пытаньне, я б хацеў зьвярнуць увагу нашых слухачоў на адзін твор, а менавіта на "Ліст сялянаў Шклоўшчыны да "бацькі", які выклікае ў памяці незабыўныя звароты беларускага народу да Іосіфа Сталіна. У лісьце шклоўскіх сялянаў адрасат зьніштажальна крытыкуецца, у адрозьненьне ад лістоў Сталіну, дзе апошняму выказана безьліч дыфірамбаў. Наколькі гэта ў традыцыях беларускай літаратуры — пісаць лісты ўладарам?"

(Янушкевіч: ) "На памяць адразу прыходзіць прыклад зь літаратуры суседняй — небезьвядомы ліст запароскіх казакаў турэцкаму султану. А ў беларускай мне вядомы падобны ліст аднаго селяніна яшчэ з пазамінулага, 19 стагодзьдзя. Гэта ананімны верш са словамі: "Скажы, вяльможны пане, што ў нашым будзе стане, бо нешта нам казалі, што вы няслушна давалі ў марцы падымнэго..." і г.д. А пан адказвае: "А цо табе, хлопе, да тэго?"

Што праўда, для твораў таго часу была ўласьцівая атмасфэра беларуска-польская. А ў звароце шклоўскіх сялянаў пануе стыхія ўсходняя, беларуска-расейская. Прыгаданы ліст селяніна 19 стагодзьдзя таксама не бяскрыўдны. Толькі з-за яго быў забаронены цэнзурай і цалкам сканфіскаваны ў 1838 годзе літаратурны зборнік "Баян". Улады палічылі, што пад вобразам пана маецца на ўвазе й высьмейваецца ўсё тагачаснае кіраўніцтва гэтай зямлі. Бо селянін, ня зьбіты з панталыку фанабэрыстым адказам пана, працягнуў гаворку: "Праўда, што вы панамі, пакуль жывяце над намі". Сатырычнасьць, здольнасьць падсьмяяцца над сабою і тым больш над бязглуздым уладаром заўсёды была ўласьцівая беларусам”.

(Скобла: ) "Я прапаную слухачам урывак зь "Ліста сялянаў Шклоўшчыны да "бацькі".

Чалом, чалом, наш "бацька" родны!

Ты, кажаш, нейкі там палітык...
Але ж нам тое ўсё няўцям.
От хай бы лепш хвасты круціў ты
Рыжкавічанскім бугаям.
Мо выйдзе новая парода —
"Во славу русскага народа"?

Трымаеш моцна ты уладу,
Зубамі ўгрызься — "Не пуш-шу!"
А лясьне сьмерць сярпом па заду —
І ўладу страціш і душу!
Але табе — хоць з голым задам —
Абы камандаваць парадам!

Пазьняк — ня наш, то аксыёма.
Чыгір — ня той, усім вядома.
А у Статкевіча й Грыба —
Занадта тоўстая губа.
Зь іх кожны — брыдкі і лядашчы,
А ты — "красавец настаяшчы"!

Лябедзька, Домаш і Шарэцкі —
Народ нязнаны і прасьцецкі.
І толькі ты, наш бацька родны,
Ты без улады — як галодны!”

(Скобла: ) "Як бачым, твор надзвычай палітызаваны. У яго нават трапілі ці ня ўсе дзейныя апазыцыйныя палітыкі.

У кніжцы "Самы настаяшчы" прадстаўленыя розныя жанры — ёсьць сатырычныя паэмы, вершаваныя прыпавесьці, нават адна ўрачыстая араторыя, якая, паводле аўтарскай рэмаркі, "выконваецца й слухаецца выключна стоячы".

Маецца ў кнізе й некалькі гімнаў. Сёньня ў нашай краіне назіраецца працэс актыўнай гімнатворчасьці. Дык мо ня варта беларускім паэтам ня спаць начамі, прыдумляць нешта новае, мо варта — наўсьлед за Расеяй — выкарыстаць падноўлены савецкі варыянт, адзін са зьмешчаных у кніжцы?"

(Янушкевіч: ) "Ну, паэтам ня спаць начамі заўсёды карысна".

(Скобла: ) "А цяпер да ведама нашых слухачоў і Дзяржаўнай камісіі, якая павінна прыняць і зацьвердзіць гімн, — адзін з варыянтаў тэксту магчымага беларускага гімну ўзору 2002 году:

Дзе беларусы, тыя, што з Русьсю
Разам шукалі да шчасьця дарог?
Нехта забыты, нехта забіты,
Рэшта загінула па лягерох!

Маці-Расея гора нам сее,
Войны, галечу мы зь ёю знайшлі.
У бітвах за волю, у бітвах за долю
Зь ёй мы згубілі палову зямлі.

Нас абражае Леніна імя,
Сталіна імя і гэтак далей.
Што вы прынесьлі нашай Радзіме?
Лягер сыбірскі ды маўзалей!”

(Скобла: ) "Кніжка "Самы настаяшчы" цікавая ня толькі вэрсыфікацыямі на актуальныя палітычныя тэмы. У ёй я адшукаў тое, што ў нашай краіне зьяўляецца ледзь не дзяржаўнай таямніцай — зьвесткі пра бацькоў ды блізкіх сваякоў першага прэзыдэнта Беларусі.

Прызнаюся, у свой час я прачытаў "дакумэнтальную" аповесьць У.Якутава пра юнацтва Лукашэнкі, але не знайшоў там ні слова пра таямнічага Рыгора, які адзін меў ці мае права назваць "усенароднага бацьку" сынком...

У зборніку "Самы настаяшчы" мяне таксама ўразіў той факт, што хату, у якой узгадаваўся Аляксандар Рыгоравіч, ужо пасьля таго, як ён стаў прэзыдэнтам, спалілі ў кацельні калгасу "Дуброўка" Шклоўскага раёну. Якімі памкненьнямі можа кіравацца чалавек, які загадвае разабраць і спаліць родную хату?"

(Янушкевіч: ) "Самае горшае й самае балючае — адрачэньне ад сваіх гнёздаў і сваёй роднай мовы. Мне дае адчуваньне стрыжня ў жыцьці тое, што я ведаю — у мяне на радзіме стаіць мая родная хата, у якой нас узгадавалася пяцёра. Калі ты пазбаўляесься родных сьценаў, то ты самахоць адракаесься родных каранёў. Такая безгаловасьць у нашага народу ніколі не была ў пашане".

(Скобла: ) "А на адвітаньне — самы кароткі твор з кніжкі "Самы настаяшчы". Загадка з найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі: галава лысая, а розум кучаравы". Хто гэта?"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG