Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генадзь Бураўкін: “Партыйныя лідэры не прыслухоўваюцца да голасу інтэлігенцыі”.


Міхась Скобла, Менск

“Мне ня страшна за сабой паліць падгнілыя масты маёй эпохі”, — напісаў паэт, які ў той самай эпосе сядзеў у міністэрскім крэсьле. Але прыходзіць час, калі самыя высокія чыноўніцкія крэслы й самыя шырокія прыўладныя лавы мізарнеюць, а на зьмену партыйным статутам прыходзіць напісаны ўласным розумам, гонарам і сумленьнем кодэкс.

Майму сёньняшняму суразмоўцу не адмовіш у дакладна вызначанай грамадзянскай пазыцыі, якая праяўлялася і ў 1995-м, калі ён сышоў зь дзяржаўнай службы, і ў 2001-м, калі ён адкрыта падтрымліваў палітычную апазыцыю.

(Міхась Скобла: ) “Генадзь Мікалаевіч, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў мінула роўна 5 месяцаў, а падобна на тое, што грамадзтва да гэтай пары ня можа як сьлед ачомацца. Калі да 9 верасьня былі пэўныя спробы гуртаваць апазыцыйна настроеную частку грамадзтва, то пасьля запанавалі дэзарганізацыя і бязладзьдзе. Няма лідэра, няма той арганізацыі, вакол якой канцэнтраваліся б апанэнты ўлады. Што, безумоўна, на руку той самай уладзе. Якое вам бачыцца выйсьце з гэтай сытуацыі?”

(Генадзь Бураўкін: ) “Сапраўды, у грамадзтве назіраецца пэрыяд апатыі й расчараваньня, а быць можа, нават і разгубленасьці. І я ня бачу тут нічога алягічнага. Але рабіць з пройгрыша на выбарах трагедыю — ня трэба. Гэта толькі сьведчыць пра нясталасьць як нашых палітычных партый, гэтак і ўсёй грамадзянскай супольнасьці. Мы, беларусы, абавязкова хочам бачыць перад сабой лідэра. Але мы пераможам толькі тады, калі зразумеем, што справа ня толькі ў лідэры, а нават і ня столькі ў лідэры.

Уся справа ў ідэі, а менавіта ў нацыянальнай ідэі. У нашым грамадзтве няма дастаткова шырокага разуменьня й прыняцьця яе. Пакуль мы ўсе не адчуем, што вырашаецца лёс беларускай дзяржаўнасьці, да таго часу мы будзем шукаць сабе нейкага апраўданьня — то лідэр ня той аказаўся, то дапамога не з таго краю прыйшла. Выйсьце адно — у нацыянальнай ідэі, у нацыянальным згуртаваньні”.

(Скобла: ) “А каб згуртаваць грамадзтва, неабходна спачатку згуртаваць эліту грамадзтва. Тут я хацеў бы прыгадаць прыклад з гісторыі. З чужой гісторыі. З гісторыі франкісцкай Гішпаніі.

На пачатку 1940-х гадоў 200 самых вядомых інтэлектуалаў Каталёніі (гэта гістарычная вобласьць Гішпаніі) сабраліся на гары Мансэрат і прынялі адозву да дыктатара Франка, дзе патрабавалі незалежнасьці й выкананьня правоў чалавека. Ці магчыма нешта падобнае ў нас? Ці нашы інтэлектуалы, як, скажам, і прафсаюзы, да дружнага, згуртаванага пратэсту ня здольныя?”

(Бураўкін: ) “У нашай эліты разуменьне неабходнасьці гуртавацца, пра якое ты кажаш, спасылаючыся на гісторыю Гішпаніі, ёсьць. Свой заклік да народу, да супольніцтва міжнароднага беларуская нацыянальная эліта зрабіла. Я маю на ўвазе Ўсебеларускі зьезд за незалежнасьць. Калі мы, прадстаўнікі нацыянальнай незалежнасьці, адчулі пагрозу, якая навісла над нашай незалежнасьцю, мы зрабілі тое, што маглі зрабіць — мы склікалі і правялі Зьезд.

Для мяне й сёньня дзіва дзіўнае, якія нашыя партыі нясьпелыя, недальнабачныя. Яны ня толькі не падхапілі гэтую зробленую, я лічу, гістарычную справу, але адсунулі яе на другі плян. Чым увогуле нашы партыі займаліся апошнім часам? Займаліся парлямэнцкімі й прэзыдэнцкімі выбарамі — вельмі добра. Займаліся ўсталяваньнем стасункаў з Эўропай — цудоўна. Займаліся выкрыцьцямі — гэта таксама трэба.

Але самае галоўнае — гэта пытаньне беларускай незалежнасьці, а яно стаіць да гэтага часу. Паглядзіце, як пад нашу эканоміку хітра й падступна падкопваюцца імпэрскія шавіністычныя сілы Расеі. Паглядзіце, як паступова ўлада пачынае здаваць нашыя лепшыя, самыя буйныя прадпрыемствы нафтаперапрацоўчай прамысловасьці, ці тую ж “Белшыну” — расейскім алігархам, гэтым эканамічным бандытам!

Ідзе эканамічнае заваяваньне Беларусі, а нашы партыі працягваюць займацца нейкімі нутранымі разборкамі — хто зь іх больш важны, хто зь іх большы прарок. А трэба працаваць на тое, каб людзі зразумелі, што мы сёньня можам страціць тое, за што змагаліся вякамі, — нашу дзяржаўнасьць. Трэба ёю карыстацца, трэба даводзіць яе да ладу.

Трэба сказаць, што ўвогуле нашы партыі ня вельмі прыслухоўваюцца да беларускай інтэлігенцыі, да нацыянальнай эліты. Можа быць, яны лічаць, што эліта — гэта партыйныя лідэры, а ня тыя выдатныя таленты, якімі мы ганарымся — Янка Брыль, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Радзім Гарэцкі, Анатоль Грыцкевіч. Бо да думак і адчуваньняў апошніх партыйныя лідэры адносяцца неяк звысоку”.

(Скобла: ) “На гэтым тыдні многія сродкі масавай інфармацыі працягвалі адсочваць сытуацыю, што склалася вакол Саюзу пісьменьнікаў. Група вядомых літаратараў, сярод якіх і ваша прозьвішча, накіравала зварот да прэм'ер-міністра Генадзя Навіцкага, вытрыманы ў даволі катэгарычным тоне.

Але ж перад гэтым органы ўлады, як прызналася ў нашай мінулай пргаграме старшыня пісьменьніцкага Саюзу Вольга Іпатава, не адказалі на 12 (!) падобных зваротаў. Тут мне прыгадваецца радок Уладзімера Дубоўкі: “Думкі лятуць, як дэпэшы без адрасу”. Дык ці ёсьць сэнс у напісаньні падобных дэпэшаў?”

(Бураўкін: ) “Мы абавязаныя людзям, якія яшчэ прыслухоўваюцца да пісьменьнікаў, да інтэлігенцыі, данесьці праўду. Данесьці тое, што мы не прымаем тых нахабных адносінаў нашай улады да беларускай культуры, якія назіраюцца апошнім часам. Каб людзі ведалі, што мы не маўчым, калі зьнішчаецца беларуская мова.

У тым звароце мы аргумэнтавана даказваем, што ў адносінах да Саюзу пісьменьнікаў з боку ўлады былі парушаныя ўсе, якія толькі магчымыя, законы. Ідзе абсалютна адкрытае задушэньне Саюзу пісьменьнікаў. Мне могуць запярэчыць — а што такое ўвогуле гэты Саюз пісьменьнікаў? Нейкая дзіўная, яшчэ са сталінскіх часоў, арганізацыя...

Возьмем такую элемэнтарную рэч. Калі выступаюць В.Быкаў, Р.Барадулін ці В.Казько паасобку — то гэта адно, калі мы падпісалі гэты зварот, то там нас дзесяць. А калі выступае Саюз — то гэта 500 чалавек! І гэта ўжо зусім іншыя адносіны. І тое, што наша сёньняшняя ўлада так ставіцца да Саюзу пісьменьнікаў, гэта паказчык таго, як яна ставіцца да духоўнага ў жыцьці беларусаў, да беларусаў увогуле”.

(Скобла: ) “Раней было прынята лічыць, што шмат якія антыбеларускія дзеяньні ўлады зробленыя з падказкі, альбо справакаваныя былым намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімерам Замяталіным. Так меркавала, прынамсі, частка інтэлігенцыі.

Замяталін — у адстаўцы, а разам зь ім — і памочнік прэзыдэнта Сяргей Посахаў, якога таксама нельга назваць прыхільнікам беларускай нацыянальнай палітыкі. Але ж нічога не зьмянілася — русіфікацыя працягваецца, незалежнасьць па-ранейшаму пад пагрозай. Якую ролю ў беларускай сытуацыі адыгрывае сьвіта, і ці істотны яе ўплыў на караля?”

(Бураўкін: ) “Я не сумняваюся, што ўплывае, і нярэдка даволі сур’ёзна. У свой час, калі адбывалася сустрэча Рады Саюзу пісьменьнікаў з Аляксандрам Лукашэнкам, я вельмі востра крытыкаваў Замяталіна. І быццам бы была маўклівая згода з боку Лукашэнкі. Але потым ён, як чалавек дастаткова адкрыты, сказаў: “Ну няўжо вы не разумееце, што калі б Замяталін не праводзіў маю палітыку, то ён бы не працаваў у адміністрацыі!”

Горка ня тое, што Замяталін і ім падобныя, знаходзячыся на дзяржслужбе, адкрыта выказвалі й выказваюць сваю пагарду да ўсяго беларускага. Горка тое, што ў нашай краіне гэта становіцца ледзь ня правілам. І калі адыходзіць Замяталін, то на яго месца адразу знаходзіцца іншы чалавек. Гэта выдатна відно па беларускім тэлебачаньні: адышоў Кісель — прыйшоў Чыкін, адышоў Чыкін — прыйшоў Рыбакоў. І ўсе гэтыя людзі ня робяць абсалютна ніякіх паправак ні на час, ні на бясспрэчныя памылкі, што мелі месца ў працы БТ, ні на той бясспрэчна непрафэсійны ровень, які дэманструе тэлебачаньне”.

(Скобла: ) “У наш смутны час многім стала не да сур’ёзнай літаратуры. І ўсё ж людзі чытаюць клясыку. Нядаўна Галіна Радзівонаўна Лукашэнка ў інтэрвію, апублікаваным у “Свободных новостях”, прызналася, што атрымлівае вялікае задавальненьне, чытаючы Івана Мележа. А што б вы параілі пачытаць яе мужу?”

(Бураўкін: ) “Я параіў бы яму прыслухацца да жонкі — у яе, мяркуючы па гэтым інтэрвію, добры густ. А калі ён у школе ці ў інстытуце не прачытаў таго, што патрабавала праграма, то хай пачне зь Янкі Купалы, з “Новай зямлі” Якуба Коласа, зь лірыкі Максіма Багдановіча, з Максіма Гарэцкага, з Аркадзя Куляшова, з Васіля Быкава, Янкі Брыля, Рыгора Барадуліна. Гэта пісьменьнікі, чые творы дапамогуць яму зразумець беларусаў, зразумець тую самую беларускую інтэлігенцыю, чаму яна многія ягоныя дзеяньні не прымае”.

(Скобла: ) “Паміж зоркай і сьвечкай” — так афарыстычна называецца ваша апошняя па часе выданьня кніга паэзіі. Нягледзячы на тое, што пабачыла сьвет яна ў недзяржаўным выдавецтве, я ведаю, у вас былі праблемы зь яе выданьнем?”

(Бураўкін: ) “Ну, першая праблема напаткала мяне ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, куды я першапачаткова аднёс рукапіс. Калі я ўбачыў, што там няма ня тое што сродкаў для яе выданьня, але й жаданьня, я забраў рукапіс і перадаў Яўгену Лецку, у яго выдавецтва “Бацькаўшчына”. Калі кніга была ўжо ў друкарні, сяму-таму зь яе кіраўнікоў не спадабаліся некалькі маіх вершаў. Але ўрэшце ўсё ўладзілася, кніга выйшла. А паколькі выходзіла з такімі прыгодамі, то яна для мяне стала яшчэ больш дарагою”.

(Скобла: ) “Пачытайце што-небудзь з новых вершаў”.

(Бураўкін: ) “У №1 часопіса “Полымя” павінна неўзабаве зьявіцца мая новая нізка. Я прачытаю верш адтуль, ён — пра тое самае, пра што мы гаварылі вышэй.
Зьнікае маўр, сваю зрабіўшы справу,
Як быццам бы яго і не было.
І акуляры з залатой аправай
Ужо ня сеюць чорнае сьвятло.

Яго дыктатар выкінуў на звалку,
Ён іншага наблізіў да сябе,
На ўсіх на сьвеце раззлаваны змалку,
Ён і яго бязьлітасна заб’е.

А той, былы, служыў з такім імпэтам,
Так выгінаўся перад ім заўжды,
Што ім дзяцей палохалі паэты
І пракліналі ўпотайкі жыды.

Ах, як ён быў яму ва ўсім адданы,
Бяздумны, безразважлівы круп’е!
Цяпер пакуе моўчкі чамаданы
І сам з сабою беспрабудна п’е.

Аплаквае падманутыя мары,
Наіўную бязглузьдзіцу вярзе.
А каля трона маладыя маўры
Стаяць ужо ў задыханай чарзе”.

(Скобла: ) “І апошняе пытаньне — ужо не як паэту, не як грамадзкаму дзеячу, а як колішняму старшыню Белтэлерадыёкампаніі. З 1 траўня нам абяцаюць яшчэ адзін беларускі тэлеканал. Ці дазволіць гэта нейкім чынам лібэралізаваць айчынны тэлеэфір?”

(Бураўкін: ) “Вельмі хацелася б, але, скажу шчыра, я ў гэта абсалютна ня веру. Ягор Рыбакоў у адным з інтэрвію сказаў вельмі цікавую рэч — маўляў, пры чым тут кадры, былі б грошы, мы б купілі маскоўскіх высокапрафэсійных журналістаў і яны нам зрабілі б выдатнае тэлебачаньне...

Беларускае тэлебачаньне ні нэгры з Алябамы, ні прафэсіяналы з Масквы зрабіць ня змогуць. Бо яны не адчуваюць гэтай зямлі, душы гэтага народу. І наіўны Ягор Рыбакоў гэтага не разумее! Таму як можна гаварыць пра тое, што зьявіцца другі беларускі тэлеканал, калі мы першы давесьці да ладу ня можам?!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG