Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Сьцяцко: “дзяржава не павінна дыктаваць сваю волю мове”.


Міхась Скобла, Менск

Вынікі гэтага мы бачым і чуем штодня — мова засьмечаная чужамоўнымі калькамі, пазычанымі без асаблівай патрэбы словамі й словазлучэньнямі. Нацыянальная мова незалежнай беларускай дзяржавы мусіць прайсьці праз своеасаблівы чысьцец, каб пазбыцца ёй не ўласьцівага.

Сёньня госьцем “Вольнай студыі” — мовазнавец, які гэтым акурат і займаецца: вяртае мове яе нацыянальныя рысы. Такім чынам, сёньня з намі доктар філялёгіі, загадчык катэдры беларускага тэарэтычнага мовазнаўства Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы прафэсар Павал Сьцяцко.

(Скобла: ) “Спадар Павал, давайце пачнем нашу гутарку з вашага дня народзінаў. Вы нарадзіліся 5 сакавіка — у дзень сьмерці Сталіна. У 1953-м вам было 23 гады. Чым вам запомніўся ваш 23-ці дзень народзінаў?”

(Сьцяцко: ) “Я запомніў, як рэагавалі на сьмерць Сталіна студэнты-выпускнікі — я тады заканчваў Гарадзенскі пэдінстытут. Яны, выхаваныя на сталінізьме, асабліва дзяўчаты, плакалі. І калі я маўчаў, не рэагаваў выразна, дык яны абурыліся на мяне й амаль ворагам лічылі. Ну я трохі прыціх, пасьмяяўся, нагадаў, што гэты дзень для мяне найбольш важны тым, што я заканчваю пэдінстытут, атрымліваю адукацыю. Ну, і на гэтым закончылася”.

(Скобла: ) “Сапраўднай падзеяй у мовазнаўстве стаўся выхад дзьвюх вашых кніг — “Праблемы нормы, культуры мовы” й "Праблемы лексычнага нармаваньня беларускай мовы”, што пабачылі сьвет у Горадні два гады таму. Выдадзеныя мізэрным накладам, у Менску яны хадзілі па руках. Прачытаўшы іх, адзін мой знаёмы прызнаўся, што адчуў сябе малапісьменным чалавекам, які памылкова засвоіў ня тую мову. Няўжо й насамрэч нашыя акадэмічныя слоўнікі настолькі зрусіфікаваныя, што карыстацца імі трэба абачліва?”

(Сьцяцко: ) “Той факт, што яны сапраўды зрусіфікаваныя — бясспрэчны. І рабілася гэта з адной мэтай — каб растварыць беларускую мову ў расейскай. Таму ў перакладных слоўніках на першае месца ставілася слова расейскае. Такім чынам — і з правага боку расейскае, і зь левага — як бы эквівалент беларускі. Хоць ніякім эквівалентам яно не было. Але каб беларусы засвоілі, на першым месцы падавалася яно, а потым ужо, на другім месцы — сваё.

Напрыклад, расейскае “уступить” перакладалася нібы беларускім “уступіць”, а пасьля яго ўжо падаваліся ўласна беларускія “саступіць”, “пераступіць”. І такіх прыкладаў у нашых слоўніках — безьліч. Моўная палітыка была скіраваная на тое, каб як найхутчэй наблізіць беларускую мову да расейскай. Таму слоўнікі савецкага пэрыяду выконвалі ідэалягічную задачу.

Пазьней, у 1993 годзе зьявіўся трохтомавы расейска-беларускі слоўнік, там ужо былі зьмешчаныя й некаторыя ўласна беларускія словы. Але, зноў жа, часта й там спрацоўваў савецкі прынцып. Напрыклад, расейскае “собеседник” там перакладалася найперш як “субяседнік”, а потым ужо як “суразмоўнік”, што правільна. А нашы афіцыйныя СМІ ніяк ня могуць адмовіцца да гэтага “субяседніка”, якое суадносіцца са словам “бяседа”, што азначае “выпіўка”. Таму “субяседнік” па-беларуску гучыць як “субутэльнік”. Гэта дзіўна й сьмешна чуць!”

(Скобла: ) “Прынята лічыць, што хросным бацькам усіх найбольш зрусіфікаваных слоўнікаў быў акадэмік Кандрат Крапіва. Калі не памыляюся, ён узначальваў Інстытут мовазнаўства ў той час, калі вы там жа абаранялі доктарскую дысэртацыю. “Я ў мастацкім агародзе толькі марная трава”, — гэтак вызначыў Крапіва ўласнае месца ў літаратуры. А які сьлед пакінуў ён у мовазнаўстве?”

(Сьцяцко: ) “Тут адказаць адназначна цяжка. Будучы на пасадзе дырэктара Інстытута мовазнаўства, ён сёе-тое рабіў і добрае. У прыватнасьці, у адносінах да мяне (усьміхаецца).

Калі я здаваў кандыдацкі экзамэн у Інстытуце, ён быў старшыня камісіі й нават задаваў пытаньні. Спытаўся ў мяне, як разумець фразэалягізм “белая варона”. Я яму добра адказаў, і мяне, выкладчыка Гарадзенскага пэдінстытута, прынялі ў асьпірантуру. І калі я напісаў кандыдацкую, Крапіва пагадзіўся быць маім першым апанэнтам. І на абароне, калі мне прыйшлося тлумачыць слова “мяла”, ён мне не паверыў і пайшоў спраўдзіць у майго бацькі, які прыехаў на абарону. І бацька пацьвердзіў, што мяла, калі таўкуць кашу, бяруць у рукі танчэйшым канцом, а таўкуць таўшчэйшым. Крапіва зьдзівіўся: “А ў нас усё наадварот — бяруць у рукі таўшчэйшым і таўкуць танчэйшым!”

Будучы на адказных пасадах — дырэктара Інстытута мовазнаўства, віцэ-прэзыдэнта Акадэміі Навук, Крапіва мог зрабіць значна больш карысьці для разьвіцьця беларускай мовы. Але па сваёй прыродзе ён быў чалавекам баязьлівым. Створаны ім самім вобраз Тулягі яму якраз найбольш падходзіць. Ён выконваў усе загады зьверху, якія дыктаваліся ЦК КПБ. Таму ўсе слоўнікі, якія выходзілі пад ягонай рэдакцыяй, мелі налёт савецкага ідэалягізму.

Я б хацеў тут прыгадаць канфэрэнцыю па нармалізацыі беларускай мовы, якая праходзіла ў 1972 годзе. На ёй Кандрат Крапіва рабіў асноўны даклад, дзе заклікаў пісьменьнікаў больш карыстацца моваю зрэдагаваных ім слоўнікаў. Я быў удзельнікам гэтай канфэрэнцыі і проста з трыбуны задаў яму пытаньне: “Кандрат Кандратавіч, дык няўжо вы лічыце ўсіх народных пісьменьнікаў Беларусі непісьменнымі, якія ня ведаюць сваёй мовы?” Ён толькі крыва пасьміхнуўся. А я тады выступіў з дакладам, у якім раскрытыкаваў усе тыя памкненні, скіраваныя на ліквідацыю каранёў беларускай мовы й набліжэньне яе да расейскай”.

(Скобла: ) “Мовазнаўства — навука асаблівая, і мова — сфэра далікатная. Але ўлада часам у пэўных палітычных мэтах умешваецца ў моўную сыстэму, парушае яе.

Прыгадайма вялікага мовазнаўцу Сталіна й лісты да яго першага сакратара ЦК КПБ Панамарэнкі, дзе апошні (сам, дарэчы, не беларус) зьневажаў беларускую мову ды прапаноўваў шмат якія беларускія словы адкінуць і замяніць іх на расейскія. Ці мае права ўлада дыктаваць мове й вам, мовазнаўцам, сваю волю?”

(Сьцяцко: ) “Мова — зьява, якая павінна стаяць па-за палітыкай, але, на жаль, гэтага не адбываецца. Існуе ж у нас такі выраз — “дзяржаўная моўная палітыка”. І яна дыктуецца дзяржавай. Гэтак адбываецца ў краінах зь невысокай дзяржаўнай адказнасьцю.

Скажам, у БССР, у тыя ж 1930-я гады дзяржава часта ўмешвалася ў моўныя працэсы. Нагадаю пастанову Саўнаркаму “Аб удакладненьні беларускага правапісу”. Па сутнасьці, гэта была рэформа ўсёй беларускай мовы. Беларуская мова нагвалт заганялася ў рэчышча набліжэньня да мовы расейскай. А мова будзе зьнішчаная, раствораная ў расейскай — можна гаварыць пра тое, што няма этнасу беларускага, няма беларускай нацыі.

Сёньня ў заходніх краінах мова мае сваю аўтаномію. І палітыкі ня ўмешваюцца ў яе жыцьцё. Скажам, у Нямеччыне моўны правапіс ніякім чынам не зьвязаны з палітыкай. Ён устанаўляецца вучонымі. Яны штогод друкуюць свае прапановы дзеля ўдасканаленьня мовы, і гэтыя прапановы прымаюцца. У нас жа ўсе прапановы абавязкова мусілі зацьвярджацца ЦК КПСС, Саветам Міністраў і г.д. Што сьведчыла — разьвіцьцё мовы бралася пад увагу й пад кіраўніцтва самых высокіх інстанцый. І гэта на дабро не вяло.

Мова павінна разьвівацца паводле сваіх уласных законаў. І законы гэтыя павінны ўстанаўляцца навукоўцамі, спэцыялістамі. Дзяржава не павінна дыктаваць сваю волю мове. Няма патрэбы зацьвярджаць зьмены ў правапісе Савету Міністраў. Пры Міністэрстве адукацыі існуе Тэрміналягічная камісія. Там павінны сабрацца найбольш значныя мовазнаўцы, параіцца, усё абмеркаваць і прыняць агульную пастанову. І пастанова гэтая павінна быць абавязковая для ўсіх”.

(Скобла: ) “Вось ужо, мабыць, з год, як на Беларускім тэлебачаньні ў выпусках навінаў адбываецца дзіва дзіўнае. Як толькі на экране зьяўляецца Аляксандар Лукашэнка, дыктары пераходзяць на расейскую мову. Лукашэнка зьнікае — мова вяртаецца. Дайце навуковае вытлумачэньне гэтай зьяве”.

(Сьцяцко: ) “Гэта лепш могуць патлумачыць супрацоўнікі тэлебачаньня”.

(Скобла: ) “А ўвогуле, як бы вы ацанілі мову дзяржаўных і недзяржаўных СМІ?”

(Сьцяцко: ) “Недзяржаўныя СМІ больш ужываюць уласна беларускіх сучасных словаў, чым афіцыйныя. На Беларускім тэлебачаньні й радыё ў першай палове 1990-х мова была больш арыгінальная, беларуская. Цяпер яны перайшлі на нейкую мову-гібрыд. Раней у паведамленьнях Мэтэацэнтру гучала: “У наступныя суткі чакаецца надвор’е...” Цяпер замест “у наступныя” можна пачуць “у бліжэйшыя”, а то й “у бліжайшыя”. Але “бліжэйшыя” — гэта бліжэйшыя за іншыя, гэта вышэйшая ступень параўнаньня, а не найвышэйшая. Тут мэханічны перанос з расейскай мовы, дзе “ближайший” азначае “самы блізкі”. Па-беларуску трэба казаць “у найбліжэйшыя суткі”, або найбольш адэкватна тут гучацьме “у наступныя суткі”.

(Скобла: ) “Вы былі рэдактарам цікавага навуковага альманаха "Гарадзенскія запісы”, які выходзіў падчас існаваньня факультэту беларускай філялёгіі й культуры, які быў створаны ў Гарадзенскім дзяржаўныі унівэрсытэце пры вашым непасрэдным удзеле. Выйшла ўсяго тры выпускі. Ці чакаць наступных?”

(Сьцяцко: ) “Гарадзенскія запісы адлюстроўвалі вынікі дасьледчай працы, якая праводзілася ў нашым унівэрсытэце па навуковай тэме “Культура Гарадзеншчыны”. Спачатку я кіраваў гэтай тэмай, потым прафэсар Аляксей Пяткевіч. Усе тры выпускі альманаху былі вельмі прыхільна сустрэтыя і ў нас, на Беларусі, і ў суседніх дзяржавах — у Польшчы, у Літве, у Латвіі.

Але пасьля таго, як стаў выходзіць “Весьнік Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту”, адразу ўзьніклі вялікія цяжкасьці з выданьнем нашага навуковага альманаха. Фактычна, нам адмовілі ў ягоным выданьні”.

(Скобла: ) “Сёньня ўжо можна сьмела сказаць, што ў вас ёсьць свая мовазнаўчая школа — вы выхавалі 10 кандыдатаў і 1 доктара філялёгіі. Што вы чакаеце ад сваіх вучняў?”

(Сьцяцко: ) “Школа — яна й ёсьць школа, яна павінна працягваць традыцыі свайго настаўніка. Усе прыгаданыя 10 кандыдатаў навук працуюць у галіне аднаўленьня, адраджэньня мовы, каб яна гучала ў адпаведнасьці са спрадвечнымі моўнымі законамі. Апублікавана ўжо 10 кніг, дзе засяроджваецца ўвага на тых сыстэмава-структурных заканамернасьцях нашай нацыянальнай мовы.

Думаю, што школа гэтая ідзе ў правільным кірунку. І яна будзе спрыяць таму, каб беларуская мова гучала ў поўную сілу, а не была трасянкаю з чужых моваў”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG