Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Арочка: карона беларускай дзяржаўнасьці – папяровая.


Міхась Скобла, Менск

Са Слоніму да Вецявічаў можна дабрацца за 20 хвілін па абсаджанай бярозамі шашы. Блізкасьць раённага цэнтру, аднак, не ратуе вёску ад запусьценьня — старыя хаты сям-там пакасіліся, на вуліцы бязьлюдна.

У Вецявічах жыве паэт і навуковец Мікола Арочка — доктар філялягічных навук, аўтар выдатных драматычных паэмаў, вершаваных зборнікаў і манаграфій. Пасьля таго, як у сталіцы трагічна загінулі яго два сыны й нявестка, а невядомыя зламысьнікі абрабавалі й падпалілі ягоную кватэру, Мікола Арочка вярнуўся ў родную вёску, дзе ратаваўся сялянскай працай ды з жонкай спадарыняй Марыяй падымаў на ногі ўнука Валерыка.

Пяць хвілінаў на пошукі — і мы зь сябрам заходзім на Арочкава дворышча. Гаспадар запрашае ў хату, распальваецца грубка, пачынаецца гутарка.

(Міхась Скобла: ) "Мікалай Мікалаевіч, як вас прыняла родная вёска пасьля больш як саракагадовага жыцьця ў Менску?"

(Мікола Арочка: ) "Я ў той час быў рамантычна, нават ідэальна захоплены сваёй вёскай, як і ўвогуле беларускім народам. Таму я заўсёды пры сустрэчах з аднавяскоўцамі даваў "добры дзянёк", шапку здымаў. І да мяне напачатку вяскоўцы адносіліся зь вялікай павагай, заўсёды прыхільна ў мой бок глядзелі. Зь цягам часу прыйшло ацьвярожаньне. Нічога, бачу, паэтычнага ім ня трэба, і паэзія ім ня трэба. І паэт ім ня трэба!

Хаця, ведаеце, тут дваякая сытуацыя. Я ўсё ж такі ў роднай стыхіі. Я штодзённа знаходжуся — і пішу, і гавару, і жыву — у роднай стыхіі. Але калі родная стыхія цябе адпрэчвае — гэта цяжка..."

(Скобла: ) "Вашыя Вецявічы ўваходзяць у калгас імя Дзяржынскага. Ці мае пэрспэктывы калгасная форма гаспадараньня? Пытаньне, хутчэй, не да вучонага-гуманітарыя, а да земляроба-практыка".

(Арочка: ) "Беларуская вёска закансэрвавалася, яна ня хоча ніякіх пераменаў. Вёска за апошнія дзесяцігодзьдзі моцна пастарэла. Цяпер добрая гаспадыня надойвае ад каровы больш, чым на калгаснай фэрме. Але дзе вёсцы пасьвіць кароваў сваіх, на якіх гонях, на якіх пашах? Я таксама маю карову, дык каб яе ўтрымаць, трэба мінімум гектар зямлі — на сена, пад пашу. А зямля ж у калгасе, туды не паткнесься.

Але й браць зямлю асабліва няма каму. Старая жанчына пачула й бядуе: "Ой, ой, няўжо гэта праўда — аддадуць зямлю, ды па 90 гектараў кожнаму! Я й 9 не хачу, я ж не змагу яе абрабіць!" А цяпер — калгасная бульбасаджалка бульбу пасадзіць, калярадзкіх жукоў патруцяць, капалка выкапае — ну, неяк людзі перабіваюцца. А яшчэ ж і пэнсія — хоць невялікая, але без затрымак. Вось і мяркуй, чаму вёска за Лукашэнку. Ёй нацыянальныя, беларускія праблемы не цікавыя, ёй — толькі б выжыць.

Мне цяжка пра гэта гаварыць... Вось мой сусед Іван Саламевіч кажа мне цераз плот: "А я — не беларус, я — рускі!" Наслухаўся з тэлевізійнай скрынкі прамоваў пра славянскую інтэграцыю. Памятаеш кантужанага салдата з апавяданьня Максіма Гарэцкага "Рускі", які хадзіў і паўтараў раз за разам: "Я рускі, я рускі..." Вось так і мой сусед, толькі ён кантужаны не артылерыйскім выбухам, а беларускай тэлепрапагандай.

Я гаварыў вяскоўцам перад рэфэрэндумам 1996 году: "Галасаваць за дзьвюхмоўе — гэта галасаваць супраць роднай мовы, супраць мяне! Вынікі галасаваньня ў той дзень так мяне ўзрушылі... Як слухаў Радыё Свабода, седзячы на ложку, так і выбег на вуліцу ў адной кашулі. Бягу па вёсцы з праклёнам, перад кожнай хатай спыняючыся... Моцны ў мяне псыхалягічны зрыў быў, вяскоўцы хацелі ўжо "псыхічку" выклікаць...

А таму вёска для мяне — ня толькі сенавал ды сон салодкі на сене. Вёска — гэта нешта больш складанае й супярэчлівае. Я тут загнаны ў кут бездухоўнасьці. Мне крыўдліва, што я цяпер незапатрабаваны.

Вунь мой знаёмец, прафэсар зь Лёндану Арнольд Макмілін, зь якім мы год таму сустракаліся на міжнародным Кангрэсе беларусістаў, — ён і ў канфэрэнцыях розных удзельнічае, і лекцыі ў некалькіх унівэрсытэтах чытае. А я за час жыцьця ў вёсцы накасіў 100 вазоў сена! Я кінуты лёсам да вілаў, касы й матыгі — у першабытны, ледзь ня каменны век! Соткі свае капаю рыдлёўкаю!

Нічога — затое мне зямля вяртае мае сілы. Я ёй аддаю, а яна мне вяртае".

(Скобла: ) "А ці не перашкаджае вам займацца спрадвечнай сялянскай працай той багаж ведаў, набыты цягам дзесяцігодзьдзяў карпатлівай працы ў філялёгіі? Ці ня хочацца вам вярнуцца ў акадэмічны асяродак, да акадэмічнай навукі?"

(Арочка: ) "Вядома ж, хочацца. Я там часта бываю ў сваіх успамінах, сваёй душою. Там усё ж была справа майго жыцьця, той асяродак падштурхоўваў мяне да навуковай працы, натхняў на працу літаратурную. Але ведаеце, тут якая рэч... Калі на сьвет глядзіш праз прызму сялянскай працы, то здаецца, што менавіта тут, у вёсцы, робіцца самае галоўнае. А там недзе ўсе гэтыя навуковыя штудыі ды астатняе — падаецца другарадным. А калі там працуеш, на той вышыні, то выглядае ўсё наадварот".

(Скобла: ) "У прадмове да сваёй кнігі "Памяць зярнятаў" вы між іншым згадалі, што першымі сваімі рыфмамі наклікалі на матчыну хату "чорнага ворана". Як гэта адбылося?"

(Арочка: ) "Было гэта ў 1945-м ці 1946-м годзе. Мы бегалі па вёсцы з пагодкамі. І я, выклікаючы свайго сябрука з хаты, чамусьці выкрыкнуў: "Сталін-вождзь злавіў вош!" А якраз у гэты час па дарозе праходзіў мясцовы "осведомитель", стукач, карацей кажучы. Ён мяне адразу за каўнер і павалок у сваю мураванку. Маці з бацькам, схапіўшы папругу, пабеглі мяне лупцаваць. Але я ўцёк ад іх, хаваўся за вёскай, начаваў у капіцах сена. Мяне потым знайшлі ў баразьне, прастуджанага. Ледзьве я тады акрыяў.

Неўзабаве са Слоніму прыехалі на "чорным воране" — па мяне. А тады ў нас пчолкі былі — маці адразу пляйстры сьвежага мёду на стол, каўбасу. Пачаставалі "энкавэдзістаў" тых добра — і ў той дзень усё абышлося. Але яны сталі прыяжджаць да нас кожны месяц! Як у гасьціну, і не было куды дзявацца, мусілі адкупляцца!"

(Скобла: ) "Іду, як заварожаны, а сьпеў плыве з-за гаці — ня ўсе лугі пакошаны, ня ўсе сенажаці..." Гэта мне прыгадаўся ваш даўні верш. Зь якой нагоды ў сёньняшняй вёсцы можна пачуць песьню?"

(Арочка: ) "Маскультура заглушае ўсе песьні і вытраўляе зь вёскі душу. Старэйшыя людзі, вядома ж, памятаюць і цэняць добрую песьню. Яны й паслухаць яе ахвочыя, але самі ўжо страцілі голас. А вёска толькі тады й вёска, калі душа яе засьпявае голасам роднай песьні.

У свой час Ларыса Геніюш сказала сваёй нявестцы Валянціне: "Толькі тады ты станеш нашай, а хата наша зробіцца тваёй, калі ты ў нас нязмушана засьпяваеш". Так і зь вёскай. Але дакошваюцца ўжо апошнія лугі й сенажаці..."

(Скобла: ) "Вы 15 гадоў былі членам КПСС. Але выйшлі з партыі задоўга да таго, як яе дзейнасьць была прыпыненая. Чаму?"

(Арочка: ) "У 1975 годзе мне маё начальства ў Інстытуце літаратуры сказала: "Хочаш быць доктарам навук? Уступай у партыю!" — "А што, бяз партыі нельга?" — "Нельга!" — "Ну, давайце".

Але ў мяне ёсьць невялічкае самаапраўданьне. Калі ўжо пры Гарбачове ў Літве, пры штурме віленскай тэлевежы пралілася кроў, я адразу падаў заяву аб выхадзе з партыі — дарэчы, адзін з усяго інстытуту. У заяве я напісаў, што ня згодзен з нацыянальнай палітыкай партыі, і выхад з КПСС расцэньваю як сваю салідарнасьць зь летувісамі. Мяне адгаворвалі, але не дапамагло. Я й на сход не хадзіў, дзе мяне выключалі".

(Скобла: ) "Вы роспачна назвалі родную вёску "кутом бездухоўнасьці". І ўсё ж — ці пішуцца вам тут вершы, ці наведвае хоць зрэдзьчас натхненьне?"

(Арочка: ) "Цяпер ужо, вядома, не з ранейшай актыўнасьцю творыцца. Але паступова сабраўся ў мяне новы зборнік — "Укрыжаваньне". Я разумею, што назва адказная... У яго ўвайшлі пераважна вершы грамадзянскага гучаньня. Рукапіс зборніка мне адаслаў па пошце загадчык рэдакцыі паэзіі выдавецтва "Мастацкая літаратура" Леанід Дранько-Майсюк з прапановай замяніць грамадзянскія вершы на лірычныя.

Я даслаў новы рукапіс, потым сабраў яшчэ сьвежых вершаў і паехаў у Менск. Заходжу ў выдавецтва — няма майго рукапісу! Дзе ён падзеўся? А Дранько-Майсюк кажа: "Мы яго схавалі ў незгаральны сэйф". — "Чаму?" — "А ў нас тут розныя праверкі былі, дык мы не хацелі, каб вашы вершы на вочы правяральшчыкам трапляліся".

Той мой зборнік і цяпер — паміма воч чытачоў. Можна было, вядома, выдаць яго прыватным чынам, але я неяк пасьля таго выпадку ахаладзеў і пакінуў той рукапі бяз руху".

(Скобла: ) "Вы пакінулі Менск сем гадоў таму — акурат у той час, калі на пасаду прэзыдэнта заступіў Аляксандар Лукашэнка. Як вы адсюль, са слонімскае глыбінкі, ацэньваеце тыя палітычныя працэсы й зьявы, якія адбываюцца ў Беларусі?"

(Арочка: "Я скажу найперш пра тое, што мне блізка й у чым я разьбіраюся. Пры існуючай сёньня калгаснай сыстэме накарміць дзяржаву немагчыма. Ненакормленыя рабочыя будуць пратэставаць і позна ці рана выйдуць на вуліцы. Усё-ткі трэба рэфармаваць сельскую гаспадарку. Лукашэнка ж — былы кіраўнік саўгасу, і ня бачыць такіх простых рэчаў! На калгасным каньку далёка не заедзеш.

Не выкарыстоўваецца напоўніцу й геаграфічнае становішча Беларусі. Вось каля самай нашай вёскі газаправод з Расеі ў Нямеччыну праходзіць, пры мне трубы клалі. І калі я кароваў пасьвіў, яны ў гэтыя трубы рыкалі! У Вецявічы ручаёк газа не далі, а балёны са Слоніму не заўсёды давозяць.

Дзяржаўная палітыка сёньня скіраваная на тое, каб заглушыць, падтаптаць, занішчыць, асыміліваць беларусаў, каб намі было лягчэй валадарыць. І кіраўнік дзяржавы сам праводзіць і заахвочвае гэтую злачынную палітыку! Прыйдзе час, і такога кіраўніка народная памяць адрыне!

У нас дзяржаўная незалежнасьць толькі дэкляруецца, а насмарэч робіцца ўсё, каб падсекчы карані гэтай незалежнасьці. У гісторыі Беларусі такое ўжо неаднойчы было. У часы Вялікага Княства князь Вітаўт хацеў узьдзець каралеўскую карону на гістарычную Літву. Але палякі яе, ужо асьвечаную ў Рыме, перахапілі, не захацелі, каб побач з каронай польскай была й карона беларуская! Так і цяпер — тая дзяржаўная беларуская карона, якая дэкляруецца, яна папяровая!

На заканчэньне гутаркі я прачытаю нядаўна напісаны верш, "Каронную баляду Вітаўта":

Адчуўшы блізкі скон, вялікі Вітаўт
сабраў да ложа ўдатных ваяроў,
з расьсечанай кароны выцер кроў,
змачыў яе гаючай акавітай.

Перахапіць хіба маглі магнаты?..
Асьвечаную Рымам — ды на злом?!
Яна ўцякла параненай ад здрады
на нашае дзяржаўнае чало.

На раны яе Вітаўт самавіта
усклаў далоні з пошаптам бароў,
з расстайным рыкам збуджаных зуброў —
і ажыла карона, з мараў літая!

Цяпер з чала ня дайце яе зрынуць,
зноў мечам ці маной распалавініць,
пасеч зямлю, нябёс блакітны дах!
Зямля сябе ўзгадуе ўласным коштам,
хоць шлях айчыны будзе і няпросты,
ды ў бок Свабоды выкіруе шлях!"

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG